Генадзь Аўласенка з тых пісьменнікаў, якіх не палохаюць ніякія крызісы — ні эканамічныя, ні духоўныя. Сельскі настаўнік, які многія гады выкладае біялогію ў розных школах Чэрвеньшчыны, ён яшчэ піша вершы, п’есы, апавяданні... І галоўнае — вельмі шмат піша для дзяцей. Творы Генадзя Аўласенкі часта друкуюцца — літаральна ва ўсіх дзіцячых газетах і часопісах краіны, ды і ў часопісах “Маладосць”, “Полымя”, у газеце “Літаратура і мастацтва”... (Кастусь Ладуцька "Адкуль прыходзяць казкі?")

...Небяспека была паўсюды. Яна глядзела на чалавека вачыма кожнага з прахожых, якія таропка абміналі яго альбо проста ішлі насустрач. Кожны з гэтых невядомых і бяскрыўдных на першы погляд людзей мог аказацца серыйным забойцам, наркаманам. Вар’ятам, урэшце рэшт! Кожны з іх мог нанесці чалавеку смяротны ўдар, нанесці ў любы момант... і чалавек асуджана і пакорліва чакаў гэтага ўдару, а яго ўсё не было і не было... ("Бо аракул ніколі не памыляецца")
hline

Кабінет


— Ну, вось мы і прыйшлі!
Маленькі, даўно не голены чалавечак у старым абшарпаным паліто спыніўся і паказаў рукой на вялікі і даволі змрочны двухпавярховы асабняк, які амаль што хаваўся сярод векавых клёнаў.
— Вось тут ён і жыў, ваш родзіч!
“Ён мне не родзіч!” — хацеў было запярэчыць Рычард, але своечасова стрымаўся. Што ж, калі яны хочуць лічыць яго законным пераемнікам містэра Мерыдзью — няхай лічаць. Вялікай бяды тут няма.
— А вось і ваш дварэцкі, дакладней, дварэцкі вашага… дзядзькі, ці хто ён вам там! — чалавечак кіўнуў галавой у бок брамкі. — Прывітанне, Томсан!
Той, каго ён назваў Томсанам, нават не варухнуўся. Ён толькі крыху апусціў і зноў прыўзняў сівую сваю галаву, прычым, зрабіў гэта такім чынам, што немагчыма было зразумець, каму прызначаўсяа гэты своеасаблівы паклон: Рычарду альбо чалавечку ў абшарпаным паліто. Рычард вырашыў, што яму.
— Вось ён, твой новы гаспадар, Томсан! — чалавечак стараўся трымацца незалежна і раскавана, але гэта ў яго кепска атрымлівалася. — Я, так сказаць, дапамог яму крыху, прывёў сюды!
— Дзякую вам, сэр! — стрымана адказаў Томсан і, павярнуўшыся ў бок Рычарда, дадаў: — Калі вы не супраць, я правожу вас у дом, сэр!
— Ну, калі мае паслугі больш не патрэбны... — чалавечак шмыгнуў чырванаватым носікам. — Усяго добрага!
— Усяго добрага! — машынальна адказаў Рычард, усё яшчэ не зводзячы вачэй з дома. Напэўна, толькі зараз, убачыўшы велічэзны гэты асабняк, ён паверыў канчаткова, што ўсё тое, што адбылося з ім за апошнія гэтыя дні, не розыгрыш, не нейкая там памылка... што гэта адбылося з ім на самой справе...
Але чалавечак усё ніяк не адыходзіў, і Рычард, зразумеўшы адзіную прычыну гэтай ягонай затрымкі, сунуў руку ў кішэню і, пачырванеўшы, зноў выцягнуў яе.
У кішэні было пуста. Апошнія свае грошы Рычард патраціў, дабіраючыся сюды. Добра яшчэ, што ўсё было аформлена загаддзя, і яму прыйшлося толькі падпісаць некалькі папер...
Томсан, здаецца, правільна ацаніў сітуацыю. Ва ўсялякім разе, ён адразу ж выцягнуў з кішэні некалькі дробных купюр і працягнуў іх чалавечку.
— Вазьміце, сэр!
— Вялікі дзякуй!
Прамармытаўшы нейкія свае прабачэнні ці пажаданні, чалавечак нарэшце знік. А Рычард, усё яшчэ адчуваючы няёмкасць, павярнуўся да Томсана. Трэба было штосьці сказаць яму, але Рычард не ведаў, што трэба казаць у такіх выпадках. Томсан, як прыкладны слуга, і тут правільна змог ацаніць сітуацыю.
