Генадзь Аўласенка з тых пісьменнікаў, якіх не палохаюць ніякія крызісы — ні эканамічныя, ні духоўныя. Сельскі настаўнік, які многія гады выкладае біялогію ў розных школах Чэрвеньшчыны, ён яшчэ піша вершы, п’есы, апавяданні... І галоўнае — вельмі шмат піша для дзяцей. Творы Генадзя Аўласенкі часта друкуюцца — літаральна ва ўсіх дзіцячых газетах і часопісах краіны, ды і ў часопісах “Маладосць”, “Полымя”, у газеце “Літаратура і мастацтва”... (Кастусь Ладуцька "Адкуль прыходзяць казкі?")

...Дрыжачай рукой Алег выхапіў з кішэні цыліндрык і з уся сілы націснуў на кнопку. Ён ужо не спадзяваўся нават, што цыліндрык нейкім чынам спрацуе... але той, як гэта не дзіўна, спрацаваў і спрацаваў на славу. Хлопца, які толькі што трымаў Алега за каўнер, ужо не было побач. Яго, наогул, нідзе не было, ён проста знік, знік гэтак жа таямніча і незразумела, як і той незнаёмец сёння раніцай... ("Лепшы сродак самаабароны")
hline

Ключ, які нічога не адчыняе


Усе ягоныя няшчасці пачаліся менавіта з уласнага імя, у гэтым Нічыпар быў перакананы цвёрда. І не таму толькі, што маці не знайшла нічога лепшага, як даць яму гэтае несучаснае імя. Само па сабе несучаснае, яно б усё ж пасавалася як—небудзь з прозвішчам Кавалёў (гэта было прозвішча самой маці і яе бацькі, дзеда Нічыпара, у гонар якога Нічыпар і атрымаў сваё недарэчнае імя). Але ці не смешна, скажыце, гучыць імя Нічыпар побач з прозвішчам Габрыашвілі, якое маці запісала сыну ў метрыкі, хоць сам паўднёвы джыгіт Габрыашвілі ў гэты час ужо назаўсёды знік з іх жыцця ў нейкім невядомым накірунку.
Ад джыгіта Габрыашвілі Нічыпар атрымаў у спадчыну толькі цёмны колер валасоў і вачэй, а таксама вялікі, не па твару, нос. У астатнім, знешнасць ягоная была даволі нязграбная: хударлявы, вузкаплечы… ды і ростам не асабліва выйшаў. Не дзіва, што дзяўчаты ніколі не затрымлівалі на ім свае позіркі… спачатку Нічыпара гэта крыху засмучала, потым ён паступова звыкся з думкай аб тым, што супермэнам ці мачо яму, на жаль, ужо не стаць…
Нягледзячы на сваю несамавітую знешнасць, Нічыпар даволі рана, яшчэ ў бытнасць аспірантам, паспеў ажаніцца. Хутчэй за ўсё, ягонай спадарожніцы жыцця прыйшоўся да спадобы, не так сам жаніх, як наяўнасць у яго асобнай двухпакаёвай кватэры, бо, не пражыўшы з мужам і трох гадоў, жонка яго пакінула. З кватэры яна, зразумела ж, выпісвацца не пажадала, развадзіцца, пакуль што, таксама… і нават наведвала мужа, прыклална, раз у два тыдні. Гэтыя наведванні былі нядоўгімі, былая жонка проста уважліва сачыла ці не пасялілася на яе законнай жылплошчы якая—небудзь спрытная канкурэнтка. Яшчэ гэтыя наведванні падазронна супадалі з днямі аванса і заробка адстаўленнага, ды не зусім пакінутага мужа…
Сёння Нічыпар якраз і атрымаў аванс за снежань. Жонка аб гэтым, зразумела ж, ужо была інфармаваная (яе лепшая сяброўка працавала ў бугалтэрыі іх інстытута), і, вядома ж, трэба было чакаць яе чарговага візіту менавіта сённяшнім вечарам, бо, неабавязковая ва ўсім астатнім, у гэтых сваіх рэгулярных наведваннях мужа былая жонка Нічыпара была на дзіва пунктуальнай.
