Генадзь Аўласенка з тых пісьменнікаў, якіх не палохаюць ніякія крызісы — ні эканамічныя, ні духоўныя. Сельскі настаўнік, які многія гады выкладае біялогію ў розных школах Чэрвеньшчыны, ён яшчэ піша вершы, п’есы, апавяданні... І галоўнае — вельмі шмат піша для дзяцей. Творы Генадзя Аўласенкі часта друкуюцца — літаральна ва ўсіх дзіцячых газетах і часопісах краіны, ды і ў часопісах “Маладосць”, “Полымя”, у газеце “Літаратура і мастацтва”... (Кастусь Ладуцька "Адкуль прыходзяць казкі?")

...І Васіль, не жадаючы таго і адначасова не маючы болей сілы працівіцца спакусе, спачатку асцярожна, а потым ужо смялей зірнуў ёй у твар і нібыта аслупянеў, зачараваны асляпляльным яе хараством. Спыніўся час. Часу наогул не існавала больш. І нічога не існавала ў сусвеце. Нічога больш не мела значэння, нічога, акрамя таемнай пяшчотнай бездані вачэй незвычайнай гэтай жанчыны... ("Дзень калі не было дажджу")
hline

Акуляры


На першы погляд, гэта былі самыя звычайныя акуляры ад сонца.
Але гэта толькі на першы погляд.
Вольга заўважыла іх на сядзенні насупраць, як толькі расплюшчыла вочы. Дзіўна, але калі яна садзілася на гэтае месца, насупраць яе ніякіх акуляраў не ляжала. І ніхто не садзіўся насупраць, здаецца, не садзіўся.... хоць у гэтым Вольга была не зусім упэўнена.
Можа, хтосьці ўсё ж паспеў пасядзець тут, пакуль яна драмала, а потым чамусьці вырашыў змяніць месца?
Вольга ўзняла галаву і аглядзелася вакол, стараючыся выявіць такім чынам патэнцыяльнага ўладальніка сонечных акуляраў. Нягледзячы на тое, што людзей у вагоне было не так і шмат, зрабіць гэта аказалася не проста, асабліва ўлічваючы той факт, што дзень сёння выдаўся не толькі не сонечным, але нават амаль пахмурным. Ды і чаго чакаць яшчэ ад сярэдзіны кастрычніка.
І ўсё ж Вольга зрабіла яшчэ адну спробу выявіць уладальніка знаходкі.
— Грамадзяне пасажыры! – як мага гучней прагаварыла яна, узняўшыся з месца. – Сонечныя акуляры ніхто не забыўся?
“Грамадзяне пасажыры” ніяк не адрэагавалі на гэтае яе пытанне. Дакладней, амаль ніяк, бо той сёй з іх усё ж крыху прыўзняў галаву і ляніва паглядзеў у бок дзяўчыны.
— Сонечныя акуляры! – паўтарыла Вольга, ужо крыху цішэй. – Вось тут, на сядзенні...
І зноў аніякай рэакцыі. Праўда, адзін падлетак, гадоў гэтак трынаццаці, таргануўся неяк не зусім рашуча. Вольге нават здалося, што хлапчына ўсё ж хацеў аб’явіць сябе гаспадаром акуляраў, але так і не рашыўся гэтага зрабіць. Мо пасароміўся?
— Ну, не дык не! – ужо зусім ціха прагаварыла Вольга, зноў апускаючыся на сваё ранейшае месца. – Тады мае будуць!
Яна працягнула руку і ўзяла акуляры.
І адразу ж адчула нейкую іх незвычайнасць.
Па—першае: вага. Акуляры былі не проста цяжкімі для невялікіх сваіх памераў – яны былі вельмі цяжкімі. Занадта нават цяжкімі, асабліва, калі ўлічыць, што зробленыя яны былі з аднаго толькі пластыку. Так, адзін суцэльны пластык, і нічога больш...
І такая незразумелая вага!
Але яшчэ большае ўражанне чакала Вольгу, калі яна, сама не ведаючы, навошта, проста падпарадкоўваючыся раптоўнаму нейкаму парыву, паднесла акуляры да твару...
І аж ускрыкнула ад нечаканасці.
Акуляры, як аказалася, не толькі нічога не зацямнялі. Наадварот. Адчуванне было такое, быццам ў паўцёмным вагоне электрычкі ўспыхнула раптам яркае, асляпляльнае нават святло. Так, быццам хтосьці нябачны ўключыў аднекуль зверху паўтары, а то і дзве сотні звышмагутных пражэктараў.
