Генадзь Аўласенка з тых пісьменнікаў, якіх не палохаюць ніякія крызісы — ні эканамічныя, ні духоўныя. Сельскі настаўнік, які многія гады выкладае біялогію ў розных школах Чэрвеньшчыны, ён яшчэ піша вершы, п’есы, апавяданні... І галоўнае — вельмі шмат піша для дзяцей. Творы Генадзя Аўласенкі часта друкуюцца — літаральна ва ўсіх дзіцячых газетах і часопісах краіны, ды і ў часопісах “Маладосць”, “Полымя”, у газеце “Літаратура і мастацтва”... (Кастусь Ладуцька "Адкуль прыходзяць казкі?")

...І навошта напяльвала на сябе недарэчную гэту хламіду? І чыя яна, дарэчы? Дыяна ўздыхнула, узнялася з ложка і, асцярожна ступаючы босымі нагамі па халоднаму паркету, выйшла ў пярэднюю. Планіроўка пакояў тут была якраз такая ж, як і ва ўласнай яе кватэры, таму Дыяне было лёгка арыентавацца. На вешалцы, побач з дзвярыма, вісела шмат самага разнастайнага адзення, у тым ліку і жаночага, але нічога свайго Дыяна так і не знайшла... ("Прачнуўшыся раніцай")
hline

Выпадак на балоце


Спачатку Максім нават не спалохаўся, страх прыйшоў потым. У першую ж хвіліну, скочыўшы на чарговую купіну і раптам праваліўшыся кудысьці ўніз амаль па калена ў балотную твань, ён адчуў толькі злосць на ўласную сваю няўклюднасць, ды яшчэ прыкрасць ад таго, што так няўдала ўсё атрымалася. Халодная брудная вада адразу ж пацякла ў боты… і зараз прыдзецца ажно пяць кіламетраў перціся да вёскі ў мокрым абутку. А раніцай зноў заложыць горла, гэта ўжо, як піць даць…
Але, калі ён, таргануўшыся, каб вызваліць ногі з балотнага палону, адчуў, што гэта будзе не так проста зрабіць – прыйшла першая занепакоеннасць. Не страх яшчэ, але нешта вельмі падобнае на яго. Тым больш, што ад гэтага адчайнага рыўка ногі загрузлі яшчэ глыбей, і ўжо нават калені апынуліся ў вадзе…
“Нічога сабе прыгода! – пранеслася ў галаве Максіма раптоўная ліхаманкавая думка. – І гэта на нашым маленькім балотцы, якое я выхадзіў уздоўж і ўпоперак!”
Ён паглядзеў на вядзерца з журавінамі, якое трымаў у левай руцэ. Вядзерца замінала яго дзеянням па вызваленню з палону, але ж куды яго ў такім разе дзець? Кінуць уперад, на пагорак? Рызыкоўна, бо ягады могуць рассыпацца…
І раптам Максім зразумеў, што працягвае апускацца ўніз! Вось ужо і ніжні край штармоўкі аказаўся ў вадзе…
Вось тут Максіма і ахапіў першы страх. Не клапоцячыся больш аб журавінах – гары яны гарам – ён кінуў вядзерца ў напрамку пагорка, і яно, вядома ж, павалілася на бок. Але Максіму было ўжо не да вядзерца, як апантаны, ён ірвануўся, напружваючы ўсе сілы… але балота і не думала адпускаць сваю ахвяру...
- Вось чорт! – прамарматыў Максім праз моцна сцятыя зубы і, нахіліўшыся ўперад, паспрабаваў дацягнуцца рукой да зарасляў вербалозу на самай ускраіне пагорка. Да вербалозу ён так і не дацягнуўся, а сама гэтая няўдалая спроба вызваліцца прывяла да таго толькі, што ён загруз у багне амаль па пояс.
