Генадзь Аўласенка з тых пісьменнікаў, якіх не палохаюць ніякія крызісы — ні эканамічныя, ні духоўныя. Сельскі настаўнік, які многія гады выкладае біялогію ў розных школах Чэрвеньшчыны, ён яшчэ піша вершы, п’есы, апавяданні... І галоўнае — вельмі шмат піша для дзяцей. Творы Генадзя Аўласенкі часта друкуюцца — літаральна ва ўсіх дзіцячых газетах і часопісах краіны, ды і ў часопісах “Маладосць”, “Полымя”, у газеце “Літаратура і мастацтва”... (Кастусь Ладуцька "Адкуль прыходзяць казкі?")

...Надзяваючы акуляры, Вольга думала толькі пра цемру, якая панавала навокал, праз якую яна ніяк не магла разгледзіць твары сваіх нечаканых суразмоўцаў. Асвятляльныя гэтыя акуляры павінны былі даць ёй такую магчымасць...яна гатовая была нават да таго, што рукі падлеткаў будуць па локаць у крыві, што нават твары дзяцей зменяцца да непазнавальнасці, скрыўленныя злымі, звярынымі нават грымасамі...Але да таго, што яна ўбачыла, Вольга не была гатовая. Зусім нават не была... ("Акуляры")
hline

І аз ваздам!


Дзейныя асобы:

АМАТАР МАСТАЦТВА, мужчына сярэдніх гадоў, апрануты сціпла, але з густам
МАСТАК-АВАНГАРДЫСТ, яго равеснік, апрануты больш сучасна і модна
П’ЯНІЦА, таго ж узросту, але…
ЖОНКА П’ЯНІЦЫ, без асаблівых прыкмет
ЮНАК
ДЗЯЎЧЫНА

МУЖЧЫНА, гадоў 30-ці, з сучасных “гаспадароў жыцця”
МАЦІ П’ЯНІЦЫ
ПОСТАЦЬ У БЕЛЫМ
ПОСТАЦЬ У ЧОРНЫМ


                                                                          ДЗЕЯ 1.

Сквер, а можа, і парк. На пярэднім плане лаўка са спінкай. Пара году значэння не мае, таму будзем лічыць, што зараз сярэдзіна лета. Збоку выходзяць двое: кансерватыўна настроены А м а т а р м а с т а ц т в а і звышсучасны М а с т а к- а в а н г а р д ы с т. Яны спыняюцца каля лаўкі.

АМАТАР. Не даў, на жаль, Бог таленту рукам, і я таму зайздрошчу мастакам. Зайздрошчу ім, бо маляваць не ўмею...
МАСТАК. Ну, я цябе зусім не разумею! Каб зараз выстаўляцца і грымець, зусім залішне нейкі талент мець. Стаць мастаком сучасным можна й так: квадрат намаляваў – і ты мастак
АМАТАР. Квадраты ўжо Малевіч маляваў...
МАСТАК. А што, скажы, ён іх пацентаваў? Ёсць сто адценняў – выбірай любы: хоць жоўты, хоць зялёны, хоць рабы...
АМАТАР. Ды як жа ставіць у адзіны рад - Джаконду і якісьці там квадрат?! Радэна твор - і твой падраты бот, няхай на боце тым калючы дрот...
МАСТАК (пакрыўджана). Вялікі дзякуй вам за “камплімент”! (Змаўкае, нейкі час абое маўчаць.) Мой дрот калючы – важкі аргумент! І пэўны сэнс унутраны нясе...
АМАТАР. Няхай нясе! Мяне ж ад іх трасе – квадраты... боты... Мне на іх пляваць! Я б мог і сам квадрат намаляваць, і бот падраць, і дротам абматаць... (З сарказмам.) Вялікім мастаком сучасным стаць!
МАСТАК. Ну вось і стань, бо я ж, як бачыш, стаў.
АМАТАР. Я б стаў... ды Бог, на жаль, сумленне даў!
МАСТАК. Што, што? Сумленне? З чым яго ядуць?! Ды сёння матку з бацькам прададуць, каб толькі дзе пакупніка знайсці! Бо ў нашым, у цяперашнім жыцці...
АМАТАР (глядзіць на гадзіннік). Мне час ісці.
МАСТАК. Куды ты? Пачакай! Не скончыўшы размовы, не ўцякай! Лепш сядзем, тут не плоцяць за прастой...
АМАТАР. Я лепш пайду.
МАСТАК. Чакай! Куды ты? Стой!

А м а т а р ідзе прэч, М а с т а к спяшаецца за ім, абое знікаюць. З процілеглага боку выходзяць Ю н а к і Д з я ў ч ы н а, таксама спыняюцца каля лаўкі, садзяцца.

ЮНАК. Што здарылася? Толкам растлумач! Бяру білет на футбольны матч, таксі хапаю, а цябе імчу... А ты мне заяўляеш: “Не хачу!”
ДЗЯЎЧЫНА. І праўда, што табе са мной сядзець! Бяжы, яшчэ паспееш паглядзець футбол свой... Ён табе важней мяне!
ЮНАК. Ну што ты, што ты! Ну, вядома ж, не!
ДЗЯЎЧЫНА. Няўжо?
ЮНАК. Не верыш? Праўду гавару! Ну, хочаш – вось білеты падзяру! (Ірве білеты, кідае на зямлю.) Тым больш, што ён пачаўся ўжо даўно... (Паўза.) Пайшлі ў кіно?
ДЗЯЎЧЫНА. Я не хачу ў кіно!
ЮНАК. Тады ў кафэ. Там ёсць атракцыён!
ДЗЯЎЧЫНА (пазяхае, устае). Пайду дамоў.
ЮНАК (дрыжачым голасам). Цябе чакае ён?
ДЗЯЎЧЫНА. Што? Не дачула.
ЮНАК. Зноўку паўтару! Ты ведаеш, аб кім я гавару! (Нейкі час маўчаць.) Дык ён цябе чакае?
ДЗЯЎЧЫНА. Хто? Фадзей? (Зноў пазяхае.) Нашто мне здаўся гэты прахіндзей!
ЮНАК. Ну, не Фадзей, тады... тады Лявон?
ДЗЯЎЧЫНА. Нашто мне здаўся гэты ветрагон! (Нейкі час зноў стаяць моўчкі.)
ЮНАК. Ну, не Фадзей і не Лявон... то хто?
ДЗЯЎЧЫНА (думаючы пра сваё). Ды ты яго не ведаеш... (Змаўкае, спалохана заціснуўшы рот.)
ЮНАК. Што, што? Дык вось чаму ты так сябе вядзеш! Ты на спатканне да яго ідзеш, а мне папросту дурыш галаву!
ДЗЯЎЧЫНА. Ды гэта так, па справе...рандэву.
ЮНАК. Па справе?
ДЗЯЎЧЫНА. Так, па справе па адной...
ЮНАК. Дык вось чаму ты сёння так са мной! Дык вось адкуль такі халодны тон! (Устае, хутка ідзе прэч.)
ДЗЯЎЧЫНА. Антон! Куды ты? Пачакай, Антон!

Д з я ў ч ы н а бяжыць следам, з другога боку з’яўляюцца П’ я н і ц а з Ж о н к а й, якая амаль што валачэ мужа.

ЖОНКА (з роспаччу). Ну колькі мне яшчэ цябе цягнуць! Не, трэба хоць хвілінку адпачнуць! (Піхае мужа на лаўку, садзіцца побач.)
П’ЯНІЦА (азіраецца). Які этаж? Ды гэта ж дом не наш! Куды ты завяла мяне?
ЖОНКА. Алкаш! Праспіся – я з табой пагавару!
П’ЯНІЦА. А Бобік здох. (Ікае.) Я лепей закуру. (Ляпае сябе па кішэнях.)
ЖОНКА. Каб чорт цягаў вас, гэткіх выпівох, Як я цябе цягну...
П’ЯНІЦА. А Бобік здох!
ЖОНКА (устае.) Ну, пасядзеў і хопіць! Уставай! Устань, каму сказала!
П’ЯНІЦА. Налівай... Дзе цыгарэта? Я ж хацеў курыць!
ЖОНКА. Ды што з табой, п’янтосам, гаварыць! (Трасе мужа за каўнер) Ану, ўставай, кадук цябе дзяры!
П’ЯНІЦА. Ты лепей цыгарэтку прыкуры.
ЖОНКА. Я зараз прыкуру па галаве!
П’ЯНІЦА. Прыкурыш дзве? Давай, прыкурвай дзве!
ЖОНКА. (Зноў трасе мужа.) Ану пайшлі! І што з табой рабіць?.. (Б’е па карку.)
П’ЯНІЦА. Спадарыня! Па галаве не біць!
ЖОНКА (б’е яшчэ раз). Ану, устаў!
П’ЯНІЦА. Устаў бы, калі б мог! Ды Бобік здох...
ЖОНКА. А каб ты сам падох! (Трэці раз б’е мужа па карку.)
П’ЯНІЦА. Спадарыня! Не трэба мне вымоў!
ЖОНКА. Хоць заначуй тут! Я ж іду дамоў! Аб’еў душу…
П’ЯНІЦА. Не абражай мяне! Я гаспадар у хаце альбо не?! Глядзі, а то даўно цябе не біў...
ЖОНКА. Ды што табе казаць! Мазгі прапіў! І ўсё прапіў, што мог... што толькі меў... (Ідзе прэч.)
П’ЯНІЦА. А Бобік здох. (Схамянуўся.) Што, што? Не зразумеў! Куды ты?
ЖОНКА (здалёку.) Хоць загніся! Мне пляваць!
П’ЯНІЦА. А Бобік здох! (Хоча ўстаць, падае.) І ўсё! Не кантаваць... (Коціццая кудысьці пад лаўку, засынае.)

