Генадзь Аўласенка з тых пісьменнікаў, якіх не палохаюць ніякія крызісы — ні эканамічныя, ні духоўныя. Сельскі настаўнік, які многія гады выкладае біялогію ў розных школах Чэрвеньшчыны, ён яшчэ піша вершы, п’есы, апавяданні... І галоўнае — вельмі шмат піша для дзяцей. Творы Генадзя Аўласенкі часта друкуюцца — літаральна ва ўсіх дзіцячых газетах і часопісах краіны, ды і ў часопісах “Маладосць”, “Полымя”, у газеце “Літаратура і мастацтва”... (Кастусь Ладуцька "Адкуль прыходзяць казкі?")

...Гэта быў проста невялікі пакойчык, пасярод якога стаяў прыземісты металічны стол і металічнае ж крэсла побач з ім. Сцены пакойчыка таксама былі, здаецца, металічнымі, на іх не было нічога. Зусім нічога. У пісьме не ўпаміналася аб тым, што павінен ён убачыць у кабінеце. Там гаварылася, што ён павінен зайсці ў кабінет і... І сесці за стол... А што потым? У пісьме аб гэтым таксама нічога не казалася... ("Кабінет")
hline

Малпачка


Дзеючыя асобы:

1. Малпачка
2. Заяц Даўгавух
3. Заяц Таўстун
4. Малы заяц
5. Дзяўчынка
6. Лісіца
7. Воўк
8. Сарока
9. Мядзведзь

                                  ДЗЕЯ 1

Лясная палянка ўлетку. На ёй зайцы Таўстун і
Даўгавух. Яны кагосьці чакаюць.

