Генадзь Аўласенка з тых пісьменнікаў, якіх не палохаюць ніякія крызісы — ні эканамічныя, ні духоўныя. Сельскі настаўнік, які многія гады выкладае біялогію ў розных школах Чэрвеньшчыны, ён яшчэ піша вершы, п’есы, апавяданні... І галоўнае — вельмі шмат піша для дзяцей. Творы Генадзя Аўласенкі часта друкуюцца — літаральна ва ўсіх дзіцячых газетах і часопісах краіны, ды і ў часопісах “Маладосць”, “Полымя”, у газеце “Літаратура і мастацтва”... (Кастусь Ладуцька "Адкуль прыходзяць казкі?")

...Надзяваючы акуляры, Вольга думала толькі пра цемру, якая панавала навокал, праз якую яна ніяк не магла разгледзіць твары сваіх нечаканых суразмоўцаў. Асвятляльныя гэтыя акуляры павінны былі даць ёй такую магчымасць...яна гатовая была нават да таго, што рукі падлеткаў будуць па локаць у крыві, што нават твары дзяцей зменяцца да непазнавальнасці, скрыўленныя злымі, звярынымі нават грымасамі...Але да таго, што яна ўбачыла, Вольга не была гатовая. Зусім нават не была... ("Акуляры")
hline

Як Асінку ад хваробы ратавалі


Жыў ды быў у лесе Клён, сябраваў з Асінкай ён. І яна з ім сябравала, яму песенькі спявала. Падзьме ветрык на галінкі – і пачне спяваць Асінка. Клён заўжды ёй падпяваў, дуб для іх на скрыпцы граў, дзве яліны ў бубен білі, тры сасны ў трубу трубілі. Ажно ў лесе ўсё гуло, так ім весела было.
Ды Асінка захварэла. Ні піла яна, ні ела, нават песень не спявала... адным словам – сумавала.
Замаркоціўся і Клён, дактароў гукае ён. Ды якія ж у бары могуць стацца дактары?
Першым Заяц прыскакаў, з Клёнам гутарку пачаў. Кажа:
- Для яе карысці трэба ёй кары пагрызці. Пагрызу кару і, можа, гэта трошкі дапаможа.
А затым Мядзведзь прыйшоў.
- Вох, насілу вас знайшоў! Прапаную: у Асінкі абламаць дзве-тры галінкі. Абламаю іх і, можа, гэта хворай дапаможа.
Тут, глядзяць – Барсук імчыць і яшчэ здалёк крычыць:
- Ды яны не дактары! Гэта я ў сваёй нары медыцыну вывучаю і хваробы вызначаю! Прапаную: у Асінкі, не кару і не галінкі, карані перакапаць – там хваробу пашукаць!
Уздыхнуў самотна Клён, дактарам адмовіў ён. Зноў сумуе, зноў бядуе – хто ж Асінку пашкадуе?!
Раптам Дзяцел прыляцеў, да Асінкі падляцеў. Сеў Асінцы на галінку і давай лячыць Асінку. Змераў ёй тэмпературу, даў таблетку, даў мікстуру, туманамі абвязаў... адлятаючы, сказаў:
- Калі будзе хто тварэць, то ні Заяц, ні Мядзведзь, ні Барсук не дапамогуць, бо лячыць яны не могуць! У зялёным у бары толькі дзятлы – дактары! Так што, вы мяне гукайце... ну, а зараз, выбачайце! Я дадому палячу, іншых хворых палячу.
Тут і казкі заканчэнне, бо праз дзятлава лячэнне ўраз Асінка ачуняла, зноў яна вясёлай стала. Зноўку песенькі спявае, Клён, вядома ж, падпявае, дуб на скрыпцы грае зноў для сваіх старых сяброў. Дзве сяброўкі, дзве яліны ў бубен б’юць ва ўсе галіны, тры сястрычкі, тры сасны – у трубу трубяць яны...
Зноў гулянка ў іх ідзе, ажно ў лесе ўсё гудзе!