— Ідземце, сэр! — прагаварыў ён, падхопліваючы лёгкую, амаль што парожнюю сумку свайго новага гаспадара. — Я пакажу вам ваш дом.
                                                                                  * * *
— Скажыце, а дзе ж астатнія слугі? — спытаў Рычард Томсана, калі яны ішлі ўжо па шырокім, ярка асветленым калідоры. — ЦІ вы адзін прыслугоўвалі майму... — ён запнуўся, — майму дзядзьку?
— Што вы, сэр! — у голасе Томсана прагучала амаль што крыўда. — У містэра Мерыдзью было шмат слуг. Толькі...
— Толькі, што?
— Ён іх звольніў. Усіх, акрамя мяне.
— Вось, як! — Рычарда гэта не асабліва і цікавіла, але яму проста хацелася з кімсьці пагаварыць, хай нават і са слугой. — І якой жа была прычыны гэтага ўсеагульнага іх звальнення?
Томсан паглядзеў на яго крыху здзіўлена.
— Прычыны не было, — прагаварыў ён суха. — Проста звольніў і ўсё!
— Проста звольніў і ўсё... — паўтарыў Рычард. — І калі ж гэта адбылося?
Томас крыху памаўчаў.
— Гэта адбылося з тыдзень таму, — сказаў ён. — Якраз за дзень да таго, як з містэрам Мерыдзью...
Цяпер яны глядзелі адзін аднаму ў вочы.
“Вы ж не звольніце мяне! — нібыта казаў позірк Томсана. — Пасля столькіх гадоў службы, пасля таго, як ваш дзядзька, звольніўшы ўсіх, пакінуў мяне тут! Вы проста не маеце права звольніць мяне без усялякай на тое прычыны!”
“Звольню! — таксама ў думках адказаў яму Рычард. — Звольню і прычынай гэтаму будзе тое, што я не жадаю жыць у гэтым змрочным доме, не жадаю марнаваць свой каштоўны час і свае маладыя гады ў гэтым захалусці! Прычынай будзе тое, што я, наогул, прадам гэты асабняк адразу ж, як толькі знайду на яго пакупніка!”
Нібыта адгадаўшы думкі маладога свайго гаспадара, Томсан першым адвёў позірк. А Рычард, успомніўшы, як дварэцкі аддаваў за яго грошы мясцоваму выпівоху, зноў пачырванеў.
Ідыёцкая нейкая сітуацыя! Ён, уладальнік мільёнаў, не мае ў кішэні ні адзінага цэнта! Хутчэй бы закончыць усе гэтыя фармальнасці!
— Скажыце, сэр, — раптам спытаў Томсан. — Калі вы ў апошні раз сустракаліся з містэрам Мерыдзью? Напэўна, гэта было даўно?
“Яшчэ тыдзень таму я і не падазраваў нават аб існаванні гэтага самага містэра Мерыдзью! — міжволі падумалася Рычарду. — Ды ён і зараз уяўляе для мяне нейкую абстракцыю, бо я не бачыў яго нават у труне!”
Услых жа ён проста прамармытаў нешта амаль неразборлівае.
— Не падумайце, што я празмерна цікаўны, сэр... — адразу ж паправіўся дварэцкі. — Проста за ўвесь час маёй службы ў містэра Мерыдзью сюды не наведваўся яшчэ ніхто з ягоных родзічаў, нават далёкіх. Мы вырашылі, што іх у яго проста няма. Вы, пэўна, вельмі далёкі яму родзіч?
— Вельмі! — Рычард упершыню з цікаўнасцю зірнуў на Томсана. — А колькі ж ты ўжо служыш тут, Томсан?
Томсан адказаў не адразу. Магчыма, ён падлічваў.
— Сорак гадоў, сэр! — прагаварыў ён нарэшце. — Нават ужо сорак адзін.
— Так доўга?! — У голасе Рычарда прагучаў яўны недавер. — Ведаеш, я б, наогул, не даў табе больш пяцідзесяці.
— Дзякую, сэр!
І Томсан зноў, як і там, у двары, крыху нахіліў сваё сівую галаву.
— А колькі ж табе гадоў на самой справе? — пацікавіўся Рычард. — Шэсцьдзесят? Ці ўжо больш?
