Генадзь Аўласенка з тых пісьменнікаў, якіх не палохаюць ніякія крызісы — ні эканамічныя, ні духоўныя. Сельскі настаўнік, які многія гады выкладае біялогію ў розных школах Чэрвеньшчыны, ён яшчэ піша вершы, п’есы, апавяданні... І галоўнае — вельмі шмат піша для дзяцей. Творы Генадзя Аўласенкі часта друкуюцца — літаральна ва ўсіх дзіцячых газетах і часопісах краіны, ды і ў часопісах “Маладосць”, “Полымя”, у газеце “Літаратура і мастацтва”... (Кастусь Ладуцька "Адкуль прыходзяць казкі?")

...Гэта быў проста невялікі пакойчык, пасярод якога стаяў прыземісты металічны стол і металічнае ж крэсла побач з ім. Сцены пакойчыка таксама былі, здаецца, металічнымі, на іх не было нічога. Зусім нічога. У пісьме не ўпаміналася аб тым, што павінен ён убачыць у кабінеце. Там гаварылася, што ён павінен зайсці ў кабінет і... І сесці за стол... А што потым? У пісьме аб гэтым таксама нічога не казалася... ("Кабінет")
hline

Хто я


Зайшоўшы ў кватэру, Верашчагін адразу ж зняў у пярэдняй заляпаныя гразёй чаравікі, павесіў на вешалку мокрую куртку і ўжо рушыў было далей, як раптам спыніўся, нібыта ўкопаны.
У душавой гарэла святло, адтуль, з—за шчыльна зачыненых дзвярэй даносіўся мерны шум падаючай вады.
Гэта было настолькі неверагодна, што Верашчагін у поўным недаўменні аглядзеўся вакол, каб упэўніцца, што не пераблытаў кватэры. Упэўніўшыся, што нічога не пераблытана і кватэра гэтая сапраўды належыць яму, Верашчагін зноў, яшчэ з большым недаўменнем, утаропіўся на шкляныя дзверы душа.
Там, у душы, хтосьці быў!
Вось толькі хто?
Версію рабаўніка Верашчагін адкінуў адразу. Трэба быць круглым ідыётам, каб залезці ў чужую кватэру з мэтай проста памыцца ў душы.
А можа там і сапраўды ідыёт. Вар’ят, які збег з псіхушкі...
Асцярожна, на дыбачках, Верашчагін падыйшоў да дзвярэй душавой, паспрабаваў разгледзіць хоць штосьці праз матава—белае шкло, але так нічога і не змог разгледзіць...
— Хто тут? — выгукнуў ён і прыслухаўся.
Знутры хтосьці заварушыўся, а потым шум падаючай вады раптам сціх. Верашчагін пачакаў яшчэ нейкі час, потым асцярожна ўзяўся за ручку дзвярэй, пацягнуў на сябе.
Дзверы спачатку падаліся, але нечакана хтосьці знутры зноўку з сілай іх зачыніў. Потым там пачуўся таропкі шоргат засоўкі.
Той, хто знаходзіўся зараз за зачыненымі дзвярыма, не жадаў, каб яго ўбачылі.
Але чаму?
Верашчагін раптам адчуў, як нейкі незразумелы азноб халоднай хваляй прабег па спіне. Спярша, увайшоўшы ў сваю ўласную кватэру і выявіўшы там злаўмысніка, ён адчуваў толькі справядлівае пачуццё абурэння ўласніка, змешаннае, праўда, з нейкай доляй цікаўнасці...
Затое зараз ён адчуў... страх.
— Хто тут?! — выгукнуў Верашчагін з усяе сілы, адначасова з гэтым павольна адступаючы ад дзвярэй. — Хто тут?!
І раптам...

...Спалоханы і нічога не разумеючы, Верашчагін моўчкі глядзеў на шкляныя дзверы, якія адны аддзялялі яго ад незнаёмца, так нахабна ўварваўшагася ў чужую кватэру.
Хто ён? Што яму тут трэба?
Калі гэта звычайны злодзей, які забраўся ў чужую кватэру з адзінай толькі мэтай рабаўніцтва, дык навошта яму тады выкрываць сябе? Убачыўшы ў душы святло, зразумеўшы, што гаспадар дома, любы злодзей ціхенька б зачыніў дзверы са зваротнага боку і паспрабаваў шчасце дзе—небудзь у іншым месцы.
Гэты ж, не толькі не пайшоў прэч, але і паспрабаваў адчыніць дзверы душавой! Добра яшчэ, што ў Верашчагіна хапіла часу і рашучасці павярнуць засоўку...
Так што на нейкі час ён у бяспецы.
Але ці надоўга? Гэтыя шкляныя дзверы... іх можна разбіць адным ударам кулака. Альбо чаравіка. Сякерай, урэшце рэшт...
Сякерай!
Тут дзесьці стаяла сякерка! Якая—ніякая, а зброя!
Толькі дзе ж яна? Ага, вось! Але спярша трэба апрануцца...
І тады...

