Генадзь Аўласенка з тых пісьменнікаў, якіх не палохаюць ніякія крызісы — ні эканамічныя, ні духоўныя. Сельскі настаўнік, які многія гады выкладае біялогію ў розных школах Чэрвеньшчыны, ён яшчэ піша вершы, п’есы, апавяданні... І галоўнае — вельмі шмат піша для дзяцей. Творы Генадзя Аўласенкі часта друкуюцца — літаральна ва ўсіх дзіцячых газетах і часопісах краіны, ды і ў часопісах “Маладосць”, “Полымя”, у газеце “Літаратура і мастацтва”... (Кастусь Ладуцька "Адкуль прыходзяць казкі?")

...Гэта быў проста невялікі пакойчык, пасярод якога стаяў прыземісты металічны стол і металічнае ж крэсла побач з ім. Сцены пакойчыка таксама былі, здаецца, металічнымі, на іх не было нічога. Зусім нічога. У пісьме не ўпаміналася аб тым, што павінен ён убачыць у кабінеце. Там гаварылася, што ён павінен зайсці ў кабінет і... І сесці за стол... А што потым? У пісьме аб гэтым таксама нічога не казалася... ("Кабінет")
hline

Калі б у мяне быў конь


Калі б у мяне быў конь

Хто заводзіць
Кацяня,
Хто сабаку
Ці шчаня…
Толькі гэта мне не трэба:
Завяду сабе каня!
Завяду абавязкова
І дадому прывяду,
Падаб’ю яму падковы,
Булаву сабе знайду…
Папрашу дазволу ў мамы
Адлучыцца на тры дні,
Ды і ў казку паімчуся
На гарачым
На кані!
Ну а там
Злаўлю Кашчэя,
Праганю
Бабу-Ягу!
А сустрэну
Бармалея –
І яго перамагу!
Не збаюся
Карабаса,
Надзяру
За бараду,
А Шар-хана,
Тыгра злога,
У звярынец
Адвяду!
Палаўлю я ўсіх,
Хто дрэнны,
Злосны,
Сквапны
Ці дурны…
Хай жывуць
У добрых казках
Толькі
Добрыя адны!
Але мама мне сказала:
- Ты спяшаешся дарма!
Што ж за казка
Пра Кашчэя,
Калі там
Яго няма?
Зло павінна быць
У казцы! –
І з усмешкай дадала:
- З кім тады змагацца
Добрым,
Калі там
Не будзе зла? –
І яшчэ сказала мама:
- У кватэры
Для каня
Мала месца…

А назаўтра
Мне прынесла
Кацяня…


       Бессардэчная

Закахаўся наш Віталік
У сваю суседку Таню.
Ён “увагу” праяўляе:
То падножку падстаўляе,
То шчыкне,
То штурхане,
То да лужаны піхне,
То хусцінку ёй сарве,
То падручнікі парве…
Але ўсё, на жаль, дарма,
Узаемнасці няма!
І чаму?
У чым прычына?
Замаркоціўся хлапчына.
Што ён толькі не рабіў:
І штурхаў,
І кпіў,
І біў,
І дражніў,
І абзываў,
І праходу не даваў…
Ён і гэтак,
Ён і так…
А яна –
ну аніяк!
Да яго не падыходзіць,
За сто крокаў абыходзіць,
Толькі ўбачыць – уцякае…

Бессардэчная якая!


         Касманаўт 

Табурэт да табурэта –
Атрымалася… ракета!
Хутка ў космас палячу!
Зараз толькі падлічу,
Што з сабой узяць мне трэба:
Лусту сала,
Скібку хлеба,
Памідорын так з пяток,
Дроту меднага маток
Для рамонту карабля…
Вось і ўсё!
Бывай, Зямля!
Але тут,
на старце прама,
У пакой заходзіць мама.
Стыне на стале абед,
Ёй патрэбен табурэт.
А за ёй адразу – тата.
А за ім –
сястрычка з братам…
Разабралі табурэты…

Вось і ўсё!
Бывай, ракета!


Мастакі

Мы малюем
                   на паперы:
Гэта вокны,
                    гэта дзверы,
Гэта ганак,
                  гэта хата,
Гэта Каця,
                  гэта Ната,
Гэта Жучка,
                  гэта кот,
Гэта сцежка,
                   гэта плот…

Там,
        за плотам – крама,
Там,
        у краме – мама…

Хутка мама
                   прыйдзе з крамы.
Вельмі сумна
                   нам без мамы!


На асабістым прыкладзе

- Міколка,
ты чаму такі мурзаты?
- З сястрычкай
мы гулялі ў маму з татам!
- І мокры ўвесь
аж з галавы да ног!
- Ну, я ж кажу:
гулялі ў маму з татам!
Яна мяне вяла
з гасцей дахаты,
А я,
Зусім,
як тата наш
на свята,
ішоў,
ішоў…
ды ў лужыну – пялёх!



          Памагаты

Я і ў мамы,
Я і ў таты
Самы першы памагаты!
Мама выпячэ праснак –
Я спрабую, як на смак…

На канапу ляжа тата –
Я і ў таты памагаты!
Сяду побач і спяваю,
Тату спаць дапамагаю…


            * * *

Пачалася навальніца,
Заблішчэла бліскавіца,
Потым гром загрукаў,
Потым дождж застукаў…

Па асфальту напрасткі
Паімчалі раўчукі,
А ля плоту ў Васілька
Не раўчук імчыць – рака!

