Генадзь Аўласенка з тых пісьменнікаў, якіх не палохаюць ніякія крызісы — ні эканамічныя, ні духоўныя. Сельскі настаўнік, які многія гады выкладае біялогію ў розных школах Чэрвеньшчыны, ён яшчэ піша вершы, п’есы, апавяданні... І галоўнае — вельмі шмат піша для дзяцей. Творы Генадзя Аўласенкі часта друкуюцца — літаральна ва ўсіх дзіцячых газетах і часопісах краіны, ды і ў часопісах “Маладосць”, “Полымя”, у газеце “Літаратура і мастацтва”... (Кастусь Ладуцька "Адкуль прыходзяць казкі?")

...Надзяваючы акуляры, Вольга думала толькі пра цемру, якая панавала навокал, праз якую яна ніяк не магла разгледзіць твары сваіх нечаканых суразмоўцаў. Асвятляльныя гэтыя акуляры павінны былі даць ёй такую магчымасць...яна гатовая была нават да таго, што рукі падлеткаў будуць па локаць у крыві, што нават твары дзяцей зменяцца да непазнавальнасці, скрыўленныя злымі, звярынымі нават грымасамі...Але да таго, што яна ўбачыла, Вольга не была гатовая. Зусім нават не была... ("Акуляры")
hline

Сказ пра тое, як Алесік заблукаў адзін у лесе


Неяк раз малы Алесік за грыбамі ў лес пайшоў. Ён ішоў, ішоў па лесе, са сцяжынкі прэч сыйшоў. Як сыйшоў – так і пайшоў, зноў сцяжынкі не знайшоў.
Вось якая незадача! Ну куды ісці, куды? Пад ялінай стаў і плача – хто ж пазбавіць ад бяды?
Заяц з лесу выбягаае, да Алеся падбягае.
- Не бядуй, - крычыць, - Алесік! Ты пабудзь са мной у лесе! Будзем разам мы гуляць: і скакаць, і танцаваць!
І, узяўшы лапы ў бокі, Заяц так пайшоў у скокі, што Алесік не стрымаўся, замест плачу – рассмяяўся. Ну а потым усміхнуўся, вакол сябе азірнуўся, уздыхнуў і кажа:
- Не! Не магу, прабач мяне! Як жа мне з табой застацца – мама будзе хвалявацца! Ты мне лепей дагадзі – да сцяжынкі давядзі!
Зай Алесіка паслухаў і патыліцу пачухаў. Потым кажа:
- Эх, Алесік! Шмат сцяжынак тут, у лесе! І якая з іх твая – хіба ж памятаю я! Ты б на дрэва лепш узлез – з дрэва лепей бачны лес...
Глядзь Алесік на асінку – надта ж тонкія галінкі! Дый калючыя яны... лепш падацца да сасны! Падбягае... а сасна, вельмі ж гладкая яна! І высокая, да неба...
Ды кудысьці ж лезці трэба!
Тут Вавёрка па ялінцы, скок па тоненькай галінцы. Кажа:
- Я дапамагу! Як змагу і чым змагу! У бядзе я вас не кіну, забяруся на яліну, пагляджу ва ўсе бакі. Вы ж чакайце, дружбакі!
І, закончыўшы гаворку, паскакала ўверх Вавёрка. Скок з галінкі на галінку – вось ужо і верхавінка. А з яе ўсе бачны сцежкі, і вядуць яны на ўзмежкі. І Алесева сцяжынка добра бачна з верхавінкі.
Шлях Вавёрка адшукала, хлапчука не ашукала. Паказала накірунак – атрымала падарунак: велічэзны баравік, а з ім разам махавік і чатыры сыраежкі. А Алесь пайшоў да сцежкі.
Заяц побач з ім скакаў, кошык несці памагаў. Па дуброве, пералеску, дабрылі яны да ўзлеску. Тут, на ўзлеску, Зай застаўся і з Алесем развітаўся. І сказаў:
- Бывай, Алесік! Ты да нас прыходзь ізноў. Вельмі добра, што і ў лесе ты знайшоў сабе сяброў!
Зай пабег назад, вядома, а Алесь пайшоў дадому. Ну а дома, па сакрэту, расказаў мне казку гэту. Я ж паслухаў, запісаў, вам нічога не казаў! А калі вы што прызналі – значыць, самі прачыталі!