Генадзь Аўласенка з тых пісьменнікаў, якіх не палохаюць ніякія крызісы — ні эканамічныя, ні духоўныя. Сельскі настаўнік, які многія гады выкладае біялогію ў розных школах Чэрвеньшчыны, ён яшчэ піша вершы, п’есы, апавяданні... І галоўнае — вельмі шмат піша для дзяцей. Творы Генадзя Аўласенкі часта друкуюцца — літаральна ва ўсіх дзіцячых газетах і часопісах краіны, ды і ў часопісах “Маладосць”, “Полымя”, у газеце “Літаратура і мастацтва”... (Кастусь Ладуцька "Адкуль прыходзяць казкі?")

...І навошта напяльвала на сябе недарэчную гэту хламіду? І чыя яна, дарэчы? Дыяна ўздыхнула, узнялася з ложка і, асцярожна ступаючы босымі нагамі па халоднаму паркету, выйшла ў пярэднюю. Планіроўка пакояў тут была якраз такая ж, як і ва ўласнай яе кватэры, таму Дыяне было лёгка арыентавацца. На вешалцы, побач з дзвярыма, вісела шмат самага разнастайнага адзення, у тым ліку і жаночага, але нічога свайго Дыяна так і не знайшла... ("Прачнуўшыся раніцай")
hline

Пра пытанні без адказаў


Гэты артыкул атрымаўся ў мяне зусім выпадкова. Пасля таго, як прачытаў у восьмым нумары “ЛіМа” агляд студзеньскіх літаратурных часопісаў. У ім Дзяніс Марціновіч аналізуе маю фантастычную аповесць “Переступив черту”. З аднаго боку, такая ўвага прыемная, з другога ж…

У самым пачатку свайго аналізу пад сімвалічнай назвай “Каму належаць акуляры” Дзяніс Марціновіч адзначае “стабільна высокі ўзровень празаічнай часткі часопіса”. І тут жа дадае, што “ў кожнага правіла, на жаль, бываюць выключэнні. Іх праявай стала фантастычная аповесць Генадзя Аўласенкі”.
Прачытаўшы такое, я сумна ўздыхнуў. Не атрымалася, выходзіць, у мяне аповесць, нізкі, на жаль, у яе ўзровень.
Далей Дзяніс Марціновіч адзначае, што для аповесці “Переступив черту” характэрна “імклівае разгортванне сюжэта, лёгкасць аўтарскага стылю, багатая фантазія, здольнасць пісьменніка трымаць чытацкую увагу”. Калі нават сам захочаш сябе пахваліць — лепей не скажаш! І дзякуй спадару Марціновічу за такую ўхвальную характарыстыку маёй аповесці!
Працягваю чытаць аналіз далей…
“Але ў творы хапае і спрэчных момантаў”, — сцвярджае крытык.
Спрэчныя (на думку чытачоў) моманты маюцца ў любым творы, бо колькі чытачоў — столькі меркаванняў. Якія ж канкрэтна спрэчныя моманты знайшоў аўтар крытычнага артыкула ў маёй аповесці?
Вось адзін з іх паводле меркавання Дзяніса Марціновіча:
“У пачатку аповесці Вольга — слабая істота… — падкрэслівае крытык. — Але дастаткова ёй пасядзець аголенай перад люстэркам у позе лотаса, як гераіня пераўвасабляецца ў супергераіню, якая элегантна карыстаецца любой зброяй. Няўжо падобная медытацыя здольная замяніць праходжанне курсаў маладога байца?”
Апошнім сказам (пра “курсы маладога байца”) Дзяніс Марціновіч, напэўна, хацеў паказаць, што з пачуццём гумару ў яго ўсё ў парадку. Магчыма, гэта і так, толькі вось мне здаецца, што ён не зусім уважліва чытаў маю аповесць. Бо інакш зразумеў бы, што Вольга ператварылася ў супергераіню пасля таго, як злілася з акулярамі ў адзінае цэлае, а гэта было яшчэ да медытацыі! А калі іх адзінства распадаецца і акуляры зноў апынаюцца ў руцэ дзяўчыны, яна адразу ж становіцца ранейшай “слабай істотай”.
Так што “курсы маладога байца” ў нашай арміі няхай застаюцца, замяняць іх позай лотаса, ды яшчэ і ў аголеным стане не трэба (гэта я ўжо дэманструю ўласнае пачуццё гумару).
Ну, а з цытатамі кшталту “яшчэ некалькі дзясяткаў кіламетраў — і гераіня дабегла б да Ціхага акіяна” або “ці не прасцей было адразу скокнуць ва Уладзівасток, а не даць лемурам спаліць усю сібірскую тайгу? Расіянам і так хапае экалагічных праблем”, нават спрачацца неяк няёмка. Пакіну, як кажуць, без каментарыяў…
Зразумейце мяне правільна: я не супраць крытычнага аналізу ўласных твораў! Наадварот, толькі “за”! Аналізуйце, крытыкуйце, рабіце заўвагі. Але ж усё гэта павінна быць лагічна абгрунтавана.
“Тым большым расчараваннем стаў фінал, — адзначае напрыканцы спадар Марціновіч і дадае: — Аўтар пакінуў большасць пытанняў без адказаў”.
Гэта, відаць, і ёсць галоўны аргумент, які, на думку Дзяніса Марціновіча, “не дазваляе назваць твор аўтарскім поспехам”.
Што я магу сказаць на гэтае апошняе абвінавачанне? Тое толькі, што мая аповесць, хоць паважаны крытык і назваў яе “фантастычным дэтэктыўным баевіком” — ніякі не дэтэктыў, дзе на апошніх старонках усё становіцца зразумелым: і хто забойца, і як ён рыхтаваў сваё злачынства, і які пралік усё ж дапусціў.
У фантастычнай літаратуры крыху іншыя крытэрыі, і вельмі б хацелася, каб крытыкі, якія аналізуюць фантастычныя творы, гэта ўлічвалі.