У выцвілых вачах старога слугі мільганула трывога.
— Я добра сябе адчуваю, сэр! — прагаварыў ён паспешліва. — І на здароўе на жалюся. Няўжо вы сумняваецеся, што я змагу і далей добрасумленна выконваць свае абавязкі!
— Ну, ну! — крыху сумеўшыся, Рычард амаль па сяброўскі паляпаў Томсана па плячы. — Я зусім не гэта меў на ўвазе! Дакладней, я, наогул, нічога не меў на ўвазе. Проста спытаў і ўсё. Дарэчы, а куды мы ідзем зараз?
— Ну... — Томсан спыніўся. — Я хацеў паказаць вам спачатку вашы асабістыя пакоі, каб вы маглі перапрануцца...
“У што? — ледзь не вырвалася ў Рычарда. — Ці ён здзекуецца спецыяльна? Няўжо не адчувае, што мая сумка...”
— У вашых пакоях шмат рознага адзення, сэр, — нібыта прачытаўшы думкі маладога чалавека, прагаварыў Томсан. — Містэр Мерыдзью быў амаль вашага росту і нават вашага, прыкладна, целаскладу. Цікавае супадзенне, ці не так, сэр?
— Вельмі цікавае! — холадна адказаў Рычард. — Але ў першую чаргу я б хацеў убачыць кабінет!
У тым пісьме, якое ён атрымаў ад натарыуса, гаварылася пра кабінет. Кабінет у першую чаргу. Усё астатняе потым.
— Слухаю, сэр! — роўным голасам сказаў Томсан, і яны спачатку пайшлі ў зваротны бок, а потым, наогул, пачалі спускацца кудысьці ўніз па вузкай металічнай лесвіцы.
— Куды мы ідзем? — не вытрымаў нарэшце Рычард. — Чаму мы спускаемся ў гэтае скляпенне?
— Там кабінет, сэр! — сказаў Томсан, не азіраючыся.
* * *
— Вось ён, сэр!
Ашаломлены Рычард нейкі час толькі моўчкі пазіраў на масіўныя металічныя дзверы з вялікім мноствам замкоў, засоваў і ўсяго іншага.
— Слухай, а ты не памыліўся, часам? — ён паглядзеў на Томсана. — Гэта, хутчэй, нейкае бомбасховішча.
Як і ва ўсіх дварэцкіх у Томсана былі, здаецца, праблемы з гумарам.
— Гэта не бомбасховішча, сэр, — прагаварыў ён роўным голасам. — У містэра Мерыдзью не было бомбасховішча.
Ён націснуў нейкую кнопку на сцяне і там нечакана расчыніліся маленькія патаемныя дзверцы. Знутры быў самы сапраўдны пульт з мноствам кнопак і рычажкоў.
— Вы хочаце, каб я адчыніў вам кабінет, сэр? — спытаўся Томсан.
— Ну, вядома ж! — Рычард ужо пачаў губляць цярпенне. — Чаму, па твойму, мы сюды прыйшлі, чорт пабяры!
— Хвіліначку, сэр!
І Томсан пачаў націскаць нейкія кнопкі і шчоўкаць рознымі рычагамі. “Хвіліначка” зацягвалася і Рычард зноў пачаў губляць цярпенне. Хутчэй бы ўсё гэта скончылася!
— Скажы, Томсан, — спытаў ён, — а мой... містэр Мерыдзью, ён так і жыў тут адзін? Я ўжо зразумеў, што дзяцей у яго не было. А жонкі? Жончыны родзічы, яны могуць прад’явіць прэтэнзіі...
— У містэра Мерыдзью не было жонкі, — адказаў Томсан, працягваючы нейкія маніпуляцыі з пультам. — У яго, наогул, нікога не было. Нават бацькоў.
— Што? — Рычард адчуў раптам, як нешта непрыемнае і трывожнае варухнулася дзесьці пад ложачкай, але ён так і не зразумеў прычыны гэтай раптоўнай трывогі. — Ты хочаш сказаць, што ён не наследваў гэты дом і ўсё сваё багацце ад бацькоў?
— Не, сэр! — Томсан нарэшце павярнуўся ў бок Рычарда. — Усё гэта дасталося яму ад аднаго родзіча. Вельмі далёкага.
“Яшчэ адно супадзенне, — міжволі падумалася Рычарду. — Ці не зашмат іх, такіх супадзенняў!”
