Генадзь Аўласенка з тых пісьменнікаў, якіх не палохаюць ніякія крызісы — ні эканамічныя, ні духоўныя. Сельскі настаўнік, які многія гады выкладае біялогію ў розных школах Чэрвеньшчыны, ён яшчэ піша вершы, п’есы, апавяданні... І галоўнае — вельмі шмат піша для дзяцей. Творы Генадзя Аўласенкі часта друкуюцца — літаральна ва ўсіх дзіцячых газетах і часопісах краіны, ды і ў часопісах “Маладосць”, “Полымя”, у газеце “Літаратура і мастацтва”... (Кастусь Ладуцька "Адкуль прыходзяць казкі?")

...І навошта напяльвала на сябе недарэчную гэту хламіду? І чыя яна, дарэчы? Дыяна ўздыхнула, узнялася з ложка і, асцярожна ступаючы босымі нагамі па халоднаму паркету, выйшла ў пярэднюю. Планіроўка пакояў тут была якраз такая ж, як і ва ўласнай яе кватэры, таму Дыяне было лёгка арыентавацца. На вешалцы, побач з дзвярыма, вісела шмат самага разнастайнага адзення, у тым ліку і жаночага, але нічога свайго Дыяна так і не знайшла... ("Прачнуўшыся раніцай")
hline

А, можа, мне падалося


Я пастукаў у дзверы, і дзверы адразу ж адчыніліся, так, быццам жанчына, якая адчыніла іх, загаддзя ведала аб маёй тут прысутнасці.
— Заходзьце! – прагаварыла яна і адступіла крыху ўбок, прапускаючы мяне ў пярэднюю.
Я ўвайшоў і толькі зараз адчуў, як моцна паспеў вымакнуць за той кароткі прамежак часу, пакуль ішоў, а дакладней, амаль бег ад пакінутай на шашы машыны да гэтага двухпавярховага драўлянага катэджа, надзейна схаванага сярод лесу. Я, дарэчы, змог заўважыць яго толькі таму, што катэдж быў, чамусьці, увесь асветлены, вокны другога паверху ярка свяцілі праз цемру і мокрыя галінкі дрэў. Ужо потым я заўважыў нешырокую асфальтаваную дарогу, якая адыходзіла ад аўтамагістралі ў гэты бок.
Жанчына моўчкі глядзела на мяне, дакладней на мае мокрыя чаравікі.
— Прабачце, калі ласка! – я таксама паглядзеў уніз, там, на бездакорна бліскучым паркерным пакрыцці, паспелі ўжо расцячыся дзве бруднаватыя лужыны. – Прабачце, але так здарылася, што я...
— Здымайце куртку! – перапыніла мяне жанчына. – Чаравікі таксама здыміце. Вось пантофлі.
Яна выйшла з пярэдняй, а я, у дакладнасці выканаўшы ўсе яе патрабаванні, павольна рушыў следам.
У пакоі было цёпла, светла і на дзіва ўтульна, асабліва пасля той непагадзі і цемры, праз якія я вымушаны быў толькі што прабірацца. Весела патрэсквалі паленцы ў каміне, побач з камінам я заўважыў дзверы ў нейкі бакавы пакойчык, яшчэ далей была драўляная лесвіца, якая вяла на другі паверх. А прама перада мной, якраз пасярод пакоя, стаяў багата сервіраваны стол.
І сервіраваны ён быў менавіта на дзве персоны.
Тут кагосьці чакалі, а я, сам таго не жадаючы, усё ім сапсаваў. Цалком верагодна, што мне прыдзецца зараз зноў вяртацца туды, адкуль і прыйшоў, у цемру і восеньскую непагадзь.
Жанчына, па ўсяму бачна, перахапіла мой трывожны погляд на чорнае, залітае дажджом акно.
— Не хвалюйцеся, я сёння нікога не чакала... – яна змоўкла на імгненне і, паціснуўшы плячмі, дадала: — Нікога, акрамя вас.
— Што? – я недаўменна паглядзеў на жанчыну, потым міжволі перавёў погляд на стол, які, літаральна, ламіўся ад самых розных страў. – Вы, пэўна, жартуеце?
Замест адказу жанчына толькі ўсміхнулася. Яна была маладой і прыгожай, з доўгімі хвалістымі валасамі медна—залацістага колеру. Валасы гэтая, абрамляючы з абодвух бакоў бездакорна прыгожы і нейкі надзвычай белы твар жанчыны, рабілі яе прыгажосць на дзіва непаўторнай, амаль казачнай...