ДАЎГАВУХ. Ну, дзе ж той карапуз?
ТАЎСТУН. Чакай, здаецца. Ідзе! ( Углядваецца.) Дакладней, ідуць!
ДАЎГАВУХ. Ідуць? Хто?
ТАЎСТУН. Ды малы наш... а з ім яшчэ хтосьці...
ДАЎГАВУХ. Хто?
ТАЎСТУН. Ну, я ж кажу: хтосьці!
ДАЎГАВУХ. (Углядваецца.) І сапраўды “хтосьці”! Толькі вось, хто? Ніколі такога не бачыў у нашым лесе!
ТАЎСТУН. Галоўнае, што не воўк і не лісіца!
На паляне з’яўляецца Малы заяц, за ім Малпачка.
МАЛЫ ЗАЯЦ. Глядзіце, каго я вам прывёў!
ДАЎГАВУХ. А хто гэта?
МАЛЫ ЗАЯЦ. Не ведаю!
Нейкі час зайцы разглядаюць Малпачку.
ТАЎСТУН.( Не зусім упэўнена.) Я, здаецца, ведаю, хто гэта. Гэта малпачка.
ДАЎГАВУХ. Што?
МАЛЫ ЗАЯЦ. Малпачка нейкая!
ТАЎСТУН. Не нейкая, а самая звычайная!
ДАЎГАВУХ. Якая ж яна звычайная, калі я яе першы раз у жыцці бачу?
ТАЎСТУН. А гэта таму, што малпачкі ў нас не жывуць, а жывуць яны... жывуць яны... Ну, карацей, дзесьці ў іншых месцах яны жывуць!
ДАЎГАВУХ. Так бы адразу і сказаў! ( Схамінаецца.) Чакай! А як жа яна тады тут апынулася? У нашых месцах!
МАЛЫ ЗАЯЦ. Яна зверху саскочыла. Якраз перада мной. Я нават спалохаўся крыху. Іду... і раптам яна скок з дрэва!
МАЛПАЧКА. І не “скок”, зусім нават не “скок”! Я звалілася!
ТАЎСТУН. З дрэва звалілася?
МАЛПАЧКА. І не з дрэва! І зусім нават не з дрэва! Не з дрэва, а з неба!
Нейкі час усе маўчаць.
ДАЎГАВУХ ( недаверліва). З неба? ( Глядзіць уверх, на Малпачку, зноў уверх.) А як гэта ты там апынулася?
МАЛПАЧКА. Дзе, там?
ТАЎСТУН. Ну, на небе, дзе ж яшчэ.
МАЛПАЧКА. Як апынулася? Ды я... я... я жыла там, вось!
ДАЎГАВУХ. На небе?
МАЛЫ ЗАЯЦ. Ты жыла на небе?
МАЛПАЧКА. Жыла! Не разумею, што тут дзіўнага!
ТАЎСТУН. А я не разумею, за што ты там трымалася? Ці можа ты лётаць умееш? ( Узмоцнена махае лапамі.) Вось так! Як птушка!
МАЛПАЧКА. Яшчэ чаго! Ды я... я... Ды вы, наогул, ведаеце, хто я такая? Я – дачка вялікага і магутнага Дракона, уладара ўсяго неба! ( Паказвае на неба, зайцы міжволі ўзнімаюць галовы.) І ўсёй зямлі, дарэчы, таксама!
МАЛЫ ЗАЯЦ. Усёй зямлі?
ДАЎГАВУХ. І нашага лесу таксама?
МАЛПАЧКА. Вы, я бачу, не хочыце мне верыць?!
ТАЎСТУН. Ну, не тое, каб не хацець, але...
МАЛЫ ЗАЯЦ. Але не верыцца нештачкі...
ДАЎГАВУХ. Таму, што гэтага проста быць не можа!
МАЛПАЧКА. А вось і можа! ( Тупае нагой, крычыць.) Можа! Можа! Можа! Можа! Можа! ( Змаўкае, глядзіць на зайцаў.) Ну, цяпер вы мне паверылі?
ТАЎСТУН. А хіба на небе ёсць нейкі Дракон? Ніколі яго там не бачыў!
МАЛПАЧКА. Ах, не бачыў! ( Задумваецца.) А бліскавіцу ты бачыў?
ТАЎСТУН. Бліскавіцу бачыў.
МАЛПАЧКА. Дык вось – гэта мой бацька Дракон вочы расплюшчвае!
ТАЎСТУН. Нічога сабе, вочкі!
МАЛЫ ЗАЯЦ. А гром? Гром – што гэта?
МАЛПАЧКА. Гром? Гром, гэта... гэта, калі мой бацька Дракон пазяхае!
ТАЎСТУН. Нічога сабе, раток!
