Генадзь Аўласенка з тых пісьменнікаў, якіх не палохаюць ніякія крызісы — ні эканамічныя, ні духоўныя. Сельскі настаўнік, які многія гады выкладае біялогію ў розных школах Чэрвеньшчыны, ён яшчэ піша вершы, п’есы, апавяданні... І галоўнае — вельмі шмат піша для дзяцей. Творы Генадзя Аўласенкі часта друкуюцца — літаральна ва ўсіх дзіцячых газетах і часопісах краіны, ды і ў часопісах “Маладосць”, “Полымя”, у газеце “Літаратура і мастацтва”... (Кастусь Ладуцька "Адкуль прыходзяць казкі?")

...Мужчына, усё гэтак жа нетаропка рушыў у глыб кватэры, па ўсяму бачна, добра яму знаёмай. Жанчына ішла следам і, здавалася, не зводзіла з яго свайго пяшчотна—ўсхваляванага позірку. Гэта было тым больш дзіўна і незразумела, што ніякай асаблівай прывабнасцю мужчына не вылучаўся. Больш таго, быў ён нейкім вельмі ўжо непрыгожым, з шырокім плоскім тварам, з рэдкімі цьмянымі валасамі, праз якія яскрава прасвечвалася ранняя лысіна... ("Закаханая")
hline

Адплата


Дзейныя асобы:
ГЕНАДЗЬ, уладальнік фірмы, яму гадоў 35
РАЯ, сакратарка Генадзя. Ёй 19 ці трошкі болей
ЧАБУРАШКА, былы сябар Генадзя. Не стары, але патрапаны жыццём


                                         ДЗЕЯ ПЕРШАЯ

Тыповы кабінет сучаснага прадпрымальніка, уладальніка фірмы,
справы якой на пад’ёме. Тыповая для офісаў мэбля, адзначым толькі
вялікі сейф у глыбіні пакоя.
Пасярод кабінета стол, на ім камп’ютар, тэлефон, нейкія паперы.
За сталом Генадзь. Ён штосьці вылічвае на калькулятары, адначасова
робіць запісы. Пры гэтым ён яшчэ і размаўляе па тэлефоне, прытрымліваючы
трубку каля вуха плячом.


ГЕНАДЗЬ (у трубку.) Так. Так. Вельмі добрая навіна! Дзякую! (Перахоплівае трубку рукой.) Што? Ах, з гэтым! Ну, разбярэмся, разбярэмся! За мной не заржавее, ты ж ведаеш! (Смяецца.) Ну, усё! І ты будзь! (Кладзе трубку, выключае камп’ютэр, націскае нейкую кнопку. Чуваць жаночы голас “Слухаю!”.) Рая, зазірні на хвіліначку. (Адкідваецца ў крэсле, закідвае рукі за галаву.)

У пакой уваходзіць сакратарка.

РАЯ. Выклікалі, Генадзь Уладзіміравіч? (Чакае адказу, але Генадзь толькі моўчкі яе разглядвае.) Чаму вы маўчыце? Што-небудзь здарылася?
ГЕНАДЗЬ. Ну калі табе надакучыць задаваць мне гэтыя два ідыёцкія пытанні? (Усміхаецца.) Ну вядома ж выклікаў, калі ты тут! І чаму абавязкова павінна штосьці здарыцца?
РАЯ (паціскае плячамі.) Ну... я не ведаю, Генадзь Уладзіміравіч. (Таксама ўсміхаецца.)

Генадзь адкрыта разглядвае сваю сакратарку, яна ж робіць выгляд, што гэтага не заўважае. Увогуле ж зразумела, што гэта проста гульня і што яна, гульня, падабаецца абодвум.

ГЕНАДЗЬ (закурвае.) Ну, а ўвогуле, як твае справы, малышка?
РАЯ. У якім сэнсе?
ГЕНАДЗЬ. У самым прамым. Як твае асабістыя справы?
РАЯ.(зноў паціскае плячамі.) Вы ж ведаеце, Генадзь Уладзіміравіч...
ГЕНАДЗЬ. Ведаю? Я ведаю толькі тое, што мне дазволена ведаць. А як ва ўсім астатнім?
РАЯ. І ў астатнім усё нармальна. Як заўжды.
ГЕНАДЗЬ. Як заўжды – гэта ненармальна! Нармальна – гэта калі лепш, чым заўжды! Гэта, калі ўсё “о кей”.
РАЯ. Тады будзем лічыць, што ў мяне ўсё “о кей”. Дзякуючы вам, Генадзь Уладзіміравіч.
ГЕНАДЗЬ. Ну, так ужо і мне! Ты адпрацоўваеш свае бабкі... нават з працэнтамі! Дарэчы, памятаеш тых двух каўказцаў? Дык вось, толькі што я даведашся, што зарабіў на іх... (Схамянуўся.) Кругленькую суму зарабіў. (Усміхаецца.) З тваёй дапамогай, вядома.
РАЯ. Віншую, Генадзь Уладзіміравіч!
ГЕНАДЗЬ. І я цябе віншую! З прэміяй! Але гэта потым... А сёння я б жадаў неяк адзначыць гэту падзею... (Запытальна глядзіць на Раю.) Ты не супраць?
РАЯ. Чаму я павінна быць супраць, Генадзь Уладзіміравіч.
ГЕНАДЗЬ. У мяне? (Рая ківае.) Гадзін... так скажам, у восем. Не спазняйся!
РАЯ. Не спазнюся! (Глядзіць на гадзіннік.) Мне можна ісці? (Паўза.) Я свабодная?
ГЕНАДЗЬ. Ну куды ты так спяшаешся! Да вечара яшчэ... (Глядзіць на гадзіннік.) Яшчэ да вечара... Ідзі да мяне! (Рая марудзіць.) Ідзі хутчэй, доўга мне яшчэ чакаць?

Рая нейкі час стаіць нерухома, потым паціскае плячмі, зачыняе
дзверы на зашчоўку, павольна падыходзіць да Генадзя.