У гэты час каля лаўкі спыняецца М у ж ч ы н а з, так званых, новых гаспадароў жыцця. Нейкі час ён стаіць, няспешна азіраючыся па баках, потым апускаецца на лаўку, дастае сотавы тэлефон, набірае нумар.

МУЖЧЫНА. Ало! Ахмед? Ну як, ці ўсё прадаў? (Нейкі час слухае.) Ну вось і добра! Ты не прагадаў! Што, што? Паслухай, часу не губляй! Усё, як і дамоўлена, купляй. Па колькі штука? Колькі? Ну і ну! А можа, паспрабуеш збіць цану? Як збіць? Ахмед, ці мне цябе вучыць! (Зноў нейкі час слухае.) Вось вернешся і зможаш адпачыць. Вярніся толькі, мне тавар аддай... а потым... ды куды ні пажадай: Канары, Мальта, Альпы, Лондан, Рым... Куды? У Крым? (Смяецца.) Ну добра! Крым дык Крым! Два тыдні хопіць? Добра, будзе тры, ты толькі там глядзі, не прагары! Ну, што яшчэ? Нічога? Ну, бывай! Збівай цану! (Нейкі час моўчкі слухае.) А я кажу: збівай!

Кладзе тэлефон побач. У гэты час з’яўляецца тая ж самая Д з я ў ч ы н а, якая нядаўна была тут. Яна падыходзіць да лаўкі, спыняецца.

МУЖЧЫНА. З’явілася?!
ДЗЯЎЧЫНА. Прывецік! Я прыйшла! (Хоча яго пацалаваць, але Мужчына адхіляе галаву.)
МУЖЧЫНА. А з кім ты тут крыху раней была?
ДЗЯЎЧЫНА (збянтэжана). Крыху раней? Ты бачыў? Гэта... брат…

Мужчына нічога не адказвае, Дзяўчына асцярожна садзіцца на лаўку, разглядае мабільны тэлефон. У гэты час гучыць музыка тэлефона.

Ты што, зноў памяняў свой апарат? А дзе стары?
МУЖЧЫНА (адказваючы на званок) Ало! Ах, гэта ты! Не, сёння не магу, я заняты. (Нейкі час слухае.) Ды хай злуе! Вялікая бяда! А заўтра? (Змаўкае, штосьці вылічвае ў думках.) Заўтра будзе серада... Давай у тры... на складзе, дзе тавар. Што, што? Навар? Які цяпер навар! (Заканчвае гаворку, паварочваецца да Дзяўчыны.) Дык, кажаш, брат?
ДЗЯЎЧЫНА (хуценька). Далёкая радня.
МУЖЧЫНА. І з ім ты сустракаешся штодня?
ДЗЯЎЧЫНА. Сустрэча выпадковаю была. Ды хіба ж я яго сюды б вяла, да гэтай лаўкі... Ну, харош злаваць! Ці, можа, ты раўнуеш?
МУЖЧЫНА (здзіўлена). Раўнаваць? Ды што такое рэўнасць?
ДЗЯЎЧЫНА (летуценна). Крык душы! Вось я цябе раўную.
МУЖЧЫНА. Не смяшы! Дурная справа – рэўнасць без прычын!
ДЗЯЎЧЫНА (прытуляецца да яго). Не, праўда... У цябе так шмат жанчын! У гэтым, праўда, не твая віна, ды толькі б я жадала быць адна. Каб кветкі толькі мне адной дарыў, каб словы пра каханне гаварыў, і каб хоць крышку рэўнасці было...
МУЖЧЫНА. З табой не засумуеш... (Чуецца новая мелодыя.) Чорт! Ало! Ну, прывітанне! Што за навіна? Якая там гандлёвая вайна? Так, дробязі! Аб чым тут гаварыць! (Нейкі час слухае.) А гэта пачакае... не гарыць! Ну, правільна! А я пра што кажу! (Зноў нейкі час слухае.) Ды я ж табе яго не нараджу! Як прыйдзецца – усё скажу у твар. Ахмед прыедзе – будзе вам тавар! Праз колькі?! Дружа, коней не гані... Праз тыдзень, можа... можа, праз тры дні. Ахмед прыедзе – будзем гандляваць. Дарэчы, аб Фіксатым што чуваць? Што, зноў? І колькі? Дзесяць! Вось мудак! Ну, гэты раз яму не сыдзе так! Лічы, што ён апошні раз украў... (Кідае тэлефон, нейкі час сядзіць у задуменні.)
ДЗЯЎЧЫНА (лашчыцца да яго). Ты можаш хоць крыху пабыць без спраў?
МУЖЧЫНА (адхіляе дзяўчыну, набірае таропка нумар). Ды пачакай ты, дай паразмаўляць! (Уважліва глядзіць на Дзяўчыну.) Дарэчы, ты не хочаш пагуляць? Хвілін на дзесяць... Згода?
ДЗЯЎЧЫНА (разгублена). Як? Чаму?
МУЖЧЫНА. Ну, мне застацца трэба аднаму, без сведкаў... Каб крыху пагаварыць.
ДЗЯЎЧЫНА. А як жа нашы планы?
МУЖЧЫНА. Не гарыць! Ну прагуляйся, я цябе прашу!
ДЗЯЎЧЫНА (устае). Нахабства ўсё ж павінна мець мяжу! Я не вярнуся! Так што не чакай! (Ідзе прэч.)
МУЖЧЫНА. Не зразумеў. Куды ты? Не ўцякай! Вярніся! (Сабе.) Ну і хай сабе бяжыць! Хай паспрабуе без мяне пражыць! (Зноў набірае нумар.) Ало! Віталь? Пазнаў? Ты зараз дзе? (Нейкі час слухай) Дык вось... Фіксаты, падла, зноў крадзе! Бяры з сабой усіх сваіх людзей... ён мне патрэбен, гэты прахіндзей! Ды толькі ціха! Шуму не рабі! (Нейкі час слухае, смяецца.) Глядзі, да смерці толькі не забі. Рабі што хочаш, толькі каб жывы... Што потым? Не бяры да галавы!

М у ж ч ы н а хавае тэлефон, пазяхае. Зноў з’яўляюццаа А м а т а р і М а с т а к, яны павольна ідуць у бок лаўкі.

АМАТАР. Баліць душа! Ды так баліць душа!
МАСТАК. Скуголіш, быццам рэжаш без нажа. (Спыняюцца каля лаўкі.) Ну, хопіць, дружа, ныць і скавытаць! Час і табе ўжо больш сучасным стаць. Ты ж безнадзейна ад жыцця адстаў...
АМАТАР (з’едліва). Даўно ты сам такім сучасным стаў? У маладосці ты ж не быў такі...
МАСТАК (летуценна). О, маладосць! Шчаслівыя дзянькі! Тады ў мяне, хоч – вер, а хоч – не вер, было сябровак... Дзе яны цяпер? Мяняў іх – не хлушу – амаль штодзён і адчуваў сябе, як маладзён! (Уздыхае.) А памятаеш хлопцаў, інтэрнат? Васіль Булыга... Хомчыкаў Ігнат... Сярожа Зыкаў... Гэта ж твой дружбак!
АМАТАР. Памёр Сярога.
МАСТАК. Праўда? Што з ім?
АМАТАР. Рак...
МАСТАК. А я й не ведаў... Гэткі малады...
АМАТАР. Так, паміраюць нашыя гады. Арцёма Цмыгі ўжо даўно няма...
МАСТАК (нервова). Ды што аб гэтым гаварыць дарма! Усе памром! А зараз… трэба жыць. А ўсё ж жылося весела, скажы!
АМАТАР. Каму? Калі?
МАСТАК. Што значыцца – калі? Тады, калі студэнтамі былі. (Уздыхае.) Вясёлыя, шчаслівыя гады! Хоцць на хвілінку б трапіць зноў туды! А як пілі мы... Расказаць каму! Вясну і лета, восень і зіму!
АМАТАР. Ну, я й тады не асабліва піў...
МАСТАК. А хто ж у інтэрнаце вокны біў, калі вахцёр пускаць нас не хацеў? (Смяецца.) Ты ў выцвярэзнік потым заляцеў...
АМАТАР. Не я, а мы! І ты не лепшым быў!
МАСТАК. Не лепшым быў, ды ўсё ж вакон не біў! Ды гэта смешна ўспамінаць цяпер... Тады ж ледзь не пакінуў універ!
АМАТАР. І я ледзь-ледзь не заляцеў...
МАСТАК. Дзівак! Ты ж хоць за вокны... Я ж – за проста так! (Садзіцца на лаўку.) Сядай. Вось зараз трохі адпачнём...
АМАТАР. А потым?
МАСТАК. Потым спрэчку зноў пачнём! (Нейкі час маўчаць.) А ўсё ж цікавы мы з табой народ! Не бачыліся колькі? Пэўна, з год? А стрэліся – і зноўку спрэчкі ў нас...
АМАТАР. З табой спрачацца – марна бавіць час! Лепш паглядзі – якая прыгажосць...

А м а т а р таксама прысеў на лаўку, М у ж ч ы н а незадаволена на іх зіркнуў і крыху адсунуўся.

МАСТАК. А ведаеш, у гэтым штосьці ёсць! Што мы з табой сустрэліся вось так, на вуліцы... Мо гэта добры знак?
АМАТАР. Сустрэліся – разыдземся...
МАСТАК. Э, не! Паслухай, пойдзем зараз да мяне! Тут недалёка. Я жыву адзін... Твой поезд... ён у колькі там гадзін?
АМАТАР (глядзіць на гадзіннік). У адзінаццаць...
МАСТАК (таксама глядзіць на гадзинник). Зараз пяць. Пайшлі?
МУЖЧЫНА (незадаволена). Вы ў парку іншай лаўкі не знайшлі? А можа, тут каго чакаю я?
МАСТАК. Чакай... А лаўка гэта не твая! Дзяржаўная. Не трэба так глядзець! Мы маем права тут хоць дзень сядзець! Так што, браток, крыўдуй ці не крыўдуй, А мы пакуль не ўстанем.
МУЖЧЫНА (скрозь зубы). Абалдуй!
МАСТАК. Ты гэта мне? Не чую. Ты аглох?!
МУЖЧЫНА (павольна ўзнімаецца з лаўкі). Паслухай, лох!
МАСТАК (таксама ўстае). Хто – лох?
П’ЯНІЦА (з-пад лаўкі). А Бобік здох!
МУЖЧЫНА (азіраецца). Хто гэта? Дзе?
АМАТАР (ускоквае). І я, здаецца, чуў!
П’ЯНІЦА (стукае па днішчу лаўкі). Не трэба! Не жадаю! Не хачу! Гэй, людзі! Кіньце гэтак жартаваць! Я выпіў – а мяне вязуць хаваць! (Выпаўзае з-пад лаўкі, азіраецца.) Фу! Дзякуй Богу, гэта не труна, а я ўжо думаў, блін, што мне хана!

Усе займаюць ранейшыя месцы, П` я н і ц а сядзіць на зямлі і працягвае азірацца.

П’ЯНІЦА. І дзе я ёсць? І дзе я сёння быў? (Чакае адказу, але яму, вядома ж, ніхто не адказвае.) І грошы, пэўна, зноўку ўсе прапіў? А жонка дзе? Яна ж мяне вяла… (Зноў азіраецца.) Пакінула, падлюка, і сышла! (З цяжкасцю ўстае, чухае патыліцу.) Ішлі з гасцей мы з ёй... а ад каго?Ды ад Рыгора ж, сябрука майго! Ён мне з сабою пляшку даў віна... Чакай, чакай... а дзе ж тады яна? (Спалохана ляпае сябе па кішэнях. Няма... няма... і тут няма... Знайшоў! (Выцягвае бутэльку, плюхаецца на лаўку якраз паміж сябрукамі і Мужчынам.)
МУЖЧЫНА (убок). І гэты сеў! (П’яніцу.) Ты б лепш дамоў ішоў.
П’ЯНІЦА. Дамоў паспею... Гэта не гарыць... А зараз трэба трохі паўтарыць. (Адкаркоўвае бутэльку, робіцць працяглы глыток, працягвае бутэльку Мужчыне.) Пацягнеш, не? (Аматару з Мастаком.) А вы?
АМАТАР (паспешна). Таксама не.
МАСТАК. Чакай, чаму ты кажаш за мяне? Я трошкі вып’ю. (Бярэ бутэльку, робіць глыток, адразу выплёўвае ўсё, што глынуў. П’яніца ледзь паспеў падхапіць бутэльку.)
АМАТАР (насмешліва). Ну, і як яно?
МАСТАК (хрыпіць). Тут нейкая атрута, не віно!
П’ЯНІЦА (нюхае, робіць добры глыток). Ну, можа, трошкі мылам аддае, затое добра ў галаву дае... (Чхае.) Зараза, шыбанула прама ў нос!
МАСТАК (усё тым жа хрыпата-задушаным голасам). Ды тут не мыла – чысты дыхлофос!
АМАТАР. Яшчэ скажы – хімічны камбінат.
П’ЯНІЦА (ікае). Зараза, ледзьве не пайшла назад!

М у ж ч ы н а адсоўваецца ад П` я н і ц ы ўправа, сябры сінхронна – улева. Той дапівае віно, зноў ікае.

МУЖЧЫНА (пагрозліва). Паслухай, лох! Я гэта не люблю!
П’ЯНІЦА (шпурляе бутэльку пад лаўку). А Бобік здох! (Пазяхае.) Я лепей падрамлю...

П` я н і ц а адкідвае галаву на спінку лаўкі, засынае. Непадалёку з’яўляецца Ю н а к , за ім – Д з я ў ч ы н а.

ДЗЯЎЧЫНА. Прабач мяне, Антон, прашу, прабач! Ну хочаш – пойдзем на футбольны матч!
ЮНАК. Цяпер?
ДЗЯЎЧЫНА. А што? У колькі ён гадзін?
ЮНАК (скрозь зубы). Казлы! Прадулі немцам: тры – адзін!
ДЗЯЎЧЫНА. Ну, хай прадулі. Што ж цяпер рабіць?
ЮНАК. Такі пенальці не змаглі забіць!
ДЗЯЎЧЫНА. Ды супакойся. Хопіць псіхаваць!
ЮНАК. Табе на гэта, бачу, напляваць...
ДЗЯЎЧЫНА (заўважае Мужчыну). Хадзем адсюль!
ЮНАК. Куды?
ДЗЯЎЧЫНА (нервова). Пайшлі назад!
МУЖЧЫНА (з’едліва). Дык гэта й ёсць твой знакаміты брат? Хоць пазнаём...
ЮНАК. Ён гэта нам?
ДЗЯЎЧЫНА(нервова). Ды не!
ЮНАК (падазрона). Ты з ім знаёма?
ДЗЯЎЧЫНА. Вельмі трэба мне! Чаго глядзіш – я праўду гавару!
МУЖЧЫНА. А я сваё пытанне паўтару: дык гэта брат ці гэта ўсё ж не брат?
ДЗЯЎЧЫНА (павольна). Ну ты і гад!
МУЖЧЫНА. Няўжо?
ДЗЯЎЧЫНА. Які ж ты гад!
МУЖЧЫНА. Я, можа, й гад... а кім цябе лічыць? Цябе, наогул, трэба падлячыць. Пад кожнага лягла б, нібы...
ЮНАК. Маўчы!
МУЖЧЫНА павольна ўстае). Ты на мяне, кузурка, не крычы! Адным мязенцам уваб’ю ў зямлю!
ЮНАК. Ды я ж цябе, падлюка, задаўлю!

Ю н а к кідаецца да М у ж ч ы н ы, але той адным спрытным ударам збівае яго з ног.

ДЗЯЎЧЫНА (кідаецца да Юнака). Антон! Жывы? (Мужчыне.) Ты што яму зрабіў?!
МУЖЧЫНА (з насмешкай). У галаву крыху мазгоў убіў.
АМАТАР. Навошта так? Не трэба так было...
МУЖЧЫНА (азіраецца). А ты заторкні брудны рот, хамло!
МАСТАК (ускоквае). Ах ты пацук!
АМАТАР (таксама ўскоквае, утрымлівае сябра). Не трэба!
МУЖЧЫНА. Вашу маць! (Выхоплівае пісталет.) Ты, можа, гэта хочаш атрымаць?!

