Генадзь Аўласенка з тых пісьменнікаў, якіх не палохаюць ніякія крызісы — ні эканамічныя, ні духоўныя. Сельскі настаўнік, які многія гады выкладае біялогію ў розных школах Чэрвеньшчыны, ён яшчэ піша вершы, п’есы, апавяданні... І галоўнае — вельмі шмат піша для дзяцей. Творы Генадзя Аўласенкі часта друкуюцца — літаральна ва ўсіх дзіцячых газетах і часопісах краіны, ды і ў часопісах “Маладосць”, “Полымя”, у газеце “Літаратура і мастацтва”... (Кастусь Ладуцька "Адкуль прыходзяць казкі?")

...Мужчына, усё гэтак жа нетаропка рушыў у глыб кватэры, па ўсяму бачна, добра яму знаёмай. Жанчына ішла следам і, здавалася, не зводзіла з яго свайго пяшчотна—ўсхваляванага позірку. Гэта было тым больш дзіўна і незразумела, што ніякай асаблівай прывабнасцю мужчына не вылучаўся. Больш таго, быў ён нейкім вельмі ўжо непрыгожым, з шырокім плоскім тварам, з рэдкімі цьмянымі валасамі, праз якія яскрава прасвечвалася ранняя лысіна... ("Закаханая")
hline

Яму лёгка казаць


Парк быў вялікі і даволі запушчаны, таму мужчына не адразу заўважыў хлопчыка, а, заўважыўшы, не адразу змог прымусіць сябе падыйсці да яго. Хлопчык сядзеў на адной з вузкіх драўляных лавак і, здаецца, плакаў. Пачуўшы крокі, ён прыўзняў галаву, і мужчына з палёгкай адзначыў, што твар у хлопчыка сухі, а значыцца ён памыліўся. І не дзіўна — столькі гадоў прайшло.
— Прывітанне! — сказаў мужчына і шырока усміхнуўся хлопчыку. Потым ён асцярожна апусціўся на самы край лаўкі і дадаў: — Цудоўнае надвор’е, ты не знаходзіш!
Хлопчык нічога не адказаў. Ён толькі няўпэўнена паціснуў плячамі, і, адначасова з гэтым, трывожна азірнуўся навокал. У парку было зусім бязлюдна, нікога, акрамя іх, тут, здаецца, не было.
— Не бойся! — мужчына зноў усміхнуўся, праўда, крыху нацягнута. — Я не зраблю табе нічога кепскага. Я... мне проста трэба... — мужчына змоўк на імгненне. — Мне трэба проста пагутарыць з табой.
У вачах хлопчыка заглушаючы трывогу ўспыхнула раптам здзіўленне.
— Са мной? — недаверліва перапытаў ён. — Менавіта са мной?
Мужчына кіўнуў.
— Але ж я вас зусім не ведаю! — хлопчык зноў трывожна азірнуўся вакол. — Аб чым вы хацелі са мной гутарыць?
Мужчына адказаў не адразу. Нейкі час ён моўчкі глядзеў на хлопчыка і нібыта штосьці вырашаў.
— Аб чым вы хацелі пагутарыць са мной? — паўтарыў хлопчык.
— Аб чым? — мужчына паціснуў плячыма. — Ну, напрыклад, аб тваіх снах...
— Аб маіх снах?!
— Табе сёння зноў прысніўся ўсё той жа сон, — гледзячы кудысьці ўбок сказаў мужчына, менавіта сказаў, а не спытаў. — Табе зноў прысніўся сон і таму ты тут, а не ў школе... — мужчына павярнуўся да хлопчыка і позіркі іх сустрэліся. — Так?
Хлопчык няўпэўнена кіўнуў.
— Адкуль вы ведаеце гэта? — крыху памаўчаўшы, ціха спытаў ён, не зводзячы з мужчыны сваіх блакітных, шырока расплюшчаных вачэй. — Я нікому не казаў аб гэтым, зусім нікому... аб гэтым ніхто не павінен ведаць, ні адзін чалавек!
— Ніхто і не ведае.
— А вы! — хлопчык сударгава ўздыхнуў. — Вы адкуль ведаеце?!
Мужчына нічога не адказаў. Ён усё глядзеў і глядзеў на хлопчыка, а хлопчык таксама моўчкі глядзеў на яго спалохана—трывожным і, адначасова, чакаючым нейкім позіркам.
— Адкуль вы ведаеце ўсё гэта?!