...Праз матавае шкло шмат чаго не ўбачыш, але Верашчагіну падалося, што незнаёмец у душавым пакоі пачаў таропка апранацца. Потым ён нахіліўся, штосьці ўзняў з падлогі і падыйшоў крыху бліжэй да дзвярэй. Прадмет, які незнаёмец ўзняў з падлогі і цяпер трымаў у правай руцэ, аказаўся зусім побач з дзвярыма, і нават праз малочную матавасць шкла Верашчагін змог добра разгледзіць гэты прадмет...
У правай руцэ незнаёмца была... сякерка!
Дык вось яно што!
Там за дзвярыма не злодзей і не вар’ят! Чалавек, які стаць зараз за тонкімі шклянымі дзвярыма душавога пакою — наёмны забойца, кілер!
Але навошта кілеру прымаць душ перад забойствам?
Ці мо ўсё ж вар’ят?
Правяраць абедзьве гэтыя версіі ў Верашчагіна не было аніякага жадання. Таропка кінуўшыся на кухню, ён схапіў першае, што трапіла пад руку: вялізны кухонны нож для раздзелкі мяса. Моцна сціснуўшы ў руцэ нож Верашчагін адчуў сябе крыху спакайней: якая—ніякая, а зброя!
Спыніўшыся ля выхаду з кухні і не зводзячы трывожнага позірку з дзвярэй душавога пакоя, Верашчагін паспрабаваў разважаць цвяроза і, галоўнае, лагічна.
Калі там і сапраўды наёмны забойца, то ўзнікае пытанне: хто яго наняў? Каму перашкодзіў сціплы рыначны гандляр? Усё, што ад яго патрабавалі, Верашчагін заўсёды спраўна аддаваў...
ЦІ можа... можа былая ягоная жонка?
Але навошта ёй гэта? У яе наладжаны бізнес, вялікая кватэра ў цэнтры... яна нават дапамагае яму матэрыяльна, хоць ён ні аб чым такім яе ніколі не просіць...
І зноў такі — навошта кілеру прымаць душ у кватэры сваёй будучай ахвяры?
Тады можа гэта нейкі маньяк?
Ці проста вар’ят, які збег з псіхіятрычнай клінікі?
Ці тое і другое разам?
А можа мае сэнс проста пагаварыць з ім?
— Ты хто?! — дрыжачым голасам крыкнуў Верашчагін, зноў падступіўшы да шкляных дзвярэй душа. — Што табе ад мяне трэба?!

Пытанне незнаёмца застала Верашчагіна знянацку. Ён нават не абурыўся ад такога нахабства, здзівіўся, хутчэй…
— Выходзь! — зноў крыкнуў незнаёмец. — Лічу да трох!
Нічога не адказваючы, Верашчагін прыціснуўся спіной да сцяны. Калі з таго боку ўдарыць па дзвярах, вострыя асколкі шкла паляцяць сюды...
Але што яму трэба, гэтаму незнаёмцу? Што ён хоча ад Верашчагіна?
— Выходзь! — паўтарыў незнаёмец, ужо крыху спакайней. — Выходзь, інакш я буду тэлефанаваць у міліцыю!
Пачуліся асцярожныя крокі, яны паступова аддаляліся. Потым да Верашчагіна данёсся характэрны гук... гук, які ні з якім іншым проста нельга зблытаць...
Незнаёмец і сапраўды вырашыў кудысьці патэлефанаваць!
Ды не ў міліцыю ж ён вырашыў патэлефанаваць, урэшце рэшт!
І хто ён такі, цікава?

Нумар міліцыі аказаўся занятым і Верашчагін з прыкрасцю зноў паклаў трубку. Увесь гэты час, пакуль ён ішоў да тэлефона, потым набіраў нумар, Верашчагін падсвядома чакаў ад таямнічага свайго госця нейкіх рашучых дзеянняў і быў да іх ужо ўнутрана падрыхтаваны (ці проста цешыў сябе гэтай думкай). Але да таго, што ён убачыў, калі дзверы душавога пакоя нарэшце расчыніліся... да гэтага Верашчагін падрыхтаваны не быў...
Гэтага не магло быць, ніяк не магло!
І тым не менш...
Ля тэлефона стаяў і глядзеў на Верашчагіна Пятра Барысавіча, не хто іншы, як сам Верашчагін Пётр Барысавіч. Глядзеў здзіўлена і са спалохам нават... глядзеў, нібыта не верачы ўласным сваім вачам...
Прынамсі гэтак жа, напэўна, глядзеў на свайго двайніка і сам Верашчагін...

