Генадзь Аўласенка з тых пісьменнікаў, якіх не палохаюць ніякія крызісы — ні эканамічныя, ні духоўныя. Сельскі настаўнік, які многія гады выкладае біялогію ў розных школах Чэрвеньшчыны, ён яшчэ піша вершы, п’есы, апавяданні... І галоўнае — вельмі шмат піша для дзяцей. Творы Генадзя Аўласенкі часта друкуюцца — літаральна ва ўсіх дзіцячых газетах і часопісах краіны, ды і ў часопісах “Маладосць”, “Полымя”, у газеце “Літаратура і мастацтва”... (Кастусь Ладуцька "Адкуль прыходзяць казкі?")

...Небяспека была паўсюды. Яна глядзела на чалавека вачыма кожнага з прахожых, якія таропка абміналі яго альбо проста ішлі насустрач. Кожны з гэтых невядомых і бяскрыўдных на першы погляд людзей мог аказацца серыйным забойцам, наркаманам. Вар’ятам, урэшце рэшт! Кожны з іх мог нанесці чалавеку смяротны ўдар, нанесці ў любы момант... і чалавек асуджана і пакорліва чакаў гэтага ўдару, а яго ўсё не было і не было... ("Бо аракул ніколі не памыляецца")
hline

Кілер


— Не рухацца!
У цьмяна асветленым пакоі стаялі двое: сівы, моцна згорблены ўжо стары і высокі мужчына спартыўнага целаскладу. Яны стаялі нерухома і нейкі час проста глядзелі адзін аднаму ў вочы. Потым стары ўздыхнуў і міжволі перавёў погляд на пісталет у руцэ мужчыны. Пісталет быў невялікім, у шырокай далоні мужчыны ён здаваўся нават маленькім, амаль што цацачным... але ён не быў цацачным...
— Не рухацца! — паўтарыў мужчына, пагрозліва прыўзняўшы руку з пісталетам. — Паспрабуй толькі варухнуцца і я... А ўрэшце, ты і сам ведаеш, што будзе тады!
— Ведаю! — голас старога гучаў на здзіўленне спакойна. — А яшчэ я ведаю, што ты выстраліш нават тады, калі я не зраблю аніводнага руху.Ты ж прыйшоў сюды менавіта дзеля гэтага, хіба не так?
Мужчына адказаў не адразу. Ён паглядзеў на пісталет у сваёй правай руцэ, потым на старога... зноў перавёў позірк на пісталет.
— Я нічога не маю супраць цябе! — нарэшце прагаварыў ён і рука з пісталетам крыху апусцілася ўніз. — Я, наогул, першы раз бачу цябе сёння! І я не ведаю, што здарылася паміж табой і маім босам. Магчыма, ён сам ва ўсім вінаваты, а праўда на тваім баку! Але, паўтараю, я нічога пра гэта не ведаю, і ведаць нічога не жадаю! І гэта нічога не змяняе, разумееш, нічога!
— Разумею!
Стары раптам усміхнуўся і невясёлая ягоная ўсмешка была да таго недарэчнай, лішняй нават у цьмяным гэтым пакоі, што мужчынана імгненне разгубіўся. Праўда, у наступнае ўжо імгненне пісталет узляцеў уверх, чорнае зрэнка глядзела цяпер прама ў твар старога.
— Ты што?!
— Нічога! — усмешка адразу ж знікла са старэчых вуснаў, у вачах старога штосьці прамільгнула, нейкая цікаўнасць. — Чаму ты не выстраліў зараз?
— Чаму?
Мужчына трымаў палец на курку, увесь гэты час ён трымаў палец на курку. Ён і сапраўды мог стрэліць, стрэліць у любы момант. Ён нават павінен быў гэта зрабіць, даўно павінен... але штосьці стрымлівала яго, ці то цікаўнасць, ці можа ўсё ж... страх, нейкі незразумелы патаемны страх перад... Перад чым?! І хіба можна верыць у тое, чаго не бывае, ніколі ў жыцці не бывае, проста не можа быць! Пракляты Студэнт! Навошта толькі ён спыніўся ўчора каля гэтага няўдачніка, навота было яму прыслухацца да ягоных баек—апраўданняў! Ці, можа, гэта ўсё ж не зусім байкі?
— Я выстралю! — мужчына ўсміхнуўся, дакладней, паспрабаваў усміхнуцца, і грымаса, якая на нейкае кароткае імгненне перакрывіла ягоны твар, усё ж нагадвала крыху ўсмешку. — Я выстралю тады, калі палічу патрэбным гэта зрабіць! Можаш не сумнявацца!
— Я і не сумняваюся! — зараз стары гаварыў вельмі павольна, ён, здаецца, абдумваў спачатку кожнае сваё слова. — З чаго б мне сумнявацца ў сур’ёзнасці тваіх намераў!
— Я выстралю! — паабяцаў мужчына, звыкла адчуваючы пальцам такую знаёмую пругкасць курка... засталося толькі яшчэ крыху на яго націснуць, зусім крыху. — Я заўсёды раблю тое, што мне загадваюць! Я не паўтару памылкі Студэнта!
— Студэнта?
Стары зноў усміхнуўся, а мужчына раптам падумаў аб тым, што гэты сівы згорблены чалавек ані кропелькі яго не баіцца, што ён, здаецца, наогул, нікога і нічога не баіцца...
— Гэта той, што заходзіў да мяне пазаўчора? Ён што, і сапраўды студэнт?
— Быў! А зараз ён — ніхто!
Нейкі час стары маўчаў, нібыта асэнсоўваючы толькі што пачутае, і выгляд у яго быў засмучаны.
— Вы забілі яго?
— Не я! І якая табе розніца, урэшце рэшт! — пісталет па—ранейшаму глядзеў прама ў маршчыністы старэчы твар, палец ледзь дрыжэў на курку... цікава, чаму ён раптам задрыжэў?
— Мне вельмі шкада, што так атрымалася?
— Праўда? — заставалася толькі крыху мацней націснуць на курок, зусім крыху. — А цяпер паслухай мяне! Дык вось, я не веру таму, што плёў пра цябе Студэнт учора! Не магло быць таго, што ён плёў! І нават калі ты нечым такім валодаеш, нейкім гіпнозам...
— Гіпнозам?
Стары ціхенька рассмяяўся.
— Я не валодаю гіпнозам!
— Нават калі ты і валодаеш нечым такім, — упарта паўтарыў мужчына, — ведай, што гэта табе не дапаможа! Я — не Студэнт!
Ён змоўк, чакаючы пярэчання, але стары таксама маўчаў.
— Ператварыся! Ператварыся зараз, калі зможаш! Ператварыся, к прыкладу, у майго цяперашняга боса! — мужчына раптам уявіў у думках такое ператварэнне і нават хмыкнуў, да таго яму стала весела. — Ператварыся і я паверу табе! Але толькі паверу! Гэта ўсё роўна не выратуе цябе сёння. Ты атрымаеш кулю нават у абліччы боса! Не верыш? Чаму ты ўсміхаешся? Чаму ты ўвесь час усміхаешся?! Ты хочаш падмануць мяне, так? Ты хочаш паказаць, што табе не страшна, што ты не баішся мяне! Але я табе не веру! Ты такі ж як і усе, і ты таксама баішся смерці, ты вельмі яе баішся! А цяпер ператварайся! Ну, доўга мне чакаць! Ператварайся зараз жа!
Блёклыя вусны старога слаба варухнуліся.
— Я не ператвараюся! — ціха, павольна і неяк вельмі стомлена прагаварыў ён. — Тут зусім іншае. Я не магу растлумачыць табе гэтага, ты не зразумееш. Ды я і сам не ведаю, як гэта адбываецца, чаму гэта адбываецца менавіта са мной і чаму яно адбываецца нават тады, калі я сам таго не жадаю. Вось як зараз! І мне вельмі шкада вас абодвух... мне сапраўды вас шкада! Я не маю на ўвазе Студэнта...
— Ты не маеш на ўвазе Студэнта? — юнаку падалося раптам, што ён недачуў. — Каго ж тады ты маеш на ўвазе, акрамя мяне? Каго табе так шкада?
Але старога ў пакоі ўжо не было. І гіпноза таксама не было… не было ніякага гіпноза (Студэнт і сапраўды меў рацыю). Быў цуд, нечаканы, незразумелы, палохаючы нават цуд, бо толькі што, вось тут, зусім побач, стаяў пад прыцэлам пісталета згорблены пажылы чалавек... і раптам, неяк адразу, заместа яго, апынулася на тым жа самым месцы маладая і вельмі спалоханная жанчына ў адной толькі тонкай і амаль празрыстай начной сарочцы...
— О, божа! — прашаптала яна дрыжачым голасам, потым жанчына заўважыла мужчыну і голас яе змяніўся. — Стас!
Яна памкнулася да яго і... спынілася раптам, нібыта аслупянелая, заўважыўшы пісталет у дрыжачай руцэ мужчыны.
— Ты што, Стас?
— Не падыходзь!
Павольна і асцярожна мужчына адступаў у бок дзвярэй... адступаў да таго самага моманту, пакуль не адчуў плячыма іх халодную паліраваную паверхню. Твар ягоны быў зусім белым, вочы — амаль што вар’яцкімі...
— Не падыходзь да мяне!
Пісталет па—ранейшаму глядзеў у бок будучай ахвяры, праўда, цяпер на яе месцы стаяла маладая спалоханая жанчына. Вельмі маладая, зусім яшчэ дзяўчо.
— Стас! — яна раптам усхліпнула і бездапаможна азірнулася па баках. — Дзе мы, Стас? Як я апынулася тут?
— Э, не! — голас у мужчыны стаў раптам нейкім хрыпатым і таксама спалоханым... хутка аблізнуўшы языком ўраз перасохлыя вусны, ён ашчэрыўся, патрос у паветры пісталетам. — Мяне не зловіш на гэтым! Пракляты чараўнік, гэта ўсё твае фокусы! Але, у каго б ты не ператварыўся, табе не ўдасца мяне падмануць, чуеш, не ўдасца! Гэты нумар у цябе не пройдзе!
— Стас!
Спалоханая жанчына (цІ дзяўчына) цяпер таксама павольна адыходзіла ад мужчыны... назад, да сцяны...
— Што ты хочаш зрабіць са мной, Стас?!
Пісталет па—ранейшаму глядзеў ёй прама ў твар чорным злавесным зрэнкам, рука, якая трымала пісталет, крыху дрыжэла, але палец звычна адчуваў паслухмяную пругкасць курка.
— Ты сапраўды хочаш забіць мяне, Стас?
— Не прыкідвайся! — закрычаў раптам мужчына... злосць, гнеў, адчай і яшчэ нешта незразумелае, ці то разгубленасць, ці то асуджанасць, прагучалі адначасова ў ахрыплым, дрыжачым, зацкаваным ягоным голасе. — Гэта не ты! Адкуль было ўзяцца табе тут, у гэтым пакоі... адной, сярод ночы?! Як ты знайшла мяне, адкуль табе было ведаць, дзе мяне шукаць зараз?! Ды ты ж нават не ведала, што я ў горадзе! Што ты маўчыш! Адказвай, калі табе ёсць што адказаць! Як ты апынулася тут зараз?
Маладая жанчына зноў бездапаможна азірнулася вакол.
— Не ведаю! — ціха сказала яна. — Я, праўда, нічога не ведаю, Стас! Я лягла ў ложак... я ўжо амаль засынала... і раптам... Мне страшна, Стас! Мне вельмі страшна!
— Мне таксама страшна! — зноў закрычаў мужчына і голас ягоны раптам сарваўся... пот шматлікімі тонкімі струменьчыкамі збягаў па збялелым, перапалоханным ягоным твары, рука з пісталетам дрыжала ўсё мацней і мацней. — Мне страшна, і мне вельмі хочацца табе паверыць! Але калі я не выканаю загад, мяне чакае тое ж, што і Студэнта! Мне ніхто не паверыць… ды я і сам не паверыў яму ўчора! Што мне рабіць, як мне быць зараз... дапамажы мне, падкажы мне выйсце, хоць якое выйсце! Падкажы, калі ты — гэта і сапраўды ты! О, божа, чаму я не стрэліў адразу ж, як толькі ўвайшоў сюды!
Ён змоўк, апусціўшы, нарэшце, пісталет... жанчына вачыма поўнымі жаху глядзела яму ў твар. А пісталет у любы момант мог зноў апынуцца ў ранейшым сваім становішчы... палец па—ранейшаму адчуваў звычную пругкасць курка... і было яшчэ шмат розных варыянтаў далейшага развіцця падзей. А ўрэшце рэшт, варыянтаў гэтых было ўсяго два, ва ўсялякім разе, ніяк не больш двух...