Генадзь Аўласенка з тых пісьменнікаў, якіх не палохаюць ніякія крызісы — ні эканамічныя, ні духоўныя. Сельскі настаўнік, які многія гады выкладае біялогію ў розных школах Чэрвеньшчыны, ён яшчэ піша вершы, п’есы, апавяданні... І галоўнае — вельмі шмат піша для дзяцей. Творы Генадзя Аўласенкі часта друкуюцца — літаральна ва ўсіх дзіцячых газетах і часопісах краіны, ды і ў часопісах “Маладосць”, “Полымя”, у газеце “Літаратура і мастацтва”... (Кастусь Ладуцька "Адкуль прыходзяць казкі?")

...Небяспека была паўсюды. Яна глядзела на чалавека вачыма кожнага з прахожых, якія таропка абміналі яго альбо проста ішлі насустрач. Кожны з гэтых невядомых і бяскрыўдных на першы погляд людзей мог аказацца серыйным забойцам, наркаманам. Вар’ятам, урэшце рэшт! Кожны з іх мог нанесці чалавеку смяротны ўдар, нанесці ў любы момант... і чалавек асуджана і пакорліва чакаў гэтага ўдару, а яго ўсё не было і не было... ("Бо аракул ніколі не памыляецца")
hline

Вавёрчына хатка


Дзюбай дзяцел дуб дзяўбе – хатку робіць для сябе. А вавёрка плешча ў ладкі:
- Ах, якая выйшла хатка! Ты зрабі такую ж мне, але толькі на сасне!
- Чым жа кепскі дуб, суседка?
- Дуб не кепскі, калі ўлетку... Ну а ў зімку лепш сасна!
- Чым жа лепшая яна?
- На сасне ў зімовы ранак я заўжды знайду сняданак, для сябе і для гасцей, каб заходзілі часцей!
- Добра! – кажа дзяцел ёй. – Мне, што з дубам, што з сасной, што з ялінай працаваць... Буду хатку майстраваць!
Так сказаў ён і з ахвотай ухапіўся за работу. Цэлы тыдзень працаваў, але й хатку змайстраваў! Добра выканаў заказ, да зімы паспеў якраз. Ёсць пакойчык для вавёркі, ёсць маленькія каморкі: у адной – баравікі, у другой – махавікі. Ёсць і трэцяя каморка – там ляжыць арэхаў горка.
Вось у лес зіма прыйшла, сцежкі снегам замяла, ежу ўсю пад ім схавала, па начах залютавала. Хто на зімку не заснуў – добра гора сербануў!
Ды вавёрчына дупло анічым не замяло. Нават сам сівы мароз у дупло не суне нос, і не ўціснуцца туды ні вятры, ні халады. І вавёрка так жыве: шышак з раніцы нарве, і яловых, і сасновых... словам, самых адмысловых. Пагрызе – і зноў у хатку, а далей – па распарадку: альбо сушаны грыбок ці арэшак на зубок. Так жыве і весяліцца, анікога не баіцца: ні лісіцы, ні ваўка, ні вялізнага дзіка, бо высокая сасна, не для іх расце яна...
Але, акрамя лісіцы, у бары жыла куніца. Не ў бярлозе, не ў нары, а ў яловым гушчары. На яліне хатку мела – ды яліна так рыпела, спаць куніцы не давала... А куніца так злавала, так хацелася Куніцы хоць куды перасяліцца, да таго ж яе дупло надта цеснае было...
А сарокі-балбатухі па бары разнеслі слухі пра вавёрчыну пра хату, як жыве яна багата, суму-клопату не мае, кожны дзень гасцей прымае. Слых па лесе хутка йшоў, да куніцы ён дайшоў. Прызадумалася тая:
“Раз вавёрка хату мае – трэба мне яе злавіць, ну а хату – захапіць! Там навекі пасялюся – вось тады павесялюся!”