— У той час містэр Мерыдзью быў яшчэ вельмі малады, як і вы зараз, — працягваў між тым Томсан. — І прозвішча ў яго было іншым...
“Як і ў мяне!” — дакончыў за яго Рычард, не ўслых, праўда. Вось ужо некалькі дзён насіў ён прозвішча Мерыдзью, але да гэтага часу так і не змог з ім звыкнуцца канчаткова. Напэўна, на ўсё патрэбен час.
— І кім тады быў містэр Мерыдзью? — спытаўся ён, амаль упэўнены ў тым, што і на гэты раз супадзенне будзе поўным. Але памыліўся.
— Ён быў студэнтам. — сказаў Томсан. — Студэнтам—медыкам. І, здаецца, падаваў вялікія надзеі. Але, атрымаўшы спадчыну, кінуў усё гэта і пасяліўся тут. І пражыў тут усё сваё жыццё, амаль нікуды не выязжаючы...
Выцвілыя вочы старога слугі зноў паглядзелі на Рычарда з трывожным нейкім чаканнем. Ты ж зробіш тое ж самае, — нібыта казалі яны. — Ты проста павінен гэта зрабіць! І ўсё пойдзе, як раней...
“Не пойдзе! — Рычард уздыхнуў у думках. — Няхай містэр Мерыдзью, дакладней, ужо экс—містэр Мерыдзью кінуў сваю медыцыну... пэўна, не вельмі ён быў да яе і прывязаны! Я ж ведаю, што я — добры акцёр! Я проста выдатны акцёр, і ўсе тыя бяздарнасці, якія не хочуць мяне здымаць... цяпер я змагу абыйсціся і без іх. Я куплю сабе студыю і сам буду здымаць фільмы! І я буду здымацца ў кожным з гэтых фільмаў, і стану знакамітым! Нарэшце я стану знакамітым, няхай нават і пад гэтым смешным прозвішчам”
— Вось і ўсё, сэр! — Томсан расчыніў масіўныя металічныя дзверы і адыйшоў у бок. — Можаце заходзіць!
Рычард паглядзеў у чорны праём і ў яго зноў непрыемна засмактала пад ложачкай.
— Ідзі першым, Томсан! — сказаў ён. — Ну, чаго ты чакаеш?
Але, на яго здзіўленне, Томсан нават не паварушыўся.
— Прабачце, сэр, — прагаварыў ён ледзь чутна, — але містэр Мерыдзью забараніў мне заходзіць у кабінет!
— Забараніў?
Томсан кіўнуў.
— Так, сэр! У той дзень, калі містэр Мерыдзью разлічыў слуг, ён прывёў мяне сюды і паказаў гэтыя дзверы...
— Пачакай! — Рычард здзіўлена паглядзеў на дварэцкага. — Ты хочаш сказаць, што за сорак гадоў службы ты ўпершыню ўбачыў гэтыя дзверы толькі некалькі дзён назад? Я табе не веру!
— Але гэта так, сэр!
У задумленні Рычард паглядзеў у суцэльную цемру напалову адчыненых дзвярэй, потым зноў перавёў погляд на Томсана.
— А сам містэр Мерыдзью... ён часта сюды заходзіў?
Томас задумаўся.
— Не ведаю, сэр! — шчыра прызнаўся ён. — Не магу прыпомніць ні адзінага выпадку, каб ён спускаўся сюды хоць калі—небудзь...
— Цікава! — Рычард задумліва паглядзеў на тоўстыя металічныя створкі. — Дык ты не ведаеш, што там, знутры?
Пытанне было чыста рытарычным, і, можа, таму Томсан нічога не адказаў.
— І не хочаш даведацца?
Томсан крыху варухнуўся.
— Не хачу, сэр, — прамовіў ён і, памаўчыўшы крыху, дадаў: — Містэр Мерыдзью забараніў мне рабіць гэта, сэр!
— А я здымаю забарону! — Рычарду чамусьці вельмі хацелася, каб Томсан першым прайшоў у непрыемную гэтую цемру, першым апынуўся там, знутры. — Томсан, я зараз твой гаспадар! І я загадваю табе, чуеш, я загадваю табе зайсці туды першым!
Але Томсан, як гэта не дзіўна, і пасля гэтага застаўся на месцы.