Усё гэта і з’яўлялася галоўнай прычынай таго, што думкі маладога кандыдата матэматычных навук Нічыпара Габрыашвілі былі занадта ўжо змрочнымі. Другой жа прычынай кепскага ягонага настрою была… формула, звычайная матэматычная формула, хоць звычайнай яе назваць было цяжка. Два тыдні таму Нічыпар, нечакана нават для сябе самога, вывеў гэтую формулу, а сёння нават зрабіў даклад, ці, хутчэй, паведамленне аб гэтым…
Зрабіў… на пацеху ўсяму інстытуту!
Ды і самое сённяшняе надвор’е поўнасцю адпавядала невясёлым думкам Нічыпара. Мароз ды яшчэ і з рэзкім пранізлівым ветрам. У тонкіх летніх чаравіках, старым абшарпаным паліто (якое было, хутчэй, нейкім своеасаблівым плашчом, а ніяк не сапраўдным паліто), у берэце, які таксама больш падыходзіў да вяснова—восеньскага перыяду, Нічыпар ледзь не здубянеў, пакуль змог дачакацца трамвая. У трамваі ён таксама не надта адагрэўся… там было амаль гэтак жа холадна і няўтульна, як і на вуліцы. Хіба што без ветра…
Адзіная радасць і засталася ў жыцці Нічыпара – гэта зайсці ў пустую сваю кватэру і ўвесь вечар займацца толькі тым, чаго пажадае душа: чытаць, глядзець тэлевізар, пасядзець з гадзінку ў Інтэрнеце, прыгатаваць што—небудзь смачненькае на вячэру, урэшце рэшт… Сёння ж нават гэтая радасць адзіноты была азмрочаная непазбежным прыходам жонкі і непазбежнымі, услед за гэтым яе прыходам, кпінамі і папрокамі, на якія яна была вялікім майстрам…
І ўсё ж, нягледзячы на ўсё гэта, Нічыпар яшчэ працягваў кахаць жонку тужлівым безнадзейным каханнем.
Цалком заняты невясёлымі сваімі думкамі, Нічыпар сыйшоў на патрэбным прыпынку і, як мага шчыльней захінуўшыся ў занадта кароткае паліто—плашч, амаль подбегам рушыў па такой знаёмай сцяжынцы. Летнія чаравікі былі не толькі вельмі тонкімі, але і коўзкімі да немагчымасці, некалькі раз Нічыпар ледзьве не грымнуўся… але вось самы небяспечны ўчастак скончыўся і ён, нарэшце, уздыхнуў з палёгкай. Да дому заставала ўсяго нічога, нейкія трыста метраў, але гэта былі трыста метраў пустэчы і цемры, месца, дзе мясцовая пьяная моладзь тусавалася вечарамі, і дзе чужым хадзіць было даволі небяспечна…
Нічыпар быў свой, мясцовы, і да яго, звычайна, не чапляліся. Так, кпілі часам, але з гэтым ён ужо звыкся. Асабліва даводзіў яго Цыган, які цыганом, уласна кажучы, не з’яўляўся, а проста меў такую характэрную знешнасць. Яшчэ Цыган меў моцныя кулакі і славу першага забіякі іх раёна. Нічыпар стараўся абыходзіць яго бокам, асабліва ў апошні час, бо Цыган займеў непрыемную звычку пры кожнай іх сустрэчы прасіць грошы ў доўг. Гэтая просьба, на просьбу зусім не была подобнай… гэта было, хутчэй, патрабаванне, злёгку замаскіраванае пад просьбу. Браў Цыган няшмат, а пасля таго, як атрымліваў грошы, заўжды па—сяброўскі ляпаў Нічыпара па плячы, называш яго “прафесарам” і абяцаў у хуткім часе вярнуць усе даўгі разам…. ну, а яшчэ праз энную колькасць дзён сітуацыя паўтаралася…
Нічыпар не быў скнарай, проста грошаў у яго заўсёды не хапала і сабе самому. Нават на самым неабходным прыходзілася заўжды эканоміць, а тут яшчэ жонка ўсяляк данімала... Але сабрацца з духам і адмовіць Цыгану (як, дарэчы, і жонцы) Нічыпар ніяк не мог, не хапала рашучасці.
Вось і сёння Нічыпар з заміраннем сэрца яшчэ здалёк заўважыў некалькі знаёмых сілуэтаў непадалёку ад сцежкі. Цыгана нельга было распазнаць сярод іншых на такой адлегласці, але, вядома ж, ён быў там … у гэтым Нічыпар і не сумняваўся нават. Ён міжволі запаволіў крок, але выйсця не было… і Нічыпар з цяжкім сэрцам рушыў наперад. Вось ён ужо амаль параўнаўся з цьмянымі гэтымі постацямі, і ўвесь напружыўся нават у чаканні чарговых кпінаў… але, што вельмі дзіўна, ніхто на яго нават не звярнуў увагі.
Утуліўшы галаву ў плечы і міжволі паскорыўшы крок, Нічыпар ужо амаль мінуў самы небяспечны адрэзак шляху, калі за спіной у яго выбухнуў раптам гучны рогат…. прычым, Нічыпар неяк адразу ж здагадаўся, што рогат гэты яго самога непасрэдна не датычыцца. Найлепшым для яго варыянтам было проста працягваць свой шлях і радавацца ў душы, што на гэты раз Цыган пакінуў яго ў спакоі. Але ззаду зноў зарагаталі, і Нічыпар не вытрымаў і, сцішыўшы хаду, непрыкметна азірнуўся цераз плячо.
Было занадта цёмна, каб добра ўсё разгледзіць, але Нічыпар усё ж змог заўважыць тонкую і неяк вельмі ўжо лёгка для зімы апранутую дзявочую постаць. Дзяўчына стаяла нерухома… а з усіх бакоў яе акружылі мясцовыя адмарозкі, двое з іх, наогул, трымалі дзяўчыну за рукі… і што чакала яе далей у гэтай п’янай кампаніі, аб гэтым не хацелася нават думаць…
Самым першым памкненнем Нічыпара было павярнуць назад і неяк абараніць няшчаснае дзяўчо… але гэтае высакароднае памкненне прайшло гэтак жа хутка, як і з’явілася. Там, вакол дзяўчына стаяла не менш шасці здаравенных бамбізаў… а на Нічыпара і аднаго Цыгана хапіла б з гакам. Таму ён, адчуваючы сябе вельмі і вельмі ніякава, усё ж адвярнуўся ад непрыгожай гэтай сцэны і, зноў утуліўшы галаву ў плечы, рушыў сабе далей.
— Нічыпар! – пачуўся раптам за спіной Нічыпара звонкі дзявочы голас. – Пачакай мяне!
Нічыпар неяк не адразу і зразумеў, што дзяўчына звяртаецца да яго, а калі зразумеў, адчуў адну толькі разгубленнасць і нічога больш. Дзяўчына, аказваецца, ведала яго і звярталася да яго за дапамогай… але якую такую дапамогу мог аказаць ёй Нічыпар, калі і сам амаль дрыжэў ад страху, і задаволены быў ужо тым, што пьяная кодла гэтая яго не спыніла. Ён рушыў было далей, нібыта нічога не чуючы, але дзяўчына паўторна яго аклікнула:
— Куды ж ты, Нічыпар?!
Можна было яшчэ зрабіць выгляд, што ён зноў нічога такога не дачуў… гэта было, вядома ж, не па рыцарскі, але на ганаровае званне рыцара Нічыпар і не пратэндаваў. Але, калі ён ужо збіраўся рушыць далей, нага ягоная, як на злосць, слізганула па лёдзе сцяжынкі і паехала кудысці далёка наперад, а сам яе ўладальнік з усяго размаху грымнуўся аб зямлю. Дакладней, аб лёд, бо зямлі тут нідзе бачна не было.
П’яная кампанія за спіной Нічыпара, вядома ж, дружна зайшлася ад рогату… праўда, рогат гэты быў нейкі паблажлівы, не варожы, і Нічыпар з палёгкай зразумеў, што ўсё павінна абыйсціся. Толькі б гэтая дзяўчына больш не лезла, не ўблытвала яго не ў сваю справу.
Але, калі ён устаў, то с прыкрасцю ўбачыў, што дзяўчына ідзе ў ягоны бок… ужо падыйшла нават і спынілася побач.
— Моцна пабіўся? – як ні ў чым не бывала спытала яна, і бачна было, што гэтае пытанне хвалюе дзяўчыну куды больш, чым пьяная кодла за спіной. – Прабач, гэта я, пэўна, вінаватая!
Не адказваючы, Нічыпар устаў і моўчкі паглядзеў на дзяўчыну… на дзіўную гэтую дзяўчыну, дзіўную, калі не сказаць больш…
З адзення на ёй была толькі нейкая занадта кароткая і амаль што празрыстая белая хламідка… і спачатку Нічыпар вырашыў, што мярзотнікі ўсё ж паспелі распрануць дзяўчыну… але хламідка была акуратна падпярэзана па таліі вузкім цёмным раменьчыкам, а значыць, дзіўная дзяўчына гэта, здаецца, прыйшла сюды менавіта ў такім вось лёгкім адзенні, тым больш, што і на нагах у яе былі толькі нейкія тоненькія, амаль пляжныя сандалікі з раменьчыкамі, якія таксама ніякім чынам ад холада не ратавалі.
— Гэй, лялечка! – выгукнуў хтосьці з кампаніі. – Ідзі да нас, навошта табе гэты хмыр!
— Вы мяне не цікавіце! – звонка і без усялякага страху патлумачыла дзяўчына, паварочваючыся да нядаўніх сваіх кавалераў. – Я да яго прыйшла!
“Што яна кажа такое! – жахнуўся ў думках Нічыпар. – Яна што, не разумее, што не таго выбрала!”
Пэўна ж, дзяўчына гэтага не разумела. Яна падыйшла ўшчыльную да Нічыпара і пяшчотна ўзяла яго пад руку.
— Ну што, пайшлі? – ціхенька шапнула яна яму на вуха. – Чаго ты чакаеш?
“Чакаю, калі мне дадуць па вуху! – міжволі падумалася Нічыпару. – І, здаецца, ужо дачакаўся!”
— А ну, стаяць!
Павольна, не спяшаючыся, да Нічыпара з дзяўчынай падыходзіў Цыган. Падыйшоў, спыніўся, нейкі час стаяў так, углядваючыся ў Нічыпара.
— А, прафесар! – прагаварыў ён весела і нахабна. – Даўно не бачыліся!
Ён змоўк, перавёў позірк на дзяўчыну.
— Гэтая лялечка не для цябе, прафесар! – словы гэтыя Цыган вымавіў паблажліва, амаль лагодна. – Так што ідзі сабе, куды ішоў!
— І я з ім пайду! – Дзяўчына з нейкай нават пагардай паціснула плячамі. – Я ж сказала, што вы мяне больш не цікавіце!
— Затое ты нас цікавіш, лялечка! – праз зубы працэдзіў Цыган. – Асабліва мяне!
І, нецярпліва адштурхнуўшы Нічыпара ўбок, Цыган зрабіў яшчэ адзін крок і груба абхапіў дзяўчыну за талію. З прагнасцю прыцягнуў да сябе, прыпаў вуснамі да яе шыі...
— Ух ты, мая сімпапулечка!
Дзіўна, але і зараз дзяўчына ані кропелькі нават не спалохалася. Як не стала ні крычаць, ні вырывацца з прагных абдоймаў Цыгана. Яна толькі павярнула галаву ў бок Нічыпара і недаўменна на яго паглядзела. Недаўменна і нават з дакорам…
— Я табе не падабаюся? – здзіўлена спыталася яна. – Ці ты проста баішся яго?
— Вядома ж, баіцца! – зарагатаў Цыган і, звяртаючыся непасрэдна да Нічыпара, дадаў з уяўнай пагрозай у голасе. – Валі адсюль, прафесар! І хутчэй, пакуль я добры!
Уся ягоная кодла ўжо стаяла побач з Нічыпарам і чакала толькі сігнала, каб надаваць яму па шыі. Але сігнала пакуль што не было…
— Дарэчы, а як там твая жонка, прафесар? – нечакана спытаўся Цыган, па—ранейшаму трымаючы дзяўчыну за талію. – Мы з ёй калісці, у пазамінулым годзе, здаецца, добра пазабаўляліся!
І, па—змоўніцкі падмігнуўшы Нічыпару, дадаў:
— Утрох ледзь—ледзь змаглі адну задаволіць! Праўда, п’яныя былі ўсе… а яна – яшчэ болей за нас…
— Ілжэш, мярзотнік!
Нічыпар нават і не зразумеў адразу, што гэта выкрыкнуў ён сам. Цыган, напэўна, таксама…
— Што? – перапытаў ён, хутчэй недаўменна, чым з пагрозай. – Што ты сказаў?
— Што ты сказаў, недамерак?! – зароў ён, адштурхоўваючы ад сябе дзяўчыну і робячы крок па напрамку да Нічыпара. – Што ты сказаў толькі што?!
І вось тут з Нічыпарам здарылася штосьці. Дзіўнае і незразумелае штосьці.
Дакладней, спачатку ўсё ішло, як звычайна. Нічыпар нават запознена паспеў спалохацца недарэчнага свайго выкрыка… але раптам у ягонай галаве нібыта штосьці перавярнулася, і Нічыпар…
— Я сказаў, што ты ілжэш, мярзотнік! – не выгукнуў нават, зароў ён.
А потым сам, першым, кінуўся на Цыгана і адным трапным ударам у сківіцу зваліў яго з ног. І, наваліўшыся зверху, пачаў душыць, ды й так, што ў небаракі Цыгана вочы з арбіт палезлі і нават язык з роту вываліўся…
— Хопіць, прафесар, хопіць! – ледзь чутна прасіпеў ён. – Я больш не бу…
Не дагаварыўшы, ён змоўк і захрыпеў.
Ягоная кодла, пэўна ж, і не ўцяміла адразу, у чым тут, уласна, справа. Потым, уцяміўшы, кінулася на Нічыпара, усе адразу, і пачалі біць зверху… але ён чамусьці не зваліўся на снег, а, наадварот, хуценька ўскочыў на ногі, прагна сціскаючы кулакі…
І сам кінуўся на іх.
І пачалася бойка.
Гэта была дзіўная бойка… і адзін біўся з пяццю… і адзін біў пяцярых… Яго таксама білі, жорстка білі, але Нічыпар, здаецца, нават увагі не звяртаў на гэткія дробязі. І вось ужо двое з ягоных праціўнікаў валяліся беспрытомна на снезе (з Цыганам нават трое), а астатнія, спалоханна махаючы ва ўсе бакі кулакамі, павольна адыходзілі некуды ў глыб пустэчы. Адыходзілі таму толькі, што ўцякаць утрох ад аднаго (тым больш, нейкага задохліка) здавалася ім занадта ўжо абразлівым…
* * *
Апамятаўся Нічыпар у міліцыі, прычым, якім чынам ён туды трапіў – гэтага Нічыпар не мог растлумачыць нават сабе самому. Як і тое, што ж такое найшло на яго там, на пустэчы…
А яшчэ – усё ў яго балела…
А твар дык прыпух так, што вочы ператварыліся ў дзве вузенькія шчыліны…
— На, прыкладзі! – сказаў міліцыянер, кідаючы Нічыпару мокры ручнік. – Цікава, што вы там такога не падзялілі? Гарэлку?
Нічыпар нічога не адказаў… ды і што было адказваць. Ён проста прыціснуў мокры ручнік да твару, у спадзяванні, што так твару будзе лягчэй.
Але лягчэй не стала.
— Сядай, — загадаў той жа міліцыянер, і Нічыпар паслухмяна апусціўся на самы крайчык табурэткі. – Усё з кішэняў на стол.
Прыўзняўшыся з табурэткі, Нічыпар пачаў асцярожна выварочваць кішэні, адзін за другім.
— Ого! – працягнуў з нейкай незразумелай інтанацыяй міліцыянер, убачыўшы грошы. – І колькі тут?
— Гэта аванс, — сказаў Нічыпар, зноў апускаючыся на месца. – Можаце патэлефанаваць у інстытут, спытацца…
— Абавязкова патэлефануем, — усё з той жа незразумелай інтанацыяй пачаў міліцыянер і раптам ускочыў з—за стала, выцягнуўся. – Таварыш капітан, за час вашай адсутнасці…
— Вольна, сяржант! – пачуўся за спіной Нічыпара нейчы, на дзіва знаёмы голас. – Што тут у вас?
Не стрымаўшыся, Нічыпар цішком азірнуўся, і раптам ускочыў усхвалявана.
— Косця, ты?!
— Сядзець! – крыкнуў, грукнуўшы па сталу кулаком, сяржант, і таксама ўскочыў з—за стала. – Што ты сабе дазваляеш, затрыманы?!
Не звяртаючы на яго аніякай увагі, Нічыпар глядзеў на капітана… той таксама ўтаропіўся ў яго з нейкім нават недаўменнем.
— Ты што, не пазнаў мяне? — збянтэжана прамармытаў Нічыпар. Ён ужо працягнуў наперад руку для прывітання, і цяпер не ведаў нават, што з ёй далей рабіць. — Гэта я, Нічыпар!
— Нічыпар?! – капітан уздыхнуў з нейкай нават палёгкай і, зрабіўшы крок наперад, моцна паціснуў Нічыпару руку. – Ну, прывітанне, прывітанне!