Васілёк паперу ўзяў
І караблік змайстраваў.
А, як скончыў дожджык ліць –
Васілёк на двор бяжыць.
Ён да плоту напрасткі…
Дзе ж рака?
Няма ракі!

Трэба ж, гэткая няўдача!
Васілёк стаіць і плача.
Ёсць караблік…
Ды бяда –
Знікла некуды вада!



         Сябрук


У Сярожкі ёсць сябрук.
Не бяда, што ён без рук.
Ён чатыры лапы мае,
Абаранкам хвост трымае.
Толькі ўбачыць Сяржука –
Скача каля сябрука
І хвастком сваім матляе…
(Толькі што не размаўляе.)
Добры сябар у Сярожы…

А цяпер, хто першы зможа
На пытанне даць адказ:
Ёсць такі ў кагосьці з вас?



         Фантазёр

Я скажу вам без маны:
У мяне жывуць сланы!
Я кармлю іх салам з хлебам…
Што? Не верыце?
Не трэба!
А яшчэ ў мяне ля шафы
Ноччу пасвяцца жырафы,
А на дзень кладуцца ў ложак…
Што?
Такога быць не можа?
А яшчэ… яшчэ ў мяне
Тыгры спяць на дыване!
Я даю ім ананасы,
Шакаладныя каўбасы,
Апельсіны, мандарыны…
А яшчэ кампот з маліны.
А яны ляжаць, вуркочуць
І мышэй лавіць не хочуць…
Ды затое дзікабраз
Сто мышэй злавіў зараз,
А на кухні пеліканы
Спрытна ловяць тараканаў.
Пугачы на мух палююць,
А мядзведзі так балююць.
Там у іх ёсць пчол калода
Ды яшчэ тры бочкі мёду.
А ў буфеце, тым, што справа,
У мяне жывуць удавы.
Побач з імі кіт нырае…
Што?
Такога не бывае?
Зноў не верыце?
Дарма!
Ды каго ў мяне няма!
Ёсць паўліны,
Ёсць пінгвіны,
Ёсць цюлені
і дэльфіны!
Кенгуру,
акула,
леў…
Больш прыдумаць не паспеў…
Зараз трошкі адпачну –
І далей казаць пачну!



      Чаму я не…

Я са школы не йду,
А панура плятуся дадому…
Ну чаму,
ну чаму
Не артыст я
Сусветна вядомы!
Не спявак знакаміты,
Што скача штодня
З мікрафонам!
Не спартсмен-рекардсмен
Па стральбе-барацьбе-марафону!
Ці пісьменнік,
што мае
Таўшчэзных раманаў багата,
Ці дырэктар завода,
Таго,
Дзе працуе мой тата!

Вось тады б
Яны з мамай
За двойкі мяне
Не ўшчувалі!
І пускалі ў кіно,
І цукеркі
Штовечар давалі…



Чыя мама лепшая?

Адвячоркам мы гулялі
І аб мамах размаўлялі…

- У мяне, - прамовіў Пеця, -
- Мама – лепшая на свеце!
Усміхнуўся Толя: - Не!
Мама лепшая ў мяне!
- У мяне! – сказала Поля. –
- Бо яна працуе ў школе!
- Ну, дык што з таго, што ў школе! –
- Запярэчыў Поле Коля. –
- А мая – кіруе крамай!
- А мая працуе… мамай,
І цяпер з сястрычкай дома… -
- Прашаптала ціха Тома.
- А мая, - сказала Ната, -
- І за маму, і за тату!
Пэўна ж, мамачка мая
Лепей вашых удвая!

Не згадзіўся з гэтым Пеця…
Пачалі спрачацца дзеці:
Коля з Полей,
Пеця з Натай…
Ну, а я
Пайшоў дахаты.

З імі я не стаў спрачацца.
І без спрэчкі ведаў я:
Калі шчыра разабрацца,
Мама лепшая – мая!



Як выправіць двойкі
(З парад Васі Лайдачкіна)


Калі ты хапаеш двойкі,
А бацькам тваім патрэбна,
Каб дзевяткі ды дзесяткі
Напаўнялі дзённік твой,
Не сядзі ты цэлы вечар
Над падручнікам і сшыткам,
Бо ўсё роўна немагчыма
Столькі вывучыць зараз!
Лепш, узяўшы свой сцізорык,
Навайстрыўшы свой сцізорык
(Альбо можна проста сціркай)
Двойкі выведзі…
Затым
Ты на іх законным месцы
Панастаў адных дзесятак…
(Можна трохі і дзевятак,
Каб паверылі хутчэй.)
І бяжы хутчэй да бацькі,
Пакажы яму дзесяткі,
Патрабуй, каб за дзесяткі
На цукеркі грошы даў!
Але лепш бяжы да маці,
Бо, калі падман не пройдзе,
Маці ўсё ж не так балюча
Будзе дзяжкай частаваь…
І яшчэ…
(Удакладненне!)
У крытычным тым выпадку
На мяне не спасылацца!
Я нічога не казаў!