Генадзь Аўласенка з тых пісьменнікаў, якіх не палохаюць ніякія крызісы — ні эканамічныя, ні духоўныя. Сельскі настаўнік, які многія гады выкладае біялогію ў розных школах Чэрвеньшчыны, ён яшчэ піша вершы, п’есы, апавяданні... І галоўнае — вельмі шмат піша для дзяцей. Творы Генадзя Аўласенкі часта друкуюцца — літаральна ва ўсіх дзіцячых газетах і часопісах краіны, ды і ў часопісах “Маладосць”, “Полымя”, у газеце “Літаратура і мастацтва”... (Кастусь Ладуцька "Адкуль прыходзяць казкі?")

...Гэта быў проста невялікі пакойчык, пасярод якога стаяў прыземісты металічны стол і металічнае ж крэсла побач з ім. Сцены пакойчыка таксама былі, здаецца, металічнымі, на іх не было нічога. Зусім нічога. У пісьме не ўпаміналася аб тым, што павінен ён убачыць у кабінеце. Там гаварылася, што ён павінен зайсці ў кабінет і... І сесці за стол... А што потым? У пісьме аб гэтым таксама нічога не казалася... ("Кабінет")
hline

ЗАПРАШЭННЕ НА ЎШАЧЧЫНУ (Букет санетаў)


          Уступ

Я на Ўшаччыне роднай
Збіраў за санетам санет,
У мясцінах, дзе маці
Калісьці рамонкі збірала.

Я не сплёў з іх вянок,
Я іх склаў – атрымаўся букет.
Я яго, нібы стужкай,
Адзіным абвіў магістралам.


          1-шы санет

Адбітак неба плавае ў вадзе.
Я зноўку тут! Шчасліва сэрца б’ецца.
А паплавок... ён нада мной смяецца!
Тут рыба ёсць... мне б толькі ведаць, дзе!

Чакайце, штосьці паплавок вядзе!
Ды не, напэўна мне ізноў здаецца.
Праз вузенькі масток вада ліецца,
І летні дзень да вечара ідзе.

Я сёння зноў нічога не злаўлю,
Ды не бяда! Яшчэ разок закінуў.
Ушацкі край пагоркі параскінуў...

Ушацкі край, я так цябе люблю!
Я зноў вярнуўся на сваю зямлю.
Шкада, што я яе калісь пакінуў…

            2-гі санет

І возера застыла ў задуменні.
Ну, хоць бы свежы ветрыка павеў,
Ну, хоць бы калыханне сонных дрэў!
Ды спяць яны, раскінуўшы карэнне.

І ўсё навокал дрэмле ў ачмурэнні,
Сціх нават птушак стогалосы спеў...
Я не спазніўся, я якраз паспеў –
Яно ўжо пачынаецца, зацьменне!

Праз чорнае задымленае шкло
Глядзеў я ўверх... Ну, вось і пачалося!
Здзяйсненне даўняй мары адбылося!

На сонца штосьці збоку напаўзло…
А я глядзеў... Даўно яно было,
Ды ў памяці па сёння засталося.

           3-ці санет

То тут, то там з вады тырчыць каменне –
Сівыя сведкі нашай даўніны.
Адкуль яны, такія валуны?
І кожны важыць сто пудоў, не меней.

Вартаўнікі... ну, хто ж калі іх зменіць?
Ледавіка далёкага сыны.
Ён іх прынёс і кінуў, а яны
Так і застылі ад неўразумення.

Калі б яны маглі загаварыць –
Якая б атрымалася гаворка!
Стаю маўкліва, а на сэрцы горка...

Калі б іх у людзей ператварыць!
А ў небе зорка першая гарыць,
Нібыта Віфліемаўская зорка...

          4-ты санет

У ціне, бы ў зялёнай барадзе,
Дзед-Вадзянік ляжыць, адпачывае,
А ў поўдзень на паверхню выплывае,
І хто яго не стрэне – быць бядзе!

Дзед-Вадзянік зямных дзяўчат крадзе,
Кароў раптоўнай хваляй накрывае
І сеткі пад карчагамі хавае,
Ці раздзярэ ды кіне абы-дзе...

Дайшлі да нас легенды праз вякі...
А, можа, й праўда – ёсць такое штосьці?
Вадзянікі, ну дзе ж вы, ягамосці?

Адразу ж, без сцяжынкі, напрасткі,
Бягу, як на спатканне, да ракі,
Калі ва Ўшачы прыязжаю ў госці.

           5-ты санет

Павук карункі тонкія прадзе,
Павольна сонца хіліцца да долу.
А гэта значыць – час і нам дадому.
А возера... ды хто яго ўкрадзе!

Павольна статак да вады брыдзе,
Крычыць пастух, нягледзячы на стому.
Мы заўтра прыдзем зноў. Ды тут ад дому
Хвілін пятнаццаць па маёй хадзе.

Згадзіўся сын. Нырнуў яшчэ разок,
Праплыў крыху... Ці ж мне за ім угнацца!
Выходзім, пачынаем апранацца...

Ідзем знаёмай сцежкай праз лясок,
Да босых пятак лашчыцца пясок...
Мне – сорак шэсць, а сыну – чатырнаццаць...

               6-ты санет

Ліюцца з неба дожджыка струмені,
А я ж забыўся зноўку парасон!
І вось цяпер мне так патрэбны ён,
Хіба ж газета парасон заменіць!

Няхай! Я камячу газету ў жмені
І крочу з летнім ліўнем ва ўнісон.
І неяк раптам, нібы дзіўны сон:
З-за хмар ірвуцца сонейка праменні!

Не зніклі б толькі, божа барані!
Стаю на мокрым вузенькім прасёлку,
Вакол канаў буяюць травы-зёлкі...

Адбудзься ж цуд! Мяне не падмані!
І ўспыхнула ў нябеснай вышыні
Шматколерная, яркая вясёлка.

                 7-мы санет

Спыні хаду, няўлоўнае імгненне!
Імчышся ты хутчэй імклівых куль.
Спыні хаду і доўжыся пакуль…
Каб зніклі сум, турбота і сумненні.

Каб узнікала ў сэрцы разуменне:
Адкуль я родам, карані адкуль?
Я штосьці значу ці паўнюткі нуль?
А ўрэшце, што адно імгненне зменіць!

Нікому не спыніць няўмольны час.
Як мы яго калісьці марнавалі!
Гублялі, ні аб чым не шкадавалі...

А час прайшоў, нібы агеньчык згас...
Куды ідзем мы? Што чакае нас
На цьмяным, таямнічым перавале?

               8-мы санет

Такога больш не ўбачыш ты нідзе:
Світанак летні па дзялянках ходзіць,
І ягады духмяныя знаходзіць,
І ў кошык свой іх па адной кладзе.

А потым па каменьчатай градзе
Наверх ідзе, глядзіць, як сонца ўсходзіць,
Як аблачыны ў небе карагодзяць
Ці ў далячынь плывуць у чарадзе.

Чакае першы сонечны прамень…
Другі прамень світанак не чакае,
Ён па градзе павольна ўніз сцякае...

Знікае, захінаючыся ў цень...
А ўслед за ім прыходзіць новы дзень,
І мы яго з надзеяй сустракаем.

              9-ты санет

Мой родны край – зямны зялёны рай!
Ушаччыны бязмежныя прасторы.
Ускінуліся ўзгоркі нібы горы
Ва ўсе бакі, за самы небакрай.

Мой край, мяне ізноўку сустракай!
Я ўстану ранкам, пяць хвілін на зборы.
І вось я крочу па зялёным моры.
Тут ягад – хоць да вечара збірай!

Вярнуцца б у мінулае! Тады
Жылі ў душы і мары, і надзеі,
І кожны дзень быў значнаю падзеяй...

Зязюля, не лічы мае гады!
Я ведаю, што ўжо не малады...
Хай хоць душа крыху памаладзее!

              10-ты санет

Радзіму выбіраць ніхто не можа.
Яна ў мяне, як і ва ўсіх, адна!
Ушацкая лясная старана...
Другой радзімы мне не трэба, Божа!

Я часцяком стаяў на раздарожжы,
І чашу горкай здрады піў да дна,
Ды шчыра верыў, ведаў – ёсць яна,
Ушаччына! Яна мне дапаможа!

Яна суцешыць боль і горыч страт,
Бо тут я ўсе нягоды забываю!
Я кожны год на Ўшаччыне бываю...

Нібы ў сваё мінулае назад
Іду павольна між знаёмых хат,
І сэрцам, і душой адпачываю.

             11-ты санет

Палессе, Панямонне ці Пасожжа...
Я ў тых мясцінах часта гасцяваў,
Ля вогнішча, бывала, начаваў...
Любіў па маладосці падарожжы.

Купаўся і на Прыпяці, і ў Сожы,
Па Нёману з сябрамі веславаў...
Ды па адной рачулцы сумаваў,
Няхай маленькай, ды на дзіва гожай.

Пачатак лета. Лепшая пара.
Ласкавы вецер. Зверху сонца свеціць...
Ушачка, ты найлепшая на свеце!

І хай табе далёка да Дняпра...
Дняпро – твой брат, а ты яму – сястра,
Бо ўсе мы – Маці-Беларусі дзеці!

                 12-ты санет

Ды калі б Бог сказаў мне: “Выбірай
Адно жаданне! Здзейсніцца адразу!”
Я б, пэўна, не марудзячы з адказам,
Яму сказаў: “Мне, Божа, крылы дай!”

Хоць на хвіліну! Потым адбірай!
Не палічу за крыўду ці абразу!
Дай толькі мне ўзляцець, каб зверху, разам,
Цябе разгледзіць, мой Ушацкі край.

Край партызанскі. На тваёй зямлі
Ішлі баі… тут кожны трэці згінуў.
Тут бацька ваяваў і дзед загінуў...

Ды час прайшоў, акопы зараслі...
І дзеці падраслі, і ў свет пайшлі.
І я свой край пакінуў... ды не кінуў!

                  13-ты санет

Цябе б я выбраў, мой Ушацкі край,
Каб двойчы змог на гэты свет з’явіцца.
Дазволь мне, Божа, зноўку нарадзіцца,
Ды толькі гэты час не паскарай!

І памяць аб мінулым не сцірай,
Каб зноўку не прыйшлося памыліцца!
Бо з’ехаў я ад роднае зямліцы.
Мой родны край, мяне не дакарай!

А лепш чакай. Бо ў будучым жыцці
Я б тут жадаў жыццё сваё пражыці,
Ірваць рамонкі ў недаспелым жыце.

Сталець, расці. Жыццёвы шлях знайсці,
Па ім ісці... і да канца прайсці...
Ды як такое здзейсніць, падкажыце!

                   14-ты санет

Ну, дзе яшчэ, скажыце, так прыгожа!
Адных азёр блакітных не злічыць.
Сюды турысты едуць адпачыць -
І Мінск, і Піцер... нават Запарожжа…

Мне, можа, скажуць: “Глуш і бездарожжа
На Ўшаччыне!” Ну, гэта – як лічыць!
Аўтобус вас ад Мінска даімчыць
За пяць гадзін... ну, пяць з паловай, можа...

Тут лёгка без клапот адпачываць.
Ды толькі, не паспееш азірнуцца,
Як пройдзе час... і час назад вярнуцца...

Каб потым вечарамі сумаваць,
Каляндара старонкі адрываць
І зноў сюды, на Ўшаччыну, імкнуцца.

Санет-стужка (Магістрал)

Адбітак неба плавае ў вадзе,
І возера застыла ў задуменні.
То тут, то там з вады тырчыць каменне
У ціне, бы ў зялёнай барадзе.

Павук карункі тонкія прадзе,
Ліюцца з неба дожджыка струмені.
Спыні хаду, няўлоўнае імгненне,
Такога больш не ўбачыш ты нідзе!

Мой родны край – зямны зялёны рай!
Радзіму выбіраць ніхто не можа:
Палессе, Панямонне ці Пасожжа...

Ды калі б Бог сказаў мне: “Выбірай” –
Цябе б я выбраў, мой Ушацкі край!
Ну, дзе яшчэ, скажыце, так прыгожа!