Генадзь Аўласенка з тых пісьменнікаў, якіх не палохаюць ніякія крызісы — ні эканамічныя, ні духоўныя. Сельскі настаўнік, які многія гады выкладае біялогію ў розных школах Чэрвеньшчыны, ён яшчэ піша вершы, п’есы, апавяданні... І галоўнае — вельмі шмат піша для дзяцей. Творы Генадзя Аўласенкі часта друкуюцца — літаральна ва ўсіх дзіцячых газетах і часопісах краіны, ды і ў часопісах “Маладосць”, “Полымя”, у газеце “Літаратура і мастацтва”... (Кастусь Ладуцька "Адкуль прыходзяць казкі?")

...Гэта быў проста невялікі пакойчык, пасярод якога стаяў прыземісты металічны стол і металічнае ж крэсла побач з ім. Сцены пакойчыка таксама былі, здаецца, металічнымі, на іх не было нічога. Зусім нічога. У пісьме не ўпаміналася аб тым, што павінен ён убачыць у кабінеце. Там гаварылася, што ён павінен зайсці ў кабінет і... І сесці за стол... А што потым? У пісьме аб гэтым таксама нічога не казалася... ("Кабінет")
hline

Цягнік да Бразіліі


                                                                                   ДЗЕЯ ПЕРШАЯ

                 Падваротня звычайнага шматпавярховага будынку. Там стаіць Дзяўчына ў плашчы і з парасонам у левай руцэ.
                                      У падваротню забягае Юнак. Бачна, што ён нядаўна патрапіў пад моцны дождж.


ЮНАК (абтрасаецца). Ну і лье! ( Заўважае Дзяўчыну.) Вы таксама хаваецеся тут ад дажджу?
ДЗЯЎЧЫНА. Зусім не! Проста я забылася дзесьці свой парасон і таму вымушана бавіць свой каштоўны час у гэтай вось падваротні. Без усялякай карысці для сябе асабіста і для нашага грамадства ў цэлым.
ЮНАК. Зразумела. (Глядзіць на Дзяўчыну больш уважліва.) Але ж мне здаецца, што вы трымаеце парасон у сваёй левай руцэ!
ДЗЯЎЧЫНА. У якой, вы кажаце? (Глядзіць на сваю левую руку.) Сапраўды! А я ўсё ўспамінала, дзе ж я магла яго забыцца! Вялікі вам дзякуй!
ЮНАК. Няма за што! (Нейкі час маўчаць.) Ну вось, цяпер вы можаце спакойна ісці па сваіх неадкладных справах.
ДЗЎЧЫНА (строга). Па-першае: мае неадкладныя справы – гэта зусім не ваша справа!
ЮНАК (з цікаўнасцю). А па-другое?
ДЗЎЧЫНА. Па-другое: як жа я магу ісці па сваіх неадкладных справах, калі на вуліцы ілье дождж, а я забылася дзесьці свой парасон?!
ЮНАК. Але ж цяпер вы ведаеце, што забыліся яго ў сваёй левай руцэ.
ДЗЯЎЧЫНА. І вы лічыце, што дастаткова ведаць, дзе я забылася свой парасон, каб ісці без парасона пад такім праліўным дажджом?! У вас, на мой погляд, яўны дэфіцыт мазгавога рэчыва! Дакладней, у вас яго наогул няма!
ЮНАК (заклапочана). Учора яно яшчэ было! Ці не было? Не памятаю! (Дзяўчына раптам хіхікае.) Не разумею, што тут смешнага!
ДЗЯЎЧЫНА. Ведаеце, каго вы мне зараз нагадалі?
ЮНАК. Ведаю! Каго?
ДЗЯЎЧЫНА. Мокрую курыцу.
ЮНАК. Па ўсіх законах жанру, я павінен зараз пакрыўдзіцца! Ці не павінен?
ДЗЯЎЧЫНА. Не разумею, як можна крыўдзіцца на дзяўчыну, якая толькі што прызналася вам у каханні!
ЮНАК (не адразу, недаверліва). Вы прызналіся мне ў каханні? (Дзяўчына ківае.) Калі?
ДЗЯЎЧЫНА. Толькі што. А вы нават не заўважылі гэтага!
ЮНАК (задумваецца). Вы назвалі мяне мокрай курыцай.
ДЗЯЎЧЫНА. Ну так, я вельмі люблю смажаную кураціну. А вы?
ЮНАК (з гонарам). А я – вегетарыянец! Я ем толькі зайчаціну.
ДЗЯЎЧЫНА. А чаму менавіта зайчаціну?
ЮНАК. А таму, што гэтыя зайцы згрызлі ўсю маю капусту! А я – вегетарыянец.
ДЗЯЎЧЫНА. Шкада, што вы вегетарыянец. Вы шмат чаго губляеце ў жыцці.
ЮНАК. Што канкрэтна?
ДЗЯЎЧЫНА. Маё каханне! (Уздыхае.) Але ўсё роўна – калі я ўжо прызналася вам, я не буду браць сваіх слоў назад. Бо гэта так непрыгожа.
ЮНАК. А я б вам іх і не аддаў назад -- гэтыя словы!
                                                                                Нейкі час маўчаць.
ДЗЎЧЫНА. Ну што, зразумелі цяпер, чаму я параўнала вас з маёй любімай смажанай курацінай?
ЮНАК. Прабачце, але ж вы параўналі мяне з мокрай курыцай!
ДЗЎЧЫНА. А хіба гэта не адно і тое ж?
ЮНАК. Не ведаю... магчыма...
ДЗЯЎЧЫНА. Вы не ведаеце таму, што вы вегетарыянец! Паверце, з любой мокрай курыцы можа атрымацца вельмі смачная смажаная кураціна!
ЮНАК. Веру. Толькі прычым тут адсутнасць у мяне мазгавога рэчыва?
ДЗЯЎЧЫНА. А хіба ад кахання людзі не губляюць самы апошні розум?
ЮНАК (не адразу). Цяпер я веру, што вы і сапраўды прызналіся мне ў каханні!
ДЭЯЎЧЫНА (здзіўлена). Калі?
ЮНАК. Толькі што.
ДЗЯЎЧЫНА. І не думала нават. Проста я забылася дзесьці свой парасон і таму вымушана бавіць свой каштоўны час у гэтай падваротні.
ЮНАК. Але ж вы ўжо ведаеце, што свой парасон вы забыліся ў сваёй жа ўласнай руцэ.
ДЗЯЎЧЫНА. Ну так, дзякуючы вам я ўжо ведаю, дзе я яго забылася! І што з гэтага?
ЮНАК. А тое, што... (Змаўкае, уважліва глядзіць на Дзяўчыну.) Скажыце, мы не сустракаліся з вамі раней?
ДЗЯЎЧЫНА. Мы вучыліся ў адным класе і нават сядзелі за адной партай, праўда, у розных радах. А цяпер вы робіце выгляд, быццам бачыце мяне ўпершыню!
ЮНАК. Ну так, цяпер я ўспомніў1 А класным кіраўніком у нас быў Аляксандр Пятровіч, настаўнік фізікі.
ДЗЯЎЧЫНА. Правільна, Аляксандра Пятроўна! Яна вяла ў нас хімію. Як добра ты ўсё памятаеш! Скажы, а ты бачышся з кім-небудзь з нашых былых аднакласнікаў?
ЮНАК. А як жа! Толькі ўчора, да прыкладу, я пазнаёміўся з Вікай. Цудоўная дзяўчына, між іншым!
ДЗЯЎЧЫНА. Яна вучылася ў нашым класе?
ЮНАК. Не ведаю, я пра гэта ў яе не пытаў. Але ўвогуле такое магчыма.
ДЗЯЎЧЫНА (уздыхае.) Шкада, што ты не спытаў.
ЮНАК. Справа ў тым, што я з ёй наогул не размаўляў. Я ехаў у трамваі... а яна ехала насустрач на ўласным “Мерсэдэсе”.
ДЗЯЎЧЫНА. Але ты дакладна ведаеш, што яе завуць Віка?
ЮНАК. А чаму б ёй не быць Вікай?
ДЗЯЎЧЫНА. Сапраўды. (Нейкі час маўчаць.) Калі зноў будзеш з ёй сустракацца, спытай, ці не вучылася яна ў нашым класе.
ЮНАК. Абавязкова. А ты сустракаешся з кім-небудзь з нашых?
ДЗЯЎЧЫНА. І часта. Сёння я выгульвала Боба.
ЮНАК. Боб... Боб... Нешта не магу яго прыпомніць. А за якой партай ён сядзеў?
ДЗЯЎЧЫНА. Боб, наогул, больш любіць ляжаць, чым сядзець. У пярэдняй ёсць спецыяльная падсцілачка, там ён і ляжыць амаль увесь час.
ЮНАК. Слухай, я, здаецца, яго ўспомніў! Такі высокі бландзін у акулярах?
ДЗЯЎЧЫНА. Высокі бландзін у акулярах сядзеў учора перада мной у кінатэатры. Я з-за яго нічога не магла разглядзець на экране.
ЮНАК. Ён і сапраўды быў у акулярах?
ДЗЯЎЧЫНА. Не памятаю. Разумееш, у зале было так шмат людзей... а гэты юнак у акулярах, што сядзеў перада мной, увесь час цалаваў сваю суседку...
ЮНАК. Справа або злева?
ДЗЯЎЧЫНА. Не памятаю.
ЮНАК. Успомні! Гэта вельмі важна!
ДЗЯЎЧЫНА. Успомніла! Яна сядзела якраз за ім.
ЮНАК. Але ж за ім сядзела ты!
ДЗЯЎЧЫНА. Ну, вядома ж, я! Каго яшчэ ён мог так цалаваць!
                                                            Зноў запанавала маўчанне.
ЮНАК. Значыцца, гэта і быў Боб, наш былы аднакласнік!
ДЗЯЎЧЫНА. Не, Боба я не бяру з сабой у кінатэатр. Я толькі прагульваю яго два разы на дзень, якраз пад вечар.
ЮНАК. Слухай, паколькі мы з табой вучыліся разам – давай пазнаёмімся!
ДЗЯЎЧЫНА. Давай! Цябе як завуць?
ЮНАК. А цябе?
ДЗЯЎЧЫНА. Ну вось і пазнаёміліся! Вельмі прыемна, праўда?
ЮНАК. Праўда. Нешта не па сабе...
                              У падваротню забягае малады Мужчына ў шортах і сарочцы з кароткімі рукавамі.
МУЖЧЫНА (абмахваецца газетай.) Ну і спёка! Пастаяць хіба крыху, у цяньку...
ЮНАК. Вы таксама схаваліся тут ад дажджу?
МУЖЧЫНА. Так, так! (Працягвае абмахвацца газетай.) Дождж бы зараз не пашкодзіў! Трэці тыдзень такая спякота... Ніводнай кроплі дажджу. Усё так перасохла. Уяўляеце?
ЮНАК. Уяўляю! (Дзяўчыне.) А ты?
ДЗЯЎЧЫНА. Уяўляю! (Мужчыне.) А вы?
МУЖЧЫНА. Не ўяўляю нават! Азімыя і тыя пачалі жаўцець. А пра яравыя і казаць няма чаго.
ЮНАК. Але ж трэба аб чымсьці казаць. Не стаяць жа моўчкі.
МУЖЧЫНА. Ну... давайце тады пагаворым пра літаратуру. Тым больш, што гэтая тэма мне найбольш блізкая.
ДЗЯЎЧЫНА. Разумею, вы – пісьменнік?
МУЖЧЫНА. Цёпла.
ДЗЯЎЧЫНА. Вы – літаратуразнаўца?
МУЖЧЫНА. Яшчэ цяплей.
ДЗЯЎЧЫНА. Дык хто ж вы тады?
МУЖЧЫНА. Я – слесар-сантэхнік.
ЮНАК. Ты амаль угадала. (Мужчыне.) А скажыце, якія жанры сучаснай літаратуры вам падабаюцца больш, чым не падабаюцца менш?
МУЖЧЫНА. Больш-менш ці менш-больш?
ЮНАК. Ну так! Дык якія?
МУЖЧЫНА. Напэўна, смажаная кураціна.
ДЗЯЎЧЫНА (пляскае ў ладкі.) Мне таксама! Мне таксама! (Павольна падыходзіць да Мужчыны.) Як у нас шмат агульнага!
ЮНАК. А ў нас?
ДЗЯЎЧЫНА (Юнаку.) Ты мой аднакласнік і павінен радавацца майму шчасцю. ( Мужчыне.) Пацалуйце мяне, калі ласка!
МУЖЧЫНА. Калі ласка! (Цалуе яе.)
ЮНАК. І чаму гэта, цікава, я павінен радавацца, гледзячы, як вы тут цалуецеся?! Я ж магу і раззлавацца!
ДЗЯЎЧЫНА. Ты злуеш за тое, што я не дала табе спісаць кантрольную па фізіцы ў сёмым класе? Але ж тады ў нас былі розныя варыянты.
ЮНАК. Пра тую кантрольную па хіміі ў восьмым класе я ўжо і забыўся. І як я мог даць табе спісаць, калі і сам яшчэ не ўсё ў цябе спісаў!
ДЗЯЎЧЫНА. Усё роўна! Ты павінен быў даць мне тады спісаць. Бо добра ведаў, як дрэнна я пішу ўсе гэтыя дыктанты! А так я атрымала тады двойку, і маці не пусціла мяне на дыскатэку! (Усхліпвае.)
ЮНАК (вінавата). Ну... супакойся... не трэба плакаць! Што ж рабіць, калі так яно атрымалася...
ДЗЯЎЧЫНА. Ты не ведаеш, як трэба было мне трапіць на тую дыскатэку! (Летуценна.) Была вясна, час першых захапленняў! І ён павінен быў чакаць мяне на дыскатэцы... і ён чакаў мяне там, а я... я не прыйшла!
ЮНАК. А чаму ты не прыйшла?
ДЗЯЎЧЫНА. Не памятаю зараз... але ён, пэўна, вырашыў, што ў нас усё скончана і што я яго больш не кахаю!
ЮНАК. Якая жудасная гісторыя! А што было далей?
ДЗЯЎЧЫНА. А далей ён запрасіў на танец маю лепшую сяброўку...
ЮНАК. Якая жудасная гісторыя!
ДЗЎЧЫНА. Пачакай! Далей яна стане яшчэ больш жудаснай!
ЮНАК. Люблю жудасныя гісторыі!
ДЗЯЎЧЫНА. Дык вось, мая лепшая сяброўка ў адзін момант ператварылася...
ЮНАК. У каго?
ДЗЯЎЧЫНА. У самага заклятага майго ворага!
ЮНАК. Які жах! Я сёння ноччу не засну.
ДЗЯЎЧЫНА. І што ты будзеш рабіць ноччу?
ЮНАК. Я буду складаць жахлівыя гісторыі! У вершах.
МУЖЧЫНА. У белых?
ЮНАК. У чорных.
ДЗЯЎЧЫНА. Дык ты, аказваецца, паэт?
ЮНАК. А што тут дзіўнага?