РАЯ. Што далей?
ГЕНАДЗЬ. Далей? (Абдымае яе за талію, садзіць да сябе на калені.) Далей мы зоймемся з табой адной сур’ёзнай справай... (Цалуе яе ў шыю.)
РАЯ (крыху адхіляецца.) А што мы будзем рабіць вечарам?
ГЕНАДЗЬ. Вечарам мы таксама будзем займацца сур’ёзнымі справамі... (Працягвае яе цалаваць.) Ці ты лічыш, што мяне можа не хапіць на вечар?
РАЯ. Нічога я не лічу! (Хоча ўстаць, але Генадзь яе не адпускае.) Давай пачакаем да вечара.
ГЕНАДЗЬ. А што, калі я не магу чакаць да вечара? Што, калі я губляю галаву кожны раз, калі бачу цябе! (Цалуе яе ў вусны.) Ты проста незвычайная ... ты гэта ведаеш? (Пачынае расшпільваць ёй кофтачку.) Ведаеш? (Рая адмоўна трасе галавой.) Ну дык ведай! (Паўза.) Ды што гэта за гузікі!..
РАЯ (адсоўваецца.) Ой, ледзь не забылася! Там да вас нейкі наведвальнік. Кажа, што па асабістай справе...
ГЕНАДЗЬ. Што? Які, блін, наведвальнік! (Зноў спрабуе пацалаваць дзяўчыну.) Ніякіх наведвальнікаў! Мы занятыя!
РАЯ. Але ж ён там чакае...
ГЕНАДЗЬ. Чорт! (Глядзіць на гадзіннік.) Пяць гадзін ужо! Хай заўтра прыходзіць, з раніцы.
РАЯ. Я прапаноўвала яму такі варыянт...
ГЕНАДЗЬ. І што?
РАЯ. Ён сказаў, што ягоная справа вельмі тэрміновая... і што вы яго абавязкова прымеце, калі я скажу вам, хто ён такі...
ГЕНАДЗЬ. Ну і хто ж ён такі? (Цалуе яе ў шыю.) Ракфелер? Міністр фінансаў? Губернатар вострава Барнэо, урэшце рэшт?!
РАЯ. Жартуеце, Генадзь Уладзіміравіч! (Пяшчотна праводзіць далонню па ягоных валасах.)
ГЕНАДЗЬ. Слухай... ну што ты ўсё, Генадзь Уладзіміравіч ды Генадзь Уладзіміравіч! Гэта пры чужых трэба... а зараз мы адны... Адны? (Рая згодна ківае.) Вось і заві мяне як-небудзь... больш інтымна! (Задумваецца.) Напрыклад, Кракадзіл Гена. А што, калісьці мяне так і звалі!
РАЯ. Дзіўна...
ГЕНАДЗЬ. Што тут дзіўнага?
РАЯ. Той наведвальнік... ён назваў вас якраз так.
ГЕНАДЗЬ. Што?! (Ускоквае з месца, пры гэтым Рая ледзь не падае, але Генадзю ўжо не да яе.) Ён так і сказаў? (Рая спалохана ківае.) Што ён яшчэ сказаў?
РАЯ. Ён сказаў: перадай Кракадзілу Гене, што да яго прыйшоў Чабурашка. Ён паўтарыў гэта два разы.

Нейкі час яны маўчаць: Генадзь -- ашаломлены
словамі сакратаркі, яна -- спалохана пазіраючы на шэфа.


ГЕНАДЗЬ (стараецца гаварыць спакойна, але гэта ў яго кепска атрымоўваецца). Як ён... як ён выглядае?
РАЯ. Ён крыху ніжэйшы за вас... апрануты ў нейкі вялізны зашмальцаваны плашч... каўнер падняты... на галаве абшарпаны капялюш...
ГЕНАДЗЬ. Я ў цябе не пытаюся, у што ён апрануты! Я пытаюся, як ён выглядае! Ты рахгледзела ягоны твар? (Рая ківае.) Добра разгледзела? (Рая зноў ківае.) Якія-небудзь асаблівыя прыкметы ў яго ёсць?
РАЯ. Хіба што вушы...
ГЕНАДЗЬ. Вушы? Што -- вушы? Што -- вушы, я ў цябе пытаюся?!
РАЯ (ціха). Не крычыце на мяне, Генадзь Уладзіміравіч.
ГЕНАДЗЬ (бярэ сябе ў рукі). Прабач. (Цалуе Раіну руку.) Прабач мяне, малышка! Дык што ў яго за вушы?
РАЯ. Смешныя нейкія.
ГЕНАДЗЬ. Смешныя?
РАЯ. Ну так. Яны ненатуральна вялікія і адтапыранны ў бакі... (Паўза.) Што з вамі, Генадзь Уладзіміравіч?
ГЕНАДЗЬ (ужо не звяртаючы на яе аніякай увагі.) Гэта ён! (Як сляпы, ідзе да стала, натыкаецца на стол... нарэшце садзіцца на ранейшае месца.) Гэта ён... Чаму ён прыйшоў... якога д’ябла яму ад мяне трэба?!
РАЯ (не адразу). Генадзь Уладзіміравіч! (Той не рэагуе.) Генадзь Уладзіміравіч, вам дрэнна?
ГЕНАДЗЬ. Усё ў парадку, малышка... усё нармальна. Значыцца так: ты зараз паклічаш яго сюды. (Рая ківае.) Ідзі. Ці не, пачакай! Зрабі так, каб нам не перашкаджалі! Ніхто, зразумела? (Рая зноў ківае, выходзіць.)

Генадзь выпраміўся ў крэсле, выцірае пот з ілба. У кабінет уваходзіць наведвальнік. Яго адзенне і знешнасць цалкам адпавядаюць апісанню. Ён азіраецца, кідае капялюш на канапу, стараецца паводзіць сябе нязмушана, па- таварыску.

ЧАБУРАШКА. А ты шыкоўна ўладкаваўся, Кракадзіл Гена! І выглядаеш някепска. Не тое, што я... (Уздыхае.) Ну хто, паглядзеўшы на нас, скажа, што я маладзейшы за цябе на цэлых шэсць гадоў! Ніхто! (Зноў уздыхае.) І тым не менш, гэта так! (Працягвае праз стол руку.) Ну, прывітанне, сябрук!
ГЕНАДЗЬ (нават не паварушыўшыся). Што табе трэба?

Чабурашка нейкі час трымае руку выцягнутай для прывітання, потым павольна паварочвае далонню ўверх, глядзіць на яе.