— Справа ў тым, што я... — мужчына змоўк на імгненне, адкашляўся, — што ў мяне таксама было калісьці штосьці падобнае. Вельмі даўно, у дзяцінстве. І я... мне... — мужчына зноў змоўк, паглядзеў на хлопчыка неяк па—новаму, не так, як раней, і дадаў, сцішыўшы голас амаль да шэпта: — Мне таксама было страшна тады, вельмі страшна! Разумееш?
Хлопчык няўпэўнена кіўнуў галавой.
— А потым? — спытаў ён таксама шэптам і з нейкай патаемнай надзеяй у голасе. — Што было потым? Яно прайшло? Само па сабе прайшло, так?
— Ды не! — вусны мужчыны перакрывіла раптам горкая нейкая ўсмешка. — Не само па сабе, далёка не само! Амаль год я правёў у спецыяльнай клініцы... — мужчына змоўк, паглядзеў прама ў спалохана—ўважлівыя вочы хлопчыка. — У дурдоме, карацей кажучы. А ведаеш, чаму я туды трапіў?
— Чаму? — ціха спытаў хлопчык.
— Я не вытрымаў і расказаў аб усім бацькам, ну а яны... З самымі найлепшымі намерамі, вядома… Скажы, — змяняючы раптам тэму размовы, спытаў мужчына, па—ранейшаму не зводзячы з хлопчыка уважлівага позірку, — ты таксама вырашыў расказаць бацькам аб усім гэтым?
Мужчына змоўк у чаканні адказу, але хлопчык нічога не адказаў. Ён моўчкі апусціў вочы, і гэтае ўзаемнае іх маўчанне доўжылася даволі працяглы час.
— Якраз сёння ты і вырашыў расказаць, нарэшце, бацькам аб усім гэтым, — зноў паўтарыў мужчына. — Ты так вырашыў?
— Адкуль вы ведаеце?! — закрычаў раптам хлопчык, ускочыўшы з лаўкі.
Перакошаны тварык малога быў нібыта абцярушаны мелам, у вачах, шырока расплюшчаных, стаяў самы сапраўдны жах... жах і нічога больш...
— Як вы можаце аб усім гэтым ведаць?! Хто вы?!
Потым, неяк адразу абмякнуўшы, хлопчык зноў апусціўся на лаўку і ціха, без слёз заплакаў.
— Я проста жадаю дапамагчы табе, — хутка прагаварыў мужчына. Ён стараўся не глядзець у бок хлопчыка, які ўсё яшчэ плакаў без слёз. — Проста хачу дапамагчы табе ва ўсім разабрацца. Толькі гэта! — мужчына змоўк на імгненне, аблізнуў засмяглыя вусны. — Скажы, гэтыя сны, яны...
— Гэта не сны! — раптам зашаптаў хлопчык, і ў шэпце ягоным, таропкім і амаль ліхаманкавым, таксама гучаў жах... жах і яшчэ нешта, не зусім зразумелае мужчыне. — Сны не бываюць такімі, не павінны быць! Я і сапраўды кудысьці трапляю ў гэты час... і там... — голас хлопчыка раптам задрыжэў і сарваўся, — там так жудасна! І ведаеце, яшчэ што... — хлопчык азірнуўся, прысунуўся бліжэй да мужчыны. — Мне чамусьці здаецца, што я... што аднойчы я не вярнуся адтуль! Проста не змагу вярнуцца!
Хлопчык змоўк і з нейкай новай надзеяй утаропіўся ў твар мужчыны. Ён нібыта чакаў ад мужчыны ці то дапамогі, ці то проста слушнай нейкай парады, і мужчыну стала крыху не па сабе ад умольнага, зацкаванага гэтага позірка. Міжволі падумалася, што ўсё дарэмна, што нічога нельга змяніць у тым, што ўжо адбылося... і хто ведае, ці не стане горш ад самой толькі спробы такога змянення...
— Як ты вучышся? — спытаў ён хлопчыка.
Не чакаючы менавіта гэтага пытання, хлопчык адказаў не адразу.
— Па—рознаму! — ён паціснуў плячмі і дадаў: — Калі добра, а калі і не вельмі... А што?
— Але ж у апошні час ты вучышся не проста добра, ты вучышся толькі на “выдатна”! — мужчына ўважліва глядзеў на хлопчыка. — Ты заўсёды адказваеш на любое пытанне, хоць амаль нічога не вучыш, ты пішаш без адзінай памылкі, ты рашыш зараз любую задачу...