ДЗЯЎЧЫНА. А скажы, гэта вельмі цяжка -- складаць вершы?
ЮНАК. Не ведаю, не спрабаваў.
МУЖЧЫНА (Дзяўчыне.) Дарэчы, наконт тваёй сяброўкі. Я тады запрасіў яе на танец без усялякай задняй думкі. Проста зайграла музыка, аб’явілі белы танец... я пайшоў запрашаць яе суседку і памылкова выбраў яе...
ДЗЯЎЧЫНА (усхвалявана). Дык гэта былі вы?!
МУЖЧЫНА. Дык гэта была ты?!
                                                           Мужчына раскрывае абдымкі, Дзяўчына ахвотна ў іх падае.
ЮНАК. Чакайце, чакайце! А мне што загадаеце рабіць у няпростых гэтых абставінах? (Задумваецца.) Па ўсіх законах жанра мне трэба кагосьці з вас выклікаць на дуэль! Толькі вось каго? Не памятаю.
МУЖЧЫНА. Ты можаш пакуль пачытаць маю газету. (Працягвае газету Юнаку.)
ЮНАК. А яна свежая?
МУЖЧЫНА (абнюхвае газету). Толькі сёння раніцай я дастаў яе з халадзільніка, так што сапсавацца яна яшчэ не павінна. Праўда, пры такой спякоце...
ЮНАК (бярэ газету, таксама нюхае яе). Ды яна ж сапсаваная!
МУЖЧЫНА. Няўжо? Цяпер я разумею, чаму мне было так моташна яе чытаць!
ЮНАК. Сам чытай сваю сапсаваную газету! (Ірве газету на шматкі, шпурляе іх у твар Мужчыне.)
МУЖЧЫНА (абурана). Я папрасіў бы звяртацца да мяне на “вы”!
ЮНАК. Калі ласка! (Падбірае шматкі, зноў шпурляе іх у твар Мужчыне.) Самі чытайце сваю сапсаваную газету!
МУЖЧЫНА. Ну вось, зусім іншая справа!
ЮНАК. І як смееце вы дурыць галаву гэтай няшчаснай дзяўчыне! Вы ўжо колькі год як жанаты!
ДЗЯЎЧЫНА. Як цікава! (Пляскае ў ладкі.) А на кім, калі не сакрэт?
МУЖЧЫНА. Сакрэт. Вядома ж, на Аляксандры Пятроўне, вашым былым класным кіраўніку. Яна яшчэ нешта такое ў вас выкладала...
ДЗЯЎЧЫНА. Фізіку ў сёмым класе.
ЮНАК. Хімію ў восьмым, але не гэта галоўнае. Галоўнае, што ты нарэшце зразумела, што гэта за тып! Ты зразумела?
ДЗЯЎЧЫНА. Зразумела! (Заварожана глядзіць на Мужчыну.) Аляксандр Пятровіч, гэта вы?
МУЖЧЫНА. Ты што, вучылася ў мяне?
ДЗЯЎЧЫНА. Ну так! І вы выкладалі ў нас фізіку.
ЮНАК. Хімію, калі не памыляюся.
ДЗЯЎЧЫНА. Памыляешся! (Мужчыне.) А яшчэ вы былі нашым класным кіраўніком.
МУЖЧЫНА. Магчыма. І што з таго?
ДЗЯЎЧЫНА. А тое, што я была закахана ў вас з пятага класа!
ЮНАК. Не трэба маніць, хімія пачалася толькі з восьмага.
ДЗЯЎЧЫНА. Затое фізіка з сёмага!
ЮНАК. Але ж я быў закаханы ў цябе яшчэ раней, аж з дзіцячага садка! Памятаеш, як мы гулялі з табой у пясочніцы і я зрабіў для цябе з пяску шасцісоты “Мерсэдэс”?
ДЗЯЎЧЫНА. Падумаеш, “Мерсэдэс”! А вось Аляксандр Пятровіч зробіць для мяне зараз... зробіць зараз... вечны рухавік!
ЮНАК. Вечных рухавікоў не існуе! Французкая акадэмія навук дастаткова ясна аб гэтым заявіла!
МУЖЧЫНА (зацікаўлена). А калі яна аб гэтым заявіла?
ЮНАК. Яшчэ ў ХІХ стагоддзі.
МУЖЧЫНА. А больш канкрэтна.
ЮНАК. Больш канкрэтна я не памятаю.
МУЖЧЫНА. Шкада.
ДЗЯЎЧЫНА. Для сапраўднага кахання няма нічога немагчымага!
МУЖЧЫНА. Ёсць, на жаль! (Уздыхае.) Мая жонка і мая цешча. (Уздыхае двойчы.)
ДЗЯЎЧЫНА. Як я вас разумею, Аляксандр Пятровіч! У мяне таксама ёсць Боб, і мне трэба кожны вечар выгульваць яго аж два разы на дзень! А колькі разоў у дзень вы выгульваеце сваіх?
МУЖЧЫНА. Я выгульваю толькі цешчу. Жонка гуляе сама.
ДЗЯЎЧЫНА. Як цікава! (Пляскае ў ладкі.) А з кім яна гуляе, калі не сакрэт?
МУЖЧЫНА. Сакрэт. Вось з ім! ( Ківае на Юнака.)
ДЗЯЎЧЫНА (Юнаку.) Гэта праўда? Ты гуляеш з ягонай жонкай?
ЮНАК. Адкуль мне было ведаць, чыя яна жонка! На лобе ж у яе гэта не напісана!
МУЖЧЫНА. Мая віна! Я неяк хацеў напісаць, а потым запамятаваў...
ДЗЯЎЧЫНА (Юнаку). Але ж цяпер ты ведаеш, чыя яна жонка?
ЮНАК. Цяпер ведаю. (Мужчыне.) І паверце, мне нават неяк не па сабе!
МУЖЧЫНА. Веру.
ЮНАК. Бачыце, я нават пачырванеў!
МУЖЧЫНА. Бачу. Але гэта, хутчэй за ўсё, ад спякоты. Трэці тыдзень такая гарачыня. Што будзе далей, як лічыце?
ЮНАК. Ну... я лічу, што калі гэтыя дажджы не скончацца – нас абавязкова затопіць.
МУЖЧЫНА. І вы маеце рацыю! Засушыць, як піць даць засушыць!
ЮНАК. І азімыя вымакнуць.
МУЖЧЫНА. Высахнуць не толькі азімыя, але і яравыя. Гэта я вам кажу, як буйны спецыяліст дробных каналізацыйных сістэм.
ДЗЯЎЧЫНА. А я дык наогул без парасона цяпер і на вуліцу не выходжу. А вось сёння я яго дзесьці забылася.
МУЖЧЫНА. У спёку і не такое бывае! Галава зусім кругам ідзе.
ЮНАК. Гэта дождж ідзе, а не галава.
ДЗЯЎЧЫНА. Самая крыўднае, што з-за гэтага надакучлівага дажджу я не паспею выгуляць Боба два разы перад сном!
МУЖЧЫНА. А я – цешчу! Хоць... у такую спякоту лепш адкласці на потым гэтую адказную справу...
ЮНАК (пакрыўджана). Калі вы думаеце, што мне няма каго выгульваць – вы глыбока памыляецеся! Я кожны вечар выгульваю свой шасцісоты “Мерсэдэс”, той самы, які я калісьці зляпіў для цябе ў пясочніцы дзіцячага садка.
ДЗЯЎЧЫНА (з захапленнем.) Ты захаваў яго для мяне праз столькі часу?! (Юнак ківае.) Ты так кахаеш мяне? (Юнак ківае.) Даруйце, Аляксандр Пятровіч, але я павінна быць з ім! Ён кахае мяне аж з дзіцячага садка, а фізіка пачалася ў нас толькі з сёмага класа!
      Юнак раскрывае абдымкі, Дзяўчына ахвотна ў іх падае. У гэты час у падваротню забягае Жанчына ў зімовай куртцы і                                                                                     капялюшы з футра. У руках у яе лыжы.
ЖАНЧЫНА (Юнаку). Ты не вельмі заняты ? (Юнак азіраецца, адпускае Дзяўчыну.) Прывітанне, любы! (Цалуе Юнака ў шчаку.) Яшчэ крыху -- і я спазнілася б!
ДЗЯЎЧЫНА. І чаго было так спяшацца! (Адыходзіць убок.)
ЖАНЧЫНА (Юнаку.) Разумееш, такая завіруха на вуліцы... усё замяло, аўтобусы стаяць, таксі не злавіць... Прыйшлося на лыжах! (Мужчыне.) Ты, між іншым, абяцаў сёння звадзіць маю маму ў тэатр.
МУЖЧЫНА. Куды я яе толькі не вадзіў: і ў тэатр, і ў кіно, і нават у цырк! А вынік? Яна заўсёды знаходзіць зваротны шлях!
ДЗЯЎЧЫНА. Я таксама згубіла аднойчы свайго Боба, але не разгубілася. Я адразу ж напісала восем аб’яў і адну заяву, а потым наклеіла ўсё гэта на лаўку, якая стаіць ля майго пад’езда.
МУЖЧЫНА. І дапамагло?
ДЗЯЎЧЫНА. Яшчэ як! Не паспела я наклеіць пятую аб’яву, як мой Боб сам прыбег да мяне.
ЖАНЧЫНА (Дзяўчыне.) А што, прабачце, вы робіце тут, побач з маім мужам? У вас з ім спатканне?
ДЗЯЎЧЫНА. Ды не, проста я забылася дзесьці свой парасон, а потым забылася і тое, дзе я яго забылася.
ЖАНЧЫНА. Вы, напэўна, вельмі кахаеце майго мужа, калі не збаяліся ў такую завіруху лезці праз гурбы і сумёты дзеля спаткання з любімым чалавекам? (Уздыхае.) Як я вам зайздрошчу!
МУЖЧЫНА. А мне?
ЖАНЧЫНА (шматзначна). Табе я зусім нават не зайздрошчу!
МУЖЧЫНА (нервова). Разумееш, усё было не зусім так, як ты, напэўна, падумала! Усё было зусім нават не так! Проста я быў калісьці яе класным кіраўніком, а яшчэ вёў у іх гэтую... як жа яе...
ДЗЯЎЧЫНА. Фізічную хімію.
ЮНАК. Хімічную фізіку.
МУЖЧЫНА. Правільна, фізічную культуру! Ну а ў гэтым узросце дзяўчынкі часта ўцюрваюцца ў сваіх настаўнікаў... нічога сур’ёзнага, так, дзіцячыя захапленні... Але я нават не падазраваў, наколькі гэта ўсур’ёз... на столькі гадоў... Можа, гэта ад сённяшняй спякоты?
ДЗЯЎЧЫНА. Дождж вінаваты толькі ў тым, што я забылася дзесьці свой парасон!
ЖАНЧЫНА. Ну што ж... (Уздыхае.) Цяпер я добра бачу, што ў нас тут утварыўся тыповы любоўны трохкутнік з чатырма роўназначнымі вугламі.
ЮНАК. А я не ўпэўнены, што гэтыя вуглы роўназначныя! Бо я кахаў яе аж з дзіцячага садка, а хімія пачалася ў нас толькі з восьмага класа!
ДЗЯЎЧЫНА. Затое фізікі з сёмага!
ЮНАК. Тым больш няма сэнсу казаць аб роўназначнасці гэтых вуглоў!
ЖАНЧЫНА. І якое ж ты бачыш выйсце, любы, з няпростага гэтага становішча? (Цалуе Юнака ў шчаку.) Вось я, да прыкладу, не бачу аніякага выйсця. Мабыць, гэта ад холаду.
МУЖЧЫНА. Так, так! Мне таксама вельмі кепска думаецца ў такую гарачыню.
ЮНАК. І я пакуль што не бачу аніякага выйсця. Ды і як выйдзеш адсюль у такі праліўны дождж!
ДЗЯЎЧЫНА. Адзінае, што мы можам зрабіць – гэта напісаць зараз восем аб’яў і адну заяву, а потым наклеіць усё гэта на лаўку каля майго пад’езда. Калі я згубіла Боба, гэта адразу ж дапамагло.
МУЖЧЫНА. Але ж тады не было такой спякоты, як зараз! Ці была?
ДЗЯЎЧЫНА. Не памятаю. Магчыма, невялікі дожджык усё ж накрапваў... але не такі моцны, як зараз.
ЖАНЧЫНА. У такую завіруху няма ніякага сэнсу клеіць усе гэтыя вашы заявы. Іх адразу ж занясе снегам. Мы зробім інакш. (Здымае капялюш, дастае з кішэні блакнот, выдзірае адтуль некалькі лісткоў.) Зараз я напішу на паперках усіх нас, потым кіну паперкі ў капялюш. Затым мы ўсе будзем цягнуць па чарзе.
ЮНАК. Цудоўнае выйсце! Я падтрымліваю!
ДЗЯЎЧЫНА. Я таксама, тым больш, што карысці ад гэтага не будзе ніякай.
ЖАНЧЫНА (Мужчыне.) А ты?
МУЖЧЫНА. І я не пярэчу, хоць і катэгарычна супраць гэтай небяспечнай і бязглуздай акцыі!
ЖАНЧЫНА (піша на лісточках.) Тады я дапішу сюды яшчэ і маю маму.
МУЖЧЫНА. Не забудзься дапісаць і маю цешчу.