ЧАБУРАШКА. І праўда, бруднаватая! (Прывітальна махае рукой у паветры.) А ты што, не рады мяне бачыць?
ГЕНАДЗЬ. Навошта ты прыпёрся?
ЧАБУРАШКА. Я сяду, можна? (Не чакаючы дазволу, падсоўвае адно з крэслаў, садзіцца, выцягвае ногі.) Ты пра штосьці спытаўся?
ГЕНАДЗЬ. Я спытаў: навошта ты прыйшоў сюды і што табе ад мяне трэба?!
ЧАБУРАШКА. Мне так і пачулася. (Паволі аглядвае кабінет.) Далібог, утульна. Табе пашанцавала з дызайнерам.
ГЕНАДЗЬ (усё яшчэ стрымліваючыся.) Ты не адказаў! Чаго ты прыйшоў да мяне? Па якой-такой справе?
ЧАБУРАШКА. Ну а калі я прыйшоў без усялякай справы, проста так... з адзінай толькі мэтай: убачыцца са сваім даўнім сябруком... у гэта ты можаш паверыць? ( Паўза.) Не можаш? І правільна робіш. Бо ў мяне да цябе і сапраўды ёсць адна... ну, скажам так, даволі далікатная справа.
ГЕНАДЗЬ. І якая ж гэта справа? (Бачна, што ён ужо амаль супакоіўся. Бярэ цыгарэты, закурвае. Чабурашка прагна глядзіць на цыгарэты, але Генадзь яму не прапануе, ён проста кладзе пачак на стол.) Што за справа?
ЧАБУРАШКА. Што за справа? (Задумваецца, круціць галавой. ) Ведаеш, у двух словах гэтага не раскажаш...
ГЕНАДЗЬ. Чорт з табой, давай у трох словах, я пачакаю!
ЧАБУРАШКА (зноў задумваецца, потым сам бярэ са стала цыгарэты, запальніцу, прыкурвае. Пачак хавае сабе ў кішэню, запальтніцу, пасля нядоўгага вагання, зноў кладзе на стол.) А чаму ты не спытаеш мяне, як я жыў усе гэтыя гады, чым займаўся... якіх-такіх асаблівых поспехаў дасягнуў у маладым сваім жыцці? Табе гэта не цікава?
ГЕНАДЗЬ. Не цікава! Альбо гавары, навошта прыпёрся, альбо... (Выразна ківае на дзверы.) Ведаеш, у мяне няма часу для пустой балбатні!
ЧАБУРАШКА. Разумею! Тая лялечка... (Ківае на дзверы.) Яна, пэўна, ужо зачакалася. Ды і ты сам... (Смяецца, але адразу замаўкае, бо Генадзь праз стол хапае яго за каўнер, з сілай прыцягвае да сябе.) Ты што, Кракадзіл?
ГЕНАДЗЬ (павольна, праз зубы.) Закрый свой паганы рот! (Чабурашка ківае, Генадзь адпускае яго... нават не адпускае, а адштурхоўвае назад у крэсла.) Альбо гавары, што табе трэба, альбо каціся адсюль на трэцяй хуткасці.
ЧАБУРАШКА. А што я такога сказаў? Я проста хацеў сказаць, што ты калісьці вельмі не любіў чакаць у такіх выпадках. Памятаеш? (Генадзь моўчкі глядзіць на яго.) Не? А я памятаю... я ўсё памятаю... У цябе тады быў вельмі гарачы тэмперамент... на дзіва гарачы. (Ён змаўкае, нібыта паглыбіўшыся ва ўспаміны.)
ГЕНАДЗЬ (не адразу, глуха). Колькі ты хочаш?
ЧАБУРАШКА. Чаго? Ах, ты пра грошы! Само сабой, мне патрэбны бабкі... і ты мне іх дасі... столькі, колькі я кажу. Але гэта яшчэ не ўсё. Мяне шукае міліцыя.
ГЕНАДЗЬ. І прычым тут я?
ЧАБУРАШКА. Мне трыба зліняць. Тэрмінова і на досыць працяглы час. Лепей – назаўсёды. Справа ў тым, што я...
ГЕНАДЗЬ (рэзка). Мяне не калышуць твае брудныя справы. Чаго ты хочаш ад мяне? Канкрэтна, і хутчэй.
ЧАБУРАШКА. Мне патрэбны двкументы. Чыстыя, не фальшывыя, на іншае прозвішча. І яшчэ...
ГЕНАДЗЬ. Што яшчэ?
ЧАБУРАШКА. Было б някепска крыху змяніць знешнасць. У першаю чаргу – гэта!
( Паказвае на свае вушы.)
ГЕНАДЗЬ. Значыццца, так: грошы, дакументы, змяненне знешнасці... (Вымае з шуфлядкі стала новы пачак цыгарэт, закурвае... пачак хавае ў стол.) І з гэтым ты прыйшоў да мяне?
ЧАБУРАШКА (паціскае плячыма.) Проста ў мяне не было іншага выйсця. Але гэта яшчэ не ўсё...
ГЕНАДЗЬ. Не зсё?
ЧАБУРАШКА. Мне трэба пажыць дзесьці... часова.
ГЕНАДЗЬ. Здорава! Проста здорава! І ты прыходзіш да мяне, упэўнены, што я адразу ж кінуся выконваць усе твае нахабныя патрабаванні?!
ЧАБУРАШКА (крыху памаўчаўшы.) Шчыра кажучы, я на гэта ўсё ж спадзяваўся...
ГЕНАДЗЬ. І дарэмна! (Нейкі час у пакоі пануе маўчанне.)
ЧАБУРАШКА (ціха). Памятаеш тую дзяўчынку, Кракадзіл Гена? Ну, тую... у лесе?
ГЕНАДЗЬ (не адразу). Гэта шантаж?
ЧАБУРАШКА. Называй як хочаш.
ГЕНАДЗЬ. Ты з’ехаў з клёпак, Чабурашка! Прайшло столькі год... У цябе няма аніякіх доказаў. Хто табе паверыць?
ЧАБУРАШКА. Павераць! Я пакажу ім месца, дзе мы тады яе закапалі. Я памятаю!
