Генадзь Аўласенка з тых пісьменнікаў, якіх не палохаюць ніякія крызісы — ні эканамічныя, ні духоўныя. Сельскі настаўнік, які многія гады выкладае біялогію ў розных школах Чэрвеньшчыны, ён яшчэ піша вершы, п’есы, апавяданні... І галоўнае — вельмі шмат піша для дзяцей. Творы Генадзя Аўласенкі часта друкуюцца — літаральна ва ўсіх дзіцячых газетах і часопісах краіны, ды і ў часопісах “Маладосць”, “Полымя”, у газеце “Літаратура і мастацтва”... (Кастусь Ладуцька "Адкуль прыходзяць казкі?")

...І навошта напяльвала на сябе недарэчную гэту хламіду? І чыя яна, дарэчы? Дыяна ўздыхнула, узнялася з ложка і, асцярожна ступаючы босымі нагамі па халоднаму паркету, выйшла ў пярэднюю. Планіроўка пакояў тут была якраз такая ж, як і ва ўласнай яе кватэры, таму Дыяне было лёгка арыентавацца. На вешалцы, побач з дзвярыма, вісела шмат самага разнастайнага адзення, у тым ліку і жаночага, але нічога свайго Дыяна так і не знайшла... ("Прачнуўшыся раніцай")
hline

Дзень, калі не хапае дажджу


Дзесьці злева зноў пачуўся залівісты сабачы брэх. Сабакі кагосьці гналі. Можа зайца, а магчыма і лісіцу.
Брэх хутка набліжаўся, і Васіль пачаў ужо насцярожана азірацца па баках — у надзеі ўбачыць нарэшце даўгавухага небараку, які зараз імчыць праз лес, ні на што не звяртаючы ўвагі. Але ішлі хвіліны, зайца ўсё не было, а брэх набліжаўся і набліжаўся... і раптам у тым баку, зусім непадалёку ад Васіля, гулка і адрывіста грымнуў стрэл, за ім другі. І адразу ж сабакі перасталі брахаць.
“Браканьеры, — міжволі падумалася Васілю. — І не баяцца ж, чэрці!”
І ён вырашыў, што хутчэй за ўсё гэта быў не заяц. Улетку на зайца не палююць. Ніхто. Нават браканьеры. На лася — іншая справа. Ці, скажам, на дзікоў...
І раптам брэх аднавіўся зноў. Праўда, цяпер ён быў нейкім няўпэўненым, быццам сабакі, нечакана згубіўшы след, з усяе сілы стараюцца зноў яго адшукаць. Не жадаючы страчацца ні з сабакамі, ні тым больш з іх гаспадарамі, Васіль узяў крута ўправа і накіраваўся да знаёмага балотца, што на ўскрайку лесу.
“Пагляджу яшчэ там, і ўсё! — цвёрда вырашыў ён. — І трэба дамоў паварочваць! Няма грыбоў — навошта дарэмна ногі біць!”
У кошыку, які Васіль трымаў у левай руцэ, сарамліва перакочваліся з боку на бок некалькі невялікіх падасінавічкаў і падбярозавічкаў, а побач з імі сціпла жаўцела жменькі са дзве лісічак. Адзіны даволі рослы баравік выглядаў сярод усёй гэтай грыбной дробязі самым сапраўдным веліканам.
Сабачы брэх даўно ўжо сціх дзесьці ўдалечыні, стрэлаў таксама больш не чулася. І лес зноў зажыў сваім звычайным паўсядзённым жыццём. Кропелькі расы яшчэ дз—нідзе паблісквалі на шырокім лісці папараці, але прамені ўзыходзячага сонца хутка знаходзілі і адразу ж высушвалі гэтыя апошнія прыкметы раніцы. Дзень зноў абяцаў быць сонечным, бязвоблачным і надзвычай спякотным.
— Дожджыка б сюды! — уздыхнуў Васіль, са злосцю шпурляючы на зямлю чарговы чарвівы баравік. — Другі тыдзень гэткая спякота!
Наперадзе ўжо адчувалася балота, і Васіль павольна закрочыў ледзь прыкметнай сцяжынкай паўз яго, з дарэмнай надзеяй паглядваючы сабе пад ногі. Час ад часу рабіў кароткія вылазкі то ўправа, то ўлева ад сцяжынкі. Перамяшчаючыся гэткім вось манерам, ён даволі хутка дайшоў да добра знаёмага яму будана, па—майстэрску зробленага з засохлых галінак алешніку, тонкага беразняку і вербалозу...