— Вы і гэта ведаеце?
Хлопчык раптам змоўк, у вачах ягоных штосьці прамільгнула.
— Гэта ад сноў, так?
— Так! — мужчына усміхнуўся. — І не толькі гэта.
— А што яшчэ?
Замест адказу мужчына проста паглядзеў хлопчыку ў вочы. Ён не сказаў нічога, але хлопчык раптам ўздрыгнуў.
— Як вы можаце размаўляць са мной, не варушачы вуснамі? — нясмела спытаў ён. — І ваш голас... ён так змяніўся...
— А я і не размаўляў! — мужчына зноў усміхнуўся. — Я думаў. А ты прачытаў мае думкі. Ды ты і зараз іх чытаеш, хіба не так?
Не адказваючы, хлопчык павольна ўзняўся. Мужчына таксама ўстаў, і нейкі час яны моўчкі глядзелі адзін аднаму ў вочы.
— Вы з будучыні? — ціха спытаў хлопчык.
Мужчына нічога не адказаў.
— Вы — гэта я?!
Зноў нічога не адказаўшы, мужчына толькі ўздрыгнуў і адвёў позірк.
— Чаму вы хочаце, каб я працягваў бачыць гэтыя сны?
Мужчына паціснуў плячыма.
— Не ведаю!
Голас мужчыны быў нейкім асіплым, і, адначасова, нейкім змораным, ці што...
— Вырашай сам. Але...
— Але, што?
— Калі яны знікнуць — ты будзеш шкадаваць аб гэтым. Усё сваё жыццё ты будзеш аб гэтым шкадаваць!
— Як вы?
Плечы мужчыны слаба ўздрыгнулі.
— Як я! — ледзь чутна прагаварыў ён. — Усё жыццё!
— Але ж там так страшна! — у вялікіх вачах хлопчыка раптам заблішчэлі слёзы, голас здрадніцкі задрыжэў. — Там са мной... са мной нібыта робяць штосьці незразумелае! Я нібыта раствараюся ў прасторы, нібыта станаўлюся часткай чагосьці іншага, вялізнага, чужога! І яшчэ шмат чаго...
— Я ведаю! — ціха сказаў мужчына. — Я памятаю!
— Я не змагу больш! — хлопчык глядзеў мужчыну ў вочы амаль умольна. — Я больш не вытрымаю гэтага! Што мне рабіць?!
— Гэта ты павінен вырашыць сам!
І мужчына, павярнуўшыся, хутка пайшоў прэч.
— Пачакайце! — закрычаў хлопчык, кідаючыся яму ўслед. — Пабудзьце яшчэ крыху, не пакідайце мяне зараз! Я не магу больш бачыць гэтыя сны, разумееце, не магу! Гэта вышэй маіх сіл, гэта...
Але мужчыны ў парку ўжо не было. Ён знік неяк раптам і адразу, і хлопчык разгублена змоўк на паўслове. Нейкі час ён так і стаяў, моўчкі і нерухома, і ўсё глядзеў і глядзеў у той бок, дзе так таямніча і нечакана знік мужчына. Потым на вочы яму патрапіў скамячаны пачак з—пад цыгарэт.
Не адрываючы ад яго ўважлівага позірку, хлопчык павольна выцягнуў перад сабой правую руку далоняй уверх, неяк увесь напружыўся, затаіў дыханне і... апісаўшы ў паветры шырокі паўкруг, пачак раптам упаў прама ў далоню хлопчыка. Уздрыгнуўшы, хлопчык міжволі адхапіў руку, і пачак зноў зваліўся ў траву.
— Я ўсё роўна не змагу працягваць гэта! — прашаптаў хлопчык і вусны ягоныя задрыжэлі. — Усё роўна не змагу! Яму лёгка казаць!
Хлопчык зірнуў на гадзіннік. Заняткі ў школе ўжо скончыліся, можна было падавацца ў бок дома, патэлефанаваць сябрам, спытаць пра ўрокі. Рабіць іх неабходнасці не было, хлопчык засвойваў новы матэрыял толькі раз зірнуўшы ў падручнік. Нават не засвойваў... ён нібыта наперад яго ведаў. Пісьмовыя работы займалі крыху больш часу, але толькі крыху...
З аднаго боку — усё гэта было добра, з другога ж...
— Яму лёгка казаць! — усё шапталі і шапталі дрыжачыя вусны хлопчыка. — Яму лёгка казаць!