ГЕНАДЗЬ. Памятаеш? П’яны, ноччу... восем год назад... і ты памятаеш? Ты думаеш, я табе паверу? Гэта блеф!
ЧАБУРАШКА. Я памятаю! Там, непадалёку ад леса была вёсачка са смешнай такой назвай, вельмі смешнай... Я яе ўспомню! А крыху далей быў прыпынак электрычкі... (Паўза.) Табе яна ніколі не снілася, тая маляўка? Што ж ты маўчыш, Кракадзіл Гена? Не снілася?
ГЕНАДЗЬ. А табе?
ЧАБУРАШКА. Снілася! Асабліва ў арміі. Я нават спаць не мог... я баяўся заснуць... Колькі я піў тады, каб толькі не думаць, не ўспамінаць... А потым першы раз укалоўся... і, як кажуць, пайшло-паехала! А ты? У цябе, я гляджу, усё ў парадку?
ГЕНАДЗЬ. У поўным!
ЧАБУРАШКА. У цябе сталёвыя нервы, Кракадзіл Гена! Зайздрошчу!
ГЕНАДЗЬ. Мае нервы – гэта мая асабістая справа, цябе гэта не тычыцца!
ЧАБУРАШКА. Ну, само сабой... І ўсё ж дзіўна...
ГЕНАДЗЬ. Дзіўна што?
ЧАБУРАШКА. Забіў яе ты, а паламаты лёс дастаўся чамусьці мне...
ГЕНАДЗЬ (Устае.) Мы абое вінаватыя ў тым, што тады адбылося! Абое, а не я адзін!
ЧАБУРАШКА. У аднолькавай ступені? (З выклікам глядзяць адзін аднаму ў вочы, потым Генадзь садзіцца на сваё месца.)
ГЕНАДЗЬ. Чаго ты хочаш ад мяне?
ЧАБУРАШКА. Я ж ужо сказаў, здаецца!
ГЕНАДЗЬ (не адразу.) Гэта нерэальна. Грошай, дапусцім, я табе дам.... Шмат не чакай, але энную суму ты атрымаеш. Што ж тычыцца ўсяго астатняга... Гэта ты, брат, шукай сам.
ЧАБУРАШКА. А што, калі мяне зловяць пры гэтым?
ГЕНАДЗЬ. Зноў-такі, не мае праблемы
ЧАБУРАШКА (ціха). Калі мяне зловяць – я раскажу ім усё. Усё, ў дэталях.
ГЕНАДЗЬ. І што табе гэта дасць? Большы тэрмін? Ці можа ты думаеш, што табе, наогул, зменшаць тэрмін з-за таго, што ты прызнаешся яшчэ ў адным злачынстве?
ЧАБУРАШКА. Я нічога не лічу, мне ўжо ўсё пофіг! Калі мяне зловяць, мне пагражае “вышка”.
ГЕНАДЗЬ. Ты зноў блефуеш, Чабурашка! З чаго б раптам “вышка”? Што ты такога звышсур’ёзнага натварыў, хацелася б ведаць!
ЧАБУРАШКА. Два месяцы таму я забіў аднаго чалавека. Ён быў падлюгай і падонкам, яго не грэх было і прышыць, я ні аб чым не шкадую... тым больш, што мне добра заплацілі... Але далей мне не пашэнціла – міліцыя хутка разблытала гэтую справу, і мяне ўзялі...
ГЕНАДЗЬ (іранічна). Што і трэба было чакаць. Табе ніколі не шанцавала ў такіх справах.
ЧАБУРАШКА. Не шанцавала! Да ўчарашняга дня. А ўчора, калі мяне везлі на следчы эксперымент, я забіў двух мянтоў і збег.
ГЕНАДЗЬ. Ты?! Дык гэта быў ты?! (Устае.) Гэта пра цябе перадавалі раніцай па радыё... (Усхвалява трэ рукой твар, садзіцца.) Цябе зловяць, абавязкова зловяць! У цябе няма ніводнага шанца!
ЧАБУРАШКА. Ёсць, калі ты мне дапаможаш. Ты ж мне дапаможаш, праўда?
ГЕНАДЗЬ. Як змог ты забіць іх?
ЧАБУРАШКА. Я выхапіў пісталет у таго, што сядзеў побач. Вось гэты пісталет! (Выцягвае з кішэні плашча пісталет.)
ГЕНАДЗЬ (ціха). Ты мне пагражаеш?
ЧАБУРАШКА. Ну што ты! (Хавае пісталет.) Проста я хачу, каб ты зразумеў: той выпадак з дзяўчынкай мне ўжо нічым не пашкодзіць, калі я нават і раскажу аб ім. А вось табе пашкодзіць, Кракадзіл Гена... і вельмі пашкодзіць!
ГЕНАДЗЬ. Ну што ж... Бачу, мне сапраўды прыдзецца дапамагчы табе... Як старому сябру. (Ходзіць, думае. Чабурашка не зводзіць з яго вачэй.) Пажыць табе можна на маёй старой дачы, яна зараз пустая, вакол лес... Дакументы... З дакументамі спяшацца не будзем, спачатку пластычная аперацыя...
ЧАБУРАШКА. Разумна.
ГЕНАДЗЬ. А то! А потым ты знікнеш. Назаўсёды знікнеш з майго жыцця. Такая мая ўмова.
ЧАБУРАШКА. Само сабой, знікну! З радасцю. Ты думаеш, гэта прыемна – бачыць чалавека, які паламаў табе ўсё жыццё.
ГЕНАДЗЬ. Ну што ж, з гэтым, здаецца, разабраліся. Зараз я адвязу цябе на дачу... (Бярэ з канапы капялюш, шпурляе яго гаспадару.)
ЧАБУРАШКА (устае.) А сакратарка... яна не?..
ГЕНАДЗЬ. Ды яна нічога такога і не западозрыць.
ЧАБУРАШКА. Ну, а калі ўсё ж...
ГЕНАДЗЬ. Яна будзе маўчаць.
ЧАБУРАШКА. Гэта добра.
ГЕНАДЗЬ. Выпіць хочаш? На дарожку?
ЧАБУРЫШКА. Ды не пашкодзіла б... А ёсць?
ГЕНАДЗЬ. Знойдзецца на такі выпадак.
ЧАБУРАШКА. А што ёсць?
ГЕНАДЗЬ (з іроніяй.) Каньяк вам падыдзе, сэр?
ЧАБУРАШКА. Здзекуешся. Ды мне зараз усё падыдзе!