Тым больш неверагодным здалося мне прызнанне жанчыны ў тым, што чакала яна сёння менавіта мяне. Ды я і сам яшчэ раніцай не ведаў, што выберу менавіта гэты маршрут, да таго ж, як потым высветлілася, я ўжо паспеў праскочыць патрэбны мне паварот...
Жанчына, пэўна, адчула мой недавер.
— Вы мяне не так зразумелі! – яна усміхнулася. – Я не мела на ўвазе асабіста вас. Проста я кожны вечар запальваю святло ва ўсіх пакоях, потым распальваю камін, заўсёды, нават летам, сервірую стол і чакаю...
Жанчына змоўкла. Я таксама маўчаў, не ведаючы, што ж ёй сказаць такога.
— Вы першы, хто зазірнуў да мяне за... за апошнія... – голас жанчыны раптам задрыжэў. – Прабачце!
Яна адвярнулася да акна і, здаецца, нават заплакала.
— Вы жывяце адна? – чамусьці спытаў я, хоць гэта было і так зразумела.
— Ужо тры гады! – жанчына павольна падыйшла да сцяны, да вялікага каляровага фотаздымку, які я адразу і не заўважыў. – Пасля таго, як муж… як ён...
Яна зноў змоўкла, не дагаварыўшы, а я, падыйшоўшы крыху бліжэй да яе, таксама паглядзеў на здымак. Са здымка, на фоне марскога ўзбярэжжа, весела ўсміхалася мне мая сённяшняя гаспадыня. Побач з ёй стаяў высокі, крыху паўнаваты мужчына сярэдніх гадоў з рыжымі курчавымі валасамі і надзвычай доўгімі бакенбардамі таго ж колеру. Бакенбарды мужчыне зусім нават не ішлі і, магчыма таму, здаліся мне нейкімі несапраўднымі… прыклееннымі, ці што...
— Гэта ён? – асцярожна спытаў я, і жанчына, не паварочваючыся, моўчкі кіўнула галавой. – Ён вас кінуў?
Пра сябе я падумаў, што толькі поўны дэбіл можа дабраахвотна адмовіцца ад такой прыгажуні. Прынамсі, твар мужчыны на здымку занадта інтэлектуальным назваць было цяжка, але і на поўнага ідыёта ён таксама не цягнуў.
— Ён памёр! – жанчына нечакана павярнулася ў мой бок, вочы яе, вялізныя і падазронна бліскучыя былі зусім побач з маім тварам. – Ён пакончыў з сабой, разумееце! Пакончыў з сабой, а я да гэтага часу так і не ведаю, навошта ён гэта зрабіў!
Мне стала неяк няёмка.
— Прабачце! — прамармытаў я. – Я.. я проста не ведаў...
Але жанчына ўжо ішла да стала.
— Я вас загаварыла! – яна села і жэстам паказала мне на крэсла насупраць. – Сядайце, вы, напэўна, ужо паспелі прагаладацца!
Разумеючы, што мая адмова можа зняважыць гаспадыню, я паслухмяна заняў сваё месца за сталом. Тым больш, што я і сапраўды паспеў ужо прагаладацца за доўгі і нялёгкі сённяшні дзень.
Вячэра наша прайшла моўчкі, калі не лічыць таго, што жанчына час ад часу тлумачыла мне назву той ці іншай, незнаёмай мне стравы і адразу ж запрашала яе пакаштаваць. Размовай гэта назваць было цяжка, нават калі ўлічваць той бяспрэчны факт, што я таксама час ад часу выдаўліваў з сябе фразы, накшталт дзяжурнага “дзякую, паспрабую абавязкова” ці “вельмі смачна”...
Потым жанчына, прыбраўшы з маёй дапамогай стол, паставіла на яго дзве бутэлькі віна і два высокія келіхі з пунцовага шкла.
— Вы, спадзяюся, не супраць?
Зразумела ж, я і зараз не мог ёй адмовіць. Адкаркаваўшы адну з бутэлек, я разліў віно па келіхах. Віно было цёмна—чырвоным, з прыемным пахам, але назву на этыкетцы я прачытаць так і не змог, этыкетка амаль стлела...
— За нашу сустрэчу! – прапанавала жанчына, узнімаючы свой келіх. – І за ваш “мерсэдэс”, які так своечасова сапсаваўся!