З Косцей Фядутам Нічыпар калісьці вучыўся ў адной групе, але не бачыў яго з самага заканчэння ўнівера. Чуў толькі, што той падаўся ў міліцыю…
І вось, ужо капітан! Хутка, глядзіш, маёрам стане…
— А што ў цябе з тварам? – спытаўся Косця, уважліва разглядваючы Нічыпара. – І кулакі ўсе збітыя. Цябе што, пабілі?
— Тут справа цёмная, таварыш капітан, — улез у гутарку сяржант, які да гэтага моўчкі і недаўменна пазіраў за ўсім, што адбывалася ў пакоі. – Ці то яго пабілі, ці то ён сам…
— Што, сам? – хутка перапытаў Косця, паварочваючыся да сяржанта. – Сам сябе гэтак адлупасіў?
— Іх некалькі было, а ён адзін, — пачаў тлумачыць сяржант…
— І што?
— А тое, што дваіх “хуткая дапамога” забрала. А трэцяга, па іх словах, ён ледзь не задушыў…
Нейкі час Косця моўчкі глядзеў на Нічыпара, потым перавёў недаўменны позірк на сяржанта.
— Не можа гэтага быць, — сказаў ён нарэшце. – Каб Нічыпар, ды кагосьці збіў? Не веру! А ў рэшце рэшт, якая розніца! Ідзем!
— Куды? – не адразу зразумеў Нічыпар.
— Да мяне ў кабінет. Пасядзім, маладосць успомнім. Каву п’еш?
Нічога на гэта не адказваючы, Нічыпар зноў павярнуўся да стала. Там ляжалі ключы з “таблеткай” і мабільнік. Грошы зніклі.
— Грошы дзе? – спытаўся ён у сяржанта.
— Якія грошы? – пачаў, было, той, але зірнуўшы на капітана, змоўк і таропка палез у шуфлядку стала. – Вось, трымай свой аванс. Пераліваць будзеш?
— Не буду! – буркнуў Нічыпар, запіхваючы грошы ў кішэню.
* * *
— Ну, вось і прыехалі, — прагаварыў Косця, спыняючыся непадалёку ад трамвайнага прыпынку. – Можа, праводзіць?
— Не трэба, — сказаў Нічыпар, выбіраючыся з машыны. – Тут недалёка.
— Ну, глядзі!
Ён працягнуў на развітанне руку, і Нічыпар моцна яе паціснуў.
— Дзякуй табе!
— За тое, што падвёз?
— І за гэта таксама.
Нейкі час яны моўчкі глядзелі адзін на аднаго.
— Няма за што, — сказаў, нарэшце, Косця і, памаўчаўшы крыху, дадаў: — Калі праблема якая ўзнікне – заходзь, не саромся.
— Зайду, — паабяцаў Нічыпар. – І ты заходзь. Тэлефон запісаў?
— Запісаў.
І Косця, былы аднакурснік Нічыпара, а зараз капітан міліцыі, ліха развярнуўшы машыну на даволі вузкай вулачцы, паімчаўся выконваць далей свае службовыя абавязкі. Ну, і Нічыпар, у другі раз за сённяшні вечар, пабрыў па вузкай заснежанай сцежцы да свайго дому.
Усё было, як раней… і ўсё было зусім не так, як раней. Напрыклад, нягледячы на лёгкае сваё паліто, холада Нічыпар зараз не адчуваў аніякага. І чаравікі ўжо не здаваліся такімі коўзкімі, і, галоўнае, не было страху ў душы… зусім не было страху. І калі наперадзе, на пустэчы, замаячыла ў цемры такая знаёмая постаць, Нічыпар толькі сціснуў мацней кулакі, якім і так сёння добра дасталося…
Але Цыган, як гэта не дзіўна, не кінуўся ў бойку. Ён стаяў каля сцежкі… ды так і застаўся стаяць нерухома, калі Нічыпар, падыйшоўшы амаль ушчыльную да яго, таксама спыніўся.
Нейкі час яны толькі моўчкі глядзелі адзін на аднаго, потым Цыган уздыхнуў і першым адвёў позірк.
— Ты, гэта… прафесар… — пачаў ён нейкім глухім і на дзіва незнаёмым голасам, — ты не думай наконт жонкі… Не было гэтага нічога!
— Я ведаю, — сказаў Нічыпар, па—ранейшаму не зв