МАЛЫ ЗАЯЦ. А дождж – гэта, пэўна, калі ён плакаць пачынае?
МАЛПАЧКА. Вось, вось! ( Схамінаецца.) Ды ты што! Мой бацька Дракон ніколі не плача!
МАЛЫ ЗАЯЦ. Дык адкуль тады дождж?
МАЛПАЧКА. Дождж – гэта... гэта... ( Тупае нагой.) Ды гэта нашы нябесныя сакрэты і нельга іх расказваць усялякім-розным!
МАЛЫ ЗАЯЦ ( пакрыўджана). А мы і не ўсялякія-розныя! Мы...
ДАЎГАВУХ. Ды памаўчы ты! ( Малпачцы.) А ў лесе нашым ты як апынулася?
МАЛПАЧКА ( сумна). Мяне зачаравалі!
ТАЎСТУН. Як так, зачаравалі?
МАЛПАЧКА. А так! Як звычайна зачароўваюць!
МАЛЫ ЗАЯЦ. А як звычайна зачароўваюць?
МАЛПАЧКА. Ды хіба ж я была малпачкай там, наверсе! Я была там прынцэсай!
ДАЎГАВУХ. Ты? Прынцэсай?
МАЛПАЧКА. Разумею – вам цяжка ў гэта паверыць! Але я і сапраўды была прынцэсай, самай прыгожай прынцэсай на свеце! Злая чараўніца ператварыла мяне ў гэтую брыдкую малпачку і агідную малпачку! (Усхліпвае.) А потым...
ТАЎСТУН. І зусім ты не брыдкая. І не агідная.
МАЛЫ ЗАЯЦ. Не перабівай! Дык што, потым?
МАЛПАЧКА. Потым яна скінула мяне з неба на зямлю і я патрапіла ў гэты брыдкі лес!
ТАЎСТУН ( пакрыўджана). Наш лес не брыдкі! Зусім наадварот!
МАЛПАЧКА. Брыдкі! Брыдкі! Брыдкі! ( Тупае нагамі, раптам сціхае.) Чуеце?
ДАЛЁКІ ГОЛАС. Малпачка!
МАЛПАЧКА. Гэта яна! Гэта зноў яна!
ДАЎГАВУХ. Хто, яна?
МАЛПАЧКА. Злая чараўніца! Яна па-ранейшаму не хоча пакінуць мяне ў спакоі! ( Мітусіцца па палянцы.)
ГОЛАС. ( Ужо бліжэй.) Малпачка! Дзе ты?!
МАЛПАЧКА. Схавайце мяне! Схавайце хоць куды-небудзь!
Зайцы хаваюць Малпачку, хаваюцца самі. На паляне
з’яўляецца дзяўчынка.
ДЗЯЎЧЫНКА. (Спыняецца, падносіць далоні да роту, крычыць.) Малпачка! Прынцэсачка! ( Уздыхае.) Не знайсці мне яе, пэўна! ( Зноў крычыць.) Малпачка! Ты дзе? ( Зноў уздыхае, ідзе далей, знікае між дрэў.)
Малпачка і зайцы выбіраюцца са свайго сховішча.
МАЛПАЧКА. Ну што, бачылі?! Чулі?!
ТАЎСТУН. Якая ж гэта чараўніца? Звычайная дзяўчынка.
МАЛПАЧКА. Ды яна проста прыкідваецца дзяўчынкай! А на самой справе – гэта самая злая і магутная чараўніца ў свеце! Яе імя...
ТАЎСТУН ( спалохана). Не трэба імя!
МАЛПАЧКА. Яе імя – Гільбатура-Балбатура-Дзікабраза...
ТАЎСТУН. Хопіць! Мне ўжо страшна!
МАЛЫ ЗАЯЦ. І мне!
ДАЎГАВУХ. Баязліўцы! ( Спалохана азіраецца.)
МАЛПАЧКА. Ну... і гэтак далей! Вельмі доўгае імя!
ТАЎСТУН. І ўсё ж я нешта не разумею! Ну, ператварыла яна цябе ў малпачку... з неба скінула... А зараз што ёй ад цябе яшчэ трэба?
МАЛЫ ЗАЯЦ. Сапраўды! Чаму яна ад цябе ніяк не адстане?
ДАЎГАВУХ. А можа яна хоча цябе зноў у прынцэсу ператварыць?
МАЛПАЧКА. Дачакаешся ад яе, як жа! Напэўна, яна хоча... хоча мяне ў кагосьці яшчэ ператварыць, больш брыдкага, чым малпачку! У зайца, к прыкладу.
МАЛЫ ЗАЯЦ ( пакрыўджана). Чым кепска быць зайцам, не разумею!
МАЛПАЧКА. А чым добра?
