Генадзь Аўласенка з тых пісьменнікаў, якіх не палохаюць ніякія крызісы — ні эканамічныя, ні духоўныя. Сельскі настаўнік, які многія гады выкладае біялогію ў розных школах Чэрвеньшчыны, ён яшчэ піша вершы, п’есы, апавяданні... І галоўнае — вельмі шмат піша для дзяцей. Творы Генадзя Аўласенкі часта друкуюцца — літаральна ва ўсіх дзіцячых газетах і часопісах краіны, ды і ў часопісах “Маладосць”, “Полымя”, у газеце “Літаратура і мастацтва”... (Кастусь Ладуцька "Адкуль прыходзяць казкі?")

...Надзяваючы акуляры, Вольга думала толькі пра цемру, якая панавала навокал, праз якую яна ніяк не магла разгледзіць твары сваіх нечаканых суразмоўцаў. Асвятляльныя гэтыя акуляры павінны былі даць ёй такую магчымасць...яна гатовая была нават да таго, што рукі падлеткаў будуць па локаць у крыві, што нават твары дзяцей зменяцца да непазнавальнасці, скрыўленныя злымі, звярынымі нават грымасамі...Але да таго, што яна ўбачыла, Вольга не была гатовая. Зусім нават не была... ("Акуляры")
hline

Закаханая


У пярэдняй дзінькнуў званок, і жанчына, маладая і прыгожая нібыта кіназорка, адразу ж кінулася да дзвярэй, ліхаманкава іх расчыніла.
— Ты!
У паўзмроку лесвічнай пляцоўкі стаяў невысокі прыземісты мужчына ў доўгім скураным паліто і такім жа скураным капелюшы. І капялюш, і паліто былі мокрымі ад дажджу.
— Ты! – паўтарыла жанчына, голас яе задрыжэў ад хвалявання. – Чаму ты не прыходзіў так доўга?!
Не адказваючы, мужчына павольна ўвайшоў у пярэднюю. Сцягнуўшы з сябе мокрае, цяжкае паліто, кінуў яго прама на рукі жанчыны. Потым зняў капялюш, падумаў крыху і, крыва ўсміхнуўшыся, насунуў яго на пышныя, прыгожа ўкладзеныя валасы жанчыны.
— Я не прыходзіў, таму што быў заняты, — сказаў ён нарэшце, ляніва пазіраючы, як жанчына, падобная на кіназорку, чапляе на алені рог ягоны мокры капялюш, з якой цяжкасцю вешае яна паліто. – Вельмі заняты. Учора, напрыклад, я начаваў у Жанэты. Ты памятаеш Жанэту?
Жанчына нічога не адказала, але па таму, як здрыгануліся худзенькія яе плечыкі, можна было ўявіць, наколькі непрыемным было для яе гэтае прызнанне.
— А пазаўчора я быў у Марынкі, — з нейкай незразумелай помслівай асалодай працягваў між тым мужчына. – Яе ты не ведаеш, здаецца. Ці ведаеш? – ён змоўк, нібыта ў чаканні адказу, але тут жа дадаў зусім іншым тонам: — Чаравікі здымі!
Жанчына моўчкі апусцілася на калені і пачала таропка здымаць з ног мужчыны брудныя, мокрыя чаравікі. Акуратна паставіла іх на падстаўку.
— Пантофлі! – усё тым жа кіраўнічым тонам прагаварыў мужчына. – Зноў няма?!
Жанчына бездапаможна азірнулася па баках.
— Ну! Дзе пантофлі?
— Вазьмі мае, — знайшлася жанчына, здымаючы пантофлі. – Яны вялікія.
— Вялікія!
Нетаронка засунуўшы ногі ў мяккія цёплыя пантофлі, мужчына, усё гэтак жа нетаропка рушыў у глыб кватэры, па ўсяму бачна, добра яму знаёмай. Жанчына ішла следам і, здавалася, не зводзіла з яго свайго пяшчотна—ўсхваляванага позірку.
Гэта было тым больш дзіўна і незразумела, што ніякай асаблівай прывабнасцю мужчына не вылучаўся. Больш таго, быў ён нейкім вельмі ўжо непрыгожым, з шырокім плоскім тварам, з рэдкімі цьмянымі валасамі, праз якія яскрава прасвечвалася ранняя лысіна. Маленькія сонныя вочкі і доўгі тонкі нос мужчыны таксама ніякім чынам яго не ўпрыгожвалі.
— Ты галодны? – спытала жанчына, спыняючыся насупраць кухні, але мужчына, адмоўна крутануўшы галавой, адразу ж павярнуў у бок спальні, і яна, уздыхнуўшы, паслухмяна рушыла следам. Увайшоўшы ў спальню, жанчына спынілася. Мужчына ўжо распранаўся, цяжка сапучы і раскідваючы адзенне па падлозе.
— Ну! – буркнуў ён, не азіраючыся. – Чаго ты чакаеш?!
Жанчына не варухнулася, і тады мужчына павярнуўся ў яе бок.
— Не зразумеў! – сказаў ён здзіўлена. – Што з табой сёння?
— Адпусці мяне! – ледзь чутна прагаварыла жанчына. – Адпусці мяне, калі ласка!
— Што? – мужчына паціснуў плячыма. – Аб чым ты?
— Ты ведаеш, аб чым!
Мужчына нічога не адказаў. Ён толькі зноў паціснуў плячыма.
— Ты ўжо спаўна разлічыўся са мной за ўсё! За тое, што я... – жанчына змоўкла на імгненне. – Ты спаўна разлічыўся са мной за ўсё!
— Спаўна?! – нейкая нядобрая ўсмешка перакасіла раптам вузкія вусны мужчыны. – За тыя два гады, поўныя прыніжэння і пагарды?! За ўвесь той час, калі ты смяялася мне прама ў твар, смяялася над маёй знешнасцю, над кожным маіх рухам альбо словам... над маім каханнем да цябе! І ты лічыш, што мы ўжо ў разліку?! Ну, не!
Мужчына раптам змоўк, кінуў хуткі позірк ў бок жанчыны і зноў крыва ўсміхнуўся.
— А ў рэшце рэшт, я не разумею аб чым ты, — ляніва даў ён, працягваючы распранацца. – Можа святло патушыць?
— Ды ўсё ты разумееш! – закрычала раптам жанчына, падбягаючы да ложка. – Усё разумееш! Што здарылася на той вечарынцы ў цябе, што я выпіла такога?! Што ты мне падсыпаў тады?! Чаму я так змянілася, чаму стала такой?! І колькі ў цябе яшчэ такіх як я?!
Жанчына змоўкла і, паваліўшыся на ложак тварам уніз, заплакала горка і безнадзейна. Яна плакала, а мужчына стаяў побач з ложкам і моўчкі глядзеў на яе. Потым ён падыйшоў бліжэй і сеў побач. Асцярожна правёў рукой па аголенаму плячу жанчыны.
— Ну, не трэба, не трэба! – сказаў ён амаль пяшчотна. – Табе што, кепска са мной? Калі кепска – ты так і скажы!
— Адпусці мяне! – праз слёзы прашаптала жанчына, не ўзнімаючы галавы. – Я цябе вельмі прашу!
— Ты хочаш, каб я больш да цябе не прыходзіў? – тон мужчыны быў нейкі ўпэўнена—насмешлівы. – Ты гэтага хочаш? Чаму ж тады ты кожны дзень мне тэлефануеш, моліш аб сустрэчах, клянешся ў вечным каханні? Як гэта разумець?
— Адпусці мяне! – зноў прашаптала жанчына і, павярнуўшы галаву, паглядзела на мужчыну вачыма поўнымі слёз. – Зрабі, каб усё стала, як раней!
— Як раней?!
Адкінуўшы галаву, мужчына раптам весела зарагатаў.
— Ну ты і жартаўніца! Як раней... – ён змоўк, уважліва паглядзеў на заплаканы і ўсё ж такі прыгожы нават зараз жаночы твар. – А з чаго ты ўзяла, што я магу гэта зрабіць? А калі б і мог... Ты лічыш, што раней мне было лепш?
Жанчына нічога не адказала, і тады мужчына дадаў, наперад ведаючы, які будзе адказ:
— Я магу не прыходзіць больш, калі табе гэта непрыемна.
Мужчына змоўк, адчуваючы, як уздрыгнула, напруглася раптам цела жанчыны, як сціснуліся сударгава маленькія яе кулачкі.
— Я магу пайсці нават зараз, — дадаў ён, уздымаючыся з ложка. – Калі ты гэтага так жадаеш!
— О, не!
Імгненна ўскінуўшыся ў ложку, жанчына моцна абхапіла шыю мужчыны гарачымі рукамі, прыпала дрыготкімі вуснамі да яго вуснаў.
— Не слухай мяне! – усхвалявана шаптала жанчына, пакрываючы бясконцымі пацалункамі твар, шыю, плечы мужчыны. – Не слухай мне, дурніцу! Я не змагу жыць, я памру, калі ты мяне кінеш! Я так кахаю цябе!
— Тады распранайся! – мужчына задаволена усміхнуўся і, адхіліўшы жанчыну, палез сапучы пад коўдру. – І святло выключы. Не зараз, потым...
Праз нейкія паўгадзіны ён ужо спаў, і моцна хроп у сне, час ад часу пачынаючы раптам мармытаць нешта неразборлівае. Жанчына ляжала побач і моўчкі глядзела ў цемру сухімі, шырока расплюшчанымі вачыма. Аб чым яна думала зараз – ведала толькі яна сама.