На імгненне ўсе застылі. Д з я ў ч ы н а, стоячы на каленях каля Ю н а к а, спалохана пераводзіць погляд то на М а с т а к а, то на М у ж ч ы н у з пісталетам.

МАСТАК. Ану, схавай!
АМАТАР. Дарма вы так, дарма...
МУЖЧЫНА (хаваючы пісталет). Шкада, што хлопцаў тут маіх няма! Вы б у мяне лізалі гэты бруд!
МАСТАК. Валі адсюль! Табе не месца тут!
МУЖЧЫНА (з пагрозай). Мы стрэнемся. Я ўсё прыпомню, лох! (Ідзе прэч. Усе, акрамя Юнака і П’яніцы, глядзяць яму ўслед.)
МАСТАК. Як кажа наш калега – Бобік здох…

Раптам наперадзе чуецца віскат тармазоў, аўтаматныя чэргі. Да лаўкі раптам зноў бяжыць М у ж ч ы н а з пісталетам у руцэ, другая рука ў яго паранена, з яе цячэ кроў. Ён забег за лаўку, прысеў за П` я н і ц а, пачынае страляць у адказ.

АМАТАР (здзіўлена). Дзе гэта? Што?..

Новая чарга. А м а т а р падае, адначасова падае П ’ я н і ц а.

МАСТАК. О Божа! Мне кранты!

Яшчэ адна чарга. М а с т а к падае. Ю н а к, наадварот, узнімае галаву, садзіцца.

ДЗЯЎЧЫНА. Антон, прыгніся! (Хапае Юнака, закрывае яго сабой.) Ды прыгніся ж ты!

Яшчэ адна працяглая чарга. Падае М у ж ч ы н а, схапіўшыся за галаву, амаль адразу ж падае Д з я ў ч ы н а разам з Ю н а к о м. Чуецца лязгат дзверцаў, потым чуваць, як недзе побач разварочваецца і ад’язджае на вялікай хуткасці аўтамабіль.

Зацямненне.

                                                                            ДЗЕЯ ІІ.

Тая ж лаўка. Вакол яе ў ранейшых позах нерухома ляжаць людзі. Але вакол нейкі дзіўны чырванаваты паўзмрок. Раптам успыхвае яркае чырвонае святло, яно ахоплівае лаўку і людзей вакол, утвараючы даволі вялікі круг.
М у ж ч ы н а пачынае варочацца, устае, садзіцца на лаўку, асцярожна сябе абмацвае.


МУЖЧЫНА (Выцягвае тэлефон, набірае нумар). Вось цуд! Жывы! Ні драпіны нідзе!
П’ЯНІЦА (садзіцца). Вось, чорт, як галава набок ідзе! (Азіраецца.) А што яны ляжаць? Што тут было?
МУЖЧЫНА (не звяртаючы на яго ўвагі). Ало! Віталь! Ало, Віталь, ало! (Трасе тэлефон, зноў прыкладвае да вуха.) Ало, Віталь! Нічога не чуваць...
П’ЯНІЦА. Што, тэхніка не хоча працаваць?

Узнімаюць галовы А м а т а р і М а с т а к.

МАСТАК. А я ўжо думаў, браце, мне кранты! А ты? Чаго маўчыш?
АМАТАР. І я, як ты, таксама думаў – смерць не абміне. І ўсё ж – па нас стралялі альбо не?

Яны змаўкаюць, пачынаюць старанна аглядваць сябе.

МАСТАК (не зусім упэўнена). Стралялі. Вось жа і сляды ад куль. (Да П’яніцы.) Ты, можа, штосьці ведаеш?
П’ЯНІЦА. Адкуль? Я перад вамі толькі ачуняў...
МУЖЧЫНА. Хто ж іх наняў?
МАСТАК (устае). Ды хто б іх ні наняў, а мы жывыя ўсе! Вось вам адказ! Яны хацелі напалохаць нас?
МУЖЧЫНА. Яны хацелі нас... мяне забіць.
АМАТАР (таксама ўстаючы). Не можа быць!
МАСТАК (паказвае на Дзяўчыну і Юнака). А з імі што рабіць?
П’ЯНІЦА. Яны... таго, напэўна?
МАСТАК (падыходзіць да іх). Можа, й так!Ды не, вачыма лыпае юнак! Жывы…
АМАТАР. А як дзяўчына?
МАСТАК. А яна... (Змаўкае, нейкі час уважліва глядзіць на дзяўчыну.) А ёй, здаецца, сапраўды хана!
ДЗЯЎЧЫНА (садзіцца). Каму хана?
МАСТАК. Табе, я думаў...
ДЗЯЎЧЫНА(спалохана). Мне?!
МАСТАК. Я памыліўся.
ЮНАК (узнімае галаву). Я жывы ці не? (Ніхто яму не адказвае. Юнак устае, азіраецца.) А гэта што за дзіўнае святло?
МАСТАК. І сапраўды…
МУЖЧЫНА (крычыць у мабільнік). Ало, Віталь! Ало! (Са злосцю шпурляе тэлефон на зямлю.)
ЮНАК. А што вакол? Куды ты ні зірні, усюды толькі нейкія агні... І цемра... І нічога не відаць...
П’ЯНІЦА (няўпэўнена). Мы доўга праваляліся, відаць, і гэта проста вечар настае...

Аднекуль збоку выходзіць дзіўная П о с т а ц ь у б е л ы м, спыняецца на мяжы святла і цемры.

ПОСТАЦЬ У БЕЛЫМ. Вітаю вас усіх, сябры мае!

Нейкі час усе глядзяць на незнаёмца.

МУЖЧЫНА. Ты хто?
ПОСТАЦЬ У БЕЛЫМ. Ніхто.
МАСТАК. Мы дзе?
ПОСТАЦЬ У БЕЛЫМ. Не на Зямлі. Бо на Зямлі вы мёртвымі былі...

Паўза.

АМАТАР. Вось гэта нумар! Хопіць жартаваць!
ПОСТАЦЬ У БЕЛЫМ. Я не жартую...
МУЖЧЫНА (злосна). Ну, а мне пляваць! Дзе выхад? У які мне бок ісці?
ПОСТАЦЬ У БЕЛЫМ. Адсюль не выйдзеш...
МУЖЧЫНА. Выйду! (Яго спыняе нейкая нябачная перашкода якраз на мяжы святла і паўзмроку.) Гэй, пусці! Што ты зрабіў? Паслухай, адчыні!
ПОСТАЦЬ У БЕЛЫМ. Я не магу!
МУЖЧЫНА. Ты можаш, не мані!

М у ж ч ы н а неяк сутаргава мацае нябачную перашкоду, М а с т а к падыходзіць да яго, таксама працягвае руку.

МАСТАК (здзіўлена). І сапраўды тут нейкая сцяна! Ды толькі вось нябачная яна...
ДЗЯЎЧЫНА (ускоквае на ногі). Ды пачакайце са сваёй сцяной! Што здарылася? Дзе я? Што са мной?! Я, пэўна, сплю, і гэта толькі ў сне?! Антон, мне страшна! Абдымі мяне! (З плачам кідаецца да Юнака, той прыхінае яе да сябе.) Што ён сказаў? Мы мёртвыя, ці што?
ЮНАК (нерашуча). Ну так...
МАСТАК. Ды што ты мелеш абы-што? Які я мёртвы? Бачыш – я жывы! Я рухаюся, думаю... І вы… таксама ўсе жывыя. Так ці не?
П’ЯНІЦА (нерашуча). Ну ясна, блін!
ЮНАК. Паслухайце мяне! Напэўна, гэта праўда нейкі сон... І гэты, ў белым... дзе ж, дарэчы, ён?

Усе азіраюцца.

МАСТАК. Кудысьці знік!
АМАТАР (зноў мацае “сцяну”). Што ж нам цяпер рабіць?
МУЖЧЫНА. Ды першай справай перашкоду збіць! Яна адсюль нам выйсці не дае!

З усяго размаху пачынае біць у “сцяну”, але, на жаль, безвынікова. З цемры выходзіць П о с т а ц ь у ч о р н ы м.

ПОСТАЦЬ У ЧОРНЫМ (нейкім глухім голасам). Я вас вітаю, ворагі мае!

Усе няўцямна глядзяць на новага наведвальніка.