— Вы можаце звольніць мяне, сэр! — сказаў ён усхвалявана. — Але я не парушу загаду былога свайго гаспадара! Перад смерцю ён узяў з мяне клятву, што я ні ў якім разе не пераступлю дзвярэй кабінета! Нават пад пагрозай звальнення! Я даў клятву, сэр!
Томсан змоўк.
— Ну, калі так... — Рычард паціснуў плячмі. — Тады можа падкажаш мне, дзе там уключаецца святло. Спадзяюся, гэта табе не забаронена былым тваім гаспадаром? — дадаў ён з сарказмам у голасе.
Але сарказм не дзейнічаў на Томсана. Магчыма, ён яго, як і гумар, проста не ўспрымаў.
— Гэта не забаронена, сэр! — сказаў ён спакойна. — Тым больш, што нічога ўключаць не трэба. Святло павінна запальвацца аўтаматычна, як толькі вы пераступіце дзвярны праём.
                                                                              * * *
Святло сапраўды запальвалася само, як толькі Рычард пераступаў чарговы дзвярны праём. Так, яму прыйшлося расчыніць яшчэ некалькі дзвярэй, перш чым ён апынуўся нарэшце ў кабінеце...
У, так званым, кабінеце.
Бо гэта быў ніякі не кабінет, ва ўсялякім разе, не такі кабінет, якім яго ўяўляў сабе Рычард. Ды і большасць людзей таксама.
Гэта быў проста невялікі пакойчык, пасярод якога стаяў прыземісты металічны стол і металічнае ж крэсла побач з ім. Сцены пакойчыка таксама былі, здаецца, металічнымі, на іх не было нічога. Зусім нічога.
У пісьме не ўпаміналася аб тым, што павінен ён убачыць у кабінеце. Там гаварылася, што ён павінен зайсці ў кабінет і...
І сесці за стол...
А што потым?
У пісьме аб гэтым таксама нічога не казалася. І не дзіўна! Што такога адбудзецца, нават калі ён усядзецца ў гэтае нязручнае металічнае крэсла? Што ён будзе рабіць далей? Вывучаць нейкія паперы? Але ж іх тут не было, аніякіх папер, у стале гэтым не было нават шуфлядак... звычайны металічны стол на чатырох выгнутых ножках...
Першым памкненнем Рычарда было проста развярнуцца і пайсці назад, але ён, чамусьці, застаўся на месцы. Пакуль што інструкцыі з пісьма яго не падводзілі... магчыма, яму і сапраўды трэба сесці ў нязручнае гэтае крэсла. А далей... далей будзе бачна!
Павагаўшыся яшчэ хвіліну ці дзве, Рычард падыйшоў да стала, апусціўся ў крэсла і...
І нічога не адбылося. Нічога, за выключэннем таго, што сцяна насупраць аказалася цалком люстраной, і ён убачыў там сваё адлюстраванне. І адчуў, як смешна, па—ідыёцкі нават, выглядае за нізкім гэтым сталом.
А потым яму стала зусім не да смеха, бо, калі ён устаў з—за стала, ягоны адбітак у люстры нават не варухнуўся. Ён сядзеў па—ранейшаму і не зводзіў з Рычарда уважлівага свайго позірку.
“Гэта не люстра! — падумалася раптам Рычарду. — Гэта простае шкло, а там за ім чалавек, падобны на мяне... вельмі падобны на мяне...”
Чалавек за шклом быў не проста падобны на Рычарда, гэта быў сам Рычард, але ў люстраным адбіцці. Цяпер ён таксама ўстаў і падыйшоў бліжэй да шкляной перагародкі, якая іх раздзяляла. Нейкі час яны глядзелі адзін аднаму ў вочы, потым чалавек за шклом усміхнуўся.
— Ты здзіўлены? — спытаў ён Рычарда. — А між тым усё проста: я — гэта ты!
— А я? — спытаў Рычард, проста, каб штосьці спытаць.
Чалавек за шклом ціха засмяяўся.
— А ты — гэта я! Гэта ж так проста!
“Вельмі проста!” — падумалася Рычарду. Падробка была проста выключнай, менавіта такім і бачыў сябе Рычард заўжды, як толькі глядзеўся ў люстэрка. Нават невялікі парэз на левай шчацэ, зроблены сёння раніцай брытвай...
На левай?! Чаму на левай?! У люстраным адбітку парэз павінен быў быць на правай шчацэ... тыя, хто ўсё гэта арганізаваў і здзейсніў, крыху памыліліся.