Як сказала – так зрабіла! Хутка кіпці навайстрыла, ды і скок-паскок з яліны на бярозкі верхавіну. А з бярозкі – на асінку – спрытна скача па галінках: скок-паскок ды скок-паскок – не трапляйся на зубок!
А ў вавёркі госці ў хаце: сярод іх і майста дзяцел, побач з ім сядзяць сястрычкі, тры маленькія сінічкі, ля сінічак – цецярук, з ім – глушэц, яго сябрук. Побач з імі – бабка, старая арабка. Нават сойка не ўцярпела, да суседкі заляцела пасядзець, пабалбатаць, смачнай стравы паспытаць.
А вавёрка ўсіх частуе, стравы розныя гатуе, да стала іх хутка носіць і гасцей шаноўных просіць:
- Калі ласка, ягамосці, дарагія мае госці, што хочаце – ешце, што хочаце –піце, сэрца гаспадыні гэтым весяліце! У маёй у хатцы вы часцей бывайце, мяне, гаспадыню, вы не забывайце! Я ж заўсёды рада вам, дарагім маім сябрам!
Госці пьюць і ядуць, госці ў скокі ўжо ідуць... тут куніца ў дзверы скок – ды вавёрку цоп за бок! На гасцей як завурчыць, як ім грозна закрычыць:
- Хатка гэтая – мая! Гаспадыня ў хатцы – я! І сама я вырашаю, каго ў госці запрашаю! Як не хочаце загінуць – прэч пайшлі з маёй хаціны!
Госці ў жаху хто куды, толькі б далей ад бяды! А вавёрка ўслед крычыць, а вавёрка верашчыць у адчаі лемантуе:
- Вой, ды хто ж мяне ўратуе! Вой, патрапіла ў бяду! Вой, загіну, прападу!
Стала сорамна сініцам.
- Што ж баімся мы куніцы?! – закрычалі шчабятушкі: - Птушкі мы альбо не птушкі?! Вунь нас колькі - а яна, хоць і злая, ды адна! Трэба нам назад вяртацца, ды з куніцай паквітацца, ды сяброўку ўратаваць – ваяваць дык ваяваць!
Расхрабрыўся тут глушэц:
- Я ж – прыроджаны баец!
А за ім і цецярук:
- Я ж таксама, хоць без рук! За вавёрку я гарой!
- Дык вядзіце ж нас у бой! – закрычалі бойка арабка ды сойка: - Наперад, сініцы! Дзяўбіце куніцу! І мы не адстанем – дзяўбаць яе станем!
Птушкі разам зашумелі, дружна ў наступ паляцелі! А куніца кіпці точыць і вавёрку з’есці хоча. Хоча, беднай, адвячэрыць – і вурчыць, і зубы шчэрыць, прагна пашчу разяўляе...
Тут сініца падлятае і куніцу па спіне як з размаху дзяўбане! А другія дзве сініцы – за бакі дзяўбуць куніцу, цецярук па карку б’е, і глушэц не адстае! І арабка з сойкай кінуліся ў бойку: і сакочуць, і клякочуць – напужаць куніцу хочуць! У бакі, у карак б’юць, перадыху не даюць!
Калі ж дзяцел прыляцеў, да куніцы падляцеў – тут зладзейка не ўтрымала, прэч ад хаткі паімчала! Птушкі ўслед за ёй лятуць і ніяк не адстаюць: бьюць нагамі, бьюць крыламі, у каршэнь яе дзяўбуць! Прэч драпежніцу прагналі – і вавёрку ўратавалі!
Іх вавёрка абдымае, зноўку ў хатку запрашае, за сваё выратаванне – на гулянне-баляванне!
Госці дружненька ўляцелі, за сталы ізноў паселі. Зноў вавёрка іх частуе, стравы розныя гатуе. Вось пірог з баравіка – гэта для цецярука, а для сойкі – жалуды (гэта страва хоць куды!). Шышкі з елкі ды сасны – дзятлу смачныя яны. Для глушца з арабкай – ягадная бабка, з ягадак каліны, з ягадак рабіны, ёсць у гэтай бабцы нават журавіны. Ну, а для сінічак – ёсць кісель з бруснічак ды з арэхамі пячэнне...
Тут і казкі заканчэнне!