Генадзь Аўласенка з тых пісьменнікаў, якіх не палохаюць ніякія крызісы — ні эканамічныя, ні духоўныя. Сельскі настаўнік, які многія гады выкладае біялогію ў розных школах Чэрвеньшчыны, ён яшчэ піша вершы, п’есы, апавяданні... І галоўнае — вельмі шмат піша для дзяцей. Творы Генадзя Аўласенкі часта друкуюцца — літаральна ва ўсіх дзіцячых газетах і часопісах краіны, ды і ў часопісах “Маладосць”, “Полымя”, у газеце “Літаратура і мастацтва”... (Кастусь Ладуцька "Адкуль прыходзяць казкі?")

...Небяспека была паўсюды. Яна глядзела на чалавека вачыма кожнага з прахожых, якія таропка абміналі яго альбо проста ішлі насустрач. Кожны з гэтых невядомых і бяскрыўдных на першы погляд людзей мог аказацца серыйным забойцам, наркаманам. Вар’ятам, урэшце рэшт! Кожны з іх мог нанесці чалавеку смяротны ўдар, нанесці ў любы момант... і чалавек асуджана і пакорліва чакаў гэтага ўдару, а яго ўсё не было і не было... ("Бо аракул ніколі не памыляецца")
hline

Прачнуўшыся раніцай


Прачнуўшыся раніцай і расплюшчыўшы вочы, Дыяна раптам са здзіўленнем убачыла, што знаходзіцца ў нейкай чужой, зусім незнаёмай ёй кватэры, а ў ложку, побач з ёй, спіць нейкі барадаты і таксама зусім незнаёмы ёй мужчына.
“Так! — падумала Дыяна, зноў заплюшчваючы вочы і знясілена адкідваючыся на падушку. — Дапілася! Кідаць трэба гэтыя суботнія вечарынкі!”
Яна паспрабавала ўспомніць хоць штосьці з учарашняга вясёлага вечара, але ўспомніла толькі, як выходзілі яны з Паўлам з Любкінай кватэры, а потым ехалі да яе ў нейкім прыватным таксі. Што было далей, Дыяна так і не ўспомніла…
Уздыхнуўшы і прачнуўшыся ўжо канчаткова, яна расплюшчыла вочы і пачала ўважліва і насцярожана азірацца вакол.
Гадзіннік на сцяне насупраць паказваў усяго толькі апалову пятага, у пакоі яшчэ панаваў нясмелы ранішні паўзмрок, але спаць Дыяне ўжо не хацелася, ды і не змагла б яна заснуць зараз! Як атрымалася, што замест сваёй кватэры яна апынулася чорт ведае дзе і чорт ведае з кім?! З нейкім казлом барадатым!
Асцярожна павярнуўшы галаву, Дыяна зноў паглядзела на мужчыну побач з сабой, безпаспяхова спрабуючы ўспомніць, хто гэта такі. Твар мужчыны раптам падаўся ёй дзіўна знаёмым... магчыма, яна нават сустракала яго раней, хіба толькі, без барады гэтай недарэчнай. Але тое, што на ўчарашняй вечарынцы ў Любкі гэтага барадача не было, Дыяна ведала цвёрда.
Як жа тады апынулася яна ў ягонай кватэры, і нават ў ягоным ложку?
Адкінуўшы коўдру, Дыяна села і са здзіўленнем разглядзела на сабе нейкую доўгую, блакітную і амаль празрыстую начную сарочку. А пад сарочкай — які жах! — не было нічога, нават трусікаў. Больш таго: ні побач з ложкам, ні пад ім, ні, наогул, нідзе ў пакоі не было нават намёку на ўласнае яе адзенне.
Час ад часу не лягчэй! І дзе ж тады яна распраналася ўчора? І навошта напяльвала на сябе недарэчную гэту хламіду? І чыя яна, дарэчы?
Дыяна ўздыхнула, узнялася з ложка і, асцярожна ступаючы босымі нагамі па халоднаму паркету, выйшла ў пярэднюю.
Планіроўка пакояў тут была якраз такая ж, як і ва ўласнай яе кватэры, таму Дыяне было лёгка арыентавацца. На вешалцы, побач з дзвярыма, вісела шмат самага разнастайнага адзення, у тым ліку і жаночага, але нічога свайго Дыяна так і не знайшла.
“Вось жа казёл! — з нечаканай злосцю падумала яна аб барадатым. — І куды толькі ён усё падзеў? І чые, дарэчы, гэтыя жаночыя шмоткі на вешалцы? Ягонай жонкі, ці што? І дзе ж яна зараз, гэтая жонка? І ці існуе гарантыя, што не прыпрэцца яна сюды праз якую гадзіну, а мо і раней...”
Дыяна вырашыла, што самым найлепшым для яе выйсцем з пікантнай гэтай сітуацыі, было б хутка і па магчымасці непрыкметна змыцца адсюль, але зрабіць гэта без адзення, на жаль, не ўяўлялася магчымым. Будзіць жа зараз барадатага казла, каб спытаць яго наконт адзення, Дыяне чамусьці вельмі і вельмі не хацелася.
Дзверы ў суседні са спальняй пакой былі крыху прыадчыненыя, і Дыяна вырашыла пашукаць адзенне там. Яна яшчэ шырэй прыадчыніла дзверы, увайшла ў пакой і... аж аслупянела ад нечаканасці.
Ля сцяны, побач з дзвярыма, стаяў невялікі драўляны ложак, і ў ім, ціха пасопваючы, спала дзяўчынка гадоў чатырох—пяці. Побач, каля другой сцяны пакоя, на канапе спаў хлопчык, гады на два старэйшы...
Выслізнуўшы з пакоя і асцярожна прыкрыўшы за сабой дзверы, Дыяна зноў вярнулася ў спальню і ў поўнай разгубленнасці апусцілася на ложак.
“І дзяцей не пасароміўся, казёл! — з нейкай новай злосцю падумала яна, кінуўшы непрыязны погляд у бок барадатага. — Ці, можа, яны ўжо спалі, калі я... калі мы з ім...”
Ёй было вельмі непрыемна думаць, што гэтыя малыя бачылі яе ўчора ў такім стане. Тым больш трэба як мага хутчэй ліняць адсюль, пакуль яны не прачнуліся!
Дыяна ўздыхнула і асцярожна дакранулася кончыкамі пальцаў да аголенага пляча мужчыны.
— Гэй! — ціха сказала яна. — Прачніся!
Мужчына ляніва варухнуўся і, расплюшчыўшы вочы, сонна паглядзеў на Дыяну.
— Ты чаму так рана ўхапілася? — прамармытаў ён амаль неразборліва. — Спі давай!
І мужчына зноў заплюшчыў вочы.
— Дзе маё адзенне? — шэптам спытала Дыяна. — Куды ты яго падзеў?
— Адзенне? — зноў прамармытаў мужчына, так і не расплюшчыўшы вачэй. — Якое адзенне?
— Маё адзенне! — паўтарыла Дыяна. — Дзе яно?
— А я адкуль ведаю! Спі, потым знойдзеш!
І, павярнуўшыся на другі бок, мужчына зноў заснуў.
З хвіліну ці дзве Дыяна уважліва разглядвала ягоную рыжаватую патыліцу, потым ў чарговы раз уздыхнула і моўчкі ўзнялася з ложка. Заставаўся яшчэ трэці пакой, адзенне магло быць там. Яшчэ яно магло быць у ваннай, або нават на кухні... хоць на кухню Дыяна не вельмі і спадзявалася...
Увайшоўшы ў трэці пакой, Дыяна здзіўлена спынілася. Калі б яна не ведала, што знаходзіцца ў чужой кватэры, яна б вырашыла, што зайшла ў свой уласны пакой. Акурат такая ж планіроўка мэблі... і секцыя такая ж самая, і крэслы з канапай, і нават невялікі столік побач з крэсламі. Вось толькі тэлевізар быў іншы, замежны, з “відыкам”... і чамусьці менавіта ў гэтым пакоі быў тэлефон.
І, на вялікі жаль, ніякіх слядоў яе ўласнага адзення. Хіба толькі...
Дыяна падыйшла да секцыі, крыху прыадчыніла дзверцы шафы. Ну, правільна, зноў паўнюткая шафа разнастайнага жаночага адзення... чужога адзення. Ці, можа, махнуць рукой і выбраць што—небудзь з гэтага барахла!
Уздыхнуўшы (у які раз ужо!), Дыяна зноў зачыніла шафу, падыйшла да крэсла, знясілена апусцілася ў яго. Нічога не зробіш, прыдзецца, мусіць, чакаць канчатковага абуджэння барадатага гаспадара. А што рабіць зараз?
Дыяна зірнула на тэлефон, і ў галаву прыйшла раптам адна выратавальная думка. Павел! Павінен жа ён хоць штосьці ведаць аб учарашніх падзеях! Аб тым, хаця б, як яны разыйшліся, так і не патрапіўшы да яе. І чаму ўсё ж яны не патрапілі да яе ўчора?!
Набраўшы такі знаёмы нумар, Дыяна прыклала трубку да вуха, пазручней уладкавалася ў крэсле і пачала чакаць. Чакаць прыйшлося доўга, і Дыяна вырашыла ўжо, што Паўла, напэўна, няма дома, як трубку ўсё ж знялі.
— Павел?— ціха спытала Дыяна. — Ты?
— Ён спіць! — пачуўся ў трубцы нейкі жаночы голас, неўразуменны і незадаволены адначасова. — А хто гэта?
— Ніхто! — сказала Дыяна і хуценька паклала трубку.
Цяпер усё зразумела! Сам, напэўна, і падстроіў усе гэта! Але за што?! Што яна яму такога зрабіла?!
Яна зноў схапіла трубку, зноў пачала ліхаманкава набіраць знаёмыя лічбы, потым зноў доўга і цярпліва чакала, калі ж хто—небудзь падыйдзе да тэлефона. Нарэшце трубку знялі паўторна, і Дыяна пачула такі знаёмы, хрыпаты і незадаволены са сну голас Паўла:
— Алё! — буркнуў ён у трубку. — Хто гэта?
— Гэта я! — Дыяна сутаргава ўздыхнула. — Хіба не пазнаў?
Нейкі час у трубцы маўчалі. Дыяна таксама моўчкі трымала трубку ля вуха...
— Не пазнаў! — парушыў, нарэшце, агульнае іх маўчанне Павел. — А хто гэта?
— Гэта Дыяна! — Дыяна зноў памаўчала крыху і дадала: — А вось хто ў цябе там?
Яна затаіла дыханне ў чаканні адказу.
— Нічога не разумею! — зноў пачуўся ў трубцы хрыпаты голас Паўла. — Не ведаю я ніякай Дыяны! Вы, напэўна, не туды трапілі!
У трубцы пачуліся кароткія частыя гудкі.
Нейкі час Дыяна моўчкі і нерухома сядзела ў крэсле, па—ранейшаму сціскаючы ў руцэ злашчасную гэтую трубку, потым уздыхнула і, рашуча націснуўшы на рычаг, у трэці раз набрала нумар.
— Не кідай трубку! — таропка прагаварыла яна, зноў пачуўшы знаёмы голас Паўла. — Выслухай мяне спачатку! Магчыма, пры той жанчыне, што ў цябе зараз, ты не хочаш прызнацца, што мы… што ў нас…... але ты проста выслухай мяне, добра? Скажы, як магло здарыцца, што пасля ўчарашняй вечарынкі мы з табой разыйшліся і я, наогул, патрапіла немаведама куды? Ты толькі скажы мне, як такое магло здарыцца, больш мне ад цябе нічога не трэба!
Нейкі час у трубцы маўчалі.
— Ты толькі скажы, як гэта адбылося! — зноў паўтарыла Дыяна. — Толькі гэта!
— Паслухайце! — зноў пачуўшы ў трубцы голас Паўла. — Вы ці п’яная, ці проста зноў патрапілі не туды! Я не ведаю вас, праўда, не ведаю!
І ён зноў паклаў трубку.
Таксама кінуўшы трубку,Дыяна нейкі час моўчкі і нерухома сядзела ў крэсле. Вось гад! Вось жа гад паўзучы! Мала таго, што сам прывалок да сябе нейкую прастытутку, дык яшчэ і... Мог бы проста ўчора сказаць, што яна яму надакучыла! А можа... можа гэта жонка ягоная вярнулася з—за мяжы раней, чым планавалася? Ну што ж, тады ўсё зразумела...
Дыяна ўздыхнула, асцярожна правяла далонню па мокрай ад слёз шчацэ і, устаўшы з крэсла, вырашыла зазірнуць у ванную. Там магло быць адзенне... і, дарэчы, нядрэнна было б спаласнуць вадой заплаканы твар, ды і, наогул, прывесці сябе ў парадак. Душ прыняць....
Адзення ў ваннай, на жаль, таксама не аказалася. Дыяна, праўда, не вельмі і разлічвала знайсці яго там, а таму не асабліва і засмуцілася. Яна толькі яшчэ раз уздыхнула, хуценька спаласнула твар халоднай вадой і, узяўшы ручнік, павярнулася ў бок люстэрка.
І аж ускрыкнула ад нечаканасці.
Што гэта з яе валасамі?!
Гэтага не магло быць, ніяк не магло, і тым не менш... Валасы, ярка—рыжыя яшчэ ўчора, сёння былі нейкага цьмяна—каштанавага колеру, і, прытым, значна карацейшыя за ўчарашнія.
— Калі гэта жарт, — павольна прашаптала Дыяна, уважліва разглядваючы свае адлюстраванне ў люстэрку, — калі гэта чыйсьці недарэчны жарт ...
Па вуліцы прагрукатаў трамвай, і грукат гэты, такі знаёмы гэты грукат, вывеў, нарэшце, Дыяну са стану здранцвення. Страпянуўшыся, яна зноў кінулася у пакой з тэлефонам. Імкліва падбегла да акна, адным рухам адкінула ўбок фіранку і... убачыла там, унізе, такую знаёмую ёй вуліцу, і хлебную краму насупраць, і кіеск побач з крамай...
— О, божа! — прашаптала Дыяна, павольна адступаючы ад вакна, — Ды што ж гэта такое, урэшце рэшт!
Яна была ў сваёй уласнай кватэры!
Так, гэта і сапраўды была яе кватэра, хоць і змененая да непазнавальнасці. Ці амаль да непазнавальнасці, бо, зірнуўшы вакол сябе іншымі вачыма, Дыяна раптам пазнала і шафы каля сцяны, і крэслы з канапай, і гэты столік... У іншых пакоях змяненні былі куды больш значнымі...
Але хто і навошта ўсё гэта зрабіў?! З якой—такой мэтай?!
А дзеці ў суседнім пакоі! Адкуль яны ўзяліся тут, гэтыя дзеці? І той барадаты казел у спальні...
“Любка! — нечакана падумалася Дыяне. — Можа, яна ведае што!”
Схапіўшы тэлефон, Дыяна дрыжачымі пальцамі пачала набіраць нумар сяброўкі... збілася, пачала набіраць зноў. Нарэшце, затаіўшы дыханне, застыла ў чаканні. Як доўга ніхто не ўзнімае трубкі, цэлую вечнасць!
Нарэшце трубку ўсё ж узялі.
— Ну?! — пачула Дыяна сонны і, як заўсёды, незадаволены з раніцы голас сяброўкі. — У апарата!
— Любка! — узрадванна выгукнула Дыяна. — Гэта я!
У трубцы крыху памаўчалі.
— Хто, я? — асцярожна прагаварыла Любка, і ў Дыяны раптам зашчаміла сэрца ад нядобрага нейкага прадчування. Няўжо і Любка адмовіцца прызнаць яе, блізкае іхняе знаёмства! Тады... тады...
— Гэта я, Дыяна! — ледзь чутна прагаварыла яна ў трубку. — Ты што, не пазнаеш мяне?
— Дыянка! — радасна ўсклікнула Любка, і ў Дыяны крыху адлегла ад сэрца. — Вось дык сюрпрыз! Столькі не бачыліся!
Дыяне раптам здалося, нібыта падлога сама сабой пахіснулася пад нагамі. Яна схапілася за край століка, мацней сціснула трубку...
— Знікла... і ні слыху, ні дыху! — тараторыла між тым Любка. — Ты б хоць зрэдку тэлефанавала, калі заехаць не можаш!
— Пачакай! — амаль выкрыкнула ў трубку Дыяна. — Мы што, не бачыліся з табой учора?! Я ў цябе ўчора хіба не была?! Што ты маўчыш, Любка?! Я была ў цябе ўчора?
Яна затаіла дыханне ў чаканні адказу, але Любка чамусьці так нічога і не адказала. Яна маўчала, доўга маўчала... Дыяна чула ў трубцы яе перарывістае дыханне.
— Я ў цябе была ўчора? — зноў паўтарыла яна.
Чутна было, як Любка хмыкнула ў трубцы.
— Жартуеш? — прагаварыла яна нарэшце. — Але ж, жарты жартамі, а і сапраўды магла б калі заскочыць. З мужам наведайся, калі адну не адпускае.
Дыяне здалося, што яна недачула.
— З мужам? — перапытала яна. — З якім мужам?
— Са сваім! — Любка раптам хіхікнула ў трубку. — Ці ты, можа, яшчэ каго завяла? Як у яго з нагой?
— У каго? — зноў не зразумела Дыяна.
— У Сяргея твайго. Дарэчы, ведаеш, каго я нядаўна сустрэла! Ніколі не здагадаешся!
Любка яшчэ гаварыла штосьці, аб чымсьці ажыўлена расказвала, але Дыяна нічога ўжо не чула. Нейкі час яна стаяла нерухома, трымаючы ў руцэ трубку, з якой усё яшчэ даносіўся да яе слыху Любкін ажыўлены голас. Потым Дыяна ўздыхнула і асцярожна паклала трубку на месца.
“Гэта сон! — падумалася ёй раптам. — Гэта ўсё — толькі нейкі недарэчны сон! Я сплю, а ўсё гэта толькі мне сніцца!”
Але ўсё, што адбывалася з ёй зараз, не было сном, і Дыяна цудоўна разумела гэта. Ну, а калі ўсё гэта ніякі не сон — тады што ж яно на самой справе?
Амаль што на ватных нагах Дыяна падыйшла да сярэдняй шафы, расчыніла дзверку, і нават не здзівілася, убачыўшы там свой пашпарт. Узяла яго, разгарнула, пачала гартаць далей...
Гэта і сапраўды быў яе пашпарт, толькі вось фотаздымак там быў нейкі іншы, незнаёмы, яна і не памятала гэтага фотаздымака. Ды і прозвішча...
— Зайцава Дыяна Міхайлаўна, — не верачы сваім вачам, прачытала Дыяна, потым адгарнула некалькі старонак назад. — Муж, Зайцаў Сяргей Вітальевіч... дзеці...
О, божа! Дык гэта, выходзіць, яе ўласныя дзеці!
І муж! Той барадаты хмыр у спальні — яе ўласны муж! Нейкі Зайцаў Сяргей Вітальевіч. Знаёмае такое прозвішча, вось толькі дзе яна яго чула? Зайцаў Сяргей Вітальевіч. .. Зайцаў Сяргей...
Дыяна раптам адчула, як нейкі незразумелы азноб халоднай хваляй прайшоўся па скуры. Да гэтага яна была, хутчэй, у разгубленнасці... зараз жа ёй стала страшна, па—сапраўднаму страшна.
Сяргей Зайцаў ніяк не мог быць яе мужам, бо сем гадоў таму, перад самым заканчэннем універсітэта, ён пакончыў жыццё самагубствам. Дыяна тады сама выцягвала яго з пятлі, і марна спрабавала вярнуць да жыцця, і, плачучы, клікала на дапамогу суседзяў па інтарнату. А потым яна ішла ўслед за труной, праводзячы Сяргея ў самы апошні шлях, і плакала на могілках у час пахавання. Усе іхнія дзяўчаты плакалі тады, і ніхто не ведаў прычыны, ніхто не разумеў, што ж падштурхнула маладога хлопца, выдатніка, на такі жудасны ўчынак, ды яшчэ перад самым атрыманнем даўгачаканнага дыплома...
Дыяна адна ведала яе, гэтую прычыну...
І вось цяпер выходзіць, што ўсё тады здарылася зусім па—іншаму, і яна не адмовіла яму тады. І нічога жудаснага не здарылася з Сяргеем у самым пачатку чэрвеня, і яны пажаніліся, і ўсё гэтыя гады пражылі разам, тут, у яе кватэры. І той барадаты мужык у ложку і ёсць Сяргей Зайцаў, былы яе аднакурснік. І гэтыя дзеці — яе... іх дзеці...
— Гэтага не можа быць! — зноў прашаптала Дыяна дрыготкімі вуснамі. — Я не хачу, каб было так... я не жадаю гэтага, я проста не змагу зараз! Бо я ж кідала зямлю на ягоную труну, і прыходзіла на могілкі. І як мне зараз глядзець на яго, размаўляць з ім! І гэтыя дзеці... яны не мае, чужыя... я нават імёнаў іх не ведаю... я нават не ведаю іх імёнаў! Гэта толькі сон, жудасны, недарэчны сон... я жадаю, каб усё гэта аказалася толькі сном, каб я прачнулася зараз побач з Паўлам, і расказала яму гэты сон, і мы пасмяяліся б разам...
Але гэта не было сном... а час усё ішоў і ішоў, і хутка прачнецца муж Сяргей, а потым прачнуцца дзеці, яе... іх дзеці. І раптам новая думка мільганула ў галаве Дыяны. Ёй падумалася, што павінна ж была быць тая, іншая Дыяна, якая нарадзіла гэтых дзяцей, і пражыла тут, з імі, усе гэтыя гады. І дзе яна зараз... ці не прачнулася яна, такая ж разгубленная і нічога не разумеючая, у той, іншай кватэры, побач з Паўлам. І як яна адчувае сябе, і як будзе адчуваць потым, калі ўсё зразумее, калі зразумее, што ніколі ўжо не ўбачыць сваіх дзяцей, што назаўсёды страціла і іх, і сябе самую...
Думка гэтая была такой невыносна жудаснай, што Дыяна адразу ж пастаралася адагнаць яе ад сябе, пастаралася, наогул, не думаць, ні аб чым больш не думаць! Яна проста сядзела ў крэсле... проста сядзела і ўсё глядзела і глядзела асуджаным позіркам на невялікі гадзіннік на сцяне насупраць. А час ішоў, імкліва ішоў час... і ўсё набліжалася і набліжалася да яе такая непазбежная раніца.