Імгненна сарваўшы з твару злашчасныя гэтыя акуляры, Вольга збянтэжана азірнулася.
На гэта раз грамадзяне звярнулі на Вольгу куды больш увагі. Амаль усе пасажыры ва ўсе вочы глядзелі на яе: хто са дзіўленнем, хто з недаўменнем, а нейкая бабулька нават перахрысцілася. І тут падлетак, які хацеў, але так і не рашыўся прысвоіць сабе чужыя акуляры, раптам ускочыў з месца і, угінаючы нізка галаву ў плечы, кінуўся ў бок тамбура, знікаючы за яго дзвярыма...
Адчуваючы сябе вельмі няёмка, Вольга ўстала і, ні на каго не гледзячы, таропка пайшла ў процілеглы бок. Там знаходзіўся, калі Вольга не памылялася, апошні вагон электрычкі.
Увайшоўшы ў апошні гэты вагон, Вольга спынілася каля самага ўваходу і аглядзелася ў пошуках свабоднага месца. Народу тут чамусьці было намнога больш, чым у суседнім вагоне, але свабодных месцаў усё ж хапала. Апусціўшыся на адно з іх, Вольга прынялася за далейшае абследванне незвычайнай сваёй знаходкі.
Акуляры як акуляры. Суцэльная літая пластмаса, аправа і шкельцы ўяўляюць сабой адзінае цэлае... і знутры, здаецца, не схавана ніякіх патаемных механізмаў...
Чаму ж тады яны такія цяжкія? Чаму, нягледзячы на цёмныя свае шкельцы, акуляры гэтыя не толькі не зацямняюць, а і, наадварот, значна асвятляюць усё навокал?
І якія яшчэ таямніцы, якія сюрпрызы схаваныя ў гэтых, такіх простых на першы погляд, акулярах?
Вольга зноў надзела акуляры, унутрана падрыхтаваная ўжо да новых цудаў і адкрыццяў. І адкрыцці не прымусілі сябе чакаць.
Аказалася раптам, што дзіўныя акуляры гэтыя не проста асвятляюць усё наўкол. Яны нейкім незразумелым чынам скажаюць, змяняюць нават, такую звычную, здавалася б, рэчаіснасць.
Вось, к прыкладу, трое дзяўчат, якія сядзелі непадалёку ад Вольгі, ўвесь час гучна гаманілі (не заўсёды цэнзурна) і час ад часу перакідваліся кароткімі рэплікамі з падвыпіўшымі хлопцамі насупраць. Вольга спачатку не звяртала на дзяўчат аніякай увагі, але калі паглядзела ў іх бок праз акуляры – аж сумелася ад нечаканасці.
Дзяўчаты былі зусім голыя і ніколькі гэтага не саромеліся. Ды і іншыя пасажыры, акрамя п’яных хлопцаў, не звярталі аніякай ўвагі на іх незвычайны выгляд. Вользе гэта здалося падазронным. Яны хуценька зняла акуляры і ўпэўнілася, што адзенне на дзяўчатах прысутнічае, праўда, даволі сціплае. Акуляры чамусьці гэтае адзенне ігнаравалі.
Яшчэ больш ашаламляльнае, жудаснае нават адкрыццё зрабіла Вольга, калі паглядзела на ўласных сваіх суседзяў насупраць. Яна і раней звярнула ўвагу на гэтую парачку, ды і як было не звярнуць. Прыгожы юнак, занадта нават прыгожы... і побач дзяўчына, худая, непрывабная... і валасы нейкага мышынага колеру. На брата і сястру яны не былі падобныя, вельмі ўжо пяшчотна тулілася дзяўчына да свайго кавалера, а той, абхапіўшы яе за плечы адной рукой, глядзеў прама на Вольгу, і погляд ягоны быў даволі красамоўны.
Але гэта без акуляраў. Зірнуўшы на іх праз праз шкельцы акуляраў, Вольга літаральна анямела ад жаху.
Юнак зараз не проста абдымаў рукой плечы сваёй суседкі – ён душыў яе, павольна, не спяшаючыся. У няшчаснай дзяўчыны ўжо закаціліся вочы ў перадсмяротнай агоніі, з роту ў яе раптам вываліўся язык, чорны, распухлы, у нейкай белай пене...
Вольга рэзка тарганулася, акуляры зваліліся з твару... а насупраць усё было па—ранейшаму. Дзяўчына драмала на плячы свайго кавалера (ці мужа), а той усё не зводзіў і не зводзіў з Вольгі прагнага свайго позірку.