“Як такое магло быць?! — прамільгнула ў галаве Верашчагіна. — Так жа не бывае, ніколі не бывае... не павінна быць!”
Чалавек, які выйшаў з душа з сякеркай у руцэ, быў, ні кім іншым, як... Верашчагіным!
Ім самім!
Але ж так не бывае!
Чалавек з дакладным абліччам Верашчагіна зрабіў крок...
— Не падыходзь! — спалохана выкрыкнуў Верашчагін, уздымаючы нож. — Не падыходзь!
Двайнік паслухмяна спыніўся.

Нож, які дакладная копія Верашчагіна трымала ў руцэ, раптам падаўся Верашчагіну злавесным і надзвычай вострым, а сякерка, якую трымаў ён сам — маленькай, амаль дзіцячай.
Але ў голасе сваёй копіі Верашчагін адчуў істэрычныя ноткі страха...
Няўжо Верашчагіну нумар два таксама не па сабе?
— Ты хто? — стомлена спытаў Верашчагін, апускаючы сякерку. — Адкуль ты ўзяўся на маю галаву?

— Я ўзяўся?! — прагаварыў Верашчагін, апускаючы нож. — Гэта ты ўзяўся аднекуль! А я... я — сапраўдны! Я жыву тут, зразумеў?! Я... мяне...
Не дагаварыўшы, Верашчагін змоўк.
Штосьці было не так! Штосьці вакол было не так!
Вось толькі што?!

Ён меў рацыю, Верашчагін нумар два, які стаяў каля тэлефона. Ён сапраўды меў рацыю!
Зразумеўшы гэта, Верашчагін спалохана азірнуўся вакол..
Усё было, як заўжды... і, адначасова, усё было неяк незнаёма. Ён не памятаў нічога з таго, што было зараз вакол яго... дакладней, ён імкліва ўсё забываў...
— Я несапраўдны! — з жахам прагаварыў Верашчагін, выпускаючы з аслабелых пальцаў сякерку. — Я тут не жыву...

Нож са стукам зваліўся на падлогу, але Верашчагін гэтага нават не заўважыў.
— Гэта не мая кватэра! — прашапталі ягоныя дрыготкія вусны. — І я не Верашчагін! Хто ж я тады?!

— Хто я?! — пранізліва закрычаў Верашчагін, прыціскаючыся спіной да халоднага шкла душавой. — Я не ведаю, хто я?! Я нічога пра сябе не памятаю!

Абодвы “Верашчагіны” неяк дзіўна змяняліся, хутка змяншаліся ў памерах. Яны ўжо не глядзелі адзін на аднаго, яны, наогул, нічога вакол сябе ўжо не заўважалі.. З нейкім тужлівым выццём абодвы стварэнні зваліліся на падлогу, іх трэсла, выкручвала, з неміласерднай сілай біла аб цвёрды паркет пярэдняй...
І яны ўсё змяншаліся і змяншаліся ў памерах...
— Хто я?! — пранізліва і тужліва вылі абодвы “псеўдаверашчагіны”. — Хто я?!
Іх галасы таксама змяняліся, гэта былі ўжо і не чалавечыя галасы, здаецца... гэта было, хутчэй, нейкае віскатанне ... неразборлівае жалобнае віскатанне...
— Не наш час! — віскаталі—пішчэлі дзіўныя перакручаныя стварэнні. — Яшчэ не наш час!
І ў гэты ж самы момант хтосьці падыйшоў да дзвярэй кватэры, спыніўся каля іх, пачаў таропка адмыкаць дзверы ключом.
— Не наш час! Яшчэ не наш час! — расчаравана і адначасова з пагрозай прапішчэлі стварэнні, з лютай ненавісцю пазіраючы на ўваходныя дзверы. — Хутка... ужо хутка...
Дзверы зарыпелі, пачалі павольна адчыняцца...
І, амаль адначасова з гэтым, дзве невялікія хвастатыя постаці кінуліся кудысьці ў глыбіню кватэры, адразу ж знікаючы там, нібыта растварыўшыся ў вечаровым кватэрным пазмроку...
— Хутка, ужо хутка! — нібы рэха пранеслася па кватэры.
А ў пярэднюю, здымаючы на хаду заляпаныя гразёй чаравікі, няспешна ўвайшоў Верашчагін Пётр Барысавіч....
Магчыма, сапраўдны...