Ад нечаканасці я ледзь не выпусціў келіх з рукі. Я нічога не казаў жанчыне пра машыну, ды яна ў мяне нічога і не пыталася. Але, урэшце рэшт, якая іншая прычына магла прывесці незнаёмца сюды, у гэты, сціснуты з усіх бакоў лесам, адзінокі катэдж, ды яшчэ дажджлівым восеньскім адвячоркам. Ну, а марку машыны жанчыма магла і проста ўгадаць выпадкова...
Віно і на смак аказалася вельмі прыемным і да таго ж даволі моцным. Стаўляючы парожні келіх на стол, я заўважыў, што жанчына ўсё яшчэ не выпіла.
— Шкада, што памёр мой муж! – прашаптала яна ледзь чутна. – Ён быў добрым аўтамеханнікам і адразу б вызначыў непаладку ў вашым аўтамабіле. А я... – яна таропка выпіла віно і, паставіўшы келіх на стол, крыху падсунула яго ў мой бок. Зарумеўшы гэты яе жэст, я зноў напоўніў абодвы келіхі віном.
Гадзіннік на сцяне насупраць прабіў дзесяць разоў.
— Вы не вельмі стаміліся? – спытала жанчына, зноў узнімаючы келіх.
Я запэўніў жанчыну, што не вельмі, хоць, шчыра кажучы, крыху паграшыў супраць ісціны. Стомленнасць адчувалася.
Мы зноў выпілі і я зноў напоўніў віном келіхі.
— Скажыце, а вы не баіцеся? – спытаў я. – Вось так, адна, сярод лесу... І так, адразу, адчыніць дзверы зусім незнаёмаму чалавеку! А вы не падумалі, што на маім месцы мог аказацца маньяк, забойца... ды хто заўгодна!
Не адказваючы, жанчына ўстала, павольна, не спяшаючыся, прайшлася ўздоўж пакоя, на нейкае кароткае імгненне затрымалася каля фотаздымка... потым, гэтак жа павольна падыйшла да шырокай канапы.
— Я прыгожая? – нечакана спытала яна, нават не гледзячы ў мой бок.
Замест адказу я толькі кіўнуў галавой. У роце раптам перасохла, ды так, што прйшлося таропка і ў адзіноце асушыць келіх з віном. Не дапамагло.
— Я табе падабаюся?
І зноў я змог толькі моўчкі кіўнуць у адказ.
Жанчына павольна апусцілася на канапу, адкінула галаву на яе мяккую пакатую спінку і толькі зараз паглядзела на мяне. Нашы позіркі сустрэліся і жанчына адразу ж стомлена заплюшчыла вочы.
— Іді сюды! – ледзь чутна прашаптала яна. – Хутчэй!

Калі я прачнуўся, ужо амаль развіднела. Ва ўсялякім разе суцэльная цемра за акном паспела ператварыцца ў хісткі перадранішні паўзмрок. Міжволі зірнуўшы на гадзіннік, я заўважыў, што ўжо палова восьмага. А можа, яшчэ толькі палова восьмага, гэта з якога боку паглядзець.
Трэба было ўставаць, але ўставаць вельмі ўжо не хацелася. Там, наперадзе, мяне чакаў сапсаваны “мерсэдэс”, які я ўчора так і пакінуў на абочыне магістралі. А, можа, яго ўжо і няма там?
Да таго ж моцна балела галава. Яна амаль што раскалавалася ды яшчэ і кружылася ў дадатак. І нейкая незразумелая вяжучая, пякучая нават сухасць у роце. Нібыта з вялікага перапою.
Але ж я, акрамя віна, нічога больш не піў учора!
Успомніўшы віно, я ўспомніў жанчыну і тое, што ў нас з ёй потым адбылося. Успомніўшы ўсё гэта, я сеў у ложку і пачаў уважліва аглядацца вакол.
Дзіўна, але я так і не ўспомніў, як і калі паспеў перабрацца з той канапы сюды, у гэты невялікі пакойчык і на гэты ложак! Засынаў я на канапе... галава жанчыны ляжала на маёй левай руцэ... вусны жанчыны увесь час шапталі штосьці мне на вуха... пяшчотнае штосьці...
За дзвярыма пачыліся асцярожныя крокі, і я зразумеў, што жанчына таксама ўжо прачнулася. Я чакаў, што яна зараз адчыне дзверы і зойдзе сюды, але гэтага так і не адбылося.