Падхапіўшы акуляры, Вольга рэзка ўстала і перайшла ў процілеглую частку вагона. Там яна зноў апусцілася на свабоднае месца і, не рашаючыся больш надзяваць акуляры, стала проста глядзець на іх. Проста глядзець і нічога больш...
Ёй хацелася зразумець, што ж гэта такое было, тое, што яна толькі што ўбачыла. Эпізод з мінулага ці карцінка з недалёкай будучыні? Але хіба такое магчыма, зазірнуць у будучыню? А можа акуляры проста “прачыталі” самую патаемную думку прыгожага юнака?
Цяпер насупраць Вольгі сядзеў мужчына сярэдніх гадоў, даволі яшчэ сімпатычны і па—спартыўнаму падцягнуты. Магчыма ён і быў былым спартсменам, але, гледзячы на ягоны касцюм, цёмны і, здаецца, дарагі, Вольга вырашыла, што яе сусед, хутчэй за ўсё, бізнесмен сярэдняй рукі. Ён таксама зацікаўлена паглядваў на прыгожую суседку і, па ўсяму бачна, чакаў толькі выпадку, каб завязаць з ёй больш блізкае знаёмства.
Што ж, Вольга была і сама не супраць такога знаёмства, мужчына ёй спадабаўся з першага погляду, але...
Зірнуўшы на акуляры, Вольга вырашыла зноў рызыкнуць і “праверыць” свайго патанцыяльнага кавалера праз іх.
“Праверка” дала вынік проста ашаламляльны, калі не сказаць больш…
Прыемная ўсмешка незнаёмца ператварылася раптам ў нейкі, амаль звярыны аскал, рукі ягоныя былі ў крыві і свежая гэтая кроў сцякала з іх, капаючы ўніз. А замест дарагога касцюма на мужчыне аказаўся раптам нейкі шэры плашч, таксама ўвесь у крывавых плямах...
Прыемны мужчына насупраць аказаўся не бізнесменам сярэдняй рукі а, хутчэй за ўсё, наёмным забойцам, кілерам. Або маньякам, тады ён мог быць па сумяшчяальнасці і бізнесменам, адно другому не пярэчыла...
Не чакаючы, пакуль мужчына раскрые рот і вымавіць першую фразу, Вольга ўстала і, не азіраючыся, накіравалася ў бок ранейшага свайго вагона. Злашчасныя гэтыя акуляры яна ўжо паспела зняць і цяпер зноў трымала іх ў правай руцэ.
Выкінуць іх ці што? І як даведацца – праўду яны паказваюць або проста маняць?
А што, калі гэты маньяк ужо выбраў яе сваёй чарговай ахвярай?!
Ад такой думкі Вользе раптам стала страшна. Не спыняючыся ў суседнім вагоне, яна пайшла далей. Яна ішла і ішла... і ўсё ніяк не магла выкінуць з галавы звярыны аскал мужчыны і свежую кроў на ягоных руках...
Электрычка запаволіла ход, набліжаючыся да чарговага прыпынку. Яны былі ўжо ў межах горада, наступны прыпынак быў апошнім і Вользе трэба было выходзіць менавіта там. Але зараз, сама не разумеючы, як і чаму гэта адбылося, Вольга, не паспела толькі электрычка спыніцца і расчыніць дзверы, выбегла з вагона на перон. І толькі потым, гледзячы на адыходзячую электрычку, пашкадавала аб гэтым сваім учынку.
Што яна нарабіла, дурніца! Той маньяк, ён таксама мог злезці на гэтым прыпынку, вунь колькі тут людзей выйшла... Там, у самым цэнтры горада, яна была б у поўнай бяспецы, тады, як тут, у новым мікрараёне...
Вольга паглядзела ўверх, у шэрае пахмурнае неба і зразумела раптам, што яшчэ крыху і пачне хутка цямнець. А гэтай часткі горада яна не ведала наогул. Здаецца, за тым паркам павінен пачынацца праспект, але спярша трэба... трэба прайсці адной па гэтаму парку...
Вольга аглядзелася вакол і сэрца яе раптам трывожна застукала. Толькі нядаўна платформа была паўнюткай народу, а зараз тут засталася толькі яна адна. Ну, яшчэ некалькі хлапчукоў непадалёку. Весела перагаварываючыся і, здаецца, абмяркоўваючы нейкі “круты” баявік, хлапчукі накіраваліся ў бок парку.
