Генадзь Аўласенка з тых пісьменнікаў, якіх не палохаюць ніякія крызісы — ні эканамічныя, ні духоўныя. Сельскі настаўнік, які многія гады выкладае біялогію ў розных школах Чэрвеньшчыны, ён яшчэ піша вершы, п’есы, апавяданні... І галоўнае — вельмі шмат піша для дзяцей. Творы Генадзя Аўласенкі часта друкуюцца — літаральна ва ўсіх дзіцячых газетах і часопісах краіны, ды і ў часопісах “Маладосць”, “Полымя”, у газеце “Літаратура і мастацтва”... (Кастусь Ладуцька "Адкуль прыходзяць казкі?")

...Гэта быў проста невялікі пакойчык, пасярод якога стаяў прыземісты металічны стол і металічнае ж крэсла побач з ім. Сцены пакойчыка таксама былі, здаецца, металічнымі, на іх не было нічога. Зусім нічога. У пісьме не ўпаміналася аб тым, што павінен ён убачыць у кабінеце. Там гаварылася, што ён павінен зайсці ў кабінет і... І сесці за стол... А што потым? У пісьме аб гэтым таксама нічога не казалася... ("Кабінет")
hline

Лепшы сродак самаабароны


Са змешаным пачуццём трывогі і спадзявання Алег павольна крочыў па вузенькай сцяжынцы гарадскога парку. Яшчэ ўчора ён наўрад рызыкнуў бы заходзіць познім вечарам у небяспечнае гэтае месца, але сёння...
Сёння зусім іншая справа!
І ўсё, дзякуючы ранішняму незнаёмцу і нечаканаму ягонаму падарунку.
Засунуўшы руку ў кішэню, Алег зноў, у які ўжо раз, намацаў незразумелы гэты прадмет. Металічны цыліндр, вельмі падобны на ліхтарык... на пярэдняй частцы нават шкельца невялікае маецца, чорнае, праўда. І маленькая кнопка збоку. Што адбудзецца, калі Алег націсне на кнопку — гэтага ён пакуль што і сам не ведаў.
— Накіруй яго на нападаючага і проста націсні кнопку, — патлумачыў незнаёмец, але так і не сказаў, што ж адбудзецца потым. Чалавека, які нападае, трэсне токам? Альбо яго паралізуе на нейкі час? Ці ён — і такое магчыма — проста страціць прытомнасць? А можа нават...
Алега нават перасмыкнула ад раптоўнай нядобрай думкі. Не, такога не магло... не павінна такога быць! Гэтая штука, чым бы яна не была на самой справе, не забівае... незнаёмец, здаецца, і аб гэтым штосьці казаў...
Ці не казаў?
Ці, можа, Алег не так яго зразумеў?
Наперадзе пачуліся раптам гучныя, п’яна—вясёлыя галасы, тры нейкія цьмяныя постаці рухаліся насустрач Алегу на ўсю шырыню сцяжынкі. Сэрца хлопца звычна—трывожна застукала, ён адразу ж саступіў крыху ўбок, прапускаючы падвыпіўшую кампанію. Забыўшыся пра ўсё, нават пра цудадзейны цыліндрык у сваёй кішэні, ён хацеў зараз толькі аднаго: каб вясёлая кампанія гэтая прайшла міма і не звярнула на яго сваёй пьянай увагі...
Але кампанія ўсё ж звярнула на яго ўвагу, а, звярнуўшы, адразу ж прыпынілася. Магчыма, у хлопцаў не хапала грошы на чарговую порцыю саграваючага... ну а, можа, у іх проста вельмі ўжо свярбелі кулакі, хто ведае...
— Гэй, ты! — ляніва выгукнуў адзін з хлопцаў. — Чаго хаваешся?! — і, не дачакаўшыся адказу, дадаў: — Грошы пазыч! Аддам з першай пенсіі!
Другі хлопец гучна зарагатаў, а трэці, самы высокі з усіх, зрабіў крок наперад і, брудна вылаяўшыся, схапіў Алега за каўнер.
— Ты што, не чуў, казёл! — працадзіў ён праз зубы. — “Бабкі” гані! Што, зноў не дайшло?!
— Дай яму ў рыла, Батон! — параіў нехта з хлопцаў. — Адразу дойдзе!
Ахоплены панічным жахам, Алег паслухмяна сунуў руку ў кішэню і... раптам намацаў там цыліндрык. Вось яно, выратаванне! Трэба толькі накіраваць яго на гэтага бамбізу і націснуць кнопку...
А раптам нічога не адбудзецца?!
Дрыжачай рукой Алег выхапіў з кішэні цыліндрык і з уся сілы націснуў на кнопку. Ён ужо не спадзяваўся нават, што цыліндрык нейкім чынам спрацуе... але той, як гэта не дзіўна, спрацаваў і спрацаваў на славу.
Хлопца, які толькі што трымаў Алега за каўнер, ужо не было побач. Яго, наогул, нідзе не было, ён проста знік, знік гэтак жа таямніча і незразумела, як і той незнаёмец сёння раніцай.
Два другіх хлопцы, здаецца, нічога пакуль што не зразумелі. Яны проста стаялі і недаўменна азіраліся па баках.
— Куды ён падзеўся? — здзіўлена спытаў адзін з хлопцаў. — Паслізнуўся, ці што?
— Гэй, Батон! — паклікаў сябра другі. — Ты дзе хава...
Гэта былі ягоныя апошнія словы. Накіраваўшы на хлопца цыліндрык, Алег зноў націснуў кнопку. На гэты раз ён паспеў разглядзець, як усё гэта адбывалася. З цыліндрыка бліснула раптам зеленаватым нейкім святлом — і другі хлопец таксама знік без усялякіх нават слядоў.
“Ай ды цыліндрык!” — з захапленнем падумаў Алег, накіроўваючы незразумелую сваю зброю на апошняга з хлопцаў.
— Не трэба! — штосьці, пэўна, уцяміўшы, дзіка закрычаў той. — Я больш не бу…
У гэтае імгненне яго таксама не стала.
Нейкі час Алег стаяў нерухома, дарэмна стараючыся хоць крыху авалодаць сабой. Трэсліся рукі, нейкімі ватнымі зрабіліся раптам ногі, па ўзмакрэлым ад перажытага хвалявання твары збягалі ўніз буйныя кроплі поту. Ён не чакаў таго, што толькі што адбылося, зусім не чакаў...
Але ж ён бачыў, як знік сам незнаёмец тады, раніцай! Чаму ж гэта відовішча не ўсхвалявала яго... дакладней, чаму яно яго не так моцна ўсхвалявала? Кім быў ранішні той незнаёмец? І што гэта за цыліндрык такі незразумелы?
Алег паднёс цыліндрык бліжэй да вачэй, стараючыся як мага лепш разглядзець яго. Але разглядваць не было чаго: гладкі металічны цыліндрык з чорным шкельцам на пярэдняй частцы. Ну, яшчэ кнопка...
Толькі гэты цыліндрык робіць так, што людзі знікаюць! І, дарэчы, куды яны знікаюць, хацелася б ведаць?
Алег раптам зразумеў, што яму зусім не хочацца ведаць гэтаго. Магчыма, яны проста пераносяцца імгненна на нейкую пэўную адлегласць, і зараз уся іхняя вясёлая кампанія стаіць дзесьці, кіламетры, скажам, за тры адсюль… стаіць і з поўным недаўменнем п’яна азіраецца па баках....
А можа цыліндрык гэты перанёс іх у якую—небудзь іншую прастору альбо час? Што ж, і такое магчыма, як гэта не фантастычна гучыць!
І гэтак жа магчыма, што невялікі гэты цыліндрык проста рашчапіў усіх трох на асобныя атамы ці малекулы!
Алег зноў засунуў цыліндрык у кішэню і старанна абцёр рукавом кашулі змакрэлы ад поту твар. Што ж, калі нават цыліндрык і знішчыў трох п’яных адмарозкаў — што з таго?! Каму ад гэтага горш?
Рукі ўжо не трэсліся, ногі таксама прыйшлі ў норму... і Алег рушыў далей упэўненым, бадзёрым крокам. Няхай паспрабуе хто—небудзь прычапіцца да яго зараз... няхай толькі паспрабуе!
Насустрач, па сцяжынцы ішлі двое: хлопец і дзяўчына. Яны ішлі абняўшыся і Алег зноў звычна саступіў крыху ўбок, даючы ім праход. І раптам сэрца ягонае трывожна застукала ў грудзях.
— Дзіна?! — Голас Алега сарваўся. — Ты?!
Дзяўчына спынілася, яе кавалер таксама. Ён быў амаль на галаву вышэйшы за Алега ды і ў плячах значна за яго шырэйшы.
— Алег?! — здзіўлена і нават недаўменна неяк прагаварыла дзяўчына. — Што ты тут робіш?
— Я... — Алег сумеўся. — Я, гэта… цябе шукаў...
— Мяне?
Зараз голас дзяўчыны быў ужо не здзіўленным… ён быў да крыўднага абыякавым...
— Навошта?
У гэты час хлопец, які стаяў побач з Дзінай, нахіліўся да яе і штосьці ціха прашаптаў на вуха. Дзяўчына рассмяялася і таксама штосьці прашаптала яму ў адказ.
— Ведаеш, нам няма часу! — сказала яна Алегу і хутка пайшла прэч. Хлопец паспяшаўся за ёй.
— Пачакай! — запознена крыкнуў Алег ім у спіну. — Дзіна, я... я хачу сказаць табе штосьці!
Дзяўчына спынілася, азірнулася.
— Ты ж бачыш, што я не адна! — сказала яна з прыкрасцю. — Ты кудысьці ішоў? Вось і ідзі сабе...
— Я нікуды не йшоў! — прагаварыў Алег з нейкім нават адчаем. — Я цябе шукаў!
Хлопец зрабіў крок насустрач Алегу.
— Табе ж чалавечай мовай сказалі: ідзі, куды йшоў! Ці табе, можа, вушы крыху прачысціць?
Дзяўчына засмяялася і гэты крыўдны яе смех з’явіўся той апошняй кропляй, якая перапоўніла чашу цярпення Алега.
— Можа адыйдзем? — прапанаваў ён хлопцу, з усяе сілы стараючыся, каб голас не дрыжаў ад хвалявання і нянавісці. — Крыху ўбок!
— Пайшоў ты! — хлопец засмяяўся. — Хочаш — давай тут!
Алег націснуў кнопку.
— Мікіта! — трывожна прагаварыла дзяўчына, азіраючыся па баках. — Мікіта, ты дзе? — яна падыйшла да Алега ўшчыльную, спынілася. — Што ты зрабіў з ім?!
— Дзіна, я... — Алег раптам адчуў, як у яго раптоўна перасохла ў горле. — Я месца сабе не знаходжу… я не магу больш так…
Дзяўчына раптам ухапіла яго за адвароты кашулі і трасянула з такой сілай, якой Алег у ёй нават і не падазраваў.
— Што ты зрабіў з ім, мярзотнік?! — з адчаем у голасе закрычала яна. — Куды ты яго падзеў, куды, гавары?!
— Пачакай, не крычы! — Алег паспрабаваў вызваліцца, але гэта яму не ўдалося.— Я табе зараз ўсё растлумачу!
— Вярні яго, чуеш?! — дзяўчына трасла Алега з усяе сілы. — Вярні яго назад!
— Я... я не магу! — прасіпеў Алег і, нарэшце, вырваўся. — Не магу гэтага зрабіць!
— Не можаш?!
Дзіна раптам кінулася прэч.
— Людзі! — крычала яна, хутка аддаляючыся. — Сюды! Людзі!
— Дзіна! — Алег бег следам за дзяўчынай, але ўсё ніяк не мог дагнаць яе. — Дзіна, пачакай! Я кахаю цябе, чуеш, кахаю!
Але Дзіна нічога не чула. Яна бегла і крычала, і гучна клікала на дапамогу... і тады Алег, сам не разумеючы, як такое магло адбыцца, у паніцы ўскінуў перад сабой руку з цыліндрыкам і рэзка націснуў на кнопку…
Нейкі час ён стаяў, моўчкі і нерухома, і ўсё глядзеў і глядзеў у той бок, дзе, абарваўшы на паўслове свой крык, знікла дзяўчына. Затым уздыхнуў, павольна пайшоў наперад… зноў спыніўся…
Вось тут яна і знаходзілася ў самы апошні момант… Менавіта на гэтым самым месцы была…
Дзіна… адзінае ягонае каханне! Нераздзеленае, пакутлівае… і тым не менш…
Дзе яна зараз?
Апусціўшыся на калені, Алег дакрануўся далоняй да халоднай вільготнай травы…
— Вярні яе! — прашаптаў ён, з надзеяй гледзячы на ціліндрык. — Вярні, я цябе вельмі прашу!
І зразумела ж, нічога не адбылося…
А, можа, яны і сапраўды проста пераносяцца ў прасторы? Хай нават у часе… нашым часе… няхай у іншае вымярэнне нават, толькі б не…
Толькі б яна засталася жывой!
Ну, што ж… зараз ён аб усім і даведаецца!
Алег устаў, уздыхнуў і, павярнуўшы цыліндрык шкельцам да сябе, павольна націснуў кнопку…
Ля цыліндрыка, які зараз самотна ляжаў у траве, раптам узніклі двое. Не падыйшлі, а менавіта ўзніклі…
Яны выглядалі амаль, як людзі, але яны не былі людзьмі. Ды і размаўлялі яны зусім інакш — проста ляніва перакідваліся думкамі.
— Усё, як заўсёды, — зазначыў першы. — але на гэты раз вельмі ўжо хутка.
— Нічога, — сказаў другі. — Шэсць экземпляраў, прычым, усе даволі маладога ўзросту…
— І адзін з іх — жанчына! — падхапіў першы. — Гэта рэдкасць там…
— Цяжка ёй там прыдзецца, — сказаў другі. — Я ёй не зайздрошчу.
— А яму? — спытаў першы.
— Яму — там больш!
Першы раптам ледзь прыкметна варухнуў рукой, і цыліндрык, які нібыта чакаў гэтага, сам скокнуў у падстаўленную ягоную руку.
— Адмянілі б хутчэй гэтую дурацкую забарону! — прагаварыў ён з прыкрасцю. — Я б за гадзіну некалькі тысяч упаляваў. Разам закрыў бы ўсе вакансіі…
— Нельга, на жаль, — сказаў другі. — Пакуль нельга. Прыходзіцца вось так… з іх дапамогай. Тым больш, што ім адзін аднаго не шкада! А таму, і іх не асабліва шкада…
— Прымітыўная раса, — згадзіўся першы. — І агрэсіўная…
І яны зніклі… дакладней, знік толькі адзін з іх, а другі, у далоні якога ляжаў зараз маленькі цыліндрык, павольна пакрочыў па вузенькай сцежцы тёмнага парку, уважліва прыглядаючыся да юнакоў і дзяўчат, якія зрэдку трапляліся яму на шляху.