Генадзь Аўласенка з тых пісьменнікаў, якіх не палохаюць ніякія крызісы — ні эканамічныя, ні духоўныя. Сельскі настаўнік, які многія гады выкладае біялогію ў розных школах Чэрвеньшчыны, ён яшчэ піша вершы, п’есы, апавяданні... І галоўнае — вельмі шмат піша для дзяцей. Творы Генадзя Аўласенкі часта друкуюцца — літаральна ва ўсіх дзіцячых газетах і часопісах краіны, ды і ў часопісах “Маладосць”, “Полымя”, у газеце “Літаратура і мастацтва”... (Кастусь Ладуцька "Адкуль прыходзяць казкі?")

...У цьмяна асветленым пакоі стаялі двое: сівы, моцна згорблены ўжо стары і высокі мужчына спартыўнага целаскладу. Яны стаялі нерухома і нейкі час проста глядзелі адзін аднаму ў вочы. Потым стары ўздыхнуў і міжволі перавёў погляд на пісталет у руцэ мужчыны. Пісталет быў невялікім, у шырокай далоні мужчыны ён здаваўся нават маленькім, амаль што цацачным... але ён не быў цацачным... ("Кілер")
hline

Рэмейк: за і супраць…


Прачытаў у “ЛіМе” ад 18 сакавіка артыкул Ягора Конева “Рэмейк — падмурак дабрачыннасці”, і чамусьці адразу ж пацягнула ўключыцца ў дыскусію. Артыкул празаіка — адказ на крытычную рэцэнзію Дзяніса Марціновіча “Гэта салодкае слова — рэмейк”, у якой крытык назваў апошні твор Конева “Новыя палескія рабінзоны” (цытую даслоўна) “другаснай з’явай, якая толькі паўтарае ранейшыя знаходкі класікаў”…

Вядома ж, аўтар “Новых палескіх рабінзонаў” з гэтым катэгарычна не згодны.
Шчыра кажучы, не люблю чытаць такія артыкулы-адказы. Бо так часта ў іх пераходзяць мяжу дазволенага, і тады замест дыскусіі па сутнасці справы (літаратурнай) пачынаецца ўжо дыскусія да літаратуры не стасоўная, з узаемнымі абвінавачваннямі.
Дык вось, калі я пачынаў чытаць артыкул Ягора Конева, то падсвядома чакаў чагосьці падобнага. І быў прыемна здіўлены, калі зразумеў, што памыліўся…
Артыкул “Рэмейк — падмурак дабрачыннасці” — гэта спроба даказаць, што літаратурны рэмейк не проста мае права на існаванне ў айчыннай літаратуры, але і з’яўляецца неад’емнай, нават арганічнай яе часткай.
Што ж, паспрабуем разабрацца ў гэтым больш падрабязна.
Для пачатку, што ж такое рэмейк?
Наогул, рэмейк (альбо рымейк) — слова англійскае і ў перакладзе гучыць як “пераапрацоўка”. Ёсць рэмейкі кінематаграфічныя, драматычныя (спектаклі), музычныя, але нас у першую чаргу цікавяць літаратурныя.
Вось урывак з адной энцыклапедыі (цытую даслоўна):
“Рэмейк — адноўленая версія старога фільма, песні, а таксама літаратурнага твора, у аснову якога пакладзены добра вядомы тэкст. Р. не цытуе і не парадыруе першакрыніцу, а напаўняе яе новым, актуальным зместам, але з аглядкай на арыгінал. Р. можа паўтараць сюжэтныя хады арыгінала, тыпы характараў, але паказвае іх у новых гістарычных, сацыяльна-палітычных умовах. Прыкладамі Р. у сучаснай літаратуры з’яўляецца, да прыкладу, аповесць В.Чайкоўскай “Новае пад сонцам” (Р. рамана Тургенева “Бацькі і дзеці”)”.
Што ж, зыходзячы з гэтага тлумачэння, “Новыя палескія рабінзоны” — тыповы рэмейк на вядомую аповесць Янкі Маўра. Ды аўтар і сам не толькі не адмаўляе, але і ўсяляк падкрэслівае гэтую сувязь…
Іншая справа, ці можна лічыць рэмейк самастойным літаратурным творам.
І ў чым тады асноўнае адрозненне рэмейка ад банальнага плагіяту?
Зноў цытую энцыклапедыю:
“Плагіят літаратурны — наўмыснае прысваенне аўтарства на чужы літаратурны твор у цэлым альбо часткова”.
Гэтае апошняе слова “часткова” надае паняццю пра літаратурны плагіят даволі туманны характар. Што значыць “часткова”? І якая частка твора павінна быць прысвоена, каб гэта лічылася плагіятам? Палова твора? Трэць? Асобныя старонкі твора ці нават асобныя фразы з яго?
Возьмем, да прыкладу, вядомыя творы дзіцячай літаратуры савецкага перыяду: “Залаты ключык” Аляксея Талстога і “Чараўнік Ізумруднага горада” Аляксандра Волкава. Вядома, што і Талстой, і Волкаў узялі чужыя творы і, крыху іх перарабіўшы, выпусцілі пад сваімі прозвішчамі.
Што гэта: рэмейк, плагіят? Ці нешта трэцяе, чаму яшчэ нават назвы не прыдумалі?
А тая ж “Таня Гротэр” з сучаснай расійскай літаратуры? Што гэта, як не плагіят твораў Джоан Роўлінг?!
Але ж многія чытачы так не лічаць. Асабліва ў Расіі…
Дарэчы, у 2009 годзе нашчадкі малавядомага брытанскага пісьменніка Эдрыяна Джэйкабса абвінавацілі ўжо самую Джоан Роўлінг у плагіяце, заявіўшы, што значная частка “Кубка агня” проста спісана з кнігі Джэйкабса “Чараўнік Вілі”. Нават нейкае судовае расследаванне ў Англіі праводзілася, і на ім Роўлінг была поўнасцю апраўдана…
Але ж, як кажуць, асадак застаўся…
У сваім артыкуле Ягор Конеў таксама згадвае Джоан Роўлінг (а разам з ёй Барыса Акуніна і беларускіх пісьменнікаў Андрэя Федарэнку і Людмілу Рублеўскую) як прыклад напісання імі… хай сабе і не рэмейкаў, але, па меркаванні Конева, чагосьці вельмі падобнага. Бо кожны з іх “не вышуквае новыя хады, але камбінуе ўжо распрацаваныя”. Ды і як тут знайсці штосьці новае, калі (зноў цытую Конева) “у сусветнай літаратуры здаўна выпрацавалася каля трох дзясяткаў сюжэтаў — а твораў пішацца куды больш”?
Але ж творы з падобнымі сюжэтамі — гэта яшчэ не рэмейк. На сюжэт пра тое, як замужняя жанчына пакахала іншага мужчыну, напісаны тысячы твораў: і да “Ганны Карэнінай”, і пасля яе. Гэтыя творы розныя і па памерах, і па сваёй мастацкай вартасці, але нават самы слабы і няўдалы з іх ніяк нельга аднесці да катэгорыі рэмейка.
Гэта самастойныя творы дадзеных канкрэтных аўтараў. А ці можна назваць самастойным творам рэмейк?
З пункта гледжання Ягора Конева — без усялякага сумнення. Не бяда, што змяніўся аўтар, галоўнае, “што філасофскі падмурак класічнага твора захаваўся”.
Падмурак падмуркам… а вось далейшыя разважанні аўтара артыкула я, дальбог, не зразумеў. “Недарэмнай была праца над рэмейкам аповесці, якую, — піша Конеў, — восемдзесят гадоў таму не называлі рэмейкам толькі з той прычыны, што слоўца такога яшчэ не ведалі крытыкі”.
Выходзіць, аповесць Маўра — таксама рэмейк! Вось толькі на які твор? Няўжо на “Рабінзона Круза” Даніэля Дэфо?
Але ж адзінае, што аб’ядноўвае гэтыя два творы, — слова “рабінзон” у назвах абодвух. Які ж гэта тады рэмейк?
І “Дзікае паляванне” Караткевіча ніякім чынам нельга аднесці да рэмейка. Ёсць у ім штосьці ад твора Конан-Дойла, але гэта нават не літаратурнае запазычанне сюжэта. А калі і запазычанне, то вельмі і вельмі аўтарам перапрацаванае.
З артыкула Ягора Конева выяўляецца, што рэмейк “Палескіх рабінзонаў” першапачаткова з’явіўся ў яго як сцэнарый да фільма па матывах твора Маўра і толькі пасля няўдачы на “Беларусьфільме” быў перапрацаваны аўтарам у аповесць. Напэўна, з гэтай прычыны аргументы на карысць рэмейкаў гучаць у Конева не вельмі пераканаўча. І “павагу да прыроды і любоў да Бацькаўшчыны” не абавязкова выхоўваць на рэмейках. Арыгінальныя аўтарскія творы таксама для гэтага цалкам падыходзяць (у тым ліку і творы класікаў).
І чамусьці не верыцца, што Ягор Конеў будзе працягваць эксперыменты з напісаннем новых рэмейкаў. Знойдуцца ў яго ўласныя ідэі і сюжэты для напісання літаратурных твораў. Самастойных і арыгінальных.
Дарэчы, пра рэмейкі ў кінематографе (у артыкуле Ягора Конева пра гэта гаворыцца даволі шмат).
Па-першае, я цалкам падтрымліваю стварэнне рэмейкаў на старыя, чорна-белыя яшчэ фільмы. Тэхніка кіно зрабіла вялізны крок наперад, і цікавыя сюжэты старых фільмаў чаму б не паўтарыць у каляровым варыянце. Ды яшчэ і з выкарыстаннем найноўшых камп’ютарных тэхналогій.
Па-другое, існуе істотная розніца рэмейка кінематаграфічнага і рэмейка літаратурнага твора. Бо ў першым выпадку проста здымаецца новы фільм паводле ранейшага аўтара, а ў другім — змяняецца імя аўтара. І калі рэмейкі кінематаграфічныя маюць права на існаванне, то з літаратурнымі рэмейкамі справа куды як больш складаная…
Бо чаму б тады не стварыць рэмейк на “Вайну і мір” Льва Талстога? Перанесці дзеянне, скажам, на ХХ стагоддзе, замяніўшы Айчынную вайну 1812 года Айчыннай вайной 1941 — 1945 гг. Андрэй Балконскі стане генералам Чырвонай Арміі, П’ер — якім-небудзь буйным партыйным функцыянерам…
А калі стагоддзе зрабіць ужо нашым, дваццаць першым, то Андрэя можна выставіць, да прыкладу, былым воінам-інтэрнацыяналістам і камандзірам атрада амонаўцаў. А П’ер тады — пазашлюбны сын расійскага алігарха, якому паводле завяшчання адышлі бацькавы мільёны…
Іншае пытанне — ці трэба гэта рабіць?