Генадзь Аўласенка з тых пісьменнікаў, якіх не палохаюць ніякія крызісы — ні эканамічныя, ні духоўныя. Сельскі настаўнік, які многія гады выкладае біялогію ў розных школах Чэрвеньшчыны, ён яшчэ піша вершы, п’есы, апавяданні... І галоўнае — вельмі шмат піша для дзяцей. Творы Генадзя Аўласенкі часта друкуюцца — літаральна ва ўсіх дзіцячых газетах і часопісах краіны, ды і ў часопісах “Маладосць”, “Полымя”, у газеце “Літаратура і мастацтва”... (Кастусь Ладуцька "Адкуль прыходзяць казкі?")

...Надзяваючы акуляры, Вольга думала толькі пра цемру, якая панавала навокал, праз якую яна ніяк не магла разгледзіць твары сваіх нечаканых суразмоўцаў. Асвятляльныя гэтыя акуляры павінны былі даць ёй такую магчымасць...яна гатовая была нават да таго, што рукі падлеткаў будуць па локаць у крыві, што нават твары дзяцей зменяцца да непазнавальнасці, скрыўленныя злымі, звярынымі нават грымасамі...Але да таго, што яна ўбачыла, Вольга не была гатовая. Зусім нават не была... ("Акуляры")
hline

Чаму дразды лепш за ўсіх спяваюць


Вывучалі жабкі ноты, каб у прыцемках спяваць. Падыйшла да іх Лянота:
- Хопіць, жабкі, сумаваць! Ну, якая вам ахвота тыя ноты паўтараць! Ці не лепш са мной, з Лянотай, у балоце паныраць!
Пакідалі жабкі ноты ля балота, у бары. Ну, а потым да балота прыляцелі камары. Бачаць: ноты ля балота! Што ж ім з нотамі рабіць? Пачалі яны па нотах песні розныя трубіць.
Але хітрая Лянота ім вучыцца не дала. Ціха выпаўзла з балота і гаворку пачала:
- Ну, навошта вам турботы – ноты гэтыя вучыць! Ці не лепш са мной, з Лянотай, над балотам адпачыць!
Камары ў адказ:
- З ахвотай будзем мы адпачываць! Будзем лётаць над балотам і з Лянотай сябраваць!
Зноў ляжаць, сумуюць ноты ля балота, ля вады... Ну, а потым іх употай запрыкмецілі дразды. Падхапілі дружна ноты, пачалі па іх спяваць. А калі прыйшла Лянота – з ёй не сталі сябраваць! І Ляноту прэч прагналі ад балота ў бор стары. Доўга ноты вывучалі: можа – тыдзень, можа – тры...
Мо й не так было ўсё гэта, ды адно сцвярджаю я – што дразды спяваюць летам нават лепш за салаўя. Салавей адно выводзіць, хоць і хораша пяе. А ў дразда – пяцьсот мелодый, ды, прытым, усе свае.
Ну а жабкі з камарамі, як на тую на бяду, толькі могуць вечарамі праспяваць: “ква-ква!”, “ду-ду!”. Бо паслухалі Ляноту ля балота, ля вады! А каб вывучылі ноты – дык спявалі б, як дразды!