У поўным адчаі Максім глянуў спачатку ў адзін бок, потым у другі. Звычайна, на балотцы ў гэты час былі ягаднікі, хоць некалькі чалавек ды прысутнічала, і Максіму гэта не вельмі падабалася… канкурэнты, як-ніяк... А вось сёння, калі трэба, нікога навокал не было ні бачна, ні нават чутна…
Ці ўсё ж паспрабаваць, паклікаць?
- Гэй! – як мага гучней крыкнуў Максім. – Людзі! Дапамажыце!
Ён змоўк, прыслухоўваючыся, але наўкол па-ранейшаму было ціха.
Між тым туманная раніца паступова саступала месца яснаму вераснёўскаму дню. Сонца ўжо амаль узнялося над лесам… і Максім успомніў раптам, што сёння пасля абеду збіраліся яны з жонкай у райцэнтр, дакладней, у райцэнтр трэба было жонцы, а Максім абяцаў адвесці яе туды на матацыкле…
І вось такая няўдача!
- Гэй! – зноў закрычаў Максім што ёсць моцы! – Людзі! Сюды!
Ён ужо загруз амаль што па грудзі, і ўсё працягваў і працягваў павольна апускацца ўніз.
Сонца паступова пачало прыпякаць, і паветра над балотцам хутка прагравалася. Але балотная твань знізу была халоднай, нібы лёд, і ў Максіма моцна змерзлі ногі. Ён паспрабаваў паварушыць імі хоць крыху, ды так і не змог гэтага зрабіць…
“Вось і смерць надыйшла! – мільганула ў галаве Максіма панічная думка. – Ды й так недарэчна!”
- Ты лічыш, што недарэчна?
- Што?! – імгненна ўскінуўшы галаву, Максім раптам убачыў прама перад сабой, сярод невысокага вербалозу, нейкага мужчыну ў чорнай вопратцы. Сэрца ягонае радасна застукала ў грудзях, ён працягнуў у бок незнаёмца руку, усю ў чорнай балотнай твані. – Дзякуй, браток! А я ўжо думаў: усё, кранты мне!
Але незнаёмец чамусьці не спяшаўся з дапамогай. Замест гэтага, ён толькі ляніва аглядзеўся па баках, пазяхнуў і, зноў павярнуўшыся ў бок Максіма, прагаварыў непрыемным, рыпучым нейкім голасам:
- Ты так і не адказаў на маё пытанне!
- Якое пытанне? – аж сумеўся Максім, адчуваючы, як халодная твань усё працягвае і працягвае цягнуць яго ўніз. – Я прашу дапамогі, а ты…
- А я спытаў: ты што, і сапраўды лічыш сваю смерць недарэчнай?
- Смерць?! – Максіма раптам ахапіла злосць, ды й такая, што імгненна выцясніла з душы ўсе рэшткі страху. – Я пакуль што яшчэ жывы! Жывы, жартаўнік ты хрэнаў! Жывы, пакуль што!
- Пакуль што… - паўтарыў незнаёмец і Максім змоўк, адчуваючы, як на яго з новай сілай навальваецца страх. Толькі цяпер ён змог больш уважліва разгледзіць незнаёмца… дзіўнага нейкага незнаёмца, калі не сказаць большага…
Па-першае, ягонае адзенне, вельмі нязвычнае для балота. Бездакорна чорны фрак, чорныя вузкія панталоны, чорныя бліскучыя чаравікі без адзінай нават кропелькі бруду. Асляпляльна-белыя пальчаткі і асляпляльна чорны цыліндр на галаве…
Па-другое – вочы незнаёмца. Яны былі вялізнымі, чырвонымі, з вузкімі прадаўгаватымі шчылінамі замест зрэнкаў…
І яшчэ, у тым месцы, дзе стаяў незнаёмец, прама з-пад ног ягоных выбіваліся ўверх тонкія струменьчыкі пара…
“Гэта не чалавек! – ліхаманкава падумалася Максіму. – Хто ж гэта тады?!”