ТАЎСТУН. Ды ўсім!
МАЛПАЧКА. Ну добра, няхай не ў зайца! У чарвяка, вось!
ТАЎСТУН. У чарвяка – гэта сапраўды кепска! Вачэй няма, вушэй няма... лап, і тых няма! На пузе ўсё жыццё поўзай!
ДАЎГАВУХ. Ды пачакай ты са сваім пузам! ( Да Малпачкі.) Я вось чаго не разумею! Твой бацька Дракон – уладар неба...
МАЛПАЧКА. І зямлі!
ДАЎГАВУХ. Ну вось! Такі магутны, а за цябе не ўступіўся! Ён што, баіцца?
МАЛПАЧКА. Каго?
ДАЎГАВУХ. Ну, гэтай... Балбатурыны гэтай Арматурыны! Ён яе баіцца?
МАЛПАЧКА. Мой бацька Дракон нікога не баіцца! Наадварот, яго ўсе баяцца!
ДАЎГАВУХ. Дык яна ж не баіцца!
МАЛПАЧКА. Хто?
ДАЎГАВУХ. Ды Арматурына гэта!
МАЛПАЧКА ( сумна). Мой бацька проста ні аб чым не ведае! Ён не ведае нават, дзе мяне шукаць зараз!
ТАЎСТУН. А мне здаецца – зверху ўсё гэта вельмі проста ўбачыць! Тым больш – такімі вочкамі!
МАЛПАЧКА. Ды як жа ён мяне пазнае ў гэтым абліччы!
МАЛЫ ЗАЯЦ. А скажы, калі ласка...
МАЛПАЧКА. Ды хопіць вам ужо пытанні задаваць! Я стамілася! Я есці хачу!
ТАЎСТУН. Сапраўды, што гэта мы прычапіліся з гэтымі сваімі пытаннямі!
МАЛПАЧКА.( Глядзіць уверх.) Ура! Бананчыкі! ( Спрытна лезе ўверх па яліне, знікае з вачэй.) Колькі іх тут!
ТАЎСТУН. Пачакай, куды ты! Якія ж гэта бананчыкі, гэта ж шышкі звычайныя! ( Чакае адказу.) Не чуе!
МАЛЫ ЗАЯЦ. Ну, як яна вам?
ТАЎСТУН. Цікавая!
ДАЎГАВУХ. Нават занадта!
МАЛЫ ЗАЯЦ. А як вы лічыце, яна праўду кажа?
ДАЎГАВУХ. Калі не хлусіць, дык праўду...
ТАЎСТУН. А калі хлусіць?
МАЛЫ ЗАЯЦ. Ды не хлусіць яна, не хлусіць! Я ёй веру!
ТАЎСТУН. І я веру! І, наогул, яна мне спадабалася!
МАЛЫ ЗАЯЦ. І мне! А табе, Даўгавух?
ДАЎГАВУХ. Не ведаю. Паглядзім.
МАЛЫ ЗАЯЦ. Тут не глядзець – тут дапамагаць трэба!
ДАЎГАВУХ. А як мы ёй можам дапамагчы?
МАЛЫ ЗАЯЦ. А давайце паклічам яе бацьку Дракона!
ДАЎГАВУХ. Гэта з тваім голасам? Ды ты за куст адыйдзеш – і не чуваць цябе!
МАЛЫ ЗАЯЦ. А мы ўсе ўтрох паклічам! Як ты, Таўстун?
ТАЎСТУН. Паклікаць можна. Але ж боязна неяк! А раптам гэты Дракон на нас асярдуе ды як разіне раток!
ДАЎГАВУХ. Ну і дурні ж вы абодвы!
ТАЎСТУН. Чаму дурні?
ДАЎГАВУХ. Таму! Крычыце ўдвух, калі рабіць больш няма чаго!
МАЛЫ ЗАЯЦ. А ты, значыцца, не жадаеш?!
ДАЎГАВУХ. А я, значыцца, не жадаю! ( Узнімае галаву.) Вунь ваша прынцэса ўніз спускаецца! Страчайце яе вялікасць!
З дрэва саскоквае Малпачка з шышкай у лапе.
МАЛПАЧКА. Гэта вы знарок?! ( Шпурляе шышку на зямлю.) Знарок, так?!
МАЛЫ ЗАЯЦ. Што, знарок? Нічога не разумею!
МАЛПАЧКА. Вы знарок мне замест бананаў брыдоту гэтую падсунулі?!
ТАЎСТУН. Ды нічога мы не падсоўвалі!
МАЛЫ ЗАЯЦ. Мы ж крычалі табе, папярэджвалі!
МАЛПАЧКА. Крычалі! Папярэджвалі! Ды што мне ад гэтага вашага папярэджання! Я вось зараз... зараз вось я... Вось вазьму зараз ды і памру з голаду! ( