Генадзь Аўласенка з тых пісьменнікаў, якіх не палохаюць ніякія крызісы — ні эканамічныя, ні духоўныя. Сельскі настаўнік, які многія гады выкладае біялогію ў розных школах Чэрвеньшчыны, ён яшчэ піша вершы, п’есы, апавяданні... І галоўнае — вельмі шмат піша для дзяцей. Творы Генадзя Аўласенкі часта друкуюцца — літаральна ва ўсіх дзіцячых газетах і часопісах краіны, ды і ў часопісах “Маладосць”, “Полымя”, у газеце “Літаратура і мастацтва”... (Кастусь Ладуцька "Адкуль прыходзяць казкі?")

...Мужчына, усё гэтак жа нетаропка рушыў у глыб кватэры, па ўсяму бачна, добра яму знаёмай. Жанчына ішла следам і, здавалася, не зводзіла з яго свайго пяшчотна—ўсхваляванага позірку. Гэта было тым больш дзіўна і незразумела, што ніякай асаблівай прывабнасцю мужчына не вылучаўся. Больш таго, быў ён нейкім вельмі ўжо непрыгожым, з шырокім плоскім тварам, з рэдкімі цьмянымі валасамі, праз якія яскрава прасвечвалася ранняя лысіна... ("Закаханая")
hline

Як павука з луга праганялі


Дзеючыя асобы:

1. Конік
2. Пчала
2. Матыль
3. Павук
Мухі, камары, матылі


УСТУП

На сцэну перад занавесай выскоквае конік.

КОНІК.
Колькі дзетак тут, у зале!
Дзеткі, вы мяне пазналі?
Я не ваш любімы поні,
Але ж я таксама конік!
Хоць сядло я не нашу,
Не цягну калёсы,
Але ў казцы пакажу
Розныя дзівосы!
Вы ж глядзіце іх, сябры,
Ды не засынайце!
Гэй вы, мухі, камары,
Казку пачынайце!
Вылятаюць мухі і камары, рассоўваюць занавесу.

СЦЭНКА 1

Луг з вялікімі кветкамі. Конік скача
вакол кветак.
КОНІК.
Добра ўсё ж на лузе ўлетку!
Тут такія кветкі, дзеткі!
Я на лузе й сам жыву,
Ем зялёную траву,
Сплю ў траве,
Па ёй скачу...
Тут і песні сакачу.
Пачынаю з ранку,
Ажно са світанку
Сваю скрыпачку вымаю
Ды як полечку зайграю –
То ўсе наўкол рукі ў бокі
І адразу йдуць у скокі!
Конік грае на скрыпачцы, з усіх бакоў злятаюцца
матылі і мухі, танцуюць вакол яго.
КОНІК.
Бім! Бом! Цілі-бом!
Танцуй муха з камаром!
Бім! Бом! Цілі-лі!
Бачыш, кветкі расцвілі!
МАТЫЛІ (разам).
Кветкі сок салодкі маюць!
Цілі-лі! Цілі-лі!
Кветкі нас даўно чакаюць!
Цілі-лі! Цілі-лі!
МУХІ ( разам).
Мы таксама любім кветкі!
Жу-жу-жу! Жу-жу-жу!
Добра ўсё ж на лузе ўлетку!
Жу-жу-жу! Жу-жу-жу!
УСЕ РАЗАМ.
Бім! Бом! Цілі-лі!
Халада перажылі!
Бім! Бом! Цілі-бом!
Мы нектар салодкі п’ём!
Вылятаюць камары.
1-ШЫ КАМАР.
Стойце! Хопіць вам спяваць!
2-ГІ КАМАР.
Хопіць граць і танцаваць,
Бо бяда сюды ідзе!
КОНІК.
Аб якой-такой бядзе
Вы крычыце? Растлумачце!
Супакойцеся! Не плачце!
3-ЦІ КАМАР.
Ды на луг прыйшоў павук!
У яго аж восем рук!
4-ТЫ КАМАР.
Хоча тут ён сеткі звіць
І ўсіх нас у іх злавіць!
КОНІК.
Усіх вас, камароў?
1-ШЫ КАМАР.
Усіх луга жыхароў!
І цябе! І нас! І іх!
З’есці хоча ён усіх!
МАТЫЛІ.
Уцякаем, хто куды!
Толькі б далей ад бяды!
Ляцяць прэч.
КОНІК.
Ну а мне чаго чакаць?!
Трэба й мне куды ўцякаць!
Скача прэч.
КАМАРЫ ( мухам).
Вы таксама не сядзіце,
А за намі прэч ляціце!
Таксама ляцяць прэч.
МУХІ (узлятаюць, лётаюць вакол кветак).
Крылаў той павук не мае!
Жу-жу-жу!
Нас без крылаў не спаймае!
Жу-жу-жу!
Чым без памяці ўцякаць,
Жу-жу-жу,
Трэба трошкі пачакаць.
Жу-жу-жу!
Мухі разлятаюцца ў розныя бакі.

СЦЭНКА 2
Той жа луг. Каля кветак павук пляце
павуціну.

ПАВУК.
Я спляту свае карункі,
Быццам мухам падарункі!
Ай ды я! Ай ды зух!
Налаўлю я хутка мух
Для сябе і для гасцей,
Каб заходзілі часцей!
Гэй вы, мухі-ягамосці!
Да мяне ляціце ў госці!
За карункамі,
Падарункамі!
Вылятаюць мухі, але яны не набліжаюцца
да павука, а лётаюць здалёк.
МУХІ ( разам).
Вось табе наш адказ,
Жу-жу-жу!
Не падманеш ты нас!
Жу-жу-жу!
Бо твае, павук, карункі,
Жу-жу-жу,
Пасткі, а не падарункі!
Жу-жу-жу!
ПАВУК.
Я вам справу кажу,
А вы мне: жу-жу-жу!
Хопіць, мухі, жартаваць!
Лепей будзем сябраваць!
Не жадаеце карункаў,
Дык,заместа падарункаў,
Запрашаю на абед!
Пачастую вас як след:
Мёдам з сушкамі,
Ды з ватрушкамі!
МУХІ.
Вось табе наш адказ,
Жу-жу-жу!
Не падманеш ты нас!
Жу-жу-жу!
Ты абед нам не дасі!
Жу-жу-жу!
Ты нас сам, павук, з’ясі!
Жу-жу-жу!
ПАВУК ( злосна).
Я вас, мухі, так люблю!
Я вас, мухі, так лаўлю!
І чым больш я вас лаўлю,
Тым мацней я вас люблю!
Не магу я жыць без вас:
Мне вячэрыць хутка час,
Я ж яшчэ і не абедаў,
Толькі раніцай паснедаў
Спадарыкам,
Камарыкам...
Павук спрабуе лавіць мух, але яны спрытна
ўхіляюцца, лётаюць вакол павука, дражняць яго.
МУХІ.
Вось табе наш адказ,
Жу-жу-жу!
Не злавіць табе нас,
Жу-жу-жу!
Не старайся ты дарма,
Жу-жу-жу!
Крылаў у цябе няма!
Жу-жу-жу!
Мухі разлятаюцца ў розныя бакі.

СЦЭНКА 3
Узмежак луга. З аднаго боку яшчэ ёсць кветкі,
з другога іх ужо няма. З боку луга выскоквае Конік,
спыняецца. З процілеглага боку вылятае Пчала,
садзіцца каля Коніка.
КОНІК.
Ты адкуль ляціш, Пчала?
ПЧАЛА.
Дзе я толькі не была!
І на полі, там дзе грэчка,
І ля рэчкі, дзе парэчкі...
Ды нічога не знайшла!
Грэчка толькі што ўзышла...
КОНІК.
А парэчкі каля рэчкі?
ПЧАЛА.
Адквітнелі ўжо парэчкі.
КОНІК.
А ля ліпы ты была?
ПЧАЛА.
Ліпа шчэ не расцвіла.
Уздыхае.
Вось на луг свой шлях трымаю,
Можа там што назбіраю.
КОНІК.
Так, на лузе кветак шмат...
Ды вяртайся ты назад!
ПЧАЛА.
А чаму назад вяртацца
І на лузе не з’яўляцца?
І куды ты так бяжыш?
І чаму ты так дрыжыш?
КОНІК.
Бо на луг прыйшоў павук!
Восем ног ці восем рук
Гэты хітры злодзей мае,
Імі ён усіх хапае!
І мяне схапіў за бок,
Ледзьве вырваўся ды ўцёк!
ПЧАЛА.
Ды няхай бы ваш павук
Меў не восем – сорак рук!
Не схапіць мяне яму
Аніколі!
КОНІК.
А чаму?
ПЧАЛА.
Ды таму, што джала маю!
Выхоплівае з ножнаў шпагу-джала.
І яго я ў ход пускаю,
Каб сябрам дапамагчы,
Мёд у сотах зберагчы
Ад нязваных ліхадзеяў,
Ці, так званых, “дабрадзеяў”,
Што, кім хочаш могуць стаць,
Толькі б мёду паспытаць!
Зноў хавае шпагу ў ножны.
КОНІК.
Мо б і я, калі меў джала,
Не даваў бы з луга драла.
Маю скрыпачку адну,
З ёй не выйграеш вайну...
Луг наш бедны прападзе!
Памажы нам у бядзе,
Луг ізноўку нам вярні!
Павука адтуль згані!
ПЧАЛА.
Што ж, я вам дапамагу,
Як змагу і чым змагу.
Адвяду ад вас бяду,
Альбо галаву складу!
КОНІК.
Ты аб гэтым не кажы!
Ты яго перамажы!
ПЧАЛА.
Як змагу – перамагу!
Ну а раптам не змагу?
КОНІК ( урачыста).
Ды не бойся ты нічога!
Адчуваю, веру я –
Будзе наша перамога!
Я хацеў сказаць... твая!
ПЧАЛА.
Спадзяюся, што мая,
Бо інакш – загіну я!
Пчала ляціць у бок луга, Конік скача следам.

СЦЭНКА 4
Той жа луг, што і ў першых сцэнках. Паміж
кветак нацягнута павуцінне. Вылятае матыль і,
не заўважыўшы, трапляе ў павуціну.
МАТЫЛЬ ( торгаючыся).
Вой, куды ж я тут патрапіў?!
З-за павуціны выбягае Павук.
ПАВУК ( узрадавана).
Ну, нарэшце хтосьці трапіў!
І, здаецца, не камар!
МАТЫЛЬ.
Прывітанне вам, спадар!
Калі ласка, памажыце,
Сетку трошкі развяжыце!
Крылаў мне не адарваць!
ПАВУК.
Мо яе зусім падраць?
Смяецца.
Сетка гэтая – мая!
Тут яе паставіў я!
Ну а ты – мая вячэра!
МАТЫЛЬ (нервова).
Вы жартуйце, але ў меру!
ПАВУК.
Я не ўмею жартаваць,
Ха-ха-ха!
Але ўмею пільнаваць,
Ха-ха-ха!
Сёння доўга цікаваў,
Ха-ха-ха!
Але ўсё ж упільнаваў,
Ха-ха-ха!
Смерць цябе не абміне,
Ха-ха-ха!
Ты не ведаеш мяне?
Ха-ха-ха!
МАТЫЛЬ.
Вы – павук?
ПАВУК.
Так, я – павук!
Доктар пасткавых навук!
Ты ж, нябога, да мяне
Сам патрапіў! Так ці не?
І куды ж ты так ляцеў,
Што навокал не глядзеў?
МАТЫЛЬ.
Я ляцеў да той вунь кветкі.
Іх так шмат на лузе ўлетку.
Адпусці мяне, павук,
Доктар нейкіх там навук!
Ты ж не злы, я ў гэта веру!
ПАВУК.
Ды, наогул, добры я!
Толькі ж ты – мая вячэра!
Страва смачная мая!
Спявае.
Будзе ў мяне сёння свята,
Будзе ў мяне стол багаты!
Буду стравы гатаваць,
Сяброў буду ў госці зваць!
Буду зваць, частаваць,
І сам стравы каштаваць!
Перастае спяваць, уздыхае.
Толькі ж мала я злавіў,
Хоць такую сетку звіў...
Што ж з табою мне рабіць?
Колькі страў з цябе зрабіць?
МАТЫЛЬ.
Я - нясмачны! Я - худы!
ПАВУК.
Ты – здабыча хоць куды!
Можаш гэтым ганарыцца!
МАТЫЛЬ.
Мне за суткі не зварыцца!
Стравы кепскія з мяне!
Алпусці мяне!
ПАВУК.
Ну, не!
Ды не плач ты, не дрыжы!
Лепей мне дапамажы
Хоць каго яшчэ злавіць!
Шэптам
Як убачыш, што ляціць
Муха, скажам, ці камар,
Ты пакліч яго: “Спадар!
Пачакай – маўляў – спыніся!
На хвілінку ўніз спусціся!
Штосьці я табе скажу... “
Ну а я яго звяжу!
Дапаможаш?
МАТЫЛЬ ( рашуча).
Не і не!
Лепей еш ужо мяне!
ПАВУК ( злосна).
Я цябе не проста з’ем!
Я з цябе на вечар сем...
Нават восем страў зраблю!
Паніжае голас.
А калі каго злаўлю,
Калі ты мне дапаможаш –
Спадзявацца цвёрда можаш,
Што табе палёгку дам:
На дэсерт цябе падам!
МАТЫЛЬ ( убок).
Вось палёгка дык палёгка!
Аж на сэрцы стала лёгка!
ПАВУК ( углядаецца ў далячынь).
Хтосьці зноў сюды ляціць!
Вось бы мне й яго злавіць!
Матылю.
Ну а ты – дапамажы!
З ім размову завяжы,
Каб сюды ён падляцеў,
Каб ля сеткі побач сеў!
Ды рабі, як я кажу,
А не тое – укушу!
Павук хаваецца, а побач з Матылём
апускаецца Пчала.
ПЧАЛА.
Хто ж цябе заблытаў так?
Дай разблытаю, бядак!
МАТЫЛЬ.
Не, не трэба!
ПЧАЛА.
Ды чаму?
МАТЫЛЬ.
Лепш загінуць аднаму!
Тут, за мной, павук сядзіць,
Хоча ён цябе злавіць!
ПАВУК( на хвілінку высоўвае галаву).
Вось жа ябеда які!
ПЧАЛА.
Вось жа злыдні, павукі!
Выхоплівае шпагу.
Гэй, павук! Хачу спытаць:
Хочаш гэта паспытаць?
Рассякае павуціну, вызваляе Матыля.
Дзе ж ён, гэты рабаўнік?
МАТЫЛЬ.
Толькі быў... і раптам знік!
ПЧАЛА.
Ну й няхай сабе знікае!
Хай падалей уцякае,
Баязлівец! Абібок!
МАТЫЛЬ.
Ну... а раптам ён не ўцёк?!
Раптам, дзесьці тут хаваецца,
На вячэру спадзяваецца?
ПЧАЛА ( узлятае, уважліва аглядае наваколле).
Не, у гэта я не веру!
Павуку не да вячэры!
Ён далёка...
МАТЫЛЬ.
Каб не ты,
Мне б ужо былі кранты!
Шчыры дзякуй!
ПЧАЛА ( хавае шпагу).
Ды нічога!
НЕЙКІ ГОЛАС ЗДАЛЁК.
Гэй! Сюды! На дапамогу!
МАТЫЛЬ.
Гэта, пэўна, ён, павук,
Доктар нейкіх там навук!
Павуціну зноўку звіш
І кагосьці ўжо злавіў!
ГОЛАС.
Гэй! Сюды! На дапамогу!
ПЧАЛА ( зноў выхоплівае шпагу).
Трэба вызваліць нябогу!
Павука адсюль турнуць,
Вам ізноўку луг вярнуць!
Матылю.
Ну а ты дамоў ляці,
Толькі ўважліва глядзі,
Каб, пакуль ляціш дамоў,
У бяду не трапіў зноў!
ГОЛАС.
Ай! Не ешце! Не хачу!
Памажыце!

ПЧАЛА( крычыць).
Я лячу!
Я табе дапамагу!
Павука перамагу!
Пчала ляціць у той бок, адкуль
даносіўся голас.
МАТЫЛЬ.
Што ж рабіць? Дамоў ляцець?
Ну а можа паглядзець,
Хто ж там трапіў у бяду?
З’яўляецца Конік.
КОНІК.
Ты ляці, а я – пайду!
А дакладней, паскачу!
Паглядзець і я хачу,
Як нябогу-бедака
З пасткі будуць вызваляць...
МАТЫЛЬ.
І як злога павука
З луга будуць праганяць!
КОНІК.
Ну, тады я паскачу!
Скача ў той жа бок.
МАТЫЛЬ.
Ну, тады я палячу!
Ляціць за ім.

СЦЭНКА 5
Той жа луг, але ўжо ў іншым месцы. Таксама
шмат кветак, але нікога тут няма. З’яўляецца
Пчала, пралятае далей, зноў вяртаецца, садзіцца.
ПЧАЛА.( азіраецца).
Крык адгэтуль быў, здаецца!
Побач чуецца чыйсьці смех.
Хто тут плача ці смяецца?
Пакажыся! Хто такі?
Ды не бойся!
З-за кветак з’яўляецца Павук.
ПАВУК.
Павукі
Пчол, наогул, не баяцца!
Проста я не змог стрымацца,
Пасмяяўся... Што з таго?

ПЧАЛА.
Ды нічога! А каго
Ты злавіў? Хто тут крычаў?
Са шпагай падступае да Павука.
Ты куды яго схаваў?
ПАВУК.
Ды крычаў таксама я!
Гэта ж выдумка мая!
Прызнаюся, што зманіў,
Цябе ў пастку заманіў,
Пасмяяўся над табой...
ПЧАЛА( узмахвае шпагай).
А цяпер выходзь на бой!
ПАВУК.
Сцеражыся! Я – павук,
Доктар пасткавых навук!
Шмат магу зрабіць я зла...
ПЧАЛА.
Ты – павук, а я – пчала!
Зло не ўмею я рабіць,
Ды магу сярдзітай быць!
Шпага вострая ў мяне,
І цябе не абміне!
Так што – лепей не чакай,
З луга хуценька ўцякай!
ПАВУК.
Шпага – шпагай... Што з таго!
Ён торгае за павуцініну і на Пчалу зверху
падае сетка, заблытвае яе.
Ну а зараз хто каго?
Ён бегае вакол Пчалы, заматваючы яе ўсё
мацней і мацней, пры гэтым шпага Пчалы
падае.
Ну, пчала, чыя ўзяла?
Што з таго, што ты – пчала!
Ты – пчала, а я – павук,
Доктар пасткавых навук!
Пчала спрабуе вырвацца, але безпаспяхова.
Хочаш вырвацца? Ну, не!
Сеткі моцныя ў мяне.
Ну, чаго маўчыш, пчала?
Ты скажы: чыя ўзяла?
А яшчэ цікава мне –
Ты шкадуеш альбо не,
Што са мной, павуком, звязалася,
Назаўжды з жыццём развіталася?
ПЧАЛА.
Што сказаць, сябе мне крышачку шкада...
Ды не гэта галоўная бяда!
А бяда – што я сябрам паабяцала
Ды свайго абяцання не стрымала!
ПАВУК ( зацікаўлена).
Ну і што ты ім магла паабяцаць?
ПЧАЛА.
Абяцала цябе з луга я прагнаць!
Але вось, як бачыш, не змагла...
ПАВУК.
Ты з-за гэтага бядуеш, пчала?
Ты сябе спачатку пашкадуй,
А ўжо потым і аб іншых бядуй!
З’яўляецца Матыль, лётае вакол.
Зноў сюды матыль ляціць!
Вось бы мне й яго злавіць!
МАТЫЛЬ.
Што я бачу! Гэй, павук,
Доктар нейкіх там навук!
Адпусці пчалу!
ПАВУК.
Э, не!
МАТЫЛЬ.
А ўзамен вазьмі мяне!
ПАВУК.
Я цябе вазьму, чаму б не ўзяць!
Будзе чым гасцей мне частаваць!
Толькі ты спярша ніжэй спусціся,
На хвілінку ля мяне спыніся!
Ну куды ж ты адлятаеш, пачакай!
Кідае павуцініну, заблытвае Матылю крыло.
ПЧАЛА.
Уцякай матыль адгэтуль, уцякай!
МАТЫЛЬ.
Вельмі цяжка мне ляцець з адным крылом!
ПАВУК.
Будзе чым нам частавацца за сталом!
Матыль з цяжкасцю ляціць прэч,
цягне за сабой Павука.
МАТЫЛЬ.
Толькі б скінуць павуцініну з крыла!
ПАВУК.