Але зараз Максіму было ўжо ўсё роўна, хто перад ім. Ён не жадаў паміраць.
- Памажы! – ледзь чутна прахрыпеў Максім, зноў працягваючы руку ў бок незнаёмца. – Выцягні!
Прысеўшы на кукішкі, незнаёмец уважліва глядзеў на Максіма жудаснымі сваімі вачыма.
- І ўсё ж я чакаю адказу на сваё пытанне, - павольна прагаварыў ён і ў рыпучым голасе незнаёмца Максім адчуў прыхаваную пагрозу. – Ты лічыш сваю смерць недарэчнай, хіба не так?
- Так, так! – захрыпеў Максім, адчуваючы, як ледзяная вада апякае шыю. – Я так лічу!
- А смерць хлопчыка, якога ты збіў тры гады таму… яна таксама з разраду недарэчных?
- Якога хлопчыка?! – Максім паспрабаваў варухнуцца, але балота трымала моцна. – Я нікога не збіваў!
Незнаёмец раптам усміхнуўся, і Максіма аж скаланула ад выгляду ягоных дробных і на дзіва вострых зубоў.
- Ён застаўся жывы, гэты хлопчык! – закрычаў Максім, заплюшчваючы вочы… толькі б не бачыць гэтай страшэннай пашчы зусім побач са сваім тварам, толькі б не адчуваць той нясцерпнай гарачыні і смуроду, якія ад яе сыходзілі… - Я сам бачыў у люстэрка, як ён ускочыў на ногі і нават узняў свой веласіпед! Я сам гэта бачыў!
- Ён сканаў праз некалькі хвілін пасля таго, як узняў веласіпед! – пачуў Максім каля самага свайго вуха непрыемны голас незнаёмца. – Калі б ты тады спыніўся, ты б і гэта ўбачыў. Але ж ты не спыніўся…
Вада дайшла Максіму амаль да самага роту. Каб не захлынуцца, прыйшлося як мага вышэй узняць галаву.
- І ты хочаш пакараць мяне за тое, што я не спыніўся?! – прахрыпеў ён, адплёўваючы балотную твань і ціну. – Бо я вінаваты толькі ў гэтым… у астатнім хлопчык вінаваты сам… калі ты ведаеш усё – ты павінен ведаць і гэта!
Ягоную правую руку сціснула нібы распаленымі абцугамі і Максім, ускрыкнуўшы ад болю, зразумеў раптам, што незнаёмец трымае яго. Не выцягвае, а менавіта трымае.
- Я ні ў чым цябе не абвінавачваю! – зноў пачуўся над самым вухам Максіма рыпучы непрыемны голас. – Я, наогул, нікога, ніколі і ні ў чым не абвінавачваю! Вось і зараз я толькі спрабаваў высветліць, чыя ж смерць была больш недарэчнай: ягоная ці твая?
“Была! – падумалася Максіму. – Ён сказаў, “была”! Выходзіць, што ён і не думае ратаваць мяне з багны… ён проста, чамусьці, цягне час!”
- Хто ты такі і што табе ад мяне трэба?! – прахрыпеў Максім, па-ранейшаму не расплюшчваючы вачэй… правая рука гарэла так, нібыта яе палілі адкрытым полымем. – Табе ж ад мяне штосьці трэба, хіба не так? Што, менавіта?! Душу?!
Незнаёмец ціха засмяяўся, і смех ягоны таксама быў рыпучым і вельмі непрыемным на слых.
- Я вазьму ў цябе тое, аб чым ты і сам яшчэ не ведаеш!
Звонкі сабачы брэх пачуўся дзесьці зусім побач. І жаночыя галасы, дакладней, іх пераклічка. Максім адчуў раптам, як незнаёмец таргануў яго за руку, адным магутным рыўком выцягваючы з балота… у наступны момант ён страціў прытомнасць…
Ачуняўшы праз нейкі час і расплюшчваючы вочы, Максім быў упэўнены, што ляжыць ля куста вербалозу, увесь, з галавы да ног, перапэцканы балотнай тванню. Але раптам аказалася, што ён стаіць з поўным вядзерцам журавін каля гэтага самага куста і адзенне ягонае сухое і зусім чыстае. А непадалёку збіраюць ягады нейкія жанчыны, не звяртаючы на канкурэнта аніякай увагі. Толькі маленькі чорны шчанюк крыху зацікавіўся Максімам і нават ляніва брахануў два ці тры разы ў ягоны бок.
І ніякага чорнага балотнага “вакна”, ніякай нават прыкметы таго, што зусім нядаўна тут, загрузнуўшы ў багне, ледзь не захлынуўся чалавек. Зямля вакол Максіма была, хоць і гразкай, але даволі надзейнай, як і паўсюдна на невялікім гэтым балотцы.
“Што ж гэта было? – разгублена падумалася Максіму. – Няўжо ўсё гэта мне толькі здалося?”
Ён падняў галаву і паглядзеў на сонца. Было ўжо гадзін адзінаццаць, калі не больш. І дадому ісці не менш гадзіны, а ён жа абяцаў жонцы адвезці яе ў бальніцу, у жаночую кансультацыю…
Стоп! А навошта ёй у гэтую самую кансультацыю?! Ён неяк не стаў пытацца, а сама яна не гаварыла… Няўжо яна…
Няўжо яна, нарэшце, зацяжарыла?! Праз дзесяць гадоў сумеснага жыцця… дзесяць гадоў надзей і горкіх расчараванняў… няўжо, нарэшце, гэта адбылося?!
Ён стане бацькам!
І раптам Максіму ўспомніліся самыя апошнія словы незнаёмца ў чорным. Як ён там сказаў? Вазьму тое, аб чым ты і сам яшчэ не ведаеш…
Але ж яго не было, гэтага незнаёмца! І не было багны, яе проста не магло быць на маленькім гэтым балотцы! Усё гэта толькі прымроілася Максіму… так, напэўна, бывае…
Ці не бывае? Бо вельмі ўжо рэальна, да жаху, рэальна ўсё гэта выглядала! І балотная твань, якая зімовым холадам апякала цела, і сам незнаёмец у чорным з такімі жудаснымі вачыма і рукамі, якія апякалі ўжо па-сапраўднаму…
І гэтыя, самыя апошнія ягоныя словы…
“…вазьму тое, аб чым ты і сам яшчэ не ведаеш!”
І той хлопчык, на шашы… няўжо ён і сапраўды сканаў?!
Глупства! Глупства! Глупства!
Апусціўшы вядзерца на зямлю, Максіма абхапіў рукамі скроні і моцна іх сціснуў. Не трэба аб гэтым думаць… тры гады ён не думаў аб гэтым, проста прымушаў сябе аб гэтым не думаць! Ён цешыў сябе надзеяй, што ўсё тады абыйшлося… бо яго ж не аб’явілі ў вышук, не знайшлі, не арыштавалі, урэшце рэшт, а значыцца…
Значыцца, што? Што ў нас стопрацэнтная выкрываемасць злачынстваў? Але ж гэта не так, ні ў адной краіне свету такога няма…
Хлопчык на шашы выглядаў гадоў на дзесяць-адзінаццаць. Зараз яму было б… колькі б яму было зараз? Трынаццаць? Чатырнаццаць?
А, можа, ён усё ж не загінуў тады, і гэтыя словы незнаёмца проста ўсплылі аднекуль з падсвядомасці самога Максіма, усплылі, як і сам незнаёмец, якога і не было на самой справе?
Ці ён усё ж быў? І яшчэ ненароджаны сын самога Максіма ўжо асуджаны на смерць…
На смерць за грахі бацькі…
А можа, ягоная жонка і не цяжарная зусім? Можа, у кансультацыю ёй трэба зусім па іншых справах? Ці мала існуе жаночых хвароб, самых розных…
А той хлопчык… ён сам ва ўсім вінаваты! Не трэба кідацца пад калёсы, не трэба, наогул, такім малым ездзіць па шашы… куды толькі бацькі глядзяць!
І ён не мог загінуць, той хлопчык… Максім сам бачыў, як ён ускочыў на ногі і нават узняў свой веласіпед! Самае горшае, што магло здарыцца з хлопчыкам - два-тры сінякі… ну, у крайнім выпадку, вывіх ці пералом. І гэта было так даўно, што і сам хлопчык даўно ўжо запамятаваў аб здарэнні… ды і не хлопчык ён ужо зараз, а падлетак… хутка стане юнаком…
Ці ўжо не стане?!
І тут погляд Максіма спыніўся на зялёнай купіне непадалёку. Гэта была тая самая купіна, якая так падвяла яго… ступіўшы на якую, ён і загруз ці то наяве, ці то ў сваіх хваравітых трызненнях…
Яна выглядала такой бяскрыўднай, гэта самая купіна… а, можа, яна і была бяскрыўднай, хто ведае…
І Максім скокнуў прама на купіну. І ўпаў, згубіўшы раўнавагу, і рассыпаўшы пры гэтым амаль палову ягад…
Дзіўна, але, чамусьці, гэта яго нават не засмуціла. Больш таго, ускочыўшы на ногі і прыгаршчамі падбіраючы рассыпанныя ягады, Максім адчуў нейкую нечувалую бадзёрасць. Купіна аказалася самай свычайнай купінай, і нічым больш, а значыцца…
І тут Максім нечакана ўбачыў сляды ад чаравікаў каля куста вербалозу. Дзіўныя сляды, нібыта выпаленыя чымсьці вельмі гарачым, бо трава там уся пажужла і нават крыху абгарэла па краях…
І яны хутка знікалі, гэтыя сляда! Жоўтая, пажухлая трава на вачах у Максіма станавілася ўсё зелянейшай і зелянейшай… вось ужо яна зусім не адрозніваецца ад суседняй травы… нічым нават не адрозніваецца…
Што гэта, зноў трызненні? А рука, правая ягоная рука, што з ёй?
Максім хуценька закасаў рукаў і доўга глядзеў на тое месца на запясці, за якое і трымаў яго незнаёмец… глядзеў, але так і не ўбачыў там нічога звышасаблівага. Рука як рука, крышачку баліць, праўда…
Зноў паглядзеўшы на купіну, Максім павольна наблізіўся да её.
- Забяры мяне! – ледзь чутна прашаптаў ён невядома каму. – Не сына, мяне! Бо гэта я вінаваты ва ўсім – за што ж яму адказваць?!
Потым ён змоўк, чакаючы чагосьці, але нічога так і не адбылося. Ды і не магло нічога адбыцца на малым гэтым балотцы…
- Забяры! – амаль умольна паўтарыў Максім. – Я больш не буду прасіць аб дапамозе… праўда, не буду!
І зноў нічога не адбылося.
- Ну і чорт з табой!
Не думаючы больш ні аб чым, баючыся хоць аб чым думаць, Максім падхапіў вядзерца і хуткай хадой пакрочыў у напрамку да вёскі. Ён ішоў напрасткі праз балотца, ішоў, нібыта знарок выбіраючы на сваім шляху самыя гразкія і самыя падазронныя месцы, ён ступаў па іх з усёй сілы, так, нібыта жадаў праваліцца кудысьці ўніз… зноў праваліцца, загрузнуць, адчуць, як амаль ледзяная вада кіпенем апякае цела…
Але ўсё было дарэмна. Не было такіх месцаў на маленькім гэтым балотцы, іх проста не магло тут быць. І каму, як не Максіму, было ведаць