Генадзь Аўласенка з тых пісьменнікаў, якіх не палохаюць ніякія крызісы — ні эканамічныя, ні духоўныя. Сельскі настаўнік, які многія гады выкладае біялогію ў розных школах Чэрвеньшчыны, ён яшчэ піша вершы, п’есы, апавяданні... І галоўнае — вельмі шмат піша для дзяцей. Творы Генадзя Аўласенкі часта друкуюцца — літаральна ва ўсіх дзіцячых газетах і часопісах краіны, ды і ў часопісах “Маладосць”, “Полымя”, у газеце “Літаратура і мастацтва”... (Кастусь Ладуцька "Адкуль прыходзяць казкі?")

...Дрыжачай рукой Алег выхапіў з кішэні цыліндрык і з уся сілы націснуў на кнопку. Ён ужо не спадзяваўся нават, што цыліндрык нейкім чынам спрацуе... але той, як гэта не дзіўна, спрацаваў і спрацаваў на славу. Хлопца, які толькі што трымаў Алега за каўнер, ужо не было побач. Яго, наогул, нідзе не было, ён проста знік, знік гэтак жа таямніча і незразумела, як і той незнаёмец сёння раніцай... ("Лепшы сродак самаабароны")
hline

Сонны ранак панура ўстае


Сонны ранак панура ўстае,
Дождж па вокнах далонямі б’е,
Мокрым тварам па шыбінах трэцца,
Быццам просіць:
    - Пусціце пагрэцца!
    - Не пушчу цябе, дождж, не прасі!
Шыбы ў вокнах маіх не трасі!
Не пушчу,
                не пушчу цябе!
Не!
Ты вясною прыходзь да мяне!