Генадзь Аўласенка з тых пісьменнікаў, якіх не палохаюць ніякія крызісы — ні эканамічныя, ні духоўныя. Сельскі настаўнік, які многія гады выкладае біялогію ў розных школах Чэрвеньшчыны, ён яшчэ піша вершы, п’есы, апавяданні... І галоўнае — вельмі шмат піша для дзяцей. Творы Генадзя Аўласенкі часта друкуюцца — літаральна ва ўсіх дзіцячых газетах і часопісах краіны, ды і ў часопісах “Маладосць”, “Полымя”, у газеце “Літаратура і мастацтва”... (Кастусь Ладуцька "Адкуль прыходзяць казкі?")

...Гэта быў проста невялікі пакойчык, пасярод якога стаяў прыземісты металічны стол і металічнае ж крэсла побач з ім. Сцены пакойчыка таксама былі, здаецца, металічнымі, на іх не было нічога. Зусім нічога. У пісьме не ўпаміналася аб тым, што павінен ён убачыць у кабінеце. Там гаварылася, што ён павінен зайсці ў кабінет і... І сесці за стол... А што потым? У пісьме аб гэтым таксама нічога не казалася... ("Кабінет")
hline

Мір без вайны і насілля


Роздум першы
“Зайздрошчу ўнукам і праўнукам нашым, якія будуць жыць у 1943 годзе” – пісаў у 1843 годзе вядомы рускі крытык Вісарыён Бялінскі.
Наіўны Вісарыён Рыгоравіч! Ды калі б меў ён магчымасць хоць вокам адным, хоць на кароткае нейкае імгненне зазірнуць у будучыню – наўрад пазайздросціў бы ён людзям, якія вымушаны былі жыць у Еўропе ў годзе тысяча дзевяцьсот сорак трэцім ад нараджэння Хрыстова. Ім спачуваць трэба, гэтым людзям, але ніяк не зайздросціць...
І яшчэ адзін выраз, на гэты раз вядомага рускага гісторыка і філосафа Салаўёва. Вось што сцвярджаў ён у самым пачатку дваццатага стагоддзя:
“...ваенны перыяд у гісторыі скончыўся, і ні мы, ні нашы дзеці вялікіх войнаў не ўбачым, а ўнукі і аб маленькіх будуць ведаць толькі з сачыненняў”.
Вось так, ні больш, ні менш!
Ды хіба адзін толькі Бялінскі з Салаўёвым бачылі будучае дваццатае стагоддзе, як час усеагульнага чалавечага шчасця, міра і працвітання. За рэдкім выключэннем так думала, на гэта спадзявалася ўся амаль што еўрапейская інтэлектуальная эліта дзевятнаццатага стагоддзя, якая лічыла свой час занадта жорсткім і змрочным, асабліва самы пачатак яго з крывавымі рэвалюцыйнымі падзеямі ў Францыі і яшчэ больш крывавымі напалеонаўскімі войнамі, які паступова ахапілі ўсю амаль што Еўропу.
Што яны маглі ведаць, гэтыя інтэлектуалы, у сваім дзевятнаццатым стагоддзі аб сапраўднай жорсткасці, змрочнасці і крывавасці!
Надхнённыя імклівымі поспехамі навукі і тэхнікі ў другой палове дзевятнаццатага стагоддзя, хіба маглі яны уявіць сабе нават у вар’яцкім сне, якім нечуваным злом абрынецца на саміх людзей у наступным стагоддзі імклівы гэты навукова-тэхнічны прагрэс!
Адкуль ім ведаць было, што ў дваццатым стагоддзі чалавецтва перажыве дзве самыя жорсткія і крывавыя вайны за ўсю сваю шматвекавую гісторыю! І што ледзь не будзе развязана трэцяя, яшчэ больш жудасная вайна, пасля якой, наогул, не засталося б на Зямлі ні пераможаных, ні саміх нават пераможцаў. А, можа, і самой Зямлі не засталося б, хто ведае...
Чалавецтва змагло ўсё ж утрымацца на самым краёчку тэрмаядзернай бездані і паспяхова пераскочыць у наступнае, дваццаць першае стагоддзе... час, які ўжо мы, людзі дваццатага стагоддзя, не менш наіўныя, чым нашы дзяды і прадзеды са састагоддзя дзевятнаццатага, таксама шчыра лічылі будучым залатым векам чалавецтва, векам усеагульнага шчасця, міра і працвітання.
Але вось ён ужо надыйшоў, “залаты” гэты век, надыйшоў і...
І няма ў ім пакуль што ні шчасця, ні міру, ні працвітання. Ва ўсялякім разе, для пераважнай большасці зямнога насельніцтва.
І што ж нам рабіць далей?
На якое-такое стагоддзя пераносіць зноў сваю мару аб усеагульным шчасці і працвітанні? На дваццаць другое? ЦІ, можа, яшчэ далей?
Шкада, што не можам мы зазірнуць туды, у будучыню, хоць адным вокам, зазірнуць і ўбачыць, як яно там будзе на самой справе.
А можа і добра, што не можам...
Спакайней...
Памятаеце глобус, які стаяў на стале ў Воланда ў рамане “Майстар і Маргарыта”? Гэты дзіўны глобус увесь час адсвечваў чырвоным агнём у месцах, дзе у гэты самы назравалі, пачыналіся або працягваліся войны.
Уяўляю, як бы адсвечваў ён, гэты глобус, у наш сённяшні час!
І гэта толькі войны...
А ці можна падлічыць, колькі чалавек на зямным шары гіне кожны дзень ад бытавога, крымінальнага альбо дзяржаўнага нават насілля? Ды што дзень, кожную гадзіну... кожную хвіліну, нават...
Упэўнены, што лічбы ўсё роўна будуць велічэзнымі.
А як, наогул, падлічыць тых, якія, хоць і не гінуць, але ж са дня ў дзень церпяць розныя здзекі, пакуты, знявагу да сябе і сваіх блізкіх? Альбо здзекі і пакуты менавіта ад сваіх блізкіх... Колькі іх, такіх людзей, на ўсім зямных шары? Мільён? Мільярд? Некалькі мільярдаў?
Дык ці магчыма гэта наогул – мір без войнаў і насілля? А можа цяга да вайны і насілля так трывала і надзейна закладзена ў самой чалавечай існасці, што ніякія навукова-тэхнічныя рэвалюцыі, ніякі сацыяльна-эканамічны прагрэс нічога змяніць проста не ў стане? І пакуль існаваць будзе чалавечая цывілізацыя, датуль існаваць будзе і насілле... ну, можа, зробіцца яно ў будучым куды больш вытанчаным і рознабаковым. А будучыя войны, магчыма, стануць касмічнымі, зорнымі, міжгалактычнымі нават...
Вучоныя падлічылі, што за ўсю гісторыю чалавечай цывілізацыі, пачынаючы з самай далёкай старажытнасці, мірнымі на Зямлі былі ўсяго толькі 292 гады.
292 з некалькі тысяч!
Праўда, насілля, пэўна ж, хапала і ў гэтым “мірных” гадах. Яшчэ як хапала!
Адкуль жа яна ў нас, гэтая агрэсія і паталагічная цяга да насілля? Ад прыроды? Ад выхавання? Ад сацыяльных умоў?
Дзікая прырода, з абдымкаў якой мы ўсе выйшлі калісьці, не ведае ні дабрачыннасці, ні жалю, ні міласэрднасці. Жорсткі прынцып натуральнага адбору ахоплівае кожную, самую нязначную нават па памерах біясістэму. І стаўка тут для пацярпеўшых паражэнне толькі адна – само жыццё! Ні больш, ні менш...
“Злавіў здабычу – будеш жыць далей, не злавіў – можаш памерці ад голаду” - гэта для драпежніка... Для ахвяры, праўда, той жа самы прынцып дыктуе яшчэ больш жорсткія ўмовы смяротнай гэтай гульні, але аснова тут агульная:
“Альбо я, альбо мяне!”
Дык лепш я, чым мяне!
“Альбо мяне, альбо кагосці іншага!”
Дык лепш яго, чым мяне!
Трэцяга, як кажуць, не дадзена...
