Генадзь Аўласенка з тых пісьменнікаў, якіх не палохаюць ніякія крызісы — ні эканамічныя, ні духоўныя. Сельскі настаўнік, які многія гады выкладае біялогію ў розных школах Чэрвеньшчыны, ён яшчэ піша вершы, п’есы, апавяданні... І галоўнае — вельмі шмат піша для дзяцей. Творы Генадзя Аўласенкі часта друкуюцца — літаральна ва ўсіх дзіцячых газетах і часопісах краіны, ды і ў часопісах “Маладосць”, “Полымя”, у газеце “Літаратура і мастацтва”... (Кастусь Ладуцька "Адкуль прыходзяць казкі?")

...Небяспека была паўсюды. Яна глядзела на чалавека вачыма кожнага з прахожых, якія таропка абміналі яго альбо проста ішлі насустрач. Кожны з гэтых невядомых і бяскрыўдных на першы погляд людзей мог аказацца серыйным забойцам, наркаманам. Вар’ятам, урэшце рэшт! Кожны з іх мог нанесці чалавеку смяротны ўдар, нанесці ў любы момант... і чалавек асуджана і пакорліва чакаў гэтага ўдару, а яго ўсё не было і не было... ("Бо аракул ніколі не памыляецца")
hline

Зайка польку танцаваў


Зайка польку танцаваў

Зайка польку танцаваў:
Чаравічкі сапсаваў.
Вось як Зайку не шанцуе!
Зайка болей не танцуе.
Ён цяпер сядзіць,
                             бядуе…
Можа, хто і пашкадуе?
Можа, купіць чаравічкі,
Чаравічкі-невялічкі.
Тут Варона падляцела,
На галінку побач села,
Кажа Зайку:
                 “Вось дзівак?!
Ды танцуй ты проста так,
Басанож,
                 без чаравічкаў,
Чаравічкаў-невялічкаў”.
- Сапраўды! – сказаў Зайчына –
Ты, Варона, - малайчына!
Больш не буду бедаваць!
Зноўку буду танцаваць!
І, узяўшы рукі ў бокі,
Зайка зноў пайшоў у скокі.


Аб чым спяваюць птушкі

На двары спяваюць птушкі.
Не змаўкаюць шчабятушкі:
- Цірлі-лі! Цірлі-лі!
Мы зіму перажылі!
Цірлі-лі! Цірлі-лі!
Дні вясновыя прыйшлі!
Абудзіліся палі,
Ручаінкі пацяклі,
Стала цёпла на зямлі!
Цірлі-лі! Цірлі-лі!



Зорныя карацелькі

* * *
Месяц, срэбны пастушок,
на жалейцы грае.
На нябесны муражок
зорачкі збірае.
А як сонейку ўставаць –
гоніць іх адпачываць.

* * *
Млечны Шлях – нібы рака.
Толькі ён не з малака.
Ён з мноства зорачак складаецца,
а “млечным” проста называецца.

* * *
- Ноччу ў небе зорак шмат.
Мо, таму і зоркапад?
- Ён зусім не зорны!
Ён жа – метэорны!

* * *
Зоркі – гэта тыя ж сонцы,
толькі шлях туды бясконцы.
Можам мы на іх глядзець,
ды не зможам даляцець.

* * *
Ціха шэпчуцца планеты:
- Зноў сюды ляціць камета!
Вакол Сонца абарот
робіць раз за сотню год.
Як да Сонца падлятае –
“хвост” свой ярка распускае,
каб крыху пакрасавацца
і… на сто гадоў схавацца!



Пра Вожыка, які змайстраваў веласіпед

Неяк раз калючы Вожык
Для сваіх кароткіх ножак
Змайстраваў веласіпед,
Каб аб’ехаць цэлы свет.

Ён і зараз дзесьці едзе
На сваім веласіпедзе…
Ну, а ты кладзіся ў ложак,
Хай табе прысніцца Вожык…
Як ён едзе,
едзе,
едзе
На сваім веласіпедзе,
На жалейцы песні грае,
Казкі ў торбачку збірае…

Ён у госці завітае,
А захочаш – пакатае
На сваім веласіпедзе…

А затым далей паедзе…



Сыраежкі

Сярод лесу, каля сцежкі
Нас сустрэлі сыраежкі,
І прасіцца пачалі,
Каб у кошык узялі.
Вельмі добра,
Трэба ўзяць!
Вось адна,
Вось цэлых пяць…
Дзесяць…
Дваццаць…
Трыццаць пяць…
Болей нам ужо не ўзяць!
Выбачайце, сыраежкі!
Пасядзіце каля сцежкі.
Пасядзіце, не ўцякайце.
Заўтра ў госці зноў чакайце!