Генадзь Аўласенка з тых пісьменнікаў, якіх не палохаюць ніякія крызісы — ні эканамічныя, ні духоўныя. Сельскі настаўнік, які многія гады выкладае біялогію ў розных школах Чэрвеньшчыны, ён яшчэ піша вершы, п’есы, апавяданні... І галоўнае — вельмі шмат піша для дзяцей. Творы Генадзя Аўласенкі часта друкуюцца — літаральна ва ўсіх дзіцячых газетах і часопісах краіны, ды і ў часопісах “Маладосць”, “Полымя”, у газеце “Літаратура і мастацтва”... (Кастусь Ладуцька "Адкуль прыходзяць казкі?")

...І навошта напяльвала на сябе недарэчную гэту хламіду? І чыя яна, дарэчы? Дыяна ўздыхнула, узнялася з ложка і, асцярожна ступаючы босымі нагамі па халоднаму паркету, выйшла ў пярэднюю. Планіроўка пакояў тут была якраз такая ж, як і ва ўласнай яе кватэры, таму Дыяне было лёгка арыентавацца. На вешалцы, побач з дзвярыма, вісела шмат самага разнастайнага адзення, у тым ліку і жаночага, але нічога свайго Дыяна так і не знайшла... ("Прачнуўшыся раніцай")
hline

Хто як зімуе


Моцна спіць зімой вавёрка – у яе пад снегам норка. А ў бярлозе, у бары, смокча лапу лось стары. І казуля не ўтрывала, і таксама прыдрамала, у нары, у гушчары, да вясновае пары. Спіць яна і бачыць сны аж да самай да вясны.
Зайцы ў вырай адляцелі, заставацца не схацелі, бо зімою халады, недалёка да бяды. А яшчэ, скажу вам шчыра, і ваўкі зляцелі ў вырай, а за імі да пары адляцелі і зубры. Замест іх павесяліцца прылятуць да нас лісіцы, каб у нас зазімаваць, падзяўбаць-пачаставаць ягадак рабіны ды яшчэ каліны.
А бабёр па верхавінках, спрытна скача па галінках. На сасне ў яго дупло – там утульнае жытло. Там арэхі пра запас, а запас зімой – як раз! Усю восень працаваў – шмат арэхаў назбіраў. І грыбы бабёр шукаў, на галінкі іх чапляў... так што зараз у бабра – процьма ўсякага дабра!
Ну, а вожык у бары спіць дзянёчак у нары. А прачнецца на змярканні – і бяжыць на паляванне.
А барсук, браткі мае, на зіму гняздзечка ўе! Там выводзіць дзіцянятак, маладых барсучанятак. А каб зімку перажыць – любіць шышкі церушыць. Трушчыць адмыслова, майстра – адно слова! Ну, а з шышак семяно - вельмі смачнае яно - ён прыносіць дзіцяняткам, маладым барсучаняткам. Корміць іх, засцерагае, цёмнай ноччу сагравае, каб яны хутчэй раслі, каб здаровымі былі.
Вось мядзведзю незадача – ён па гурбах так і скача! І баіцца, і дрыжыць – небараку цяжка жыць! Ён не мае абароны ад сарокі ды вароны. А сарокі кіпці точуць – спаляваць мядзведзя хочуць! А вароны зубы шчэраць – хочуць бедным адвячэрыць! Вось такія вось суседзі злыя ў нашага мядзведзя!
Сам жа ён грызе кару ў гэту цяжкую пару. Можна ўбачыць па слядах – як ён бегаў па садах, як скакаў туды-сюды, як заблытваў ён сляды, каб у снезе дзень ляжаць ды ад страху зноў дрыжаць...
А цяпер, сябры, увага! Можа будзе ў вас заўвага? Можа штосьці я змяніў, можа дзесьці я зманіў? Вы ж памылкі пашукайце, дзе што трэба – памяняйце, каб звяры не бедавалі, а як трэба зімавалі.
Пастарайцеся, сябры – дзякуй скажуць вам звяры!