Будан быў ужо даволі стары. Пабудаваў яго, напэўна, нейкі заўзяты паляўнічы, каб вясной паляваць на цецерукоў. Побач якраз і знаходзілася вялікае іх такавішча. Але гэта было даўно, некалькі апошніх гадоў будан ужо ніхто не выкарыстоўваў, ды і цецерукоў амаль што не засталося ў наваколлі. А вось будан застаўся. І стаяў упарта на ранейшым месцы, узвышаючыся сярод высокай травы нейкім недарэчным помнікам...
Сам па сабе будан не вельмі цікавіў Васіля, але побач з ім амаль заўсёды трапляліся лісічкі. Хоць некалькі ды было. І Васіль спадзяваўся, што і на гэты раз будан не падмане ягоных спадзяванняў. Па праўдзе кажучы, на сёння гэтае спадзяванне было ці не самым апошнім.
Каля будана Васіль і сапраўды адразу ж натрапіў на цэльнае радовішча лісічак. Узрадаваны знаходкай, ён хуценька зразаў грыбы і гэтак жа хуценька, нягледзячы, кідаў іх у кошык. Потым лісічкі скончыліся. Васіль збіраўся пакрочыць ужо далей, як раптам... у будане хтосьці слаба варухнуўся.
Ад нечаканасці Васіль адразу ж таропка адскочыў убок і, спыніўшыся, застыў нерухома, не зводзячы насцярожаных вачэй з будана.
Там хтосьці быў!
— Хто тут?! — выгукнуў Васіль і змоўк, прыслухоўваючыся.
І, як бы ў адказ на ягоны вокліч, у будане зноў заварушылася, а потым да вушэй Васіля данёсся нейкі ціхі ўздых ці то ўсхліп.
Васіль адчуў раптам, не тое каб страх, але штосьці вельмі падобнае на яго. Захацелася проста павярнуцца і пайсці прэч, пайсці не азіраючыся, толькі б далей адсюль, як мага далей...
Але Васіль застаўся на месцы. Праўда, падыйсці бліжэй і зазірнуць туды... на гэта ў яго смеласці пакуль не хапала. Таму ён стаяў і пазіраў на загадкавы гэты будан... і працягвалася гэта даволі доўга.
А потым яму стала сорамна.
Ды што ж гэта, на самой справе, мужчына ён ці не!
І Васіль, павольна расправіўшы плечы, рушыў да будана, на ўсялякі выпадак моцна сціснуўшы у правай руцэ свой невялікі сцізорык.
У будане і сапраўды хтосьці знаходзіўся. Гэты “хтосьці” ляжаў там нерухома. І быў ён несумненна чалавекам. Дзіўна толькі, што чалавек гэты быў зусім без адзення. А калі Васіль прыгледзіўся больш уважліва, ён раптам зразумеў, што перад ім жанчына.
“Так! — міжволі падумалася яму. — Гэтага мне яшчэ не хапала!”
Васіль амаль здагадваўся, што тут адбылося і як апынулася тут гэтая жанчына. Пайшла, пэўна, дурніца ў лес адна, ну і натрапіла на нейкіх мярзотнікаў. І вось ён, вынік...
Жанчына між тым зноў варухнулася і, расплюшчыўшы вочы, паглядзела на Васіля. Уражваў яе позірк: столькі ў ім было болю, жаху, адчаю. І яшчэ чагосьці такога, у чым Васіль так і не змог разабрацца адразу. Ён толькі ўздрыгнуў міжволі, а жанчына адвяла позірк і зноў стомлена заплюшчыла вочы.
“Так! — зноў падумалася Васілю. — І што ж мне зараз рабіць з ёй?”
Жанчына была маладая і прыгожая — гэта Васіль заўважыў адразу. І яшчэ заўважыў, што правая рука ў яе ў крыві. Больш ён нічога не змог разглядзець, бо амаль адразу ж сарамліва адвёў позірк.
— Перавяжы мне руку! — нечакана падала голас жанчына.
Голас яе быў крыху хрыпаты, стомлены, але, нягледзячы на гэта, даволі прыемны.
— Зараз! — замітусіўся Васіль. — Я зараз!
Ён таропка скінуў з сябе вятроўку, потым зняў кашулю і, крыху павагаўшыся, сцягнуў праз галаву майку.
— Зараз!
Васіль пачаў таропка адрываць ад майкі роўныя доўгія палоскі. Потым, вырашыўшы, што іх ужо дастаткова, пачаў старанна і акуратна рабіць перавязку, па—ранейшаму стараючыся не глядзець на аголенае жаночае цела побач з сабой. Раз—пораз пры гэтым яму давялося дакрануцца дрыжачымі пальцамі то да грудзей, то да жывата невядомай гэтай жанчыны. І чамусьці выпадковыя гэтыя дакрананні ўносілі ў сэрца Васіля нейкае асабліва трывожнае хваляванне, і яшчэ нешта, зусім ужо незразумелае. І ён амаль што шкадаваў, калі ўсё было скончана і яму зноў прыйшлося адвярнуцца і глядзець убок...
— Чаму ты адвярнуўся? — раптам спытала жанчына. — Я табе не падабаюся?
Гэтае пытанне застала Васіля знянацку.
— Што? — разгублена прагаварыў ён, паварочваючыся да жанчыны.
Жанчына усміхнулася.
— Я ж падабаюся табе, вельмі падабаюся. Хіба ж я не бачу!
Васіль усяго чакаў ад яе: падзякі, папроку немаведама за што, таропкай блытанай споведзі пра тое, што ж з ёй такое адбылося. Ён быў гатовы нават да істэрычных бясконцых слёз незнаёмкі... ён быў гатовы да ўсяго, але толькі не да гэтага...
“Яна не падобная на згвалтаваную! — міжволі падумалася Васілю. — Зусім непадобная!”
Але ж хто яна тады на самой справе, як патрапіла сюды? І чаму яна без адзення?
— Ідзі да мяне! — пяшчотна прашаптала жанчына. — Ідзі... ну!
Васіль раптам адчуў, як цёплыя жаночыя далоні асцярожна слізганулі па ягонай аголенай спіне.
— Ідзі да мяне! — зноў прашаптала жанчына. — Ідзі, не бойся! Ты ж жадаеш гэтага, жадаеш, праўда?
Але, замест жадання, Васіль раптам адчуў... страх. Ён баяўся, баяўся гэтай дзіўнай жанчыны, якая немаведама як апынулася тут, на гэтым балоце. Хто яна? Адкуль узялася? І дзе яе вопратка?
— Паглядзі на мяне! — зноў пачуў ён пяшчотны заварожваючы голас. — Я прыгожая! Я вельмі прыгожая! Зірні!
І Васіль, не жадаючы таго і адначасова не маючы болей сілы працівіцца спакусе, спачатку асцярожна, а потым ужо смялей зірнуў ёй у твар і нібыта аслупянеў, зачараваны асляпляльным яе хараством.
Спыніўся час. Часу наогул не існавала больш. І нічога не існавала ў сусвеце. Нічога больш не мела значэння, нічога, акрамя таемнай пяшчотнай бездані вачэй незвычайнай гэтай жанчыны.
— Пацалуй мяне! — аднекуль здалёк, нібыта ў сне, пачуў Васіль. І нібыта ў сне вусны ягоныя дакрануліся да гарачых яе вуснаў. І ў гэты самы час дзесьці зусім недалёка і зусім нечакана пачуўся гучны сабачы брэх.
І чары скончыліся.
Ашаломлены Васіль, адкінуты ўбок нечаканым штуршком, убачыў раптам перад сабой звычайную і да паўсмерці перапалоханую жанчыну. Скурчыўшыся ў камячок, яна запаўзла ў самы далёкі куток будана і пазірала адтуль на Васіля адчайным, зацкаваным позіркам.
— Не аддавай мяне ім! — хутка і трывожна шапталі яе дрыготкія вусны. — Я прашу цябе, я цябе вельмі прашу! Не аддавай мяне ім!
Нічога не разумеючы, Васіль тым не менш імгненна выскачыў з будана. І адразу ж убачыў сабак. Яны былі ўжо зусім побач, два вялізныя рудыя ганчакі.
Убачыўшы чалавека, сабакі адразу ж спыніліся, але брахаць не перасталі.
— Ану, цыц! — прыкрыкнуў на іх Васіль і ўхапіў з зямлі нейкі сукаваты дручок. — Пайшлі адсюль!
Сабакі адскочылі крыху ўбок, змоўклі на імгненне, але амаль адразу ж зноў заліліся гучным брэхам.
— Пайшлі адсюль! — што ёсць моцы закрычаў Васіль, спалохана размахваючы кіем. — Каму сказаў!
І тут ён зразумеў... дайшло нарэшце да Васіля, што сабакі брэшуць зусім не на яго. Яны абрэхвалі будан...
Вось адзін з ганчакоў зрабіў шырокі паўкруг і паспрабаваў прабіцца да будана з процілеглага боку, але Васіль быў напагатове.
— Пайшоў ты! — злаўчыўшыся, ён так перацягнуў ганчака па спіне, што той адразу ж адскочыў з гучным скавытаннем. Але другі ганчак у той жа час імкліва кінуўся наперад, і Васіль ледзь—ледзь паспеў загарадзіць яму дарогу.
“Гэтак доўга не вытрымаю! — цяжка дыхаючы, падумаў Васіль. — Пашалелі яны, ці што?!”
— Валдай! Гром! Фу! — пачуўся аднекуль гучны ўпэўнены голас. — Ану, да мяне!
Васіль азірнуўся. З лесу павольна выходзілі двое мужчын. У руках у іх былі паляўнічыя стрэльбы. Убачыўшы Васіля, мужчыны спыніліся і адразу ж закінулі стрэльбы за плечы.
“Браканьеры! — падумалася Васілю. — А можа, і горш...”
Мужчыны між тым падыйшлі бліжэй. Пярэдні, з барадой, першай справай ухапіў сабак за ашыйнікі і хутка, з дапамогай таварыша, накінуў на іх павадкі. Потым, перадаўшы павадкі сябру, барадач падыйшоў да Васіля.
— Вы ўжо выбачайце нас, калі ласка! — сказаў ён, усміхаючыся Васілю шырокай адкрытай усмешкай. — Не ведаю, што з імі сталася. Ніколі такога не было, каб на чалавека кідаліся. Курыце?
Барадач выцягнуў з кішэні крыху пакамячаны пачак цыгарэт.
— Не куру! — адказаў Васіль, усё яшчэ трымаючы ў руцэ кій і адчуваючы сябе неяк няёмка, у першую чаргу з—за таго, што быў распрануты.
— І правільна робіце! — адобрыў барадач і закурыў сам. — Я вось таксама ўсё збіраюся кінуць. І ніяк не магу. А вы што, па грыбы хадзілі?
І ён хуценька зірнуў на Васілёў кошык.
— Няма грыбоў! — Васіль па—ранейшаму адчуваў сябе даволі няёмка, але першае пачуццё разгубленасці ўжо прайшло. Ён адкінуў кій убок і дадаў: — Вось вырашыў крыху адпачыць. Горача вельмі.
— Горача, — згадзіўся барадач. — Дождж трэба!
Ён перахапіў насцярожаны позірк Васіля, накіраваны на ягоную стрэльбу і ўхмыльнуўся.
— Здзіўляецеся, што са стрэльбамі? Вы не думайце, мы не на паляванні. Тут іншае...
— Воўк! — дадаў таварыш барадатага. Ён па—ранейшаму з цяжкасцю стрымліваў раз’юшаных сабак, якія так і рваліся да будана. — Ды што гэта з імі сёння?!
— Воўк?! — перапытаў Васіль, ледзь не злякаўшыся. — Які воўк?
— Звычайны! — барадач паціснуў плячыма. — А хутчэй за ўсё шалёны. Напаў раніцай на даярак, яны на ферму ішлі. Потым пастуха пагрыз. Нам патэлефанавалі ў райцэнтр... на жаль толькі мы ўдвух і змаглі вырвацца. Было б больш людзей — нікуды б ён ад нас не дзеўся!
— Ён і так нікуды ад нас не дзенецца! — змрочна дадаў другі паляўнічы. Ён быў маладзейшы, без барады, але з фарсістымі чорнымі вусікамі. — Я ўсё ж падраніў яго, гада!
— Падраніў! — насмешліва хмыкнуў барадач. — Здалося табе!
— Не здалося! — упарта стаяў на сваім паляўнічы з вусікамі. — Я яму пярэднюю лапу перабіў! Сам бачыў, як падскочыў!
— Ну, хай будзе так! — барадач затушыў недакурак аб падэшву бота. — Пайшлі, ці што!
Яны падаліся прэч, цягнучы за сабой на павадках сабак. Ужо знікаючы між дрэў, барадач азірнуўся.
— Вы б лепш не хадзілі тут, — заклапочана прамовіў ён. — Мала што... Лепш дахаты ідзіце. А то, можа, з намі?
Васіль адмоўна затрос галавой.
— Ну, глядзіце самі.
І паляўнічыя зніклі з вачэй.
Нейкі час Васіль па—ранейшаму стаяў нерухома і ўсё пазіраў і пазіраў ім услед. Нейкае дзіўнае адчуванне ахапіла яго раптам, адчування, не тое каб нерэальнасці ўсяго таго, што з ім адбывалася зараз, але ўсё ж чагосьці такога нязвыклага, незнаёмага, далёкага ад паўсядзённых шэрых будняў, чагосьці, што і палохала, і, адначасова, салодкім хваляваннем напаўняла душу...
— Ты мой! — гучаў у вушах Васіля дзіўны, чароўны голас. — Цяпер ты мой! Назаўсёды мой! Ідзі да мяне, ідзі, я чакаю!
“Бяжы адсюль! — адначасова шаптаў Васілю нейкі іншы голас, ціхі, ледзь чутны. — Бяжы з усіх ног і не азірайся нават! Бяжы зараз жа або пакліч тых паляўнічых, яны яшчэ недалёка!”
А сонца ўжо ўзнялася амаль над самай галавой. І ў лесе зноў станавілася вельмі задушна і спякотна. І вельмі не хапала ў гэтым лесе дажджу...