ДЗЯЎЧЫНА. І майго Боба! Хтосьці ж павінен выгульваць яго двойчы на дзень пад вечар.
ЮНАК. Тады і мой “Мэрс”! Чым ён горшы!
ЖАНЧЫНА. Ну вось, я ўсіх запісала! (Кідае паперкі ў капялюш..) Хто будзе цягнуць першым?
МУЖЧЫНА. Давай я! (Выцягвае, глядзіць.) Мне выпаў Боб.
ДЗЯЎЧЫНА. О, Боб! Як мне будзе не хапаць цябе! (Мужчыне.) Вы абяцаеце выгульваць яго двойчы на дзень пад вечар?
МУЖЧЫНА. Абяцаю! Я буду вадзіць яго ў тэатр заместа цешчы.
ЖАНЧЫНА. Хто наступны? (Юнаку.) Ты?
ЮНАК. Няхай буду я! (Выцягвае, чытае.) Мне дасталася твая маці. І што мне з ёй рабіць?
ЖАНЧЫНА. Вадзі яе ў тэатр альбо ў кіно...
ЮНАК. А можна ў цырк?
МУЖЧЫНА. Гэта не мае сэнсу, малады чалавек, я ўжо ўсё пераспрабаваў. Паспрабуй, хіба, звазіць яе ў Гімалаі, можа што і атрымаецца...
ЮНАК. Я, калі шчыра, збіраўся ў Бразілію. Сельва, мойва, Амазонка, пампасы... Дзікія папуасы-канібалы... (Глядзіць на Мужчыну.) Як лічыце, ёй там спадабаецца?
МУЖЧЫНА. Павінна спадабацца, але ж гэта будзе даволі жорстка ў адносінах да няшчасных канібалаў. Я б выбраў усё ж Гімалаі... хоць у адносінах да снежнага чалавека гэта таксама даволі бесчалавечна.
ЮНАК. Снежнага чалавека не існуе! Французкая акадэмія навук дастаткова ясна аб гэтым заявіла!
МУЖЧЫНА. А калі яна аб гэтым заявіла?
ЮНАК. Яшчэ ў ХІХ стагоддзі.
МУЖЧЫНА. А больш канкрэтна.
ЮНАК. Больш канкрэтна я не памятаю.
МУЖЧЫНА. Шкада! (Уздыхае.) Ну што ж, тады лепш выбраць Бразілію. Але вы дарэмна цешыце сябе ілюзіямі, малады чалавек. Яна ўсё роўна знойдзе дарогу дадому.
ЖАНЧЫНА. Ну ўсё, з гэтым разабраліся! Наступнай цягну я! (Выцягвае, чытае.) “Мерсэдэс”! Шэсцісоты! Я так даўно марыла аб такім!
ЮНАК. Вымушаны вас папярэдзіць, што ён, на жаль, з пяску.
ЖАНЧЫНА. Нічога, я яго пераафарбую. (Абводзіць усіх позіркам.) Ну што, хто яшчэ застаўся? Нікога?
ДЗЯЎЧЫНА. Засталася я, але гэта не мае ўжо значэння! Самыя лепшыя паперкі вы выцягнулі. Ды й дождж, здаецца, амаль скончыўся.
МУЖЧЫНА. Так. Здаецца, набегла някепская хмарка! Няўжо сапраўды пойдзе дождж? Ажно не верыцца!
ЖАНЧЫНА. Не цеш сябе ілюзіямі. Гэтая завіруха не скончыцца да ночы.
МУЖЧЫНА. Але ж мне трэба тэрмінова выгуляць Боба ў тэатр.
ЮНАК. А мне купіць два білеты да Бразіліі. Я думаю – лепш за ўсё ехаць туды цягніком. Гэта куды зручней, чым на веласіпедах.
ЖАНЧЫНА. На веласіпедах па такіх сумётах вы б усё роўна не праехалі. Можна, праўда, паспрабаваць на лыжах...
ДЗЯЎЧЫНА. На лыжах?! У такі дождж?!
МУЖЧЫНА. У такую спякоту на лыжах?!
ЖАНЧЫНА. Трэба ж неяк падтрымліваць належную форму перад спаборніцтвамі.
ДЗЯЎЧЫНА. Спаборніцтвамі па адшукванні парасонаў?
ЮНАК. Гонкі на “Мерсэдэсах” з пяску?
ЖАНЧЫНА. Заўтра пачынаюцца спаборніцтвы па лыжных гонках на самыя розныя дыстанцыі.
ДЗЯЎЧЫНА. А лыжы аднолькавыя?
ЖАНЧЫНА. І лыжы розныя. Адна правая, другая левая.
ЮНАК. А лыжы водныя?
МУЖЧЫНА. Хутчэй ролікавыя. У такую спякоту...
ЖАНЧЫНА. Лыжы самыя сапраўдныя! (Паказвае лыжы.) Вось гэтыя!
МУЖЧЫНА. І дзе яны будуць праводзіцца, гэтыя спаборніцтвы?
ЖАНЧЫНА. Вядома ж, у Бразіліі! Дзе яшчэ могуць праводзіцца спаборніцтвы па лыжных гонках!
ЮНАК (Жанчыне.) Пачакай, дык ты таксама едзеш у Бразілію? Тады я вазьму тры білеты на цягнік.
МУЖЧЫНА. Бяры чатыры! Я таксама паеду з вамі! Трэба ж недзе адпачыць ад гэтай анамальнай гарачыні!
ДЗЯЎЧЫНА. А як жа Боб? Хто будзе вадзіць яго ў тэатр?
МУЖЧЫНА. Я пакіну яму крыху грошай, і ён будзе хадзіць сам.
ДЗЯЎЧЫНА. Цудоўна! Тады і я паеду з вамі ў Бразілію! Бо вы, Аляксандр Пятровіч, як-ніяк, самае першае маё каханне за апошнія дзесяць хвілін! (Пазяхае.) Не, я перадумала. Пайду лепш шукаць свой парасон.
ЖАНЧЫНА. А я пайду пераафарбоўваць свой “Мерсэдэс”.
МУЖЧЫНА. А мне што загадаеце рабіць? (Ускрыквае.) Дождж! Сапраўдны дождж! Ён нарэшце пачаўся!
ДЗЯЎЧЫНА. Сапраўды, здаецца, скончыўся. Пабягу шукаць свой парасон. А потым папрашу Боба, каб ён узяў мяне ў тэатр... (Глядзіць на сваю левую руку.) Парасон я, здаецца, ужо знайшла! (Раскрывае парасон.) Шкада, што дождж скончыўся і я даромна буду ісці пад парасонам! (Выходзіць.)
МУЖЧЫНА. Пасля такой спякоты прайсціся пад цёплым летнім дожджыкам адна асалода!  (Таксама выходзіць.) ЖАНЧЫНА (уважліва глядзіць на Юнака.) Такі знаёмы твар! Скажыце, мы не сустракаліся з вамі раней?
ЮНАК. Мы вучыліся ў адным паралельным класе і нават сядзелі за адной партай, праўда, у розных радах. А цяпер ты ўпарта робіш выгляд, што не пазнаеш мяне!
ЖАНЧЫНА. Я нарэшце ўспомніла! Гэта табе я падклала аднойчы сорак чатыры кнопкі на ўроку фізікі ў сёмым класе?
ЮНАК. Не сорак чатыры, а сорак пяць. Я спецыяльна пералічыў іх перш чым падкласці табе на ўроку хіміі ў восьмым класе! Як зараз памятаю – мы пісалі тады сачыненне на тэму “Мой самы нелюбімы казачны персанаж”.
ЖАНЧЫНА. Я напісала тады пра цябе!
ЮНАК. А я пра цябе!
РАЗАМ. Як у нас шмат агульнага!
                            Юнак раскрывае абдымкі, жанчына ахвотна ў іх падае. У гэты час зноў з’яўляецца Мужчына. Над галавой ён                                                                                                    трымае парасон Дзяўчыны.
МУЖЧЫНА. Паслухай, дарагая... я не хачу табе перашкаджаць, але я зноў забыўся. Куды я павінен весці сёння тваю мамачку?
ЮНАК. Здаецца, у Гімалаі.
ЖАНЧЫНА. Па-мойму, у Бразілію.
                                                                     Зноў з’яўляецца Дзяўчына.
ДЗЯЎЧЫНА. Ну вось, я зноўку забылася дзесьці свой парасон і нават забылася тое, дзе я яго забылася! (Азіраецца.) Якія знаёмыя твары! Быццам бы я ўжо бачыла іх калісьці... дзесьці... Толькі вось дзе і калі? Не памятаю!
МУЖЧЫНА. Гэта ад спякоты.
ЖАНЧЫНА. У такі холад і сапраўды можна пра ўсё на свеце забыцца.
ЮНАК. А ў мяне ідэя!
МУЖЧЫНА. Фікс?
ЮНАК. Люкс! Давайце сустрэнемся зноў на гэтым жа месцы праз... праз...
МУЖЧЫНА. Прапаную сустрэцца праз сорак восем гадзін нуль-нуль хвілін.
ДЗЯЎЧЫНА. Лепш праз двое сутак! Я якраз паспею схадзіць з Бобам у тэатр.
ЖАНЧЫНА. А я – стаць чэмпіёнкай свету па лыжных гонках!
ЮНАК. А я – звазіць у Бразілію тваю маму.
МУЖЧЫНА. А ты не блытаеш? Ты ж збіраўся весці туды маю цешчу!
ЮНАК. Праўда? (Задумваецца.) Добра, я вазьму іх абедзьвюх. Я ўжо купіў чатыры білеты на цягнік.
ЖАНЧЫНА. Пяты білет ты купіў дарэмна! Я асабіста збіраюся ехаць у Бразілію на лыжах. Трэба ж мне крыху патрэніравацца перад адказнымі спаборніцтвамі!
МУЖЧЫНА. Значыцца, калі я вас правільна зразумеў, мы сустракаемся тут роўна праз год?
ЮНАК. Так, праз месяц і адзін дзень на гэтым жа месцы! Вось толькі як мы пазнаем адзін аднаго?
ДЗЯЎЧЫНА. Я буду трымаць у левай руцэ свой парасон. Зразумела, калі я паспею знайсці яго за гэтыя двое сутак!
ЖАНЧЫНА. А я буду з залатым алімпійскім медалём чэмпіёна свету! У крайнім выпадку – з сярэбраным, але тады вы мяне наўрад ці пазнаеце...
МУЖЧЫНА. Цябе я павінен пазнаць! Здаецца, я цябе дзесьці ўжо бачыў...
ЖАНЧЫНА. Можа мы вучыліся з табой у адным класе?
МУЖЧЫНА. Не выключаю такой верагоднасці.
ДЗЯЎЧЫНА (узрадавана). Бачу: мы ўсе – аднакласнікі!
ЮНАК. Гэта цікавая думка, але, на жаль, мне трэба спяшацца! Калі я спазнюся на гэты цягнік да Бразіліі, то наступны будзе толькі праз трыццаць тры гады, тры месяцы і трыццаць тры дні!
                                                                    Юнак бяжыць прэч, знікае.
ДЗЯЎЧЫНА. Гэта доўга! За гэты час і дождж можа скончыцца!
МУЖЧЫНА. Трыццаць тры гады спякоты я яшчэ змог бы вытрымаць! Тры месяцы таксама як-небудзь перажыў бы! А вось гэтыя трыццаць тры дні... Адкуль яны ўзяліся -- не разумею!
ДЗЯЎЧЫНА. І куды падзеліся гадзіны і хвіліны?
ЖАНЧЫНА. Усё гэта вельмі загадкава!
ДЗЯЎЧЫНА. Адно добра – за гэты час я паспею выгуляць Боба ў тэатр... а можа, нават знайсці свой парасон.
                                                      Дзяўчына таксама ідзе прэч. Застаюцца толькі Мужчына і Жанчына.
МУЖЧЫНА. І ўсё ж я дзесьці вас бачыў! Вось толькі ніяк не магу ўспомніць, дзе! (Задуменна глядзіць на Жанчыну.)
ЖАНЧЫНА. Скажыце, а гэта не вы атрымалі двойку па фізіцы ў сёмым класе?
МУЖЧЫНА (узрадавана). Ну так, так! У восьмым класе па хіміі ў мяне была сапраўды пяцёрка! (Глядзіць на Жанчыну больш уважліва.) А гэта не вы мне яе паставілі?
ЖАНЧЫНА. Бачу, што нарэшце вы мяне ўспомнілі!
МУЖЧЫНА. Аляксандра Пятроўна! Як я мог не пазнаць вас адразу! Я ж вам столькі крыві сапсаваў на ўроках у хіміі ў восьмым класе, адказваючы на вашы пытанні! І вы так стараліся знайсці пытанне, на якое б я не змог адказаць, але так і не знайшлі!
ЖАНЧЫНА. Дарэчы, пасля той двойкі па фізіцы ў сёмым класе я запрасіла ў школу тваіх бацькоў! Цікава, дзе яны?
МУЖЧЫНА. Гэта і мне цікава!
ЖАНЧЫНА. Каб заўтра абавязкова прыйшоў з бацькамі!
МУЖЧЫНА. А можна я прыйду з тваёй мамай?
ЖАНЧЫНА. Можна. Але спачатку звадзі яе ў тэатр.
МУЖЧЫНА. А што толку! Яна ж усё роўна знойдзе дарогу дадому!

                              Мужчына ідзе прэч, знікае. Жанчына нейкі час глядзіць яму ўслед, потым рашуча надзявае лыжы.

ЖАНЧЫНА. Наперад, за алімпійскім медалём чэмпіёна свету! (Ідзе на лыжах да выхаду.) Толькі б зноў не збіцца з дарогі і не патрапіць у Афрыку! Пяты раз ужо еду на чэмпіянат па горных лыжах у Бразілію... І ўвесь час трапляю чамусьці ў Афрыку! Няўжо і на гэты раз я туды заеду ... а значыць, не змагу трапіць своечасова ў Бразілію на лыжныя гонкі... і не змагу атрымаць свой залаты алімпійскі медаль!

                                                                        Жанчына выходзіць на лыжах з падваротні.  




                                                                                    ДЗЕЯ ІІ

Пакой аднапакаёвай кватэры. У ім стол, табурэт, на якім сядзіць Жанчына... і больш нічога няма. На стале непачатая бутэлька                                                                                                                шампанскага.

ЖАНЧЫНА. Як добра ўсе ж сядзець у сваёй уласнай кватэры за ўласным сталом і сустракаць уласным шампанскім свой уласны дзень нараджэння. Разам са сваімі ўласнымі сябрамі, якія , на жаль, так і не прыйшлі! (Уздыхае.) Ну што, скажыце, можа быць лепш за гэта?! (Задумваецца.) А я ведаю, што лепей за гэта! (Ускоквае.) Лепей за гэта – загараць на ўласным пляжы ля ўласнага катэджа ў маёй любімай Бразіліі, дзе, дарэчы, жыве мая ўласная мама. Зусім нядаўна яна даслала мне пісьмо, у якім, чамусьці, зусім забылася павіншаваць мяне з маім уласнам днём нараджэння. Але я на яе не крыўджуся! Сапраўды, адкуль маёй уласнай маме ведаць, у які дзень я нарадзілася! (Цяжка ўздыхае.) Адзінае, што мяне хвалюе зараз, -- гэта тое, як мае ўласныя сябры змогуць дабрацца да маёй любімай Бразіліі, каб там на маім уласным пляжы каля майго уласнага катэджа адзначыць з маім уласным шампанскім мой уласны дзень нараджэння! (Зноў задумваецца.) Прыдумала! Я закажу ім білеты на цягнік, бо лепш заўсё дабірацца да маёй любімай Бразіліі менавіта цягніком. Праўда, на веласіпедах гэта было б куды хутчэй і лепш, але ж на шляху да маёй любімай Бразіліі столькі гурбаў і сумётаў, што лепш ужо лыжы... тым больш, што яны ні кропелькі нават не лепш! Ужо колькі разоў я спрабавала дабрацца да Бразіліі на лыжах, і кожны раз чамусьці аказвалася замест Бразіліі ў Афрыцы! Напэўна гэта таму, што я ўвесь час непрыкметна збочвала ўлева з-за таго, што мая правая нага больш моцная і адукаваная, чым мая левая! (Паўза.) З-за гэтых недарэчных ног я так і не стала алімпійскай чэмпіёнкай па лыжах! Затое ў Афрыцы я стала чэмпіёнкай свету ў гонцы ад ільвоў... дарэчы, я адзіная дайшла да фінішу... (Званок у дзверы.) Гэта, напэўна, прынеслі білеты на цягнік да маёй любімай Бразілі. Уваходзьце, адчынена!

                                                       У пакой уваходзіць Дзяўчына з велічэзным чамаданам у руцэ.

ДЗЯЎЧЫНА(стаўляе чамадан). Скажыце, у гэтым кінатэатры я змагу купіць для свайго любімага Боба шматразовыя памперсы з адстойнікам, электраабагравальнікам, аўтаномнай халадзільнай устаноўкай і абавязковай стэрэавідэаапаратурай?
ЖАНЧЫНА. На вялікі жаль, у нашым дзесяціпавярховым пяцізорачным гатэлі свабодных нумароў на сёння ўжо не засталося. Справа ў тым, што якраз сёння раніцай усе жыльцы нашага гатэля раптам і адначасова з’ехалі ад нас у невядомым кірунку.
ДЗЯЎЧЫНА. Як шкада! (Уздыхае.) Скажыце, а заўтра ў вашым кінатэатры будзе ісці гэты ж самы фільм?
ЖАНЧЫНА. Заўтра, дарагуша, нас тут, наогул, не будзе. Ужо сёння вечарам наш цягнік адправіцца ў Бразілію.
ДЗЯЎЧЫНА. Калі ён адправіцца?
ЖАНЧЫНА. Я ж ужо сказала: вечарам пад самую раніцу, якраз праз хвіліну пасля таго, як вы, дарагуша, зачыніце за сабой дзверы з таго боку!
ДЗЯЎЧЫНА (з палёгкай). Ну, значыцца, я не памылілася! Вось мой білет на цягнік, якраз да Бразіліі. (Працягвае Жанчыне білет.)
ЖАНЧЫНА (уважліва разглядае білет.) Прабачце, але ж ваш білет разлічаны на дзве персоны, а вы тут стаіце перада мной толькі ў якасці адной сваёй персоны! Скажыце шчыра, куды вы падзелі другую персону?
ДЗЯЎЧЫНА. Другая мая персона – гэта мой персанальны Боб. Я якраз выгульвала яго каля вашага дома, бо заўсёды павінна выгульваць яго вечарам аж два разы, а адзін раз я яго ўжо выгульвала.
ЖАНЧЫНА. Вось як! І дзе ж зараз знаходзіцца ваш персанальны Боб?
ДЗЯЎЧЫНА. Я прывязала свайго персанальнага Боба каля вашага пад’езда.
ЖАНЧЫНА. Спадзяюся, вы не дадумаліся прывязваць вашага персанальнага Боба да якога-небудзь ненадзейнага слупа або дрэва?
ДЗЯЎЧЫНА (пакрыўджана). Я яшчэ не настолькі з’ехала з глузду! Дакладней, я яшчэ зусім не з’ехала з глузду, а толькі збіраюся з яго з’ехаць!
ЖАНЧЫНА. А мне падалося, што вы збіраецеся ехаць у Бразілію.
ДЗЯЎЧЫНА. А хіба гэта не адно і тое ж?
ЖАНЧЫНА. Не ведаю, магчыма... але мы адхіліліся ад тэмы! Дык куды, вы кажаце, прывязалі свайго персанальнага Боба?
ДЗЯЎЧЫНА (з гонарам). Ну вядома ж, я не стала прывязваць свайго персанальнага Боба да нейкага там ненадзейнага дрэва ці слупа! Я прывязала яго да надзейнага задняга кола нейкага аўтамабіля, які якраз у гэты момант спыніўся на процілеглым баку вуліцы, побач з новай ювелірнай крамай, якая толькі што адчынілася на месцы былой харчовай крамы, якая пяць гадоў як зачынілася.
ЖАНЧЫНА. І што, люді, якія сядзелі ў гэтым аўтамабілі, не зрабілі вам ніякай заўвагі за тое, што вы выкарысталі задняе кола іхняга аўтамабіля ў сваіх уласных мэтах?
ДЗЯЎЧЫНА. Не ведаю, здаецца, яны мяне нават не заўважылі. І наогул, яны падаліся мне нейкімі занадта ўжо ўсхваляванымі і вельмі сціплымі да таго ж.
ЖАНЧЫНА. Сціплымі?
ДЗЯЎЧЫНА. Ну так. А інакш навошта б ім было нацягваць на твары нейкія чорныя панчохі. Я, асабіста, не бачу ў гэтым аніякага сэнсу! А вы?
ЖАНЧЫНА. Мне таксама больш па густу чорныя калготы. (Задумваецца.) Дык ты кажаш...
ДЗЯЎЧЫНА (пакрыўджана). Не “ты”, а “вы”!
ЖАНЧЫНА (здзіўлена). Я?
ДЗЯЎЧЫНА. Я!
ЖАНЧЫНА. Вось я і кажу, што ты кажаш, быццам прывязала свайго персанальнага Боба да задняга кола аўтамабіля гэтых сціплых маладых людзей.
ДЗЯЎЧЫНА. Яны былі маладымі?
ЖАНЧЫНА. А кола было заднім?
ДЗЯЎЧЫНА. Можа і пярэднім... не памятаю...
ЖАНЧЫНА. Успомні! Гэта вельмі важна!