Ну што ж, трэба ўсё ж уставаць і апранацца. Дарэчы, а дзе ж яно, маё адзенне?
Адзенне, акуратна складзенае, ляжала на табурэце, зусім побач з ложкам. Устаўшы, я пачаў, было, апранацца і тут толькі заўважыў з аднаго боку пакоя нішу, у якой размяшчаўся санвузел разам з душам. Што ж, вельмі зручна, сапраўдны пакой для гасцей.
Прымаў душ я доўга, можа, занадта нават доўга. Некалькі разоў рэзка змяняў тэмпературу вады, ад амаль кіпеню да амаль лёду. Пасля пачысціў зубы, пабрыўся...
Магчыма, усімі гэтымі дзеяннямі я проста, як мог, адцягваў сваю новую сустрэчу з жанчынай. Чаму? Не ведаю.
Штосьці ўзнікла паміж намі ўчора вечарам і гэта “штосьці” зусім не было падобнае на звычайны дарожны “раман”. Паміж намі як бы усталявалася нейкая таемная сувязь, нейкае дзіўнае пяшчотнае пачуццё. І я, напэўна, проста баяўся, што яно, пачуццё гэтае, не вынесе выпрабаванне раніцай. Аднаго неасцярожнага слова, аднаго жэста толькі дастаткова часам для яго знікнення. Тым больш, што мне трэба было ехать далей па справе, і справа гэтая ніяк не магла быць адкладзена.
— Заставайся са мной! – шапталі мне ўчора гарачыя прагныя вусны жанчыны. – Ты застанешся са мной, праўда? Застанешся?
Што я мог ёй адказаць!
Апранаўся я таксама даволі нетаропка і ўсё ж надыйшоў, нарэшце, той момант, калі я вымушаны быў пакінуць гасцінны пакой. Да ранішняй сустрэчы з гаспадыняй катэджа я быў ужо больш—менш падрыхтаваны.
Затое я аказаўся зусім не падрыхтаваным да таго, што ўбачыў, як толькі выйшаў з пакоя.
Жанчыны ў гасцінай не было. Замест яе каля стала стаяў высокі, крыху паўнаваты для сваіх гадоў мужчына з рыжымі ўзлахмачанымі валасамі і такімі ж рыжымі бакенбардамі. Убачыўшы мяне, мужчына шырока ўсміхнуўся.
— Выспаліся?
Не адказваючы, я перавёў погляд на фотаздымак на сцяне. Сумненняў не засталося – гэта быў той самы чалавек, муж гаспадыні, і ён быў... жывы! Жанчына проста зманіла мне ўчора!
Але навошта?! З якой мэтай?!
— Піва жадаеце?
Адчыніўшы халадзільнік, мужчына дастаў адтуль дзве бляшанкі з півам, адну з іх спрытна кінуў мне.
— Трымайце!
Я злавіў бляшанку машынальна. Гэтак жа машынальна я трымаў яе ў руцэ і моўчкі глядзеў на мужчыну, на тое, як ён п’е піва, як празрыстая пена павольна сцякае ўніз па даўно няголеным падбародку, як капае яна на адвароты ягонай зашмальцаванай піжамы. Дзіўна, але, нягледзячы на страшэнную сухасць у роце, я чамусьці так і не змог прымусіць сябе ўскрыць нават бляшанку. Моўчкі працягваў я стаяць і ўсё глядзеў і глядзеў на мужчыну.
Цікава, дзе ён быў учора? І дзе зараз ягоная жонка? Ці, можа, яна проста хаваецца ад мяне? А, магчыма, і не ад мяне нават?
Маё нежаданне піць мужчына растлумачыў па свойму.
— Я і забыўся, што вы за рулём! – ён уздыхнуў, з жалем развёў рукамі. – Што ж, нічога не зробіш!
Мужчына нахіліўся і выцягнуў аднекуль з—пад стала вялізны шкляны бутыль. На самым дне бутыля плёскалася крыху нейкай залацістай вадкасці.
— Гэта ж колькі мы з вамі ўчора выпілі! – мужчына зноў уздыхнуў, у задуменні пакачаў галавой. – Літры паўтары, не менш! А яна ж, зараза, моцная, градусаў шэсцьдзесят...
Мне раптам здалося, што я проста недачуў.
— Што? – я недаўменна ўтаропіўся ў мужчыну. – З кім, вы кажаце?
Мужчына ў сваю чаргу здзіўлена на мяне паглядзеў.
