Генадзь Аўласенка з тых пісьменнікаў, якіх не палохаюць ніякія крызісы — ні эканамічныя, ні духоўныя. Сельскі настаўнік, які многія гады выкладае біялогію ў розных школах Чэрвеньшчыны, ён яшчэ піша вершы, п’есы, апавяданні... І галоўнае — вельмі шмат піша для дзяцей. Творы Генадзя Аўласенкі часта друкуюцца — літаральна ва ўсіх дзіцячых газетах і часопісах краіны, ды і ў часопісах “Маладосць”, “Полымя”, у газеце “Літаратура і мастацтва”... (Кастусь Ладуцька "Адкуль прыходзяць казкі?")

...І навошта напяльвала на сябе недарэчную гэту хламіду? І чыя яна, дарэчы? Дыяна ўздыхнула, узнялася з ложка і, асцярожна ступаючы босымі нагамі па халоднаму паркету, выйшла ў пярэднюю. Планіроўка пакояў тут была якраз такая ж, як і ва ўласнай яе кватэры, таму Дыяне было лёгка арыентавацца. На вешалцы, побач з дзвярыма, вісела шмат самага разнастайнага адзення, у тым ліку і жаночага, але нічога свайго Дыяна так і не знайшла... ("Прачнуўшыся раніцай")
hline

Верш, дзе ўсё наадварот


Верш, дзе ўсё наадварот

Граблі сенам дзед грабе,
А трава кароў скубе,
З-пад сабакі брэша плот,
На гурках расце гарод.
Парсючка фасоля зрыла,
Хмарку сонейка закрыла,
Праз раўчук асфальт пацёк…
Кот ад мышкі ледзь уцёк!

Лапку поўсткай расчасаў
І для дзетак напісаў
Верш,
дзе ўсё наадварот…
Падпісаўся:
Вот-Куркот.



          * * *

Калі ў доме дамавік
Ноччу гаспадарыць,
Дык у лесе лесавік,
Пэўна ж, уладарыць…

Як вы думаеце, дзеці,
Ёсць яны на белым свеце?


Кот на мышку паляваў

Кот на мышку паляваў,
Зранку мышку пільнаваў.
А малы шчанюк кудлаты
Пільнаваў ката ля хаты.
А руды Барбос цішком
Цікаваў за шчанюком.
За Барбосам
з-за пагорка
Назіраў хлапчук Ягорка,
За Ягоркам,
і даўно,
Дзед сачыў цераз акно.
Побач бабка пражу прала
І за дзедам назірала…

А малая ўнучка Лерка
Ела смачную цукерку.
На ката не палявала,
Шчанюка не пільнавала,
Ні за кім не назірала
І ў акно не пазірала –
А ўвесь час пад стол глядзела…
Мышка там цішком сядзела,
Скрылік сала аб’ядала
І на Лерку паглядала.
І нібыта ёй казала:
- Шчыра дзякую за сала!


                     Небывальшчына

У лесе зімовым ад зайца ўцякала лісіца:
Спужалася вельмі, калі ён страшэнна зароў.
Лісіца зімой, яна ўсіх, нават мышкі баіцца,
А заяц палохае нават асілкаў-зуброў…

А, можа, хто з вас не захоча са мной пагадзіцца?
Мо, штосьці не тое я вам расказаў пра звяроў?

Мо, гэта сам заяц наўцёк ад лісіцы бяжыць?
Яму, небараку, няпроста зіму перажыць…


                Што бывае ноччу

Я ведаю – ноччу ўсе цацкі мае ажываюць!
Спачатку цярпліва чакаюць, калі ж я засну,
А потым пабудку для цацак труба праспявае,
І цацкі ўсе ўраз пачынаюцьгуляць у вайну!
Страляюць гарматы, у неба ракеты ўзмываюць,
Дзве грозныя арміі рушаць адна на адну…

А потым “адбой” баявая труба прапяе,
І цацкі бягуць на ранейшыя месцы свае…


              * * *

Я па Афрыцы гуляў,
І каля балота
Нечакана пастрачаў
Злога бегемота!

Ён мяне ледзь-ледзь не з’еў!
Ды прачнуцца я паспеў…