Генадзь падыходзіць да сейфа, набірае код,

ЧАБУРАШКА. Ты што, захоўваеш спіртное ў сейфе?
ГЕНАДЗЬ. Спіртное ў наш час – самая надзейная і самая дзеяздольная валюта, запомні гэта! І захоўваць яе трэба -- як усялякую валюту -- ў сейфе і толькі ў сейфе... (Адчыняе сейф, пачынае ў ім корпацца.) А ты някепска ўсё разлічыў, Чабурашка. Малайчына! Нават не падобна на цябе...
ЧАБУРАШКА. Твая школа.
ГЕНАДЗЬ. Мая! І ўсё ж адзін з варыянтаў ты не пралічыў. Сказаць, які?
ЧАБУРАШКА. Скажы.
ГЕНАДЗЬ. Вось гэты! (Імгненна паварочваецца да Чабурашкі, у руцэ ў яго пісталет.) Не рухайся! Рукі за галаву! Ну!

Чабурашка павольна ўзнімае рукі, заводзіць іх за патыліцай.

ЧАБУРАШКА. Ты хочаш здаць мяне міліцыі?
ГЕНАДЗЬ. Я яшчэ не хворы на галаву. Я проста хачу забіць цябе, вось і ўсё! Не рухайся, я сказаў! Паспрабуй толькі варухнуцца, і я страляю без папярэджання!
ЧАБУРАШКА (ахрыплым голасам). Ну добра, я не варушуся... Што далей?
ГЕНАДЗЬ. Далей? (Нядобра усміхаецца) Ведаеш, неяк няёмка забіваць цябе так вось, безабароннага... (Задумваецца, а можа робіць выгляд, што задумваецца.) Так і быць, дам табе шанец, як старому сябру! Можаш апусціць рукі. ( Чабурашка не рухаецца.) Апусці рукі, я сказаў! (Чабурашка апускае рукі.) Вось так. ( Таксама апускае руку з пісталетам.) А цяпер мы згуляем у каўбояў! Памятаеш, як у крутых вестэрнах? На лік “тры”! (Робіць паўзу.) Адзін. Два...

Чабурашка паспявае выхапіць пісталет, але Генадзь страляе першым.
Чабурашка падае на падлогу, не выпускаючы пісталета з рукі.
Ён забіты.


ГЕНАДЗЬ (з агідай глядзіць на былога сябра.) У цябе заўжды была крыху запаволеная рэакцыя, дурань! (Павольна падыходзіць да стала, кладзе пісталет на стол, бярэ цыгарэту, закурвае. У гэты час у пакой убягае Рая.)
РАЯ. О, Божа!
ГЕНАДЗЬ. Ціха! Без панікі. Гэта небяспечны злачынца, забойца... і ўсё такое... Ён знаходзіўся ў вышуку. (Зацягваецца цыгарэтай, уважліва глядзіць на Раю, але яна па-ранейшаму не зводзіць вачэй з забітага.) Мой пісталет зарэгістраваны, так што з майго боку гэта звычайная самаабарона. Самаабарона, разумееш? (Рая паслухмяна ківае.) Значыць, далей дзейнічаць будзем так: я выклікаю міліцыю... (Запытальна глядзіць на Раю.) Хутчэй за ўсё ў іх знойдзецца для цябе некалькі пытанняў...
РАЯ (ціха). Што я павінна казаць?
ГЕНАДЗЬ. Праўду! Што гэты тып заявіўся да мяне на прыём, ты адразу ж яго ўпусціла... і ўсё. Далейшага ты проста не бачыла. Натуральна, ёсць рэчы, пра якія не абавязкова расказваць...
РАЯ. Пра Чабурашку і Кракадзіла Гену?
ГЕНАДЗЬ. Вумнічка! Міліцыі гэта не цікава дый не патрэбна. Спынімся лепш на версіі, што гэты тып проста выпадкова напаў на мой офіс з мэтай, скажам, рабаўніцтва... (Выкідвае недакурак, глядзіць на Чабурашку.) А, можа, і забойства, хто ведае!
РАЯ. Дык вось для чаго вы дазволілі яму выхапіць пісталет!
ГЕНАДЗЬ. Што? Што ты сказала? (Падыходзіць да сакратаркі.) Ты... ты чула? (Рая ківае.) Усё чула? (Рая зноў ківае.) Ты падслухоўвала?
РАЯ. Вы забыліся адключыць селектарную сувязь.
ГЕНАДЗЬ. Блін! (Падыходзіць да стала, адключае.) Ты скажаш міліцыі так, як мы дамовіліся.
РАЯ. Скажу, але пры адной умове
ГЕНАДЗЬ. Якой яшчэ ўмове? Ты наконт грошай?
РАЯ. Не! Ты мне скажаш , што гэта за дзяўчынка, пра якую ён упамінаў.
ГЕНАДЗЬ (ходзіцць, збіраючыся з думкамі). Бачу, мне і сапраўды давядзецца расказаць табе ўсё. (Паўза.) Гэта адбылося восем гадоў назад. Мы былі тады яшчэ студэнтамі: я і вось гэты... Я вучыўся на чацвёртым курсе, ён на першым... але я прыйшоў ва ўніверсітэт пасля арміі, і розніца ва ўзросце паміж намі была яшчэ большая. Тым не менш, мы сталі сябрамі. Наша сяброўства не было на роўных: ён літаральна глядзеў мне ў рот , а я... мне гэта вельмі падабалася. Да таго ж у яго вадзіліся грошы... не свае, бацькавы. Ягоны бацька тады займаў нейкую кіраўнічую пасаду. За свае адтапыраныя вушы ён на курсе займеў мянушку Чабурашка, а мяне адразу ж пачалі зваць Кракадзілам Генам, па аналогіі. І мне гэта таксама падабалася. У Чабурашкі была машына, не свая, бацькава, але з даверанасцю... а я ў арміі быў шафёрам, так што за рулём часцей быў я, а не ён, асабліва калі Чабурашка браў у губу лішняга. А гэта здаралася даволі часта: піць ён не ўмеў, звальваўся ад пары кілішкаў...
РАЯ. Што гэта за дзяўчынка і што з ёй адбылося?
ГЕНАДЗЬ. Дзяўчынка? (Камечыць у пальцах цыгарэту.) Той ноччу мы вярталіся дадому з суседняга раёна... пьяныя, як заўжды. Ноч была цёмная, абапал дарогі стаяў лес, ён падыходзіў амаль ушчыльную да дарогі, мы імчаліся даволі хутка... (Паўза.) Усё адбылося так нечакана: яна выбегла на дарогу -- і адразу ж удар! Яе адкінула ўбок, і толькі тады я націснуў на тормаз.(Змаўкае.)
РАЯ. Значыцца, за рулём быў ты? (Генадзь не адказвае.) І што было далей?
ГЕНАДЗЬ. Далей? (Паціскае плячамі.) Мы спыніліся, кінуліся да яе... у мяне быў ліхтарык, я асвяціў яе, і стала ясна, што мы ўліплі.
РАЯ. Яна была ўжо мёртвая, так?
ГЕНАДЗЬ. Яна была сама ва ўсім вінаватая! Яна выбегла з кустоў прама пад колы... а мы былі пад мухай... У такіх выпадках міліцыя заўжды вінаваціць шафёра.
РАЯ. І тады вы вырашылі закапаць яе?
ГЕНАДЗЬ. А што нам заставалася рабіць? Разумееш, калі б быў шанец, хоць які, хоць малюпасенькі шанец, што яна выжыве – мы б адразу адвезлі б яе ў бальніцу... Але яна не дыхала, а нам пагражала турма...
РАЯ. Вам або табе?
ГЕНАДЗЬ. Мне! (Кідае раскрышаную цыгырэту.) І тады мы вырашылі схаваць яе так, каб цела немагчыма было знайсці.
РАЯ. А чаму б вам было проста не пакінуць яе на дарозе?
ГЕНАДЗЬ. Гэта было небяспечна. Хтосьці мог бачыць машыну... міліцыя выйшла б на нас пазней. Калі ж чалавек проста знікае...
РАЯ. Ты так спакойна пра гэта апавядаеш...
ГЕНАДЗЬ. Спакойна?! Ты ж бачыла Чабурашку? Хіба ж ён быў раней такім? Гэта яго зламала, літаральна зламала. Ён пачаў піць не прасыхаючы... кінуў універ, трапіў у армію... Потым звязаўся з наркаманамі... затым турма... А можа б ён трапіў туды і без гэтага? Ён быў, як кажуць, без цара ў галаве...
РАЯ. У адрозненне ад цябе?
ГЕНАДЗЬ. Не думай, што мне было лёгка. Першы час я месца сабе не знаходзіў!
РАЯ. А потым знайшоў, так? (Абводзіць позіркам пакой.) І не кепскае месца!
ГЕНАДЗЬ. Не трэба так! Я разумею, што ты зараз, магчыма, адчуваеш...
РАЯ. Разумееш?
ГЕНАДЗЬ. Разумею! І тым не менш, не трэба рабіць з мяне забойцу. Гэта быў няшчасны выпадак, толькі і ўсяго. Калі б яна была яшчэ жывой... ну, няхай у цяжкім, у безнадзейным нават стане, але жывой... (Паўза.) Ты мне верыш? (Рая не адказвае.) Мне вельмі важна, каб ты паверыла мне, менавіта ты! (Кладзе ёй руку на плячо, Рая адхістваецца.) Ведаеш, я нават удзячны лёсу, што мне прыйшлося расказаць табе пра ўсё гэта. Нібыта скінуў цяжар з душы ...
РАЯ (не адразу). Колькі ёй было гадоў?
ГЕНАДЗЬ. Каму? А, той дзяўчынцы? (Паціскае плячамі.) Гадоў чатырнаццаць, пятнаццаць, не больш... А што?
РАЯ. Нічога, гэта я так. Вам час тэлефанаваць у міліцыю.
ГЕНАДЗЬ. Сапраўды. (Здымае трубку, зноў кладзе яе.) Ты скажаш так, як мы дамаўляліся? (Рая ківае.) Ну вось і малайчынка. (Рая ідзе да дзвярэй.) Пачакай! А наконт сённяшняга вечара...
РАЯ. Лічу, што яго трэба адмяніць.
ГЕНАДЗЬ. Адкласці, ты маеш на ўвазе?
РАЯ. Я маю на ўвазе тое, што сказала. (Выходзіць.)

Генадзь нейкі час глядзіць ёй услед, потым набірае нумар.

ГЕНАДЗЬ. Алё, міліцыя!

                                               ДЗЕЯ ДРУГАЯ

Той жа кабінет, у ім нічога не змянілася. Генадзь сядзіць
за сталом, чытае. Уваходзіць Рая. На плячы ў яе сумачка на
доўгім раменьчыку

.
ГЕНАДЗЬ (адкладвае паперы ўбок.) Ну што, пайшоў? (Рая ківае.) Больш ні аб чым не пытаўся?
РАЯ. Ні аб чым.
ГЕНАДЗЬ. Гэта добра! (З палёгкай адкідваецца ў крэсле, закідвае рукі за галаву.) Спадзяюся, што больш не прыйдзе. А ты не падвяла, малышка! З сённяшняга дня твой аклад павялічваецца на сорак працэнтаў. (Рая маўчыць.) Ну добра, няхай на пяцьдзесят, я не сквапны. (Устае, падыходзіць да Раі.) Ну а цяпер, калі ўсе непрыемнасці засталіся, як кажуць, у далёкім мінулым, ці не час нам, малышка, зноў заняцца чым-небудзь больш прыемным... чым адказваць на пытанні зануды-следчага... Як лічыш? (Хоча абняць Раю, але тая ўхіляецца і адыходзіць.) Не зразумеў. (Паўза.) У чым справа, малышка?
РАЯ. Я хачу задаць табе пытанне. Адно. Дакладней, іх колькасць залежыць ад таго, які адказ я атрымаю на першае.
ГЕНАДЗЬ. Так. (Ідзе да стала, садзіцца.) Зноў ты пра гэтую дзяўчынку... Ды зразумей ты, гэта быў няшчасны выпадак! Проста няшчасны выпадак! (Стукае кулаком па стале.) І можа хопіць ужо? Ты думаеш, я не бачу? Я ж усё бачу! Бачу, як ты змянілася... Як змяніліся твае адносіны да мяне. Ты вінаваціш мяне ў яе смерці? Ну так, я вінаваты, вельмі вінаваты! Але ж восем год... восем доўгіх год... яны вось тут вось! (Стукае сябе ў грудзі.) Думаеш мне лёгка? (Абхоплівае галаву рукамі.)
РАЯ. Маё першае пытанне: калі канкрэтна ўсё гэта адбылося?
ГЕНАДЗЬ (узнімае галаву.) Што?
РАЯ. Гэта адбылося вясной? Летам? Ці можа ўвосень? У якім месяцы?
ГЕНАДЗЬ. Летам. (Задумваецца.) Здаецца, на Купалле.
РАЯ. На Купалле?
ГЕНАДЗЬ. Ну так, у ноч з 6 на 7 ліпеня, цяпер я ўспомніў. Навошта табе гэта?
РАЯ. І ты кажаш, гэта адбылося ў адным з суседніх раёнаў?
ГЕНАДЗЬ. Не памятаю, у якім канкрэтна. Там прыпынак электрычкі побач... і вёсачка са смешнай такой назвай... мы праз яе потым праехалі. Смешная такая назва...
РАЯ. Казлы?
ГЕНАДЗЬ. Казлы! (Змаўкае, глядзіць на Раю.) Ты адкуль ведаеш?
РАЯ. Гэта мая вёска.
ГЕНАДЗЬ. Твая вёска? (Задумаўся.) Дык ты... ты адтуль? (Рая ківае.) Колькі табе было ў той час? Дзесяць?
РАЯ. Адзінаццаць.
ГЕНАДЗЬ. Адзінаццаць... (Паўза.) І ты... ты памятаеш той выпадак? Ну... што знікла дзяўчынка, без усялякіх слядоў... Памятаеш?
РАЯ. Памятаю. Але ты памыляешся. Яна не знікла!
ГЕНАДЗЬ. Не знікла?
РАЯ. Яе знайшлі.
ГЕНАДЗЬ (нават прыўстаў). Што?! Знайшлі? (Садзіцца.) Як знайшлі? Калі?
РАЯ. Той жа восенню. Ляснік ішоў па лесе з сабакамі, раптам яны пачалі рыць мох, брахаць. Ляснік спыніўся, прыўзняў мох і зразумеў, што тут нядаўна капалі. Ён пачаў разграбаць зямлю і ўбачыў... (Уздыхае як усхліпвае.) Тады ён выклікаў міліцыю...
ГЕНАДЗЬ. Хопіць, не трэба далей!
РАЯ. Цела добра захавалася, на дзіва добра. І яна... уяўляеш, яна не была збітая машынай. Яна... яе...
ГЕНАДЗЬ. Хопіць, я сказаў! (Падняўся, мітусліва перастаўляе рэчы на стале.) Усё было не так, не зусім так, як ты гэта сабе, магчыма, уявіла! Я ведаю, што ты думаеш пра мяне, але...Усё было інакш. Мы... я... разумееш, я не хацеў гэтага, зусім не хацеў! Мы ехалі ноччу, мы былі пьяныя, а яна... яна чамусьці выбегла з лесу і ўзняла руку. Што ёй было рабіць ноччу сярод лесу?!
РАЯ. Гэта была ноч на Івана Купалу! Купальская ноч!
ГЕНАДЗЬ. Ну так, так... я разумею! Але ж навошта ёй было лезці ў машыну да пьяных незнаёмых мужчын... ноччу, адной?!
РАЯ. Значыць, яна сама ва ўсім і вінаватая?
ГЕНАДЗЬ. Перастань! (Трэ лоб рукой.) Разумееш, яна... яна адразу павяла сябе неяк так, што нам здалося, быццам бы яна і не супраць... гэтага. А потым, калі мы зразумелі, што памыліліся, што нам толькі здалося... то было занадта позна штосьці змяніць! (Хутка ходзіць па кабінеце.) Гэта па п’яні, мы проста перабралі... Чаго ты маўчыш?
РАЯ. А што я павінна сказаць?
ГЕНАДЗЬ. Не ведаю! (Нейкі час маўчаць.) Разумееш, калі б яна не пачала крычаць, клікаць на дапамогу... Навошта яна пачала крычаць?! (Хапае цыгарэты, але ад хваляванне ўсё не можа прыкурыць.) Мы б адпусцілі яе, абавязкова адпусцілі! Была ноч, цёмна... яна не магла разглядзець нашы твары... ( Змаўкае, курыць.) Ты, напэўна, не захочаш болей працаваць у мяне? (Рая не адказвае.) Я заплачу табе аклад на год уперад... калі трэба, дам рэкамендацыі... Чаго ты ўсё маўчыш?
РАЯ. Мне трэба ў ножкі ўпасці і дзякваць?
ГЕНАДЗЬ. Ды пры чым тут гэта! Чорт, мне будзе не хапаць цябе, вельмі не хапаць! (Кідае недакурак на падлогу, з усяе моцы грукае кулаком па стале.) Ну навошта... навошта ёй было лезці ў машыну да двух пьяных паўдуркаў?! Дзе былі яе мазгі?!
РАЯ (дрыготкім голасам). Што ты ведаеш пра яе мазгі? Што ты... ды хіба ж ты можаш ведаць, які мілы, які незвычайны, які адораны гэта быў чалавек! Як яна вучылася, чым захаплялася, пра што марыла, кім хацела стаць... А якія вершы яна пісала! (Крычыць.) Што ты можаш ведаць аб гэтым... ты, забойца!
ГЕНАДЗЬ. Пачакай... Дык ты... ты яе добра ведала? Яна была тваёй суседкай? Сяброўкай?
РАЯ. Яна была маёй сястрой!

