Генадзь Аўласенка з тых пісьменнікаў, якіх не палохаюць ніякія крызісы — ні эканамічныя, ні духоўныя. Сельскі настаўнік, які многія гады выкладае біялогію ў розных школах Чэрвеньшчыны, ён яшчэ піша вершы, п’есы, апавяданні... І галоўнае — вельмі шмат піша для дзяцей. Творы Генадзя Аўласенкі часта друкуюцца — літаральна ва ўсіх дзіцячых газетах і часопісах краіны, ды і ў часопісах “Маладосць”, “Полымя”, у газеце “Літаратура і мастацтва”... (Кастусь Ладуцька "Адкуль прыходзяць казкі?")

...Дрыжачай рукой Алег выхапіў з кішэні цыліндрык і з уся сілы націснуў на кнопку. Ён ужо не спадзяваўся нават, што цыліндрык нейкім чынам спрацуе... але той, як гэта не дзіўна, спрацаваў і спрацаваў на славу. Хлопца, які толькі што трымаў Алега за каўнер, ужо не было побач. Яго, наогул, нідзе не было, ён проста знік, знік гэтак жа таямніча і незразумела, як і той незнаёмец сёння раніцай... ("Лепшы сродак самаабароны")
hline

Бо Аракул не памыляецца


Чалавек ішоў па вуліцы, павольна, абыякава і, наогул, без усялякай пэўнай мэты. А побач з чалавекам ішоў дождж, не моцны, але дастаткова непрыемны для людзей у якіх адсутнічаюць парасоны.
Чалавек, які зараз ішоў па вуліцы, належыў менавіта да гэтай катэгорыі людзей. Тым не менш, здавалася, дождж гэты ніякім чынам не перашкаджаў яму... больш таго, чалавек нават і не заўважаў, што ўжо нейкі час побач з ім крочыць, мякка ступаючы, гэтая прыродная з’ява. Чалавеку было зусім не да дажджу і таму, пэўна, дождж хутка скончыўся.
“Навошта мне было задаваць ЯМУ менавіта гэтае пытанне?! – білася ў галаве чалавека адна—адзіная думка. – Навошта ён мне, наогул, выпаў, гэты выйграш! І што ж мне рабіць зараз?!”
Адказа на гэтае пытанне ў чалавека не было, ды яго і не магло быць. І выйсця таксама не магло быць, аніякага выйсця, бо АРАКУЛ ніколі і ні ў чым не памыляецца... дакладней, чалавеку не было вядома ніводнага такога выпадку...
І ўсё ж чалавек упарта працягваў шукаць шлях да выратавання...
А дзень пачынаўся добра, нават надзвычай добра пачынаўся для чалавека сённяшні дзень. І можа менавіта таму вырашыў ён наведаць АРАКУЛА сёння, а не адкладваць гэты свой візіт, як ён ужо рабіў неаднойчы.
ЧАМУ ЁН ЯШЧЭ АДЗІН РАЗ НЕ АДКЛАЎ ЯГО?!
І ў доме АРАКУЛА ўсё спачатку ішло таксама надзвычай добра, дакладней, звычна—будзённа... нават чаргі амаль не было, што чалавека вельмі парадавала. І, паказаўшы сваю ганаровую сінюю картку маўклівым ахоўнікам у аднолькавых серабрыста—бліскучых камбінізонах, чалавек ужо праз нейкія сорак хвілін са звычайным унутраным хваляваннем заходзіў у такую знаёмую, матава—чорную кабіну. Чалавек меў права на два пытанні ў год! Аж два пытанні!
Зразумела ж, ён ведаў, што існуюць людзі, якім дазволена і тры, і чатыры... а, можа, нават і пяць гадавых пытанняў – але ён ім не зайздросціў. Па—першае, такіх людзей, калі яны і сапраўды існавалі, было мала, вельмі мала... па—другое ж, куды больш было людзей, якія мелі права ўсяго толькі на адно—адзінае пытанне да АРАКУЛА ў год або нават у два гады. І, зразумела ж, існавалі людзі, якія, наогул, былі пазбаўлены ганаровага гэтага права. Іх, такіх людзей, было яшчэ больш: усе гэтыя правінцыялы, фермеры, жыхары нізавых кварталаў... і ўсе яны, зразумела ж, зайздросцілі яму і такім як ён самай чорнай зайздрасцю.