Праўда, у апраўданне ўсё той жа прыроды, можна адзначыць, што не ведала і не ведае яна, прырода, і сляпой нянавісці... ды і садысцкай асалоды ад нясцерпных пакут паміраючай ахвяры драпежнік таксама ніколі не адчувае. У прыродзе забіваюць не з-за нянавісці ці разбэшчанага садызму, а толькі дзеля наталення элементарнага пачуцця голаду. Прычым ахвяру стараюцца забіць, як мага хутчэй, але, зноў-такі, міласэрднасць тут зусім ні прычым. Проста так найбольш рацыянальна.
Нашы продкі так доўга былі арганічнай часткай прыроднага асяроддзя...
І так мала, па мерках касмічных, працягваецца цывілізаваны перыяд развіцця чалавецтва, нават калі пачаткам яго лічыць не Старажытны Егіпет, а міфічную Атлантыду, існаванне або неіснаванне якой да гэтага часу так і не змаглі даказаць. Усяго сто пакаленняў аддзяляюць нас ад пячорных нашых суродзічаў... ну, можа, крыху больш чым сто...
Пераняўшы цягу да насілля і забойства у сваіх жывёльных продкаў, чалавек унёс у гэты працэс і штосьці сваё, чыста чалавечае, у прыродзе амаль што не зарэгістраванае.
Чалавек у вялікай колькасці пачаў забіваць сабе падобных, што і ў прыродзе, вядома ж, сустракаецца, але даволі рэдка і ў колькасці вельмі нязначнай...
Чалавек навучыўся адчуваць асалоду ад самога працэса забойства і насілля, што прыродзе, як мы ведаем, зусім нават не ўласціва...
Ну а само насілле стала неад’емнай часткай любога чалавечага грамадства, што да прыроды, наогул, не мае аніякага дачынення...
Чалавечаства, як гэта агульнавядома, не стаіць на месцы. Яно развіваецца, і развіваецца па сваім уласным чалавечым законам. Першабытна-абшчынны лад паступова змяніўся рабаўладальніцкім, рабаўладальніцкі саступіў дарогу феадальнаму, феадальны – капіталістычнаму...
Кожнаму гэтаму ладу, кожнай грамадскай фармацыя уласцівы свае асабістыя сацыяльныя адносіны паміж людзьмі, свой уласны светапогляд і сваё ўласнае навуковае светаўспрыманне, свае прылады працы, урэшце рэшт...
А людзі, самі людзі? Ці так ужо моцна адрозніваюцца паміж сабой людзі з розных грамадска-сацыяльных фармацый? Не па ведах, не па спосабу жыцця. Па паводзінах у экстрэмальнай, скажам, сітуацыі...
І. здаецца мне, што паміж намі ўсё ж куды больш агульнага, чым адрозненняў. Толькі вось агульнае гэта, на жаль, з разраду негатыву а не пазітыву...
Нявольнік стагоддзя дваццатага пакутуе ад адсутнасці свабоды зусім гэтак жа, як, скажам, пакутаваў егіпецкі раб часоў Старажытнага або Сярэдняга Царства...
А катаванні электрычным токам ніяк не менш балючыя, чым катаванні пры дапамозе дыбы і распаленага жалеза...
І няўжо забойствы з прымяненнем суперсучаснай аўтаматычнай зброі з лазерным навядзеннем гуманней, чым тыя ж забойствы, якія ажыццяўляліся пры дапамозе прымітыўных драўляных дроцікаў з крамянёвымі наканечнікамі?
Госпадзі, Госпадзі, даруй нам грахі нашыя!
Калі нават тэорыя эвалюцыі памыляецца і гэта Ты стварыў нас па сваім абліччы і падабенстве, нават і тады мы амаль адразу ж адчулі неадольную цягу да забойстваў і вар’яцкую, ні з чым не параўнальную асалоду ад крыві і насілля над больш слабымі. І забіў Каін Авеля... і гэтае забойства было толькі самым першым звяном у бясконца доўгім, крывавым ланцугу...
І доўжыцца жудасны гэты ланцуг ад сівой старажытнасці да нашых дзён...
І выходзіць тады, што самая светлая і самая высокая мара чалавецтва, мара аб будучым без войнаў і насілля – гэта толькі мара, адна толькі мара і нічым акрамя мары яна і быць нават не можа...
Мара, утопія, міраж...
Ці ўсё ж не зусім міраж? Не зусім утопія?
Панавала ў нас, добра памятаю, адна цікавая тэорыя аб маленькім дзіцяці, як аб чыстым аркушы паперы, дзе ўсё залежыць ад выхавання і толькі ад выхавання. І калі мы пачнем выхоўваць нашых дзетак навукова правільна, то, згодна з гэтай аптымістычнай тэорыяй, насілле і агрэсія самі па сабе хутка знікнуць, саступіўшы месца ўсеагульнай дабрыні і спагадлівасці.
Цікавая тэорыя, што ні кажы. І прыцягальная...
Шкада толькі, што памылковая.
Бо і ў высокаадукаваных, чулых, спагадлівых бацькоў не заўсёды, на жаль, вырастаюць дзеці з адпаведнымі маральнымі прынцыпамі І не заўсёды дзеці п’янтосаў і падонкаў становяцца такім ж самымі п’янтосамі і падонкамі.
Тады выходзіць, што мае рацыю зусім процілеглае тэорыя? Тэорыя, згодна з якой нават самае правільнае і самае гуманнае выхаванне нічога не ў сілах змяніць у чалавечай прыродзе, бо ўсе маральныя якасці ў кожнага чалавека закладзены ўжо ад самага яго нараджэння. А можа і яшчэ раней....
Усё, у тым ліку і схільнасць да агрэсіі і насілля.
Таксама цікавая тэорыя. І таксама, відаць, памылковая.
І, пэўна ж, ісціна якраз дзесьці пасярэдзіне гэтых двух тэорый. Бо, калі і не ўсё залежыць ад правільнага выхавання дзіцяці, то вельмі і вельмі многае. І чалавек з напорыстым, агрэсіўным характарам можа, у залежнасці ад выхавання і сацыяльнага становішча, стаць і бязлітасным главаром крывавай бандыцкай групоўкі, і энергічным паспяховым бізнесменам. Ці алімпійскім чэмпіёнам. Нобелеўскім лаўрэатам, урэшце рэшт...
А можа і проста пражыць доўгае, нуднае і бясколернае жыццё, па вечарах зрываючы прыроджаную сваю агрэсіўнасць і, набытую за доўгія гады жыццёвых няўдач і расчараванняў, злосць, на самых блізкіх і самых безабаронных і цалком залежных ад яго людзях: жонцы, дзецях, старых сваіх бацьках...
А, можа, бацькі калісьці гэтак жа зрывалі на ім сваю ўласную злосць і прыроджаную сваю агрэсіўнасць?
Тады мне не шкада іх , гэтых бацькоў. Як не шкада будзе і яго самога, калі ўсе здзекі і глумленні над уласнымі дзецьмі бумерангам вернуцца назад разам з уласнай сваёй старасцю... і дарослыя ўжо дзеці, якія нічога, як аказалася, не забыліся і нічому, на жаль, не навучыліся, будуць гэтак жа глуміцца і здзеквацца з яго самога...
І з уласных сваіх дзяцей таксама...
І зноў паўстане брат на брата, а сын на бацьку...
І зноў будуць бедныя ненавідзець багатых, а чорныя белых...
І зноў іншае меркаванне, адрознае ад твайго ўласнага, будзе выдатнай падставай, для апраўдання унутраннай сваёй агрэсіўнасці і схільнасці да насілля...
І вернецца ўсё зноў на кругі свая...
У які ўжо раз вернецца...
Даруй нам грахі нашы, Госпадзі!
Даруй, калі зможаш...


Роздум другі

І ўсё ж, насуперак усяму, я...
... я не веру ў такую змрочную і крывавую будучыню для чалавецтва... і ў тое, што няма для яго аніякага выйсця з замкнённага гэтага кола, я таксама не веру!
І ўсё ж, насуперак усяму, я...
... я шчыра веру ў тое, што, рана ці позна, але ён усё ж настане, гэты шчаслівы мір без войнаў і насілля!
Вось толькі калі ён настане?
Не заўтра...
(Гэта адназначна.)
Не праз год...
(Гэта не выклікае нават сумненняў.)
Не праз дзесяць гадоў...
(Немагчыма, на жаль, змяніцца за такі сціслы тэрмін.)
Тады можа праз сто?
(Магчыма, але малаімаверна.)
Але ж ён настане, абавязкова настане! Шкада толькі...
Шкада, што ні я, ды і ніхто з майго пакалення гэтага так і не дачакаецца. Як не дачакаецца гэтага і наступнае пакаленне, і пакаленне, якое прыйдзе ўслед за наступным...
Ці, можа, яно ўжо дачакаецца? Хоць самага пачатку?
Хацелася б верыць...
А што можам зрабіць мы самі, каб хоць крышачку наблізіць прышэсце цудоўнай гэтай будучыні, што можа зрабіць для гэтага кожны з нас?
Не ведаю.
Магчыма, трэба проста... любіць людзей...
Не чалавецтва ў цэлым, што даволі лёгка і проста, ды і абавязкаў ніякіх на цябе не накладвае. Любі і ганарыся гэтым, і ўсім пра гэта разапавядай, каб ведалі ўсе навокал, якое ў цябе добрае сэрца і чулая душа, і якая шчырая шырокая натура ходзіць па зямлі побач з імі...
Любіць канкрэтных людзей куды, як складаней, чым любіць усё чалавецтва ў цэлым...
Людзей з усімі іх хібамі і недахопамі, з усімі іх чалавечымі слабасцямі і заганамі... з усімі іх дробязнымі і не вельмі дробязнымі грашкамі...
З усімі іх смяротнымі грахамі, урэшце рэшт!
Проста любіць людзей...
Гэтак жа шчыра, як любіў іх калісьці Януш Корчак... як любіла іх маці Тэрэза...
Як любіў іх у свой час Ісус Хрыстос...
Гэта так няпроста – любіць людзей!
Куды прасцей – ненавідзець! І згадзіцеся, ёсць людзі, якія нічога акрамя нянавісці і не заслугоўваюць: маньякі, забойцы, гвалтоўнікі...
Нармальны чалавек проста абавязаны ненавідзець іх, на тое ён і нармальны чалавек. Вось толькі нянавісць гэтая...
Любая нянавісць – гэта шлях у нікуды. Гэта зварот у мінулае, якое ўсё яшчэ чапляецца за нас кашчавымі сваімі пальцамі, чапляецца і ўсё ніяк не жадае і не жадае нас адпускаць. Выбраўшы для сябе гэты шлях, нам ніколі не выйсці на тую шырокую светлую дарогу, якая адна і зможа толькі прывесці нас да будучыні без вайны і насілля.
Якая адна толькі і зможа выратаваць нас ад поўнага самазнішчэння...
Чалавецтву трэба навучыцца любіць...
Любіць і дараваць...
Але ж я не веру ва ўсёдаравальнасць! Я не жадаю падстаўляць левую сваю шчаку таму, хто толькі што ўдарыў мяне (хай сабе і ў пераносным сэнсе слова) па правай! Я ніколі не змагу прымусіць сябе спачуваць мярзотніку, які забіваў, гвалтаваў, рабаваў ні ў чым не вінных людзей і нарэшце атрымаў за гэта заслужаннае пакаранне...
Я не змагу лічыць гэтае пакаранне незаслужаным. Альбо несправядлівым, што амаль адно і тое ж...
Не змагу, бо гэта вышэй маіх сіл!
Выходзіць, я не дарос яшчэ да той светлай будучыні, аб якой не першае ўжо тысячагоддзе марыць усё чалавецтва, не дарос я яшчэ да таго цудоўнага, гарманічнага грамадства, у якім не будзе ўжо войнаў, не будзе нідзе і ніколі ніякага, самага дробнага нават бытавога насілля?
Ці, можа, у той час, для вызначэння ўсяго гэтага будуць існаваць нейкія іншыя маральныя крытэрыі і прыярытэты?
Бяда ў тым, што мы не можам, на жаль, прагназаваць будучыню. Ні сваю, ні, тым больш, чужую. І ўсе спробы зрабіць гэта, як і ўсе спробы пабудаваць будучыню па нейкіх канкрэтных, загадзя распрацаваных схемах і праграмах, пацярпелі поўную няўдачу. Адно-адзінае навуковае адкрыццё можа ў літаральным сэнсе перавярнуць усё жыццё наша, прычым, перавярнуць не абавязкова ў лепшы бок...
А прыродныя катаклізмы і тэхнагенныя катастрофы! А рэзкія і незразумелыя змяненні клімату, якія пачынаюцца дзе-нідзе ўжо ў наш час!
А астэроіды, якія зараз, магчыма, ужо накіроўваюцца да Зямлі з бязмежнай і ледзяной касмічнай бездані, накіроўваюцца, каб дасягнуць яе праз некалькі сотняў гадоў!
Гэта не так і шмат па касмічных мерках...
А мутацыі хваробатворных вірусаў!
А мутацыі самога чалавека, катастрафічнае перанаселеннасць Зямлі і канчатковае спусташэнне людзьмі галоўных радовішчаў карысных выкапняў ужо ў самы бліжэйшыя дзесяцігоддзі!
Дык кто ж мы тады: падабенства Бога на Зямлі ці проста некалькі мільярдаў нетрывалых і недаўгавечных арганічных істотаў, якія з цяжкасцю змаглі засяліць (і, адначасова, так забрудзіць!) адну маленькую планетку, якая круціцца сабе няспешна вакол аднаго невялікага і не вельмі нават гарачага сонца... а яно, гэтае сонца, знаходзіцца на самой амаль што перафірыі адной толькі з бясконцага і бясконцага мноства галактык таямнічага, бясконцага Сусвету...
Дык што ж гэта такое тады - чалавечае жыццё, з пункту гледжання, цяжка зразумелай для простага звычайнага чалавека, тэорыі ўсеагульнай адноснасці і ўсеагульнай бясконцасці?
Бясконцасці не толькі ў прасторы, але і ў часе!
І што ж такое тады, з гэтага ж самага пункту гледжання, жыццё ўсёй нашай чалавечай цывілізацыі?
Імгненне...
Адно кароткае імгненне і нічога больш...
А мы спрабуем разважаць аб светлай нейкай будучыні, маленькія сляпыя кузуркі неабсяжнага і загадкавага Сусвету!
А, можа, усё ж не зусім кузуркі? А, можа, і зусім нават не кузуркі?!
Можа, мы, людзі – адны з самых дасканалых і высокаарганізаваных істотаў Сусвета, вось толькі пакуль што, на жаль, нават не здагадваемся аб гэтым...
Як вусень не здагадваецца аб будучым палёце матыля...
І хто сказаў, што эвалюцыя чалавека ўжо скончылася ці амаль што скончылася! Біялагічная эвалюцыя, я маю на ўвазе.
А, можа, яна, страшна сказаць... працягваецца?!
А, можа, яна толькі яшчэ пачынаецца, сапраўдная гэтая эвалюцыя...
Эвалюцыя Чалавека ўсемагутнага!
І жорсткасць, агрэсіўнасць, паталагічная цяга да насілля проста знікнуць самі па сабе на адным з наступных віткоў бясконцай і загадкавай гэтай эвалюцыі. І нашы амаль што бессмяротныя нашчадкі будуць ужо ад самага свайго нараджэння, апрач усяго іншага, яшчэ і бездакорна гуманнымі.
Яны будуць сама дабрыня і міласэрднасць, сама справядлівасць і цярпімасць... вось толькі...
Вось толькі ці застануцца яны людзьмі... людзьмі ў нашым, сучасным разуменні гэтага слова?
І што яны будуць думаць пра нас, пра наша дваццаць першае стагоддзе ад нараджэння Хрыстова?
Пытанні, пытанні, пытанні...
І няма на іх адказаў, дакладней, адказы, вядома ж, ёсць... іх нават шмат, іх проста вялікае мноства, гэтых самых адказаў, дакладней, здагадак, выказванняў, меркаванняў...
І толькі адно з іх можа аказацца правільным...
Толькі адно...
А можа і ніводнага...