                                                 Дзяўчына пачынае ўспамінаць. Жанчына цярпліва чакае.

ДЗЯЎЧЫНА. Успомніла! Я прывязала яго да выхлапной трубы гэтага аўтамабіля.

                                       Дзесьці знадворку чуваць выбух, некалькі стрэлаў... яшчэ адзін выбух.

ЖАНЧЫНА. На гэтай вуліцы заўсёды так шумна!
ДЗЯЎЧЫНА (устрывожана). Спадзяюся, там, на вуліцы, не прабегла зараз белая кошка!
ЖАНЧЫНА. А пры чым тут белая кошка?
ДЗЯЎЧЫНА. Справа ў тым, што мой Боб вельмі не любіць белых кошак.
ЖАНЧЫНА. Разумею! Ён адразу ж пачынае за імі ганяцца?
ДЗЯЎЧЫНА. Так, так! Ён адразу ж пачынае шукаць, дзе б ад іх схавацца!
ЖАНЧЫНА. А ад чорных кошак ён не хаваецца?
ДЗЯЎЧЫНА. Чорных кошак, наогул, не існуе ў прыродзе! Як вам не сорамна верыць у гэтыя бабуліны забабоны!
ЖАНЧЫНА. У такім разе табе трэба выйсці і паглядзець, што там нарабіла твая белая кошка.
ДЗЯЎЧЫНА. А хіба ў мяне ёсць белая кошка? Я і не ведала!
ЖАНЧЫНА. Ва ўсялякім разе, цяпер ты гэта ведаеш. Тым больш табе неабходна выйсці і паглядзець!

                      Дзяўчына выходзіць. Жанчына падыходзіць да чамадана, уважліва на яго глядзіць. Вяртаецца Дзяўчына.

ДЗЯЎЧЫНА. Скажыце, у гэтым кінатэатры я змагу...
ЖАНЧЫНА (узнімае руку). Хопіць, больш не трэба! Ты ўжо казала гэта.
ДЗЯЎЧЫНА. Калі?
ЖАНЧЫНА. Дакладна не памятаю, але памятаю, што казала. Не люблю паўтарэння.
ДЗЯЎЧЫНА (вінавата). Прашу прабачэння!
ЖАНЧЫНА. Калі ты вельмі просіш яго, я табе, так і быць, дам. Толькі вось не памятаю, куды б я яго магла пакласці... (Задумваецца.) А табе яно патрэбна менавіта зараз?
ДЗЯЎЧЫНА. Я магу пачакаць.
ЖАНЧЫНА. Тады лепш пачакай, я, можа, і ўспомню, куды б я магла яго пакласці. А як там, на вуліцы? Усё ў парадку?
ДЗЯЎЧЫНА. У поўным! Толькі вось мой Боб зноў некуды збег. Напэўна, справа не абышлася без белай кошкі!
ЖАНЧЫНА. А аўтамабіль, да якога ён быў прывязаны, на месцы?
ДЗЯЎЧЫНА. Аўтамабіль таксама знік, але гэта і не дзіўна. Напэўна, мой Боб пацягнуў яго за сабой, калі кінуўся ўцякаць ад гэтай белай кошкі.
ЖАНЧЫНА. Напэўна. А скажы, сціплыя маладыя людзі з панчохамі на тварах... яны засталіся?
ДЗЯЎЧЫНА. Яны таксама зніклі.
ЖАНЧЫНА. Які жах! Бедныя маладыя людзі!
ДЗЯЎЧЫНА. Мне іх таксама шкада! Такія сціплыя...
ЖАНЧЫНА. А ювелірная крама?
ДЗЯЎЧЫНА. Самае дзіўнае, што яна нікуды не знікла! Праўда, у ёй чамусьці разламаліся дзверы і вылецелі ўсе шыбы.
ЖАНЧЫНА. Гэта, напэўна, нарабіў твой Боб, калі паспрабаваў схавацца ў гэтай краме ад тваёй белай кошкі!
ДЗЯЎЧЫНА. Бедны Боб! (Усхліпвае.) Мне так шкада, так шкада, што заўтра ў вашым кінатэатры будзе ісці ўжо зусім іншы фільм!
ЖАНЧЫНА. Супакойся, дарагуша! Наш цягнік будзе рухацца даволі павольна і на першым жа прыпынку ты можаш выйсці і забегчы на хвілінку ў гэтую ювелірную краму, каб забраць адтуль свайго персанальнага Боба.
ДЗЯЎЧЫНА. А маю белую кошку я там знайду?
ЖАНЧЫНА. Без усялякага сумнення.
ДЗЯЎЧЫНА. Цудоўна! Адначасова я папрашу прабачэння ў гэтых сціплых маладых людзей, за тое, што іх так напалохаў мой персанальны Боб.
ЖАНЧЫНА. Ён не вінаваты. Яго самога напалохала белая кошка.
ДЗЯЎЧЫНА. У такім разе я папрашу прабачэння ў гэтай белай кошкі.
ЖАНЧЫНА. Навошта табе столькі прабачэнняў?
ДЗЯЎЧЫНА. Не “табе”, а “вам”!
ЖАНЧЫНА. Мне?
ДЗЯЎЧЫНА. Мне!
ЖАНЧЫНА. Вось я і кажу: навошта табе столькі? Дарэчы, у тваім чамадане штосьці ўвесь час гучна цікае.
ДЗЯЎЧЫНА. Праўда? (Прыслухоўваецца.) Сапраўды! А што там можа цікаць?
ЖАНЧЫНА. Ты ў мяне пытаешся?
ДЗЯЎЧЫНА. Ну так. Я такая цікавая... дакладней, такая цікаўная... я хацела сказаць, што з самага ранняга дзяцінства я такая зацікаўленая!
ЖАНЧЫНА. Я табе зайздрошчу! Паколькі я з самага дзяцінства і не цікавая, і не цікаўная... і нават не зацікаўленая!
ДЗЯЎЧЫНА. Я вам так зайздрошчу! Бо мне мая цікаўнасць заўсёды выходзіла бокам.
ЖАНЧЫНА. Правым альбо левым?
ДЗЯЎЧЫНА. Я не памятаю.
ЖАНЧЫНА. Успомні! Гэта вельмі важна!

                                                                                      Нейкі час Дзяўчына ўспамінае.

ДЗЯЎЧЫНА. Успомніла! Гэта ж зусім не мой чамадан.
ЖАНЧЫНА. Не твой? А дзе ты яго ўзяла?
ДЗЯЎЧЫНА. Ён стаяў каля машыны, у якой сядзелі тыя сціплыя маладыя людзі з чорнымі панчохамі на тварах. Калі я прывязала свайго персанальнага Боба да выхлапной трубы іх аўтамабіля, я заўважыла гэты чамадан і чамусьці вырашыла ўзяць яго з сабой. Толькі вось забылася, чаму я так вырашыла.
ЖАНЧЫНА. Успомні! Гэта вельмі важна!
ДЗЯЎЧЫНА. Успомніла! Гэты чамадан, напэўна, і належыць тым сціплым маладым людзям з чорнымі панчохамі на тварах. Інакш чаму б ён стаяў якраз каля іх аўтамабілі ў той час, як я прывязвала свайго персанальнага...
ЖАНЧЫНА. Хопіць, хопіць! Ты так добра мне ўсё растлумачыла, што я так і не зразумела, што ж там увесь час у ім цікае!

                                                                                  У пакой уваходзіць Мужчына.