Толькі б гэтая здабыча не ўцякла!
Яны знікаюць між кветак, з процілеглага
боку выскоквае Конік.
ПЧАЛА ( здзіўлена).
Конік? Ты адкуль узяўся тут, сябрук?
КОНІК ( шэптам).
Не крычы, каб не вярнуўся зноў павук!
Я хачу табе, пчала, дапамагчы,
Развязаць, каб потым разам уцячы!
Конік развязвае Пчалу, яна адразу ж
хапае шпагу.
ПЧАЛА.
Пачакаем мы ўцякаць ад павука!
Ён адведае вось гэтага клінка!
КОНІК ( спалохана).
Вой, здаецца, ён вяртаецца сюды!
Вой, бяда!
ПЧАЛА.
Яго чакае больш бяды!
Яны хаваюцца між кветак. З’яўляецца
Павук, цягне звязанага Матыля.
ПАВУК ( спявае).
Я злавіў і матыля! Труля-ля-ля!
Са здзіўленнем.
А куды ж тады падзелася пчала?
З’яўляецца Пчала, узмахвае шпагай.
ПЧАЛА.
Ну а зараз ты адпусціш матыля!
І нікому больш зрабіць не зможаш зла!
З’яўляецца Конік. Разам з Пчалой яны
развязваюць Матыля, потым звязваюць
той жа павуцінінай Павука.
ПАВУК.
Адпусціце! Я адразу ж уцяку,
І ніколі не вярнуся больш сюды!
МАТЫЛЬ.
Як жа нам, скажыце, верыць павуку!
КОНІК.
Ён падмане і натворыць зноў бяды!
ПАВУК.
Адпусціце! Я бяды не натвару!
Я свае манаткі хуценька збяру
І ўцяку куды далей... хоць за раку!
ПЧАЛА.
Ну дык як, сябры? Паверым павуку?
МАТЫЛЬ.
Ну... калі аж за раку – няхай бяжыць!
Без яго куды прыемней будзе жыць!
Развязваюць Павука, той уцякае.
КОНІК.
Без яго мы будзем зноўку танцаваць,
Зноўку будзем песні весела спяваць!
Ён бярэ сваю скрыпачку, пачынае граць.
З усіх бакоў зноў злятаюцца матылі і мухі.
КОНІК ( спявае).
Цілі-лі! Цілі-лі!
Павука перамаглі!
Цілі-бом! Цілі-бом!
Танцуй пчала з матылём!
Пчала з матылём пачынаюць танцаваць.
МАТЫЛЬ.
Цілі-лі! Цілі-лі!
Падтрымайце, матылі!
Падтрымайце, мухі!
Вы ж да танцаў – зухі!
МАТЫЛІ ( танцуюць).
Цілі-бом! Цілі-бом!
Карагод мы павядзём!
Скок-паскок! Скок-паскок!
Ў правы бок, і ў левы бок!
МУХІ ( танцуючы).
Як станцуем мы гапак,
Жу-жу-жу!
І вось гэтак, і вось так,
Жу-жу-жу!
Як нам весела спяваць,
Жу-жу-жу!
Каля кветак танцаваць,
Жу-жу-жу!
МАТЫЛІ.
Цілі-бом! Цілі-бом!
Будзем піць нектар нагбом!
Кветкі нас чакаюць,
Да сябе склікаюць!
МУХІ.
Мы таксама любім кветкі,
Жу-жу-жу!
Добра ўсё ж на лузе ўлетку,
Жу-жу-жу!
Раптам Конік перастае граць.
КОНІК.
Я б і далей граў для вас,
Ды вячэрыць, пэўна ж, час!
Разлятайцеся на кветкі!
Усе ляцяць да кветак, Конік паварочваецца
да гледачоў.
Вось і ўсё на сёння, дзеткі!
Спадабалася вам казка?
Калі так, дык, калі ласка,
Зноў на луг да нас прыдзіце,
Казку зноўку паглядзіце!
Але гэта ў іншы раз,
Бо якраз вячэрыць час!
Пабягу і я да кветкі,
А таму – дабранач, дзеткі!

К А Н Е Ц