Генадзь Аўласенка з тых пісьменнікаў, якіх не палохаюць ніякія крызісы — ні эканамічныя, ні духоўныя. Сельскі настаўнік, які многія гады выкладае біялогію ў розных школах Чэрвеньшчыны, ён яшчэ піша вершы, п’есы, апавяданні... І галоўнае — вельмі шмат піша для дзяцей. Творы Генадзя Аўласенкі часта друкуюцца — літаральна ва ўсіх дзіцячых газетах і часопісах краіны, ды і ў часопісах “Маладосць”, “Полымя”, у газеце “Літаратура і мастацтва”... (Кастусь Ладуцька "Адкуль прыходзяць казкі?")

...Дрыжачай рукой Алег выхапіў з кішэні цыліндрык і з уся сілы націснуў на кнопку. Ён ужо не спадзяваўся нават, што цыліндрык нейкім чынам спрацуе... але той, як гэта не дзіўна, спрацаваў і спрацаваў на славу. Хлопца, які толькі што трымаў Алега за каўнер, ужо не было побач. Яго, наогул, нідзе не было, ён проста знік, знік гэтак жа таямніча і незразумела, як і той незнаёмец сёння раніцай... ("Лепшы сродак самаабароны")
hline

Казка пра плотак – вясёлых малодак


Жылі-былі ў рэчцы плоткі, 
бесклапотныя малодкі.
Жылі-былі, не тужылі,
нідзе службы не служылі,
анідзе не працавалі.
Толькі танцы танцавалі.
Як пачнуць танцаваць –
па ўсёй рэчцы чуваць.


Узнімаюць хвалі,
самі сябе хваляць.
Ну, а стрэнуць каго
– не адпусцяць так яго:
у круг запрашаюць,
скакаць прымушаюць.
Пастрачалі неяк рака –
закружылі небараку!
Галаву згубіў вусаты – 
тры гадзіны поўз дахаты.
Потым стрэлі акуня –
танцавалі з ім паўдня:
і мазурку, і гапак...
Ледзь жывы акунь-бядак!
Стрэлі чарапаху, 

а тая са страху забегла ў хаціну,
зарылася ў ціну
і там ляжыць,
і ўся дрыжыць.
І галавень хаваўся ўвесь дзень,
і печкуры сядзяць у нары.
А дзе яны
– там і ўюны.
І карасі, і нават язі ў глей зарываюцца,
ад плотак хаваюцца.

А ліны-таўстуны,
вялікія хітруны,
параілі плоткам,
вясёлым малодкам,
запрасіць шчупака
станцаваць гапака.

Як пайшоў шчупак
танцаваць гапак
– рукі ў бокі,
сам у скокі
вакол плотак,
вясёлых малодак. 
Плотак забаўляе,
зяпу разяўляе,
зубы шчэрыць,
кажа: “Час вячэрыць!”.

Убачылі плоткі
шчупакову глотку,
а ў ёй зубы ў тры рады
– ды ад страху хто куды!
Хто ў вір, хто ў трыснёг,
а хто проста на дно лёг
або ў глей зарыўся,
ці пад корч забіўся...

Пахаваліся – хто дзе.
Стала ціха ў вадзе.
Нідзе не скачуць,
ніхто не плача,
пад корч не хаваецца,
у глей не зарываецца, не ляжыць,
не дрыжыць ды наўцёк не бяжыць...

А як жа плоткі,
вясёлыя малодкі?

А іх нават не чуваць.
Заракліся танцаваць!