МУЖЧЫНА (Жанчыне). Прывітанне, дарагая! (Цмокае яе ў шчаку.) Я сёння прыйшоў крыху раней, бо затрымаўся на рабоце па абставінах, якія мяне не датычацца. Хацеў табе патэлефанаваць, але своечасова ўспомніў, што ў нас дома ёсць тэлефон. (Змаўкае, глядзіць на Дзяўчыну.) А гэта хто?
ДЗЯЎЧЫНА. Ну вось, вы зноў не пазналі мяне, Аляксандр Пятровіч!
МУЖЧЫНА. Калі вы прыйшлі з мэтай выправіць сваю чарговую двойку па фізіцы, то вы прыйшлі дарэмна! Тройкі я вам ўсё роўна не пастаўлю!
ДЗЯЎЧЫНА. А чацвёрку?
МУЖЧЫНА. Пра чацвёрку і размовы быць не можа! Пяцёрка яшчэ куды ні йшло...
ДЗЯЎЧЫНА. Справа ў тым, што я прыйшла ў гэты кінатэатр, каб купіць для свайго персанальнага Боба шматразовыя памперсы з адстойнікам, электраабагравальнікам і яшчэ чымсьці... забылася, з чым яшчэ...
ЖАНЧЫНА. Яшчэ з аўтаномнай халадзільнай устаноўкай і абавязковай стэрэавідэаапаратурай. Правільна?
ДЗЯЎЧЫНА (узрадавана). Дык яны ў вас усё ж ёсць?
ЖАНЧЫНА. Я ж сказала, што ў нашым дзесяціпавярховым пяцізорачным гатэлі свабодных нумароў на сёння ўжо не засталося! Не памятаю, чаму.
ДЗЯЎЧЫНА. Таму, што ўсе вашы жыльцы сёння раніцай з’ехалі ад вас у невядомым кірунку.
ЖАНЧЫНА. Правільна! Так што ты, дарагуша, прыйшла дарэмна. Кінафільма сёння ўжо не будзе.
ДЗЯЎЧЫНА. Шкада!
МУЖЧЫНА. Ды хто яна такая, ты можаш мне растлумачыць?!
ЖАНЧЫНА. Магу. Яна – пасажырка нашага цягніка да Бразіліі. Вось яе білет.
МУЖЧЫНА. Тады іншая справа. (Глядзіць на чамадан.) А багаж? За багаж хто будзе плаціць?
ЖАНЧЫНА. Я, вядома.
МУЖЧЫНА. Ну дык заплаці ёй за багаж, чаго марудзіш!
ЖАНЧЫНА (выцягвае з сумачкі грошы, працягвае іх Дзяўчыне.) Вось грошы за твой багаж.
ДЗЯЎЧЫНА (бярэ, пералічвае.) Так шмат!
ЖАНЧЫНА. Бяры, колькі ёсць. Астатнія я аддам пазней.
МУЖЧЫНА. А чаму на стале стаіць шампанскае? Сёння што, свята?
ЖАНЧЫНА. Так, дарагі! І вялікае.
МУЖЧЫНА. Не гавары! Я паспрабую сам угадаць. (Думае.) Новы год?
ЖАНЧЫНА. Холадна.
МУЖЧЫНА. Вядома ж, холадна. Гэта ж зімой.
ЖАНЧЫНА. А зараз лета.
МУЖЧЫНА. Тады... тады... дзень незалежнасці Папуа-Новая Гвінея! Угадаў?
ЖАНЧЫНА. Крыху цяплей.
МУЖЧЫНА. Нічога сабе, крыху! Ды там сапраўднае пекла!
ЖАНЧЫНА. Ты здаешся?
МУЖЧЫНА. Ні ў якім разе! (Думае.) Апошняя пятніца на гэтым тыдні?
ЖАНЧЫНА. Амаль угадаў, але сёння субота.
МУЖЧЫНА. Тады я здаюся!
ДЗЯЎЧЫНА (з павагай). Які вы разумны, Аляксандр Пятровіч! Я б не змагла вось так, адразу...
ЖАНЧЫНА. Сёння мой дзень нараджэння, любы!
МУЖЧЫНА. Твой дзень нараджэння? (Недаўменна глядзіць на Жанчыну.) Ты хочаш сказаць, што сёння ты нарадзілася?
ЖАНЧЫНА. Ну так! Як зараз памятаю: гэта адбылося на досвітку...
МУЖЧЫНА. Пачакай! Як ты магла нарадзіцца на досвітку, калі ўчора вечарам я цябе ўжо бачыў? Калі я не памыляюся, вядома...
ЖАНЧЫНА. Калі я не памыляюся – ты заўсёды памыляешся!
МУЖЧЫНА. Каго ж я тады бачыў тут учора вечарам? (Глядзіць на Дзяўчыну.) Можа цябе?
ЖАНЧЫНА (Дзяўчыне.) Ты была тут учора?
ДЗЯЎЧЫНА. Цікава, як я магла быць тут учора, калі мой дзень нараджэння толькі праз два тыдні!
МУЖЧЫНА. Праз два тыдні? Дык ты яшчэ не нарадзілася?
ДЗЯЎЧЫНА. Ну так! Што тут дзіўнага?
МУЖЧЫНА. Містыка нейкая! (Глядзіць на Дзяўчыну, на Жанчыну, зноў на Дзяўчыну.) Каго ж я тады бачыў учора вечарам у гэтым пакоі?!
ЖАНЧЫНА. Можа, ты бачыў гэты чамадан?
МУЖЧЫНА. Можа быць! (Падыходзіць да чамадана.) А што там так гучна цікае?
ЖАНЧЫНА. Дарэчы, любы, чаму ты не прынёс мне кветкі з прычыны майго дня нараджэння?
МУЖЧЫНА. Кветкі – гэта так банальна! Іх зараз прыносяць толькі... ведаеш, хто зараз прыносіць кветкі?
ЖАНЧЫНА. Ведаю. Хто?
МУЖЧЫНА. Толькі самыя скнарыстыя скнары, вось хто!
ЖАНЧЫНА. Ты ж не такі, праўда?
МУЖЧЫНА. Вядома ж, я не такі! Памятаеш, пяць гадоў таму я нават купіў табе порцыю марожанага?
ЖАНЧЫНА. Памятаю, любы! Гэта самы яскравы мой успамін аб тваёй шчодрасці! Ты тады быў настолькі шчодрым, што згадзіўся нават, каб грошы за марожанае я вярнула табе толькі праз тыдзень...
МУЖЧЫНА. Ды я, наогул, шырокая натура! Такая шырокая, што сёння раніцай з цяжкасцю змог зашпіліць гузікі на кашулі, якую ты купіла мне ўсяго тры месяцы назад.
ДЗЯЎЧЫНА. Са старым адзеннем такое бывае, па сабе ведаю. Нядаўна я хацела прымерыць сваю ясельную распашонку... ды так чамусьці і не змагла ў яе ўлезці.
МУЖЧЫНА (Жанчыне.) Вось бачыш!
ЖАНЧЫНА. Бачу.
МУЖЧЫНА (Дзяўчыне.) А ты бачыш?
ДЗЯЎЧЫНА. І я бачу.
МУЖЧЫНА. А я нічога не бачу! І што я гэтым хацеў сказаць? Дальбог, не памятаю!
ЖАНЧЫНА. Ты хацеў сказаць, што твой сённяшні падарунак куды даражэйшы за кветкі. Гэта... гэта брыльянтавае калье?
МУЖЧЫНА. Бяры вышэй! Дарэчы, наконт брыльянтаў... там, на вуліцы, каля ювелірнай крамы, так шмат міліцыі... Што там магло здарыцца?
ДЗЯЎЧЫНА. Гэта ўсё Боб! Ён так баіцца белых кошак!
МУЖЧЫНА. А чорных?
ДЗЯЎЧЫНА. А чорных кошак у прыродзе не існуе! Як вам не сорамна верыць ва ўсе гэтыя забабоны!
ЖАНЧЫНА. Ты сказаў: бяры вышэй? Не разумею, што можа быць вышэй за брыльянтавае калье? Хіба што... брыльянтавая дыядэма?
МУЖЧЫНА. Бяры яшчэ вышэй!
ЖАНЧЫНА. Яшчэ вышэй? Што можа быць вышэй за брыльянтавую дыядэму?
МУЖЧЫНА (з пафасам). Зоркі!
ЖАНЧЫНА. Зоркі? Ты хочаш падарыць мне зорку?
МУЖЧЫНА. Бачыш, які я шчодры!
ЖАНЧЫНА (падбягае да акна.) Іх так шмат... ажно вочы разбягаюцца...
МУЖЧЫНА. Бяры любую!
ЖАНЧЫНА. Любую? Ты сказаў: любую?
МУЖЧЫНА. Якая больш падабаецца – тую і бяры!
ЖАНЧЫНА. Тады я вазьму... я вазьму... Я вазьму вунь тую, блакітненькую! Яна так падыходзіць да маіх карых вачэй!
МУЖЧЫНА. Бяры!
ЖАНЧЫНА. І я б хацела яшчэ адну, жоўценькую... Любы, можна мне ўзяць яшчэ і жоўценькую?
МУЖЧЫНА. Бяры! Бачыш, які я шчодры!
ЖАНЧЫНА. Яна так падыходзіць да майго бразільскага пляжу!
МУЖЧЫНА. Між іншым... у гэтым чамадане ўсё яшчэ нешта цікае.
ЖАНЧЫНА. Напэўна, там гадзіннік.
МУЖЧЫНА. Гадзіннік не можа так гучна цікаць.
ЖАНЧЫНА. Значыць, там... шмат гадзіннікаў.
ДЗЯЎЧЫНА. Я зразумела! Гэта стукаюць колы нашага цягніка!
МУЖЧЫНА. Якога цягніка?
ДЗЯЎЧЫНА. Таго, на якім мы едзем у Бразілію!
МУЖЧЫНА. Мы едзем у Бразілію?
ДЗЯЎЧЫНА. Ну так! У мяне і білет ёсць! (Працягвае Мужчыне білет,)
МУЖЧЫНА (уважліва разглядае білет, вяртае яго Дзяўчыне.) А за багаж хто будзе плаціць?
ЖАНЧЫНА. Ну я, вядома!
                                         Жанчына выцягвае з сумачкі грошы, дае іх Дзяўчыне. У пакой уваходзіць Юнак.
ЮНАК. Я не спазніўся?
ДЗЯЎЧЫНА. Спазніўся! У першай дзеі ты прыйшоў першым, адразу ж пасля мяне!
ЮНАК. Калі пасля цябе – значыцца я прыйшоў другім.
ДЗЯЎЧЫНА. Ты прыйшоў першым, бо, калі пачалася першая дзея, я ўжо стаяла ў той падваротні. А ты прыйшоў першым.
ЮНАК. Да фінішу?
ДЗЯЎЧЫНА. Да мяне!
ЮНАК. Я прыйшоў да цябе?
ДЗЯЎЧЫНА. А я да цябе!
ЮНАК. Ты так кахаеш мяне?
ДЗЯЎЧЫНА. А ты мяне!
ЮНАК. Любая!
ДЗЯЎЧЫНА. Каханы!

                                                                       Юнак раскрывае абдымкі, дзяўчына ахвотна ў іх падае.МУЖЧЫНА. А вось гэтага не трэба!ЮНАК (здзіўлена). Чаму?
МУЖЧЫНА. Гэта ўжо было ў дзеі першай!

Юнак зноў раскрывае абдымкі, Дзяўчына з неахвотай іх пакідае.