МАСТАК. Мы – ворагі? Ну, гэта ты дарма!
ПОСТАЦЬ У ЧОРНЫМ. Так, ворагі! Бо тут сяброў няма. Тут кожны вораг кожнаму...
П’ЯНІЦА. Ды, не! Вазьміце вы, да прыкладу, мяне: ну, трохі выпіў... потым задрамаў...
ПОСТАЦЬ У ЧОРНЫМ. І нізавошта кулю атрымаў?
ДЗЯЎЧЫНА (істэрычна). Якую кулю?! Гэта ж толькі ў сне! (Змаўкае, глядзіць на Постаць у чорным.) Скажыце праўду – гэта сон ці не?
ПОСТАЦЬ У ЧОРНЫМ. Які б жадала ты пачуць адказ? (Змаўкае, павольна аглядвае ўсіх прысутных.) Чаго, наогул, хоча кожны з вас?
П’ЯНІЦА. Я – выпіць.
ПОСТАЦЬ У ЧОРНЫМ. І, вядома ж, не вады?
МУЖЧЫНА. А я жадаю выйсці!
ПОСТАЦЬ У ЧОРНЫМ. А куды? Назад для вас замкнёныя шляхі. Ісці ж наперад не даюць грахі... (Адступае ў цемру, знікае з вачэй.)
МАСТАК. Грахі? Тады мне, пэўна, тут і жыць! Бо ў маладосці я любіў грашыць...
МУЖЧЫНА. Ды што твае грахі! Вось у мяне...
П’ЯНІЦА. А як з гарэлкай? Гэта грэх ці не?
АМАТАР. Смяротны грэх!
П’ЯНІЦА. Ды не, не можа быць!
МАСТАК. Тут трэба толькі лішняга не піць.
П’ЯНІЦА. Гарэлкі ці віна?
МАСТАК. Ды ўсё адно!
П’ЯНІЦА. Ды не бывае лішняе віно! Вось зараз трэба, ну а хто налье?
АМАТАР. Грэх не ў гарэлцы. Грэх у тым, хто п’е…
ДЗЯЎЧЫНА. Ды хопіць языкамі церабіць! Нам трэба думаць, што далей рабіць!
П’ЯНІЦА. А што рабіць, калі нам, блін, хана!
ДЗЯЎЧЫНА. Ісці!
МАСТАК. Куды, калі вакол “сцяна”?!
ЮНАК (прыслухоўваецца). Прашу мяне прабачыць, я пайшоў! (Ідзе да “сцяны”)
МАСТАК. Ды там сцяна!

Ю н а к без усялякіх намаганняў праходзіць цераз перашкоду.

АМАТАР. Глядзіце, ён прайшоў! Сцяны няма!

Д з я ў ч ы н а кідаецца за Ю н а к о м – і натыкаецца на “сцяну”.

ДЗЯЎЧЫНА. Я выйсці не магу! Антон, вярніся!
ЮНАК. Дай дапамагу! (Хоча вярнуцца, натыкаецца на “сцяну” з таго боку.) Тут зноў сцяна, і мне яе не збіць.
ДЗЯЎЧЫНА (са слязьмі). Антон! Антон, што мне цяпер рабіць?!
МАСТАК (садзіцца на лаўку). Рабі, як я – сядай, адпачывай...
ЮНАК. Мне час ісці. (прыслухоўваецца).
ДЗЯЎЧЫНА (спалохана). А як жа я?
ЮНАК. Бывай! Бывайце ўсе! Не ведаю, як вы, а я... жывы! Я там яшчэ жывы!
ДЗЯЎЧЫНА. Жывы?
ЮНАК. Мяне паспелі ўратаваць! Зноў клічуць... вам, напэўна, не чуваць. Так выйшла, што мяне... Усё, бягу! (Бяжыць прэч.)
ДЗЯЎЧЫНА (ў роспачы). Вазьмі мяне з сабою!
ЮНАК (здалёк). Не магу!

Ю н а к знікае ў цемры, нейкі час усе маўчаць.



ДЗЯЎЧЫНА (праз слёзы).Ён там жывы... а я... мне больш не жыць!
МАСТАК. Ды хопіць хныкаць! Хай сабе бяжыць. Ён, можа, там ляжыць без рук, без ног...
ДЗЯЎЧЫНА. Пайшоў бы ты!
МАСТАК. Пайшоў бы, калі б змог...
П’ЯНІЦА. І я б пайшоў, каб толькі не “сцяна”. Знайшоў бы, можа, пляшачку, віна...
МАСТАК. А, мо, гарэлкі?
П’ЯНІЦА. Лепш віно. Яно...
АМАТАР. Ну, хто пра што, а п’яны – пра віно!
МАСТАК. А я б таксама выпіў, хоць чаго: віна ці піва...
АМАТАР. Ды няма яго! Ні піва, ні віна тут не знайсці! Усё, што мог, ты выпіў пры жыцці! (Махае рукой, садзіцца побач з сябрам.)
П’ЯНІЦА. Ды я б знайшоў, каб толькі выйсці змог! Ды не магу... халера! Бобік здох!

Запанавала маўчанне, толькі Д з я ў ч ы н а ціхенька ўсхліпвае.

МУЖЧЫНА (садзіцца на лаўку з краю). Ды хопіць румзаць! Столькі той бяды! Чаго глядзіш? Лепш падыдзі сюды, прысядзь са мной...
ДЗЯЎЧЫНА. Паслухай ты, герой! Як мог ты прыкрывацца імі, мной ад смерці?
МУЖЧЫНА. Ну, а што было рабіць? Спакойна стаць і даць сябе забіць? Я, ведаеш, жыццё яшчэ люблю...
ДЗЯЎЧЫНА. І я яго кахала, гэту тлю?!
МУЖЧЫНА (ускоквае). Як ты мяне назвала, паўтары?! (Дзяўчына маўчыць, Мужчына выцягвае нож, са шчоўканнем выскоквае лязо.) Ты болей гэткіх слоў не гавары!
ДЗЯЎЧЫНА (неяк стомлена). Ды не баюся я твайго нажа! Ты баязлівец, зайцава душа, ты смелы толькі там, дзе ты дужэй!

Паядынак вачэй, потым М у ж ч ы н а хавае нож, зноў апускаецца на лаўку.

МУЖЧЫНА. Сваё жыццё, вядома ж, даражэй. Ну, уцякаў... ды кожны б так зрабіў. Не я ж, урэшце рэшт, цябе забіў! Самой патрэбна разумнейшай быць, хавацца, не даваць сябе забіць. І хахаля сабой не прыкрываць, не ратаваць... а ўрэшце, мне пляваць!

З цемры выходзіць М а ц і п’яніцы ў цёмным адзенні і хустцы. Яна падыходзіць да мяжы святла, спыняецца, глядзіць на сына.

ЖАНЧЫНА. Сяргунька, ты?!
П’ЯНІЦА. Вы гэта мне ці не?
ЖАНЧЫНА (скідвае хустку). Ты што, сынок, не пазнаеш мяне?
П’ЯНІЦА (раптоўна ахрыплым голасам). Матуля, ты? Навошта тут... адкуль?

Ідзе да яе, натыкаецца на “сцяну”, спыняецца. М а ц і працягвае руку праз перашкоду, дакранаецца да пляча сына.

МАЦІ. Што гэта, сынку? Гэта след ад куль? (П’яніца, не адказваючы, глядзіць на Маці.) Сынок, сынок... Я за табой прыйшла.
П’ЯНІЦА. Матуля, як жа ты мяне знайшла? Ужо дзесяты год з тае пары, як ты... (Змаўкае.)
МАЦІ. Які ж ты, сынку, стаў стары! Які сівы! Ты, мабыць, сынку, піў? Чаму ж на пахаванні ты не быў? Былі адны суседзі ля труны, а ты не быў...
П’ЯНІЦА (хрыпла). Далі мне выхадны і грошы... Заказаў завод вянок... І я сабраўся... Змаўкае.)
МАЦІ. Што ж далей, сынок?
П’ЯНІЦА. Я нават на вакзал ужо пайшоў... ды не дайшоў – сустрэў таварышоў. Прапіў усё... прачнуўся ў нейкім склепе... Тады я быў... (Махае рукой.) Ды і цяпер не лепей! Калі б той дзень назад вярнуць я змог, я б... Ты мне верыш, мама?
МАЦІ. Так, сынок! Пайшлі са мной!
П’ЯНІЦА. Я выйсці не магу!
МАЦІ. Нічога, сынку, я дапамагу. Давай руку! (П’яніца працягвае руку, Маці бярэ яе і праводзіць сына праз нябачны бар’ер.) Вось бачыш: ты са мной!
П’ЯНІЦА (падае на калені). Даруй мне, мама!
МАЦІ (гладзіць яго па галаве). Што ты, сынку мой?!
П’ЯНІЦА. Ну, як я жыў?! Ну што ў жыцці я меў?! Я толькі зараз, мама, зразумеў, што я сваё жыццё пражыў дарма і што ў мяне мінулага няма! А як цябе я, мама, зневажаў! Дамоў не прыязджаў...
МАЦІ. Ты прыязджаў!
П’ЯНІЦА. А прыязджаў – дык п’яны быў штодня...
МАЦІ. Чаму ж не выпіць - там вакол радня...
П’ЯНІЦА. Даруй мне, мама!
МАЦІ. Як не дараваць! Пайшлі, мой сынку, хопіць гараваць.
П’ЯНІЦА. Я, мама, плачу...
МАЦІ. Хопіць, сынку, слёз!

Ідуць у цемру, П ’ я н і ц а раптам азіраецца.

П’ЯНІЦА. А як яны?
МАЦІ. У кожнага свой лёс!
П’ЯНІЦА. Мне іх шкада.
МАЦІ. Ты б ім не дапамог.
П’ЯНІЦА. А хто ім дапаможа?
МАЦІ. Пэўна, Бог!

Яны знікаюць, астатнія нейкі час моўчкі глядзяць ім услед.

МАСТАК (устае.) Ну, цуды! Хоць вачам сваім не вер!
АМАТАР. А што цяпер?
МАСТАК. Вядома – што цяпер! Здаецца мне, наступным буду я, за мной прыпрэцца матухна мая…
АМАТАР. Ты хочаш, каб прыйшла?
МАСТАК. Што мне хацець! Мне толькі раз у твар ёй паглядзець!
АМАТАР (асцярожна). Яна памерла?
МАСТАК. Можа, шчэ жыве… Бо мне было ўсяго гадзіны дзве ад нараджэння... ну, ад сілы, пяць... (З нечаканай злосцю.) Такіх паскуд ці вешаць, ці страляць! Яна мяне ў хусцінку спавіла, пакінула на лаўцы – і ўцякла!
АМАТАР. Хоць не забіла... А магла б забіць!..
МАСТАК. Ну так, са мной магло й такое быць. Вахцёрка йшла... яна мяне й знайшла... а то б... Бо восень позняя была. (Уздыхае.) Вось так пачаў жыццё з хусцінкі той, з жывою маці – круглым сіратой... А мо яно і лепей – аднаму?
АМАТАР. Ты мне пра гэта не казаў... Чаму?
МАСТАК. Чаму, чаму? Таму, што не казаў! (Смяецца.) Я неяк у газету напісаў, каб там дапамаглі яе знайсці. Было тады мне каля дзевяці, не помню... ці дзесяты ўжо пайшоў... Але адказ з газеты не прыйшоў, хоць я чакаў... А неяк раз, у сне, прыехала матуля да мяне, з сабой навезла цацак і абноў, мы з ёй збірацца пачалі дамоў... і я прачнуўся... Во ўжо слёз было! Ды з таго часу – як рукой зняло! Не сніў, не спадзяваўся, не чакаў, і як падрос – ніколі не шукаў. І пісем у газету не пісаў. Таму й сябрам пра гэта не казаў. Ну, а твая жывая?
АМАТАР. Так. Яна - ля Слоніма, у вёсачцы... адна... Даведалася, пэўна, пра мяне, пра смерць маю... а можа, шчэ і не…
ДЗЯЎЧЫНА (плача). О Божа! Мама, мамачка мая! Цябе ніколі больш не ўбачу я! І тату, і маленькую сястру... Я гэтага не вынесу... памру!
МАСТАК. Памрэш? Цікава будзе назіраць, як мёртвая ты будзеш паміраць!
ДЗЯЎЧЫНА (спалохана). Хто мёртвы? Я?
МАСТАК. І ты, і я, і ён! Жывы быў гэты... як яго... Антон…
АМАТАР (углядваецца ў цемру). Пайшоў Антон. А хтосьці зноў ідзе...
МАСТАК. Калі мая мамуля – быць бядзе! І мёртвую рукамі прыдушу!..
АМАТАР. Не трэба з-за яе губіць душу!
МУЖЧЫНА. Вось я сваю душу даўно згубіў. Калі б вам ведаць – колькіх я забіў...
АМАТАР (з жахам). Забіў?!
МУЖЧЫНА. Забіў. Хоць сам не забіваў...
МАСТАК. Ну, ясна! Ты загады аддаваў!
МУЖЧЫНА (устае, трэ рукой горла). Здагадлівы! І што ж цяпер рабіць? (З трывогай.) Паслухайце... ніхто не хоча піць?
АМАТАР. Ты хочаш?
МУЖЧЫНА. Смага нейкая знутры. Так сушыць... Можа, гэта ад ікры? Ды колькі там тае ікры было! А вось цяпер... аж мову заняло.

М у ж ч ы н а змаўкае. З цемры выходзіць усё тая ж П о с т а ц ь у ч о р н ы м.

ПОСТАЦЬ У ЧОРНЫМ. Ну, можа хопіць марна загараць? Я аднаго з вас буду забіраць. Але каго?
МАСТАК. Ты лепш скажы – куды?
МУЖЧЫНА. Вады! Мне дрэнна! Дайце мне вады!
ПОСТАЦЬ У ЧОРНЫМ. Ты хочаш піць?
МУЖЧЫНА (задыхаючыся). Ну так, я піць хачу! Вады… прашу… я добра заплачу! Вось грошы... Мала? На, усе бяры! Вады, хоць кроплю... бо душа гарыць! Я ўвесь гару! Ратуйце, я… гару… (Падае.)
ПОСТАЦЬ У ЧОРНЫМ. Ну, што ж… відаць, яго і забяру.

Праходзіць праз бар’ер і, схапіўшы М у ж ч ы н у за руку, валачэ яго за сабой, паступова знікаючы ў цемры.

АМАТАР. Куды яго?
МАСТАК. У пекла.
АМАТАР. Вось бядак!
МАСТАК. Ну, можа, й так. А можа, і не так... Дзе рай, дзе пекла... што гадаць дарма! Хто ведае, дзе лепш...
АМАТАР. Дзе нас няма!
МАСТАК (узнімае з долу грашовыя купюры). Глядзі, даляры... Можа, трошкі ўзяць? Тут мой заробак месяцаў за пяць. Ляжаць, нібы паперкі, на зямлі... (Паднімае яшчэ некалькі купюр.) Ты бачыў столькі баксаў хоць калі? Вазьмі крыху…
АМАТАР. Навошта?
МАСТАК. Сапраўды… Бо тут за іх не купіш і вады. (Кідае грошы, у гэты час з цемры выходзіць П о с т а ц ь у б е л ы м.) А гэты, пэўна, па маю душу? Хоць я душу з сабою не нашу, яна ў маіх шэдэўрах...
АМАТАР. Не смяшы! Халтура там! Ні сэнсу, ні душы.
ПОСТАЦЬ У БЕЛЫМ. Вітаю зноўку вас, мае сябры! Мне трэба ўзяць з сабой... (Змаўкае,абводзіць усіх уважлівым поглядам.)
МАСТАК (цішклм). Яго бяры! (Паказвае да Аматара.)
ПОСТАЦЬ У БЕЛЫМ. Шкада, што трэба толькі аднаго. Я ўсіх бы ўзяў... але вазьму – яго!
(Таксама паказвае на Аматара.)
АМАТАР (павольна ўстае). Мяне? Куды?
МАСТАК. Куды? Напэўна, ў рай. Тут рай і пекла. Так што ... выбірай!
АМАТАР. А ты?
МАСТАК (ляпае яго па плячы). Ідзі, не думай! Заслужыў! Сваё жыццё ты лепш майго пражыў.
АМАТАР (няўпэўнена). Дык мне ісці? (Мастак ківае.) Як лічыш – мне ісці?
МАСТАК. Прабач, калі пакрыўдзіў пры жыцці. Абдымемся! (Абымаюцца.) А я не прападу! Бо хутка й я хоць некуды пайду.
АМАТАР. Тады... бывай! Не стрэнемся, відаць... (Дзяўчыне.) Бывай і ты – не ведаю, як зваць…

А м а т а р выходзіць з круга, разам з П о с т а ц ц ю ў б е л ы м. Яны ідуць прэч, знікаюць у цемры. М а с т а к і Д з я ў ч ы н а нейкі час маўчаць.