Схамянуўшыся, Вольга шпарка закрочыла ў тым жа напрамку, стараючыся трымацца да падлеткаў як мага бліжэй. Не тое, каб яна спадзявалася, што некалькі трынаццацігадовых хлапчукоў змогуць яе абараніць у выпадку раптоўнага нападу... проста, магчыма, той маньяк не стане нападаць пры сведках, хай нават сведкі гэтыя зусім яшчэ дзеці.
А можа мужчына той паехаў спакойна далей, і ўсе яе страхі толькі выдуманыя...
У парку было ўжо амаль цёмна, але Вольга пазнала раптам аднаго з падлеткаў. Гэта ён тады выбег з вагона, пасля таго, як яна ўскрыкнула. А яшчэ раней ён адзіны праявіў сапраўдны інтарэс да яе паведамлення аб знойдзеных акулярах...
Дарэчы, чаму ён пабег тады? Штосьці ўкраў?
Вольгу раптам ахапіла нейкае трывожнае пачуццё. Яна шмат чула аб агрэсіўнасці цяперашніх падлеткаў, аб іх злачынных групоўках... аб той жорсткасці, з якой распраўляюцца яны са сваімі ахвярамі. Ужо па—новаму, не так, як раней, глядзела яна на гэты маўклівы гурт наперадзе. Дарэчы, яна і не заўважыла, калі яны перасталі абмяркоўваць свой баявік, але цяпер падлеткі ішлі моўчкі і, здаецца, чагосьці чакалі.
Чаму яны ідуць так павольна?!
Вольга яшчэ больш запаволіла крок і падлеткі амаль сінхронна зрабілі тое ж самае. Яны нібыта не жадалі адпускаць далёка ад сябе выбраную ўжо ахвяру.
Ці гэта ёй толькі здаецца?
Вольга спынілася і хлапчукі таксама спыніліся наперадзе. І, не проста спыніліся, а нарэшце павярнуліся ў яе бок. І нейкі час проста моўчкі на яе глядзелі.
— Што вам трэба?! – крыкнула Вольга дрыжачым голасам. – Што вам ад мяне трэба?!
— Ты ведаеш, што! – адказаў хтосьці з хлапчукоў, і голас ягоны прагучаў неяк дзіўна, зусім не па—дзіцячаму. – Аддай нам гэта! Аддай і ўсё будзе добра!
— Што аддаць?! – ад страху Вольга зусім згубіла галаву і нічога ўжо не разумела. – Што вам аддаць?
— Той, што табе не належыць! – быў адказ, і зноў голас падлетка прагучаў неяк не так. – Тое, што ты знайшла і ўзяла сабе!
“Акуляры! – дайшло нарэшце да Вольгі. – Яны патрабуюць, каб яна аддала ім акуляры! Ну што ж, хай будзе так... яна і сама не супраць пазбавіцца ад іх як мага хутчэй!”
Яна зноў адчула звычны іх цяжар у сваёй правай руцэ. Таямнічыя акуляры... а, можа, і не акуляры нават... і вось знайшліся, нарэшце, сапраўдныя іх гаспадары...
Гэтыя падлеткі?! Дзеці, якім яшчэ няма і трынаццаці?
Дзеці, якія могуць размаўляць такімі, зусім не дзіцячымі галасамі?!
Правая рука Вольгі міжволі ўзнялася, павольна набліжаючыся да твару...
— Не трэба! – пранізліва выкрыкнуў хтосьці з дзяцей. – Не рабі гэтага!
Але было ўжо позна. Вольга глядзела на іх праз акуляры. Глядзела, амаль здранцвелая ад жаху.
Надзяваючы акуляры, Вольга думала толькі пра цемру, якая панавала навокал, праз якую яна ніяк не магла разгледзіць твары сваіх нечаканых суразмоўцаў. Асвятляльныя гэтыя акуляры павінны былі даць ёй такую магчымасць...яна гатовая была нават да таго, што рукі падлеткаў будуць па локаць у крыві, што нават твары дзяцей зменяцца да непазнавальнасці, скрыўленныя злымі, звярынымі нават грымасамі...
Але да таго, што яна ўбачыла, Вольга не была гатовая. Зусім нават не была…
Бо перад ёй стаялі не дзеці. І не людзі нават.
Больш за ўсё гэтыя істоты паходзілі на яшчарак. Вялізных нязграбных яшчарак, якія чамусьці ўсталі на заднія лапы.. Зяленая, уся ў лускавінках скура, вузкія змяіныя вочы на круглах галовах з невялікім грэбенем зверху. А яшчэ ў гэтых істотаў былі хвасты, кароткія і даволі тоўстыя, якімі яны абапіраліся аб зямлю.