ЮНАК. Дарэчы, там, унізе, якраз каля ювелірнай крамы, так шмат міліцыі... Што там магло здарыцца?
ДЗЯЎЧЫНА. Гэта Боб! Ён так баіцца белых кошак!
ЮНАК. Ты чакаеш, што я спытаю зараз, ці баіцца ён чорных кошак?
ДЗЯЎЧЫНА. А ты не спытаеш?
ЮНАК. Не! Я ж ведаю, што чорных кошак, наогул, не існуе ў прыродзе. Усё гэта – бабуліны забабоны і нічога больш!
ДЗЯЎЧЫНА. Які ты разумны!
ЮНАК. Дарэчы, у гэтым чамадане штосьці ўвесь час гучна цікае! Не разумею, што там можа цікаць?
ДЗЯЎЧЫНА. Ты і гэта ведаеш? Які ты адукаваны!
ЮНАК. Я б, можа, і ведаў, калі б хто-небудзь з вас растлумачыў мне, што гэта за чамадан, адкуль ён тут узяўся і што ў ім так гучна цікае?
ДЗЯЎЧЫНА. Я ўзяла гэты чамадан каля аўтамабіля двух сціплых маладых людзей, якія сядзелі ў гэтым аўтамабілі з чорнымі панчохамі на тварах і чамусьці вельмі хваляваліся, пакуль я прывязвала сваёго персанальнага Боба да выхлапной трубы іх аўтамабіля...
МУЖЧЫНА. Не дзіўна, што яны так хваляваліся! Я б, да прыкладу, таксама хваляваўся, калі б хто-небудзь пачаў прывязваць Боба да маёй выхлапной трубы. (Юнаку.) А вы, малады чалавек?
ЮНАК. Не ведаю. Ніхто яшчэ не прывязваў Боба да маёй выхлапной трубы.
ДЗЯЎЧЫНА (Юнаку). А што гэта вытыркваецца з тваёй кішэні?
ЮНАК (выцягваючы з кішэні чорную панчоху.) Гэта чорная панчоха для нацягвання на твар.
ЖАНЧЫНА (заклапочана). А дзе ж другая панчоха? (Мужчыне.) Ты часам не згубіў яе, любы?
МУЖЧЫНА. Вось яна! (Выцягвае з кішэні панчоху.) Я ж памятаю, што ты дала нам іх з умовай вярнуць.

                                                       Мужчына і Юнак аддаюць панчохі Жанчыне, тая хавае іх у сумачку.

ЖАНЧЫНА. А вы іх, часам, не папсавалі?
МУЖЧЫНА. Ну што ты!
ЮНАК. Мы нацягнулі іх на твары ўсяго за хвіліну да таго, як увайшлі ў тую ювелірную краму, і знялі адразу ж, як толькі ад’ехалі ад месца здарэння на два з паловай кварталы і тры з паловай паверхі...
МУЖЧЫНА. Там мы пераселі ў ліфт...
ЖАНЧЫНА. А машына? Куды вы падзелі машыну?
МУЖЧЫНА. Не хвалюйся, з машынай усё ў парадку!
ЮНАК. Я замаскіраваў машыну пад чорную кошку і адпусціў гуляць на суседні дах.
ЖАНЧЫНА. Але ж чорных кошак не існуе ў прыродзе!
ЮНАК. Таму я і замаскіраваў нашу машыну менавіта пад чорную кошку. Калі хто-небудзь і заўважыць яе – ён усё роўна не паверыць сваім вачам.
ДЗЯЎЧЫНА. Які ты разумны!
ЖАНЧЫНА. Які ты адукаваны!
ДЗЯЎЧЫНА. Толькі вось я не ведаю, ці баіцца мой персанальны Боб гэтых чорных кошак, якіх, праўда, не існуе ў прыродзе... А што, калі ён іх усё ж баіцца?
ЮНАК. За Боба можаш не хвалявацца! Я адаслаў яго заказной тэлеграмай у Бразілію з паведамленнем аб уручэнні адрасату ва ўласныя рукі.
ЖАНЧЫНА. Няўжо маёй маме?
МУЖЧЫНА. Няўжо маёй цешчы?
ЮНАК. Ім абедзвюм.
ШТО? Ты адаслаў майго персанальнага Боба гэтым канібалам-папуасам? Які жах! Яны ж з’ядуць майго беднага Боба!
ЮНАК. За гэта можаш не хвалявацца! Звычайна яны ядуць толькі самі сябе.
ЖАНЧЫНА. Якое супадзенне! Мая мама таксама!
МУЖЧЫНА. Вось за маю цешчу я не магу быць упэўненым на ўсе сто .
ЖАНЧЫНА. І наогул, пра гэтых папуасаў усё перабольшваюць. Мая мама напісала, што яны вельмі добра яе прынялі.
ДЗЯЎЧЫНА. Праўда?
ЖАНЧЫНА. Ну так. Яны адвялі ёй асобнае памяшканне і кормяць ажно пяць разоў на дзень.
ДЗЯЎЧЫНА. Тады я спакойная за свайго персанальнага Боба. Тым больш, што мы хутка з ім зноў сустрэнемся.
ЮНАК. Якім чынам?
ЖАНЧЫНА. Мы едзем у Бразілію! Цягніком.
МУЖЧЫНА. Дарэчы, ваш білецік, грамадзянін! (Чакае, Юнак вінавата апускае галаву.) Усё ясна! Ён – заяц!
ЮНАК. Я не магу быць зайцам! Я – вегетарыянец!
ЖАНЧЫНА. Цікава, а канібалы... яны таксама вегетарыянцы?
МУЖЧЫНА. Без усялякага сумнення.
ДЗЯЎЧЫНА. На ўсялякі выпадак мы спытаем у іх пра гэта, калі прыедзем у Бразілію. Магчыма, яны і нас будуць карміць пяць разоў на дзень.
ЮНАК. Што да мяне... дык мне гэтага мала! Я прызвычаіўся есці аж тры разы на дзень.
МУЖЧЫНА. А мне і гэтага недастаткова. Я ем, страшна сказаць, ажно два разы на дзень!
ЖАНЧЫНА. Тады выходзіць, што я ему больш за вас усіх!
ЮНАК. Ты ясі адзін раз на дзень?!
ЖАНЧЫНА. Не. Я ему адзін раз на тыдзень!
МУЖЧЫНА. Нельга ж так шмат есці, дарагая! Ты станеш тоўстай і непрыгожай... і я не змагу больш цябе кахаць!
ЖАНЧЫНА. А менш зможаш?
МУЖЧЫНА. Менш змагу.
ЮНАК. Дарэчы, там, у чамадане, чамусьці перастала цікаць!
( Усе прыслухоўваюцца.)
ДЗЯЎЧЫНА. Сапраўды, перастала. А чаму?
ЖАНЧЫНА. Ну... магчыма, наш цягнік спыніўся на якімсьці нечарговым прыпынку...
МУЖЧЫНА. А можа, гэта чарговы прыпынак?
ДЗЯЎЧЫНА. Трэба схадзіць, высветліць. Хто пойдзе? (Усе маўчаць.)
ЮНАК. Прыйдзецца мне! (Рашуча расчыняе чамадан.) Колькі ж тут дроту... і ўвесь рознага колеру! І нейкія пачкі з надпісамі... (Чытае.) Тратыл. Знаёмая нейкая назва... Дзесьці я яе ўжо чуў!
МУЖЧЫНА. Я таксама.
ЖАНЧЫНА Гэта, напэўна, назва станцыі, на якой мы спыніліся?
МУЖЧЫНА. Але ж у нашай краіне няма станцыі з такой назвай!
ЖАНЧЫНА. Ну... значыцца, мы едзем ужо па тэрыторыі нейкай суседняй краіны.
ДЗЯЎЧЫНА. Як хутка мы імчымся!
МУЖЧЫНА. А на некаторых пачках чамусьці напісана “піраксілін”.
ЖАНЧЫНА. Яшчэ адна замежная станцыя!
ДЗЯЎЧЫНА. Мы едзем нават хутчэй, чым я сабе ўяўляла!
ЮНАК. А што гэта за лічбачкі свецяцца чырвоным, там?.. У самым кутку чамадана? Вось толькі што была лічба 78, а зараз ужо 77. Не, ужо 76... 75...
МУЖЧЫНА. Гэта, пэўна, прыбор, які адлічвае, колькі кіламетраў засталося да Бразіліі...
ЖАНЧЫНА. І колькі ж там засталося?
ЮНАК. Усяго 59... не, ужо 58... 57... 56...
ЖАНЧЫНА. Як хутка мы едзем!
ДЗЯЎЧЫНА. Яшчэ крыху... і я зноў убачу свайго персанальнага Боба!
ЖАНЧЫНА. А я – сваю персанальную маму!
МУЖЧЫНА. А я – сваю персанальную цешчу... ( Уздыхае.)
ЮНАК (з крыўдай). Вы лічыце, што мне там няма каго ўбачыць?! Я ўбачу там... убачу там сваіх дарагіх і любімых папуасаў!
ДЗЯЎЧЫНА. Ну колькі ж... колькі там яшчэ засталося?
ЮНАК. Усяго трыццаць кіламетраў! Не, ужо дваццаць дзевяць! 28... 27...
ЖАНЧЫНА. Якая хуткасць!
МУЖЧЫНА. Цягнік – самы хуткі від транспарта да Бразіліі, калі не лічыць веласіпедаў. Заяўляю гэта афіцыйна, як буйны спецыяліст па дробных каналізацыйных сістэмах!
ЖАНЧЫНА. А як жа лыжы, дарагі?
ДЗЯЎЧЫНА. Бразілія! Краіна маёй мары!
ЖАНЧЫНА. Мне так не церпіцца ўбачыць нарэшце свой асабісты пляж!
МУЖЧЫНА. Спадзяюся, ты ўзяла з сабой зоркі, якія я так шчодра падараваў табе нядаўна?
ЖАНЧЫНА. Напэўна, я пакінула іх на стале, у кватэры...
МУЖЧЫНА. Ты пакінула там мой падарунак! Як магла ты так абразіць мяне!
ЮНАК. Сябры, не трэба сварыцца! Нам засталося ўсяго толькі 10 кіламетраў! 9 кіламетраў! 8... 7... 6...
МУЖЧЫНА. Шампанскага! Трэба шампанскага!

                                      Мужчына адкаркоўвае шампанскае, разлівае яго па фужэрах. Усе ўздымаюць фужэры.

УСЕ РАЗАМ. Віват, Бразілія! Віват, Бразілія! Віват, Бразілія!

З кожным разам іх галасы гучаць усё цішэй і цішэй. Адначасова вакол паступова цямнее. І вось, калі галасы амаль што сціхлі і стала зусім цёмна – асляпляльнай ўспышка высвечвае на імгненне цемру, і чатыры фігуры вакол стала ў нейкіх вычварных позах. Яшчэ імгненне –і ўсё ахутвае поўная безнадзейная цемра.