МАСТАК (паварочваецца да Дзяўчыны). А праўда, хто ты, мілае дзіця?
ДЗЯЎЧЫНА (глуха). Я – чалавек!
МАСТАК. На грані адкрыцця! І я такі ж: нос, вушы, дзве нагі... ёсць дзве рукі... Вось толькі пол другі. Яшчэ інстынкт інакшы палавы... (Змаўкае, нейкі час глядзіць на Дзяўчыну.) Ну, што ты не ўзнімаеш галавы? Глянь на мяне!
ДЗЯЎЧЫНА (садзіцца на лаўку). Што мне на вас глядзець!
МАСТАК. Скажы, табе не сумна так сядзець?
ДЗЯЎЧЫНА (недаўменна на яго глядзіць). Не сумна – што?
МАСТАК. Які прыгожы твар! А грудзі, ножкі... Першы клас – тавар! Чаго маўчыш як сыч?
ДЗЯЎЧЫНА. Хачу й маўчу!
МАСТАК. Ты хочаш? Праўда? То і я ж хачу! Дык можа мы з табой... (Ідзе да лаўкі.)
ДЗЯЎЧЫНА (ускоквае). Не падыходзь!
МАСТАК. Стаяць, кабылка! Дзе мая аброць?
ДЗЯЎЧЫНА (са слязьмі ў голасе). Мярзотнік!
МАСТАК. Праўда?
ДЗЯЎЧЫНА. Бруднае хамло!
МАСТАК. Вы паглядзіце, як яе ўзяло! Які інстынкт магутны палавы!..
ДЗЯЎЧЫНА. Я папрасіла б гаварыць на “вы”.
МАСТАК. А колькі вас? (Знарачыта азіраецца.) Вось бачыш - ты адна! (Дзяўчына кідаецца бегчы, натыкаецца на “сцяну”, падае.) Куды бяжыш, дурніца, там сцяна! Табе адсюль не выбрацца ніяк...
ДЗЯЎЧЫНА (устаючы). Цяпер я зразумела: вы – маньяк! Так, так, маньяк!
МАСТАК. Усе мы маньякі. І нават твой Антон...
ДЗЯЎЧЫНА. Ён не такі!
МАСТАК. Такі ці не – не мне, табе судзіць... (Садзіцца, назірае, як Дзяўчына ліхаманкава шукае выйсця.) Скажы, ты доўга будзеш так хадзіць… вакол? Я хутка шыю адкручу... (Павольна ўстае, пацягваецца.)
ДЗЯЎЧЫНА. Не падыходзь! Бо я... я закрычу! (Мастак робіць крок.) Сюды! Ратуйце! Людзі! (Замаўкае.)
МАСТАК. Ну, і як?
ДЗЯЎЧЫНА. Ратуйце! Памажыце! Тут маньяк! Сюды! Мяне ён хоча згвалтаваць!
МАСТАК (робіць яшчэ крок.) Крычы гучней, а то не ўсім чуваць! Ды што – цябе я з’ем ці мо ўкушу?
ДЗЯЎЧЫНА. Спыніцеся! Я ведаю ушу!
МАСТАК. Ушу?
ДЗЯЎЧЫНА (таропка). І каратэ! Яшчэ... дзю-до...
МАСТАК (усміхаецца). А мо тайландскі бокс і тэквандо? А хочаш – я прыёмчык пакажу?
ДЗЯЎЧЫНА. Не падыходзьце, я каму кажу! (Амаль умольна.) Я вас прашу!
МАСТАК (праз зубы). Ды што мяне прасіць! (Ён хапае Дзяўчыну за талію, прыцягвае да сябе – і раптам з крыкам адскоквае, трымаючыся за плячо.) Ну, гэта ж трэба – гэтак укусіць!
ДЗЯЎЧЫНА. А я вам гаварыла пра ушу!
МАСТАК. Там ёсць такі прыёмчык – “укушу”? Так грызянуць!.. Плячо аж запякло... (Садзіцца на лаўку, пацірае плячо.) А ты не ядавітая? Ало! Чаго маўчыш? Не чуеш? Ну і ну! Ты, пэўна, аб’явіла мне вайну? Ну што ж, як не жадаеш сябраваць – тады мы пачынаем ваяваць. Мне танкам будзе гэты вось услон... Ці так і быць – бяры мяне ў палон! Затым судзі па правілах вайны і расстраляй ля гэтай во “сцяны”. (Змаўкае, глядзіць на Дзяўчыну.) Паслухай, можа хопіць псіхаваць! Я ж жартаваў...
ДЗЯЎЧЫНА (усхліпвае). Не трэба жартаваць! Я не псіхую... я хачу дамоў! Каб маму, каб сястрычку бачыць зноў, каб на хвілінку... толькі паглядзець...
МАСТАК. Хацець не шкодна… Шкодна – не хацець!
ДЗЯЎЧЫНА (пасля паўзы). А вы - мастак?
МАСТАК. Які з мяне мастак! І жыў не так, і маляваў не так, і званне мастака даўно згубіў... Мой сябра… той, што тут нядаўна быў… мяне ён справядліва дакараў, бо колькі ж я халтуры наствараў! І маляваў, і клеіў, і ляпіў... А што зрабіў? Нічога не зрабіў?

М а с т а к змаўкае. З цемры выходзіць По с т а ц ь у ч о р н ы м, спыняецца, глядзіць на Д з я ў ч ы н у. Яна,нібыта адчуўшы гэта, азіраецца, потым спалохана ўскрыквае, кідаецца да М а с т а к а. М а с т а к ускоквае, прытуляе яе да сябе.

МАСТАК. Ты што? Чаму? (Азіраецца.) А, гэта зноўку ён! Ну, я яму...
ДЗЯЎЧЫНА (таропка). Не лезце на ражон, бо гэта ён за мной... за мной прыйшоў!
МАСТАК (Постаці ў чорным). Ну, ты! Ты лепш ідзі, куды ішоў!
ПОСТАЦЬ У ЧОРНЫМ. Не трэба размаўляць са мною так, былы мастак! Ці ты ўжо не мастак?
МАСТАК. Хто я?.. а гэта справа не твая! Цябе сюды зусім не клікаў я!
ПОСТАЦЬ У ЧОРНЫМ. І я сюды не за табой ішоў...
МАСТАК. А вось цяпер ідзі, адкуль прыйшоў! Ты ж бачыш, што яна не хоча йсці!
ПОСТАЦЬ У ЧОРНЫМ. Хаценне засталося ў тым жыцці! А тут такое вырашаць не вам…
МАСТАК. Мне ці не мне… яе я не аддам! Калі яна паспела награшыць?! І хто ты ёсць, каб суд над ёй вяршыць?!
ПОСТАЦЬ У ЧОРНЫМ. Заступнічак! Не пашкадуй, глядзі!
МАСТАК. А ты, як кажуць, роўненька ідзі!
ПОСТАЦЬ У ЧОРНЫМ. Што ж... я пайду. Ды хутка зноў прыйду, бо ты наклікаў на сябе бяду.

П о с т а ц ь у ч о р н ы м знікае ў цемры, Д з я ў ч ы н а па-ранейшаму стаіць, прытудіўшыся да М а с т а к а.

МАСТАК. Ну ўсё, не бойся. Я яго прагнаў.
ПОСТАЦЬ У ЧОРНЫМ (здалёк). Зямны чарвяк!
МАСТАК. Ну ты і параўнаў! Вось бачыш дулю, што дае рука?! Хіба ж бываюць рукі ў чарвяка? (Дзяўчыне.) Усё, пайшоў! Ну, хопіць, не дрыжы. Дык як цябе завуць? Імя скажы.
ДЗЯЎЧЫНА(ціха). Я – Ева.
МАСТАК. Праўда? Ну а я – Адам! І я цябе нікому не аддам, ні д’яблу, ні яго паслугачу.
Мы будзе разам, хочаш?
ДЗЯЎЧЫНА. Так, хачу! Ды што са мною? Я нібыта ў сне! Прашу, не думай кепска пра мяне! Я не такая… праўда, не такая!
МАСТАК. А я цябе ні ў чым не папракаю. І абяцаю больш не прыставаць! Даруй…
ДЗЯЎЧЫНА. Дарую! Як не дараваць!

Нейкі час абодвы маўчаць.