— З вамі, з кім жа яшчэ! – ён памаўчаў крыху і дадаў: — А вы што, не памятаеце?
“Здзекуецца! – маланкай апякла нечаканая думка. – Ён усё ведае пра нас і толькі здзекуецца зараз!”
Але мне было ўжо ўсё роўна.
— Жанчына! – прагаварыў яе, гледзячы яму прама ў вочы. – Дзе жанчына?
— Якая жанчына? – мужчына недаўменна паціснуў шырокімі плячыма. – Не разумею!
— Жанчына, якая адчыніла мне дзверы ўчора! – я ўсё не зводзіў і не зводзіў уважлівага позірку з твару мужчыны. Невядома, што я жадаў там убачыць, але пакуль што бачыў адно толькі здзіўленне, здзіўленне і нічога больш.
Потым здзіўленне на твары мужчыны паступова саступіла месца трывозе.
— Я адчыняў вам дзверы ўчора, — сказаў ён ціха. – А вы што, і гэтага нават не памятаеце?
Нічога яму не адказаўшы, я падыйшоў да фотаздымка. Жанчына па—ранейшаму весела і абаяльна ўсміхалася мне са сцяны.
— Дзе яна? – я павярнуўся да мужчыны. – Ваша жонка, дзе яна зараз?
Шырокія плечы мужчыны неяк разам паніклі. І яшчэ да таго, як мужчына пачаў гаварыць, я ўжо ведаў, якім будзе адказ.
— Яна памерла! – голас мужчыны дрыжэў і зрываўся. – Я ж казаў вам учора! Яна... яна выпіла атруту... тры гады таму! – мужчына раптам апусціўся на канапу і абхапіў галаву рукамі. – Я да гэтага часу не ведаю, навошта яна гэта зрабіла! Навошта яна гэта зрабіла?!
Мужчына плакаў уголас, не саромячыся слёз, а я... з мяне было дастаткова. Я не верыў ні адзінаму слову мужчыны, я не ведаў нават, навошта яны абодвы, і муж, і жонка, спрабуюць зрабіць з мяне ідыёта, але... з мяне было дастаткова!
— Прабачце, мне трэба ісці! – сказаў я падкрэслена суха, і шпарка пакрочыў да выхаду. Куртку і чаравікі я знайшоў у пярэдняй. Сухімі. Ну што ж, і на тым дзякуй!
Апынуўшыся за дзвярыма я адразу ж убачыў сваю машыну. “Мерсэдэс” стаяў каля самага ўваходу ў катэдж і нібыта чакаў мяне.
— Паветра трапіла ў бензаправод, — пачуўся за маёй спіной глухаваты голас мужчыны. – Прыйшлося прадуць. Вы ж самі і прадувалі, памятаеце?
Не адказваючы, я рушыў да машыны. Моўчкі адчыніў дзверку, моўчкі сеў... доўга шукаў па ўсіх кішэнях ключы, нарэшце знайшоў. Машына завялася, як кажуць, з паўабароту.
Магчыма, трэба было ўсё ж падзякваць мужчыну за дапамогу, развітацца з ім... але ўсё гэта было ўжо вышэй маіх сіл.
Развярнуўшыся, я павольна паехаў у напрамку да шашы. Я не ведаў, што і думаць, як аднесціся да ўсяго таго, што са мной адбылося. Розум падказваў, што гэта і сапраўды нейкі розыгрыш, праўда, мэта яго мне так і засталася невядомай. Але быў і іншы пункт гледжання, і ён, гэты пункт, таксама меў права на існавання...
Я добра памятаў свой учарашні вечар, які я правёў з той незвычайнай жанчынай! Я памятаў і ўсё тое, што адбылося паміж намі далей! І тым не менш...
Аднекуль, з самай патаемнай глыбіні памяці, усплывалі і нейкія іншыя ўспаміны. Напрыклад, як сядзелі мы ўчора з гэтым рыжым гаспадаром, доўга сядзелі... пілі, размаўлялі, спявалі нават...
Але ж гэтага не было! Не было ніколі, і як я мог памятаць тое, чаго не было?!
Паглядзеўшы назад, у люстэрка задняга віду, я зноў убачыў мужчыну. Ён усё яшчэ стаяў на ганку і таксама глядзеў у мой бок. Потым мне падалося, што ў адным з вокнаў другога паверху ледзь варухнулася занавеса, і чыясьці тонкая постаць з’явілася раптам каля акна. А можа мне гэта толькі падалося?