Генадзь Аўласенка з тых пісьменнікаў, якіх не палохаюць ніякія крызісы — ні эканамічныя, ні духоўныя. Сельскі настаўнік, які многія гады выкладае біялогію ў розных школах Чэрвеньшчыны, ён яшчэ піша вершы, п’есы, апавяданні... І галоўнае — вельмі шмат піша для дзяцей. Творы Генадзя Аўласенкі часта друкуюцца — літаральна ва ўсіх дзіцячых газетах і часопісах краіны, ды і ў часопісах “Маладосць”, “Полымя”, у газеце “Літаратура і мастацтва”... (Кастусь Ладуцька "Адкуль прыходзяць казкі?")

...Надзяваючы акуляры, Вольга думала толькі пра цемру, якая панавала навокал, праз якую яна ніяк не магла разгледзіць твары сваіх нечаканых суразмоўцаў. Асвятляльныя гэтыя акуляры павінны былі даць ёй такую магчымасць...яна гатовая была нават да таго, што рукі падлеткаў будуць па локаць у крыві, што нават твары дзяцей зменяцца да непазнавальнасці, скрыўленныя злымі, звярынымі нават грымасамі...Але да таго, што яна ўбачыла, Вольга не была гатовая. Зусім нават не была... ("Акуляры")
hline

Смілавіцкія карані Фаіны Ранеўскай


Не так даўно ў выдавецтве «Беларусь» пабачыла свет новая кніга беларускага пісьменніка Алеся Карлюкевіча «Сцежкамі Ігуменшчыны».

Яна, мяркую, будзе цікавай і карыснай не толькі для аматараў краязнаўства, а, бадай, для кожнага, больш-менш падрыхтаванага чытача. Усе нарысы, з якіх складаецца кніга, добра дакументаваныя і могуць па праву лічыцца навуковымі. 

Больш падрабязна хачу спыніцца на тых раздзелах кнігі, якія прысвечаны Чэрвеньскаму раёну. Так, упершыню даведаўся, што адзін з даволі вядомых у 20-я гады беларускіх пісьменнікаў Анатоль Вольны (сапраўднае прозвішча — Ажгірэй, у трагічныя трыццатыя ён быў расстраляны, як і многія іншыя маладыя беларускія літаратары) у 1912 годзе паступіў у Ігуменскую гімназію. Што была тут, на тэрыторыі нашага раёна. У паслярэвалюцыйны час знаходзіўся і прымаў актыўны ўдзел у ліквідацыі бандаў Язэп Зазека, вядомы беларускі празаік, літаратуразнаўца і фалькларыст. А пра дарэвалюцыйнага паэта Андрэя Зязюлю я наогул даведаўся ўпершыню толькі з гэтага нарыса, як і пра тое, што ён калісьці служыў у касцёле ў Смілавічах.

Дарэчы, у нарысе «Да літаратурнай карты Чэрвеньшчыны» Алесь Карлюкевіч адзначае, што на Чэрвеньшчыне як бы вылучаюцца два творчыя эпіцэнтры: Чэрвень і Смілавічы. І пра самага вядомага смілавіцкага пісьменніка Эдуарда Ярашэвіча ў нарысе напісана з вялікай цеплынёй і павагай. Як, дарэчы, і аб усіх астатніх.

А хіба не цікава прачытаць нарыс «Хто ў Ігумене ў ХІХ стагоддзі гандлем правіў?» пра ігуменскіх гандляроў лесам і спіртам у апошняй чвэрці ХІХ стагоддзя? Ці нарыс «Бацькаўшчына — у Смілавічах», у якім расказваецца пра смілавіцкія карані вядомай актрысы Фаіны Ранеўскай.

А ці ведаеце вы, што сучасная дарога паміж Мар’інай Горкай і Чэрвенем — гэта колішні паштовы тракт? А ў вёсцы Клінок у той час была свая паштовая станцыя, на якой мелася ажно дзесяць коней (столькі ж, дарэчы, было і на Ігуменскай паштовай станцыі), прагонная плата за дастаўку пошты і эстафеты складала тры капейкі за адну вярсту?
Аб гэтым, і не толькі, апавядае нарыс «Фрагменты паштовай гісторыі».

З цікавасцю я прачытаў таксама нарыс «Паэзія сядзібы». У ім Алесь Карлюкевіч расказвае аб сваіх сустрэчах з маладымі смілавіцкімі фермерамі Наталляй і Францам Шылінымі, аб іх дасягненнях і праблемах, аб іх планах на будучыню, аб перспектывах развіцця агра- і экатурызму ў нашым рэгіёне. І ў гэтым жа нарысе гаворыцца аб сумным сучасным стане замка Манюшкаў і Ваньковічаў у Смілавічах, аб першых кроках па вяртанню да жыцця і самога замка, і ягонага сядзібнага парку.

Гартаю кнігу далей. Вось невялікі артыкул «Колеры Чэрвеньшчыны», прысвечаны мастакам. Дакладней, аднаму з іх — Яфіму Шапіру, які нарадзіўся ў Смілавічах, а пасля заканчэння педінстытута нейкі час працаваў настаўнікам у вёсцы Турэц.

І хоць жыве Яфім Якаўлевіч зараз у Мінску, з нарыса відаць, што ніколі не парываў мастак з роднымі Смілавічамі, ды і Чэрвеньшчынай наогул…

А ўвогуле ў кнізе без малога дзве з паловай сотні старонак. Скажам толькі, што і тыя нарысы кнігі «Сцежкамі Ігуменшчыны», якія аўтар прысвяціў сваім землякам, жыхарам Пухавіцкага раёна, цікавыя і запамінальныя. Пра каго б ні пісаў аўтар: пра даволі вядомага калісьці, а цяпер амаль што забытага пісьменніка ХІХ ст. Рыгора Мачтэта (нарыс «Гасцявалі ў Блоні…»), пра партызан і падпольшчыкаў Пухаўшчыны (нарыс «Праз пакуты»), нават пра адзін асобна ўзяты калгас (нарыс «Калгас імя Чапаева паўвека назад») — усё чытаецца з нязменнай цікавасцю…

А з якой цеплынёй і замілаванасцю напісаны нарысы «Напамін пра бацькавы кашы» і «Майстар з Наваполля»! Абодва героі нарысаў, і Васіль Мікалаевіч Карлюкевіч, які са звычайнай лазы стварае сапраўдныя шэдэўры мастацтва, і Пётр Антонавіч Качура, які займаецца ганчарствам, — людзі па-сапраўднаму таленавітыя. Майстры ад Бога, кажуць пра такіх у народзе.