Генадзь Аўласенка з тых пісьменнікаў, якіх не палохаюць ніякія крызісы — ні эканамічныя, ні духоўныя. Сельскі настаўнік, які многія гады выкладае біялогію ў розных школах Чэрвеньшчыны, ён яшчэ піша вершы, п’есы, апавяданні... І галоўнае — вельмі шмат піша для дзяцей. Творы Генадзя Аўласенкі часта друкуюцца — літаральна ва ўсіх дзіцячых газетах і часопісах краіны, ды і ў часопісах “Маладосць”, “Полымя”, у газеце “Літаратура і мастацтва”... (Кастусь Ладуцька "Адкуль прыходзяць казкі?")

...У цьмяна асветленым пакоі стаялі двое: сівы, моцна згорблены ўжо стары і высокі мужчына спартыўнага целаскладу. Яны стаялі нерухома і нейкі час проста глядзелі адзін аднаму ў вочы. Потым стары ўздыхнуў і міжволі перавёў погляд на пісталет у руцэ мужчыны. Пісталет быў невялікім, у шырокай далоні мужчыны ён здаваўся нават маленькім, амаль што цацачным... але ён не быў цацачным... ("Кілер")
hline

Аблятаюць клёны, аблятаюць.


Аблятаюць клёны, аблятаюць.
Журавы кудысьці адлятаюць,
І на сэрцы нейкі неспакой.
Мо таму, што клёны аблятаюць,
Мо таму, што птушкі адлятаюць
І так ціха стала над ракой.
Ну, а можа, гэта не прычына,
А лягла на сэрца аблачына,
Бо так мала зроблена ў жыцці!
Ну, а мо і гэта не прычына –
А прычынай нейкая дзяўчына,
Лепшай за якую не знайсці...