Істоты глядзелі на Вольгу, моўчкі глядзелі. А дзяўчына, пад гэтымі іх немігаючымі позіркамі, не магла нават паварушыцца. Нібыта штосьці трымала яе, нябачнае штосьці. Крычаць яна таксама не магла.
— Мы ж цябе папярэжвалі! – прашыпела раптам адна з яшчарак, крыху разявіўшы пашчу, ярка—чырвоную і поўную дробных вострых зубоў. – Чаму ты нас не паслухалася?
Адказаць Вольга не магла. Яна нават мігнуць не магла, аніводная мышца, здаецца, ёй не падпарадкоўвалася. Яна магла толькі глядзець... і яна ўсё глядзела і глядзела праз злашчасныя гэтыя акуляры на жудасных істот побач з сабой.
“Гэта сон! – білася ў галаве дзяўчыны адзіная выратавальная думка. – Гэта мне сніцца... толькі сніцца і нічога больш!”
Адна з істот, крыху вышэйшая за іншых, прашыпела штосьці зусім незразумелае, другая, побач, узняла пярэднюю лапу з нейкім дзіўным прыборам. Магчыма, зброяй...
“Не трэба! – паспрабавала закрычаць Вольга, але праз сутаргава сціснутыя зубы не вырвалася аніводнага гуку. – Я не хачу! Я... “
Асляпляльная ўспышка святла балюча ўпілася ў вочы, а потым ўсё наўкол заліла раптам суцэльная, безпрасветная цемра. І Вольга, нарэшце, закрычала, але крык гэты быў ужо самым апошнім асэнсаваным яе дзеяннем...
— Цёценька, а цёценька!
Вольга расплюшчыла вочы і са здзіўленнем убачыла, што знаходзіцца ў нейкім незнаёмым месцы. Зусім нават незнаёмым...
— Цёценька, з вамі ўсё добра?
Чатыры хлопчыкі стаялі побач з Вольгай, а вакол былі нейкія дрэвы... і было ўжо зусім цёмна. Як яна тут апынулася?
— Вы ішлі з электрычкі, а потым раптам закрычалі, — растлумачыў адзін з хлопчыкаў, хударявы і ў акулярах...
У акулярах!
Слова “акуляры” раптам ўсплыло ў памяці Вольгі, і яшчэ ўсплыло штосьці, цесна звязанае з ім, але гэтае “штосьці” усплыла і зноў кудысці знікла, растварыўшыся амаль імгненна ў самых патаемных глыбінях падсвядомасці. Застаўся толькі асадак... трывожны, непрыемны, палохаючы нават асадак...
Акуляры... акуляры... Прычым тут акуляры, яна ніколі іх не насіла? І чаму яна апынулася раптам тут, у цемры гэтага закінутага парку?
— Цёцёнька, мы праводзім вас да аўтобуснага прыпынку! – прапанаваў раптам другі хлопчык, самы высокі з усіх і, здаецца, лідэр іх невялікай кампаніі. – Вы не супраць?
Вольга усміхнулася хлопчыкам, хоць яны наўрад разгледзілі праз цемру гэтую яе ўсмешку. Цудоўныя хлопчыкі! Чулыя і спагадлівыя, зараз такіх не часта сустрэнеш... І ўсё ж, як яна апынулася тут? Чаму яна нічога аб гэтым не памятае? Памятае толькі, што ехала ў электрычцы... а потым правал... незразумелы нейкі правал у памяці...
І тут памяць вярнулася да яе. Не ўся, часткова. Яна ўспомніла, як сыйшла на гэтым прыпынку, але так і не ўспомніла, чаму гэта зрабіла. Успомніла, як пайшла за гэтымі хлапчукамі, якія ішлі наперадзе і ажыўлена каментыравалі нейкі, толькі што ўбачаны і, пэўна ж, вельмі “круты” баявік...
А потым? Што было потым? Што так напалохала яе потым, чаму яна закрычала?
Гэтага Вольга не памятала. Зусім не памятала. І не магла ўспомніць, як не старалася.
— Дык вас праводзіць?
— Не, дзякую! – Вольга зноў усміхнулася хлопчыкам. – Сама дайду.
— Ну, глядзіце!
І хлапчукі рушылі далей, працягваючы ажыўлена, занадта нават ажыўлена, абмяркоўваць нейкія свае дзіцячыя ўраджанні ад толькі што ўбачанага фільма...