Зайшоўшы ў кабіну, чалавек моўчкі стаяў там і чакаў... нарэшце вакол яго знаёма ўспыхнула асляпляльнае святло, і кабіна адразу ж пачала чароўна відазмяняцца: з чорнай яна зрабілася ярка—сіняй, потым сіні колер паступова перацёк у зялёны... і нарэшце ўсё наўкол стала ярка—чырвоным. Гэта азначала, што асоба чалавека ўстаноўлена, усё ў парадку і ён можа нарэшце задаваць першае сваё пытанне.
Нягледзячы на тое, што многія з яго знаёмых амаль адкрыта гандлявалі пытаннямі, за вялікую, зразумела, плату, чалавек ніколі не апускаўся да гэтага. Ён заўсёды задаваў АРАКУЛУ толькі свае пытанні, свае асабістыя, разнастайныя па тэмах, хоць і ў строга акрэсленых рамках дазволенага. Вось і зараз, задаўшы пытанні і атрымаўшы на іх адказы, чалавек ужо збіраўся пакінуць кабіну, як раптам па сценах яе зноў прабегла рознакаляровая гама адценняў і аднекуль зверху пачуўся голас.
— Віншую цябе, о, маючы права на пытанні! – выразна і ўрачыста прамовіў механічны гэты голас. – Твой нумар, які ўдзельнічаў у абавязковай латарэі пытанняў, выйграў. Ты маеш права задаць АРАКУЛУ дадатковае пытанне, прытым, на любую тэму!
ПЫТАННЕ НА ЛЮБУЮ ТЭМУ!
У першы момант чалавек нават разгубіўся. Не тое, каб у яго не было больш аніякіх пытанняў, хутчэй, наадварот – пытанняў было шмат. Разгубіўся ж ён якраз з—за гэтай іх шматлікасці і поўнай сваёй немагчымасці ўсяго за некалькі кароткіх хвілін выбраць з іх самае важнае, самае неабходнае яму зараз. Напэўна з—за гэтага чалавек і спытаў аб тым, аб чым ні ў якім разе нельга было пытацца.
— Калі я памру? – спытаў чалавек.
— Сёння, — ветліва, як заўсёды, адказаў АРАКУЛ.
Чалавек нават не памятаў, як ён выйшаў з кабіны, як пакінуў вялізны ДОМ АРАКУЛА, як праходзіў паўз нерухомых, серабрыста—бліскучых ахоўнікаў... ён, наогул, нічога не разумеў, не чуў і не бачыў вакол сябе...
Нейкая дзяўчына з велічэзным чамаданам у руцэ, па ўсяму бачна, правінцыялка, сустрэлася яму ў вузкім пераходзе. Убачыўшы, што ім не размінуцца, дзяўчына адразу ж спалохана прыціснулася да сцяны, каб саступіць дарогу, але чамадан усяляк ёй перашкаджаў, вельмі ўжо ён быў вялізным і няўклюдным.... і чалавек з усяго размаху выцяўся левым каленам аб металічны выступ гэтага чамадана.
Востры боль у калене, здаецца, дапамог чалавеку крыху прыйсці ў сябе. Моршчачыся, ён міжволі пацёр рукой пашкоджанае месца, потым, узняўшы галаву, з прыкрасцю паглядзеў на дзяўчыну. Позіркі іх сустрэліся і чалавек зразумеў, што дзяўчына адразу ж пазнала ў ім прадстаўніка вышэйшай касты.
— Прабачце мяне! – ледзь чутна прашаптала яна дрыжачымі вуснамі. – Я... я не знарок... не хацела! Так атрымалася!
— Нічога, я і сам вінаваты! – чалавек усё яшчэ глядзеў на дзяўчыну, але зараз позірк ягоны быў куды больш мякчэйшы. – Ты, я бачу, з правінцыі?
Дзяўчына сумелася, сцвярджальна кіўнула галавой і, чамусьці, адразу ж пачырванела пад ягоным уважлівым позіркам. А ўрэшце, зразумела чаму: з іх правінцыйнага пункту гледжання усе прадстаўнікі вышэйшых кастаў – нейкія звышнатуральныя, амаль містычныя істоты.
Чалавек не адчуваў у сябе нічога звышнатуральнага, тым не менш, такая ўвага да сціплай ягонай персоны – рэч даволі прыемная, нават калі ўвага гэтая цалком зыходзіць ад адной толькі дурненькай правінцыйнай дзяўчыны.