І тут вытрымка пакідае дзяўчыну. Закрыўшы твар рукамі,
Рая павольна спаўзае на падлогу і ціха, безнадзейна плача.
Генадзь нейкі час моўчкі на яе пазірае, потым выцягвае з-пад стала
бутэльку “фанты”, адкаркоўвае, налівае ў шклянкую Потым устае,
са шклянкай падыходзіць да Раі.


ГЕНАДЗЬ. Выпі! (Рая не рэагуе.) Выпі, табе будзе лягчэй! ( Рая б’е яго па руцэ, шклянка ляціць на падлогу. Генадзь зноў ідзе да стала, садзіцца, старанна змахвае кроплі напою з адзення.) Я ведаю, што ты зараз адчуваеш. Але паспрабуй і ты зразумець мяне. (Паўза.) Я не хацеў забіваць тваю сястру, не хацеў! Так атрымалася! Проста я быў тады ў такім стане, калі чалавек ужо не адказвае за свае ўчынкі. Я не хачу сказаць, што я не вінаваты, аднак... Колькі год прайшло, я змяніўся. Я ўжо не той бесклапотны і вечна паддаты дэбіл, якім быў калісьці. Я ўжо казаў табе пра няшчасны вырадак і зараз зноў паўтару. Няшчасны выпадак... Здарэнне... Насланнё... а можа, лёс, хто ведае... Можа, так было наканавана, каб мы выбралі менавіта той маршрут... каб менавіта ў той час апынуліся мы ў тым самым лесе... Лёсу было патрэбна, каб твая сястра якраз у той момант выбегла на дарогу... Лёс пажадаў, каб...
РАЯ. Лёс? (Устае.) Ты забіў яе, ты, а не лёс! Якое права... якое ты меў права вырашаць яе лёс?! Хто табе дазволіў распараджацца чужым жыццём?! Ды хто ты такі, каб вырашаць, каму жыць, а каму памерці?! Ты – забойца! Ты – самы звычайны брудны забойца, вось хто ты! І я... я спала з табой... я спала з забойцам сваёй сястры! І рукі, тыя ж самыя рукі, якія абдымалі мяне... гэтыя ж самыя рукі... (Змаўкае, плача.) Так мне і трэба! (Б’е сябе па шчоках.) Так мне і трэба! Так мне і трэба!
ГЕНАДЗЬ. Супакойся, давай пагаворым, як дарослыя людзі. (Робіцць крок насустрач.)
РАЯ. Не падыходзь да мяне!
ГЕНАДЗЬ Добра, не буду (Адышоўся.) Але ж пагаварыць мы ўсё-ткі можам? (Рая не адказвае.) Дык вось... (Як бы збіраецца з думкамі.) Па-першае, уваскрэсіць тваю сястру мы ўсё роўна не зможам, гэты факт не патрабуе нават каментарыяў. Па-другое, я сапраўды вельмі шкадую аб тым, што здарылася тады... (Паўза.) Ясная рэч, табе ад маіх слоў лягчэй не будзе, таму зробім так. Прапанову аб выплаце табе гадавога акладу я здымаю як несур’ёзную. Замест гэтага я ўношу новую прапанову. Дык вось, я выплочваю табе дваццаць тысяч баксаў, а ты... ты проста забудзеш пра гэтую сумную гісторыю. Ну, што ты на гэта скажаш? (Чакае адказу.) На мой погляд, гэта адзіны больш-менш прымальны варыянт выйсця з гэтага... непрыемнага гэтага становішча. Іншых варыянтаў я проста не бачу.
РАЯ. А я бачу! Напрыклад, я іду зараз у міліцыю...
ГЕНАДЗЬ (моршчыцца.) Гэта несур’ёзны варыянт! У цябе няма доказаў, апрач маіх слоў... а словы, як кажуць, да справы не прышыеш...
РАЯ. Ты так думаеш? (Выцягвае з сумачкі аўдыёкасету.) Палюбуйся!
ГЕНАДЗЬ. Што гэта?
РАЯ. Гэта запіс тваёй гутаркі з былым сябрам. Тым, якога ты... Памятаеш, ты забыўся тады выключыць селектар, выпадкова... ну а я, таксама выпадкова, уключыла дыктафон...
ГЕНАДЗЬ. Чорт!
РАЯ. І гэта яшчэ не ўсё. Вось тут... (Ляпае па сумачцы.) Тут запіс нашай сённяшняй размовы.
ГЕНАДЗЬ. Чорт! (Ускоквае з-за стала, але Рая ўжо каля дзвярэй.)
РАЯ. Не ўздумай адбіраць сілай! Я выбегу ў калідор... там ёсць людзі.
ГЕНАДЗЬ. Чорт! ( Нейкі час вагаецца, потым садзіцца.) Паслухай, ты ж магла і не казаць мне пра запісы. Ты магла адразу ісці з імі ў міліцыю, але ты гэтага не зрабіла. Напэўна ты, як і я, лічыш, што наша размова яшчэ не скончана.
РАЯ. Так, яна яшчэ не скончана.
ГЕНАДЗЬ. Прыемна чуць. (Нейкі час раздумвае.) Паслухай, я зноў змяняю сваю прапанову. Дваццаць тысяч даляраў застаюцца ў сіле, але да іх я дадаю : па пятнаццаць тысяч за кожны запіс. Ты атрымаеш чыстымі пяцьдзесят тысяч баксаў. Ну як табе мая апошняя прапанова? Больш не магу, выбачай! (Устае, падыходзіць да сейфа, набірае шыфр.) Блін, нават галава закружылася.... Трэба чагосьці выпіць... (Адкрывае сейф.) Зараз мы што-небудзь арганізуем... (Корпаецца ў сейфе.) Чорт!
РАЯ. Ты не яго часам шукаеш? (Выцягвае з сумачкі пісталет.)
ГЕНАДЗЬ. Чорт! Як ты... адкуль ён у цябе? (Накіроўваецца ў бок Раі, тая настаўляе на яго пісталет.) Ты што?
РАЯ. Не варушыся!
ГЕНАДЗЬ (адступае да сцяны.) Паслухай, не вар’яцей! Здымі палец з курка, ты можаш націснуць незнарок.
РАЯ. Не хвалюйся! Калі я націсну – гэта будзе толькі знарок!
ГЕНАДЗЬ. Паслухай, давай усё ж паспрабуем дамовіцца. Мая смерць табе нічога не дасць, у тым сэнсе, што сястру ўсё роўна не вернеш. Акрамя таго...
РАЯ. Ну, працягвай...
ГЕНАДЗЬ. Я дам табе семдзесят тысяч баксаў, не пяцьдзесят, а семдзесят! Згодна? (Рая адмоўна трасе галавой.) Ну добра, кажы свае ўмовы! Чаго ты хочаш?
РАЯ. Забіць цябе.
ГЕНАДЗЬ. Паслухай, гэта будзе несправядліва! Я ўжо не той, якім быў тады, разумееш?! Ты заб’еш зусім іншага чалавека, невінаватага...
РАЯ. Невінаватага?!
ГЕНАДЗЬ. Я не хацеў забіваць тваю сястру! Не хацеў, чуеш! Так атрымалася! Выпадкова...
РАЯ. Атрымалася? Выпадкова? А ці ведаеш ты, што на яе целе не было жывога месца, так яна была збітая! Ты аб гэтым упершыню чуеш, так? Як і аб тым, што аб яе аголеныя грудзі тушылі цыгарэты, а каб яна не магла крычаць, у рот ёй запіхнулі абрывак сукенкі... ты таксама першы раз чуеш аб гэтым?! І што яе душылі тонкім металічным дротам, душылі доўга і павольна, некалькі разоў то закручваючы, то зноў адпускаючы дрот... гэта для цябе таксама навіна? А хочаш, я скажу табе адну рэч, пра якую ты і сапраўды не ведаў? Калі вы кінулі яе ў яму і пачалі закідваць зямлёй – яна была яшчэ жывая... жывая, чуеш ты, забойца! Яна яшчэ жыла там... нейкі час... і спрабавала выбрацца, але рукі ў яе былі скручаны тым жа дротам, а зямлі зверху было так шмат!

Рая плача, не выціраючы слёз. Пісталет па-ранейшаму скіраваны
ў бок Генадзя.


ГЕНАДЗЬ. Паслухай, я дам табе сто тысяч! Сто пяцьдзесят тысяч! Толькі не страляй! (Рая страляе, Генадзь падае, зноў садзіцца на падлогу, трымаючыся за правае плячо.) Ты параніла мяне... (Глядзіць на сваю скрываўленую руку.) Ты параніла мяне, сука! (Рая страляе зноў і Генадзь хапаецца ўжо за левае плячо.) Не страляй больш! Я цябе прашу! Я не хачу паміраць! (Становіцца на калені.) Не трэба, я прашу! Я дам табе, колькі ты скажаш... або, калі хочаш, тэлефануй у міліцыю, я ва ўсім прызнаюся! (Прыціскаецца спіной да сцяны.) Не страляй! Цябе будуць судзіць! Цябе пасадзяць! Ты будзеш шкадаваць аб тым, што зрабіла! Усё жыццё ты будзеш шкадаваць... (Плача.)
РАЯ. Я буду шкадаваць толькі аб тым, што не маю магчымасці забіць табе рот кляпам... а потым душыць цябе дротам, як вы душылі яе...душыць доўга і павольна... і ўсё ж зрабіць, каб ты быў яшчэ жывы, калі цябе пачнуць засыпаць зямлёй. Каб ты адчуваў гэта, кожнай клетачкай свайго паганага цела адчуваў... І каб ты хаця б тады раскаяўся і ўспомніў пра Бога. Вось адзінае, аб чым я шкадую і аб чым буду шкадаваць усё сваё жыццё.
ГЕНАДЗЬ. Не страля-я-яй!

Рая страляе. Яна страляе яшчэ і яшчэ, аж пакуль не заканчваюцца
патроны. Потым шпурляе пісталет у нерухомае цела Генадзя, плачучы
ідзе да стала, пачынае набіраць нумар.


РАЯ. Алё, міліцыя?!

Паступовае зацямненне.


                                                         К А Н Е Ц