МАСТАК. Той хлопчык, што назад пайшоў… Антон… Цябе кахаў, напэўна, моцна ён?
ДЗЯЎЧЫНА. Кахаў! Хадзіў за мной нібыта цень… (Змаўкае, уздыхае.) А я яму маніла кожны дзень! І галаву дурыла, як магла!
МАСТАК. Ды ты ж яго ад смерці зберагла! (Змаўкае, зноў нейкі час маўчаць.) Нічога! Калі б я дзяўчынай быў – таксама б хлопцам галаву кружыў! Не аднаму б, а… скажам, дзесяці! Каб выбар быў, з кім пад вянец ісці!
ДЗЯЎЧЫНА. Я аднаму кружыла… (Зноў уздыхае.) Ну а ты?
МАСТАК. Ды я і сам, вядома ж, не святы! І спакушаў дзяўчат… і іх кідаў… Мне пастаянства, пэўна, Бог не даў!
ДЗЯЎЧЫНА. А ты… жанаты?
МАСТАК (змрочна). Быў…
ДЗЯЎЧЫНА. І дзе ж яна?
МАСТАК (абыякава). Жыве з другім. А, можа, зноў адна. Не ведаю…
ДЗЯЎЧЫНА. А ты… кахаў яе?
МАСТАК (не адразу). Каханне Бог па-рознаму дае… Адным – на грош, другім – на залаты…
ДЗЯЎЧЫНА. І колькі ж атрымаў ад Бога ты?
МАСТАК. Калі б наноўку мне жыццё пачаць… (Уздыхае.) Не, лепш аб гэтым проста памаўчаць!
ДЗЯЎЧЫНА. Ты не маўчы! Я слухаю! Кажы! Зноў галаву дзяўчыне закружы…
МАСТАК. Каму? (Глядзіць на яе.) Табе?
ДЗЯЎЧЫНА. Ну а чаму б і не?! А для пачатку… абдымі мяне! Цалуй мяне! Кахай мяне, прашу!
МАСТАК. (Асцярожна дакранаецца вуснамі да яе валосоў.) А ты не будзеш прымяняць “ушу”? З мяне прыёма хопіць і таго... Маё плячо...
ДЗЯЎЧЫНА. Дай загаю яго! (Цалуе яго ў плячо.) Пабачыш, зараз боль пачне сціхаць... Адам, я так хачу цябе кахаць! Адам, каб нам адгэтуль уцячы, схавацца ў гэтай вечнае начы! Табе я сэрца... ўсю сябе аддам!
МАСТАК (пяшчотна прытуляе яе да сябе). Адам і Ева... Ева і Адам! Спрадвечны круг! І на кругі свая вяртаецца прырода: ты ды я… Мы – нібы тыя, першыя... удвух... Вось і замкнуўся наш спрадвечны круг...
ДЗЯЎЧЫНА (паказвае на “сцяну”). Наш круг – яна…
МАСТАК. Праклятая “сцяна”! (Б’е па сцяне кулаком і нечакана вывальваецца за мяжу святла.) Я выйшаў, Ева! Ева, дзе ж яна? “Сцяны” няма! Не верыш – паглядзі! Я выйшаў, бачыш? Да мяне ідзі! Хутчэй!
ДЗЯЎЧЫНА (безвынікова спрабуючы выйсці). Адам! Я штосьці не магу... “Сцяна”... яна...
МАСТАК. Давай дапамагу! Што, зноў “сцяна”? Як мне яе прабіць?!. (З адчаем б’е кулакамі ў сцяну.)
ДЗЯЎЧЫНА. Не лёс нам, пэўна, любы, разам быць...
МАСТАК. Як ты сказала? Любы? Паўтары! І зноў, і зноў мне гэта гавары!
ДЗЯЎЧЫНА. Ты самы родны!
МАСТАК. Любая мая! Ты проста цуд! Ты гэткая...
ДЗЯЎЧЫНА. А я… цябе хачу да сэрца прытуліць, каханы, без цябе яно баліць! Што ж нам рабіць? Каб хто нам дапамог!
МАСТАК (крычыць у цемру). Не ведаю – ты д’ябал альбо Бог! Бяры мяне! Бяры маю душу! Ды толькі аб адным цябе прашу! Я не прашу ў цябе дазволу ў рай... прашу: яе ў мяне не адбірай!
ДЗЯЎЧЫНА. І я прашу, не ведаю каго: пакінь яго, не адбірай яго! Зрабі, каб ён вярнуўся зноў сюды!
МАСТАК. Зрабі, каб побач з ёю быць заўжды! Дай дакрануцца да яе рукі...
ДЗЯЎЧЫНА. Дай прытуліцца да яго шчакі...
МАСТАК. Дай вусны любай вуснамі знайсці...
ДЗЯЎЧЫНА. Дай разам быць і ў смерці, і ў жыцці!

У гэты час з цемры, з розных бакоў выходзяць П о с т а ц ь у б е л ы м і П о с т а ц ь у ч о р н ы м.

ПОСТАЦЬ У ЧОРНЫМ (Мастаку.) Ну вось і ўсё. Як кажуць, рэзюмэ: яна – туды (паказвае ўверх), а ты, брат, да мяне! (Паказвае ўніз.) Спачатку я не гэтак планаваў... Ты сам сабе свой лёс наканаваў, ты сам наклікаў на сябе бяду...
ПОСТАЦЬ У БЕЛЫМ (Дзяўчыне). Хадзем са мной, дзяўчынка!
ДЗЯЎЧЫНА. Не пайду!
МАСТАК. Ідзі, бо там, наверсе, пэўна, рай.
ДЗЯЎЧЫНА. Ты за мяне мой лёс не выбірай! Я без цябе і кроку не зраблю!
ПОСТАЦЬ У ЧОРНЫМ. А хочаш – мы адпусцім на Зямлю кагосьці з вас... ды толькі аднаго!
ДЗЯЎЧЫНА. Яго!
МАСТАК. Яе!
ДЗЯЎЧЫНА. Не слухайце! Яго! Бо ён мастак! Ён будзе зноў ствараць!
МАСТАК. Бо ёй яшчэ зарана паміраць! Ёй трэба жыць, яна ж яшчэ дзіця, а мне ўжо хопіць гэтага жыцця! Згаджайся, Ева, я цябе прашу! (Постаці ў чорным). Давай, вядзі! Бяры маю душу! (Хапае Постаць у чорным за руку, ідзе прэч, цягнучы яго за сабой.) Гары, душа! Хоць позна, ды гары!
ДЗЯЎЧЫНА (Адчайна б’ецца аб нябачную перашкоду). Не трэба! Лепш маю... маю бяры!
МАСТАК. Жыві!
ДЗЯЎЧЫНА. Навошта? Што мне ў тым жыцці?!
МАСТАК (Постаці ў чорным). Чаго марудзіш? Ну, куды ісці?!
ДЗЯЎЧЫНА. Адам! Адам!
МАСТАК (азіраецца). Каханая, бывай! Там, на Зямлі, мяне не забывай! А лепш забудзь, не плач і не ўздыхай. Антона, калі зможаш, пакахай, у ЗАГС вядзі...
ДЗЯЎЧЫНА (плачучы). Не трэба мне яго!
МАСТАК. Ну, значыцца, вядзі яшчэ каго! А я... упершыню душа гарыць: я свой шэдэўр нарэшце змог стварыць! (Адыходзяць у цемру.)
ДЗЯЎЧЫНА (б’е па нябачнай перагародцы). Вярні яго! Вазьмі маю душу! Адам, вярніся! Я цябе прашу!

Д з я ў ч ы н а падае на калені, плача. П о с т а ц ь у б е л ы м моўчкі глядзіць на яе. Круг святла раптам пачынае пашырацца... Вось ён ахоплівае ўжо ўсё наўкол.

ПОСТАЦЬ У БЕЛЫМ. Ну, вось і ўсё! Ідзём!
ДЗЯЎЧЫНА (абыякава). Куды ісці?
ПОСТАЦЬ У БЕЛЫМ. Табе ісці па доўгім па жыцці, сям’ю ствараць і дзетак гадаваць...
ДЗЯЎЧЫНА. А дзе Адам?
ПОСТАЦЬ У БЕЛЫМ. Яго вязуць хаваць. Якраз цяпер... на могілкі...
ДЗЯЎЧЫНА (ускоквае на ногі). Ды не! Ён тут стаяў нядаўна... ля мяне! Ён дзесьці побач! Хопіць жартаваць!
ПОСТАЦЬ У БЕЛЫМ. Якраз цяпер яго вязуць хаваць. А ты жыві…
ДЗЯЎЧЫНА. Я не змагу адна!
ПОСТАЦЬ У БЕЛЫМ. Ты ў коме, у палаце, ля акна... паміж жыццём і смерцю... час бяжыць. Калі ты зараз пажадаеш жыць – то ачуняеш і папросіш піць... Там маці трэці дзень ужо сядзіць і плача... (Нейкі час маўчыць.) Ну, дык ты ідзеш ці не?
ДЗЯЎЧЫНА (ідучы да Постаці ў белым). Адам, прабач! Не праклінай мяне! Там маці плача... я яе люблю. Мне трэба... я вярнуся на Зямлю! Адам, Адам... так лёс наканаваў, каб ты мяне ад смерці ўратаваў! Я не забуду да канца жыцця...
ПОСТАЦЬ У БЕЛЫМ (з нейкім нават жалем). Ты ўсё забудзеш, мілае дзіця! Ты ўспомніш стрэл... дыханне заняло...
ДЗЯЎЧЫНА (з трывогай). А гэта? (Абводзіць вакол рукамі.)
ПОСТАЦЬ У БЕЛЫМ. А яго і не было! (Пасля нядоўгага маўчання.) Ідзі, цябе чакае маці там...
ДЗЯЎЧЫНА. Адам, даруй! Не праклінай, Адам!

                                                                               Канец