Калі б толькі яна ведала праўду!
І чалавек уздыхнуў.
— Вы на мяне і сапраўды не сярдуеце? – дрыготкім голасам спытала дзяўчына і пачырванела яшчэ больш, хоць больш, здавалася б, ужо немагчыма.
— Не сярдую! – чалавек зноў паглядзеў на дзяўчыну і раптам усміхнуўся. – Табе ніхто не казаў, што ты вельмі прыгожая?
— Яшчэ што скажаце! – дзяўчына няўпэўнена паціснула плячамі і таксама нясмела ўсміхнулася ў адказ. – Я звычайная.
Дзяўчына і сапраўды была прыгожай, нават вельмі прыгожай... вось толькі адзенне выдавала яе правінцыйнасць... адзенне і яшчэ вочы. Трывога, разгубленнасць, страх перад небяспекамі вялізнага горада і, адначасова, надзея, надзея на нешта звышасаблівае, незвычайнае, на нейкі цуд, які абавязкова напаткае яе тут, у сталіцы... усё гэта жыло яшчэ ў вялікіх блакітных вачах дзяўчыны. Потым яно паступова пачне знікаць, і чалавек з жалем адзначыў, што самай першай знікне надзея. Яна заўжды знікала самай першай…
— Ты дзе спынілася? – спытаў чалавек і, кінуўшы хуткі позірк на велічэзны чамадан ля ног дзяўчыны, адразу ж зразумеў, што пытанне ягонае не мае сэнсу. І сапраўды, блакітныя вочы дзяўчыны неяк адразу ж напоўніліся слязьмі.
— Я пайшла да сястры, — ціха прагаварыла яна, стараючыся не расплакацца, — а там... там мне сказалі, што яна... што яе... – дзяўчына на імгненне змоўкла, — што яна там не жыве больш!
— Зразумела, — сказаў чалавек, ён і сапраўды ўсё зразумеў. – Тады табе лепш за ўсё вярнуцца дадому.
— Вы так лічыце?! – дзяўчына глядзела на яго нібыта спалоханы звярок... надзеі больш не было ў яе вачах, там быў боль, адзін толькі боль ды яшчэ незразумелы нейкі адчай. – Але ж гэта немагчыма! Я не магу вярнуцца туды зноў! Толькі не гэта!
Апошнія словы яна не прагаварыла, а літаральна пракрычала прама ў твар чалавеку, пракрычала амаль з нянавісцю. Але чалавек не пакрыўдзіўся, ён толькі прымірэнча паціснуў плячамі.
— Ды рабі што хочаш! – ён глядзеў у перакошаны нянавісцю твар дзяўчыны і са здзіўленнем адзначыў, што яна здолела застацца прыгожай нават у гэтым недарэчным сваім гневе. – Я ж цябе, здаецца, не прымушаю... я проста даю параду. Але ж што ты будзеш рабіць тут далей?
Гнеў і нянавісць дзяўчыны патухлі гэтак жа раптоўна, як і ўспыхнулі. Па змучаным твары яе імгненна прабегла цэлая гама пачуццяў, прабегла і зноў кудысьці знікла, пакінуўшы на прыгожым дзявочым твары адзін толькі безнадзейны адчай... адчай і нічога больш.
— Не ведаю! – ціха прагаварыла яна і адвярнулася.
Нейкі час яны абодвы маўчалі: яна, мужна але безпаспяхова змагаючыся са слязьмі, ён – цішком любуючыся яе свежасцю і прыгажосцю. Дзяўчына і сапраўды была вельмі прыгожай, ніколі яшчэ чалавек не сустракаў такой дасканалай жаночай прыгажосці... але не толькі таму чалавеку раптам захацелася хоць чымсьці дапамагчы ёй.
— Ведаеш што, — нечакана нават для самога сябе сказаў ён, — зараз пойдзем да мяне. У маёй кватэры шмат пакояў, нават занадта шмат... можаш займаць любы з іх. Пажывеш пакуль, а там... там будзе бачна.
Слёзы імгненна высахлі ў вачах дзяўчыны, цяпер у іх зноў заззялі ледзь бачныя іскрынкі надзеі. Надзеі на цуд.
— Праўда? – ціха і яшчэ не зусім верачы спытала яна. – Вы не жартуеце?
Чалавек нічога не адказаў. Ён толькі ўсміхнуўся.