Ці не памыліліся?
Машынальна ён узняў руку, дакрануўся ёй да левай сваёй шчакі. Парэзу не было.
— Ён у цябе на правай, — сказаў чалавек за шклом. — Няўжо цяжка здагадацца!
— На правай?
Рычард памацаў правую шчаку, наткнуўся на пашкоджанае месца, зноў апусціў руку.
“Нічога не разумею! — падумалася яму. — Я парэзаў левую шчаку! Менавіта левую, добра гэта памятаю! Ці пераблытаў?”
Гэта было адзіным разумным тлумачэннем і Рычард ужо амаль у яго паверыў, але тут погляд ягоны ўпаў на правую сваю руку і знутры нешта адразу ж пахаладзела.
На ёй быў гадзіннік!
Але ж гадзіннік павінен быць на левай руцэ, і Рычард заўсёды насіў яго менавіта на левай, масіўны залаты гадзіннік, адзінае, што засталося ў яго ад бацькоў! А на правай... на правай павінен быць шкнар ад даўняй і няўдалай спробы самагубства...
Нейкі час Рычард моўчкі глядзеў на свае рукі, потым знясілена іх апусціў. Ён усё яшчэ нічога не разумеў.
— Хто ты? — хрыпла і амаль невыразна спытаў ён свайго двайніка за шклом. — І што ўсе гэта азначае?
Двайнік усміхнуўся і Рычард, сам таго не жадаючы, раптам таксама ўсміхнуўся яму ў адказ, так і не зразумеўшы, навошта ён гэта зрабіў.
— Адказваю на першае пытанне, — сказаў чалавек за шклом. — Я — Рычард Боўлі, няўдалы акцёр, на днях атрымаўшы ад свайго далёкага родзіча ў спадчыну гэты дом і каля ста сарака мільёнаў у акцыях і каштоўных паперах, а таксама яго прозвішча і тытул. І ў гэты самы час я стаю ў кабінеце свайго папярэдніка, каля люстраной сцяны, і бачу перад сабой... — чалавек змоўк на хвіліну і раптам падмігнуў Рычарду... і Рычард, ахоплены жахам, таксама падмігнуў яму, зноў таго не жадаючы. — Ну што, цяпер ты зразумеў, хто ты ёсць на самой справе?
Паветра дзіўна змянялася вакол Рычарда. Яно стала нязвычна густым і вязкім, яно, нібыта нейкая нябачная патака, абвалаквала Рычарда з усіх бакоў, не дазваляючы яму нават варухнуцца. І калі чалавек за шклом узняў над галавой правую сваю руку — левая рука Рычарда сінхронна узнялася ўслед за ёй.
— Ты маё адлюстраванне! — працягваў між тым чалавек з—за шкла, і Рычард паслухмяна паўтараў кожнае ягонае слова. — А ты вырашыў, што гэта я тваё адлюстраванне, так?
Адказваць Рычард не мог, ніводны мускул не падпарадкоўваўся яму. Бегчы, бегчы! — крычала перапалоханная ягоная падсвядомасць, але бегчы не было куды. Гэта была пастка, і ён у яе трапіў, паквапіўшыся на багацце. Ён забыўся, што бясплатны сыр бывае толькі ў мышалоўцы!
Вусны чалавека за шклом зноў заварушыліся, і сінхронна з імі заварушыліся вусны Рычарда.
— Ты хутка памрэш, — казаў чалавек за шклом. — Ты знікнеш, як толькі я выйду адсюль. І можа невялікім суцяшэннем для цябе будзе тое, што ты далёка не першы. Той студэнт—медык... а перад ім быў просты марак без роду—племені, а да яго.. Колькі іх было! Галоўнае — маладосць, здароўе, прыгожы знешні выгляд. Ну і, зразумела, ніякіх блізкіх родзічаў, аб гэтым я таксама заранне збіраю усе звесткі, перш чым...
Не дагаварыўшы, чалавек павярнуўся, і Рычард таксама паслухмяна гэта зрабіў. Ён не ішоў нават, ногі самі вялі яго да выхаду, але Рычард разумеў, што ніякі гэта не выхад, што сапраўдны выхад з таго боку шкла. З кожным новым крокам паветра ўсё мацней сцісквала яго ў сваіх абдымках, у вачах цямнела... але спыніцца ён у