— Вы не пашкадуеце! – у блакітных вачах дзяўчыны ззяла цяпер такое бязмежнае шчасце, такая ўпэўненнасць у тое, што цуд усё ж магчымы, што ён, цуд гэты, толькі што адбыўся з ёй і далей усё у яе жыцці таксама будзе добра... цудоўна нават. – Вы ні аб чым ні пашкадуеце, вось убачыце!
І тут чалавек успомніў ДОМ АРАКУЛА, і сваё недарэчнае пытанне, і той адказ, які ён атрымаў. Сёння ж чалавек павінен будзе памерці... павінен, бо АРАКУЛ ніколі і ні ў чым не памыляецца!
Дзяўчына глядзела на яго, як на нейкую звышнатуральную істоту, яна глядзела на яго амаль як на Бога... але ён, на жаль, не быў Богам. Ён быў, хутчэй, чарвяком, звычайным, вартым жалю чарвяком, на якога наступілі, раструшчылі і нават не заўважылі гэтага...
— Прабач! – глуха прагаварыў ён і, адвярнуўшыся, каб толькі не бачыць выразу вачэй дзяўчыны, дадаў: — Я і сапраўды пажартаваў! Я нічым не магу табе дапамагчы!
І ён пайшоў прэч ад дзяўчыны з вялікім, няўклюдным чамаданам, ён усяляк стараўся выкінуць яе з галавы, стараўся, але ўсё не мог і не мог гэтага зрабіць. Яму здавалася, што ён адчувае на сябе яе позірк, здавалася доўга, нават тады, калі чалавек збочыў у правулак і дзяўчына гэтая ўжо ніякім чынам не магла яго бачыць. Ён ішоў, шпарка і без усялякай мэты, ішоў, а ў змучанай галаве ягонай усё біліся і біліся адзіныя дзве думкі...
НАВОШТА БЫЛО ЗАДАВАЦЬ АРАКУЛУ ГЭТАЕ ПЫТАННЕ?
АРАКУЛ НІКОЛІ НЕ ПАМЫЛЯЕЦЦА!
Пачуўся віскат тармазоў і чалавек, узняўшы галаву, убачыў раптам, што стаіць каля самага пешаходнага пераходу. Якраз запалілася зялёнае святло, людзі пайшлі праз пераход, і чалавек таксама наважыўся ўжо зрабіць першы крок, як раптам спыніўся нібыта аслупянелы.
А што, калі пераход гэты і ёсць тое апошняе, што наканавана бачыць яму ў нядоўгім сваім жыцці?! І варта чалавеку зрабіць крок, усяго адзін толькі крок, як брызне ў вочы яму чырвонае святло і машыны, уся гэтая нерухома застылая, няроўная лінія машын імгненна ажыве, шалёна ірвануўшыся з месца, і з велізарнай хуткасцю паімчыцца на яго... на яго аднаго толькі! Чалавек раптам уявіў самога сябе пад коламі машын, бездапаможнага, безжыццёвага... маленькага раструшчанага чарвяка на брудным асфальце... уявіў і яго нават перасмыкнула ад агіды і жаху...
Не, ён не ступіць туды, на гэты пераход! Ён падмане смерць, ён пасмяецца над ёй і... выжыве! І пражыве сённяшні дзень і пяройдзе ў заўтрашні, а заўтра... заўтра ўжо нічога не будзе яму пагражаць! І тады... тады...
Тады выходзіць, што АРАКУЛ можа памыляцца, а такое немагчыма ўвогуле... чалавек цвёрда ведаў, што такое немагчыма! Ён павінен памерці сёння, бо так сказаў ВЯЛІКІ АРАКУЛ, ён проста абавязаны памерці сёння... аніякім чынам не мае чалавек права перажыць сённяшні дзень!
Але чалавек не хацеў паміраць! Ні сёння, ні заўтра... ён, наогул, не хацеў нават думаць аб гэтым! Ён хацеў жыць, жыць доўга... і ён будзе жыць доўга, калі толькі...
КАЛІ ТОЛЬКІ НЕ ПАМРЭ СЁННЯ, БО ІНАКШ...
Інакш выходзіла, што ВЯЛІКІ АРАКУЛ усё ж здольны памыляцца – а самое асэнсаванне гэтага факту азначала крушэнне ўсяго таго, у што чалавек верыў з самых першых дзён свядомага свайго жыцця, з чым чалавек і жыў усё сваё жыццё...
ДА СЁННЯШНЯЙ РАНІЦЫ...
Чалавек павольна ішоў уздоўж тратуара, ён міжволі стараўся трымацца як мага далей ад праезджай часткі дарогі, але раптам, зірнуўшы выпадкова ўверх, чалавек зразумеў, што ісці каля самых сцен высотных будынкаў яшчэ больш небяспечна. І тады ён спалохана адхіснуўся ад іх і пайшоў далей ужо па самай сярэдзіне тратуара...
Але і гэта не прынесла чалавеку заспакаення.
Небяспека была паўсюды. Яна глядзела на чалавека вачыма кожнага з мінакоў, якія таропка абміналі яго альбо проста ішлі насустрач. Кожны з гэтых невядомых і бяскрыўдных на першы погляд людзей мог аказацца серыйным забойцам, наркаманам. Вар’ятам, урэшце рэшт! Кожны з іх мог нанесці чалавеку смяротны ўдар, нанесці ў любы момант... і чалавек асуджана і пакорліва чакаў гэтага ўдару, а яго ўсё не было і не было. Людзі праходзілі побач і ішлі далей, кожны са сваімі асабістымі справамі і асабістымі жыццёвымі клопатамі... нікому з гэтых людзей не было аніякай справы да чалавека, да яго клопатаў, да панічнага яго страху за сваё жыццё...
І чалавек крыху супакоіўся.
Цалком верагодна, што ўсё гэта адбудзецца не тут і не зараз. Магчыма, у чалавека яшчэ ёсць нейкі час, магчыма, нават шмат часу, бо да вечара яшчэ так далёка...
І ГЭТАК ЖА МАГЧЫМА, ШТО ЎЖО ПАЙШЛА САМАЯ АПОШНЯЯ ХВІЛІНА ЯГОНАГА НЯДОЎГАГА ЖЫЦЦЯ!
Чалавек выцяг з кішэні тонкую белую насоўку і нейкім сутаргавым рухам выцер ёй узмакрэлы лоб.
Яму трэба зараз дабрацца да сваёй кватэры! Як мага хутчэй павінен ён дабрацца туды, толькі там чалавек будзе у поўнай бяспецы! Ён зачыне знутры дзверы, шчыльна і старанна замкне ён усе дзверы, апусце шторы на вокнах, выключыць электрычнасць літаральна па ўсёй кватэры... нажы, відэльцы, запалкі – ён нават не дакранецца да іх сёння! Ён ляжа ў ложак, проста ляжа ў ложак і будзе ляжаць у ім, спакойна і нерухома... ляжаць аж да самай раніцы. Магчыма, ён нават засне на нейкі час, і тады раніца настане куды хутчэй...
А раптам ён проста памрэ ў сне, такое таксама здараецца часам! Раптам адбудзецца што—небудзь непрадбачаннае ў адной з суседніх кватэр, гэта таксама магчыма! Ці можа “Чорныя анёлы” ўжо выбралі для чарговага нападу менавіта ягоную кватэру?! Ніякія замкі іх не спыняць... і не ў іх правілах пакідаць жывых сведак. А яшчэ на дом, у якім жыве чалавек, можа зваліцца зверху адзін з вялізных пасажырскіх аэробусаў, іх трасы пралягаюць якраз непадалёку, а чалавек, на сваю бяду, выбраў кватэру на самых апошнім паверсе...
Чалавек раптам зразумеў, што яшчэ крыху і ён звар’яцее. Так нельга... ён не павінен увесь час думаць аб смерці! Ён павінен весці сябе так, быццам нічога не здарылася, быццам нічога не пагражае яму! Ён павінен... ён сам пойдзе насустрач небяспецы!
І чалавек павярнуў назад. Спыніўся на пераходзе, пастаяў там крыху з чаканні зялёнага святла. Потым ён ішоў па гэтым пераходзе... ішоў павольна, знарок стараючыся не спяшацца... і ніводная з машын так і не кранулася з месца. І чалавек адчуў раптам, што толькі што атрымаў нейкую, хоць невялікую, але перамогу... перамогу, у першую чаргу, менавіта над самім сабой. І вусны чалавека перасмыкнула на імгненне невясёлая слабая ўсмешка.
А потым ён доўга і павольна ішоў уздоўж самай сцяны вялізнага, стапавярховага будынку, ішоў і напружана чакаў чагосьці жудаснага. Але нічога жудаснага так і не адбылося, нічога не звалілася на чалавека зверху... нічога,нават самага маленькага каменьчыку не ўпала адтуль – і чалавеку зноў здалося, што ён атрымаў нейкую новую перамогу ў нябачным гэтым паядынку, і зноў тонкія вусны ягоныя скрывіла ўсё тая ж слабая і не надта вясёлая ўсмешка.
Чалавек нібыта гуляў з самім сабой у нейкую дзіўную смяротную гульню—латарэю, і яму пакуль шанцавала. Гэта і сапраўды магло сыйсці за гульню, незвычайную, жудасную... але была ў гульні гэтай і пэўная, своеасаблівая асалода, было ў ёй, к прыкладу, нейкае трывожнае, незнаёмае дагэтуль чалавеку пачуццё, пачуццё ўласнай сваёй годнасці і ўласнай сваёй велічы... ніколі яшчэ ў жыцці сваім не адчуваў чалавек такіх незвычайных пачуццяў. І ён ужо амаль ні аб чым не шкадаваў!
Заныла калена левай нагі і чалавек машынальна да яго дакрануўся. Ён не ўспомніў адразу, з—за чаго яно можа так ныць, а потым на памяць яму прыйшоў вялізны, няўклюдны чамадан і правінцыйная дзяўчына, яго ўладальніца, дзяўчына, прыгажэйшай за якую чалавек не страчаў ніколі. І чалавек зразумеў раптам, што ён, як апошні дурань, прайшоў каля свайго шчасця, прайшоў і нават не заўважыў гэтага! Яшчэ ён зразумеў, што павінен зараз жа знайсці, адшукаць зноў гэтую дзяўчыну, што яна яму проста неабходна зараз! І, зразумеўшы гэта, чалавек зноў павярнуўся і пабег, хутка пабег туды, у бок першай і адзінай іх сустрэчы... хто ведае, магчыма яна ўсё яшчэ стаіць там і плача... толькі б яна была яшчэ там... толькі б была!
Чалавек бег, не звяртаючы ўжо ўвагі ні на машыны, ні на выразы твараў прахожых... нічога не змянілася вакол чалавека – змяніўся сам чалавек! Ён быў зараз іншым, зусім іншым... нічога не засталося ў ім ад таго заўсёды прыгнечанага і законапаслухмянага чалавечка, які так смешна, па—дзіцячаму радаваўся сваёй прынадлежнасці да вышэйшай касты і свайму ганароваму праву двух пытанняў у год. Ён не пойдзе больш да АРАКУЛА, ніколі ў жыцці не зойдзе ён туды... ён сам будзе вырашаць усе свае пытанні! Ды і жыць ён будзе зараз зусім інакш, не так, як раней... калі толькі...
КАЛІ ТОЛЬКІ АРАКУЛ ЗДОЛЬНЫ ПАМЫЛЯЦЦА!
                                                                               * * *
А ў гэты самы час дзяўчына ў старамодным правінцыйным адзенні ўваходзіла ў ДОМ АРАКУЛА. Вялізны і цяжкі з выгляду чамадан яна несла зараз лёгка, без усялякіх намаганняў. Пры ўваходзе ў будынак дзяўчына крыху замарудзіла крок, потым звычна—няўлоўным рухам рукі паказала бліжэйшаму ахоўніку ў серабрыста—бліскучым камбінізоне невялікую, ярка—чырвоную картку, і вартаўнік, імгненна выцягнуўшыся перад дзяўчынай, гучна шчоўкнуў падкаванымі абцасамі, а потым яшчэ доўга і аддана глядзеў ёй услед.
У ліфце дзяўчына заказала патрэбны этаж, потым уважліва паглядзела на чамадан у левай сваёй руцэ, крыху націснуўшы пры гэтым на нейкі выступ на ягонай ручцы. І адразу ж з бліскучай металічнай акантоўкі чамадана вытыркнулася нейкая тонкая, амаль непрыкметная іголачка. Яшчэ імгненне... і іголачка гэтая зноў знікла, нібыта і не існавала зусім...
Дзяўчына ўздыхнула, паглядзела на гадзіннік...
ТАМУ НЕЗНАЁМЦУ ЗАСТАЛОСЯ ЖЫЦЬ УСЯГО НЕКАЛЬКІ ХВІЛІН.
Дзяўчына зноў уздыхнула.
Шчыра кажучы, ёй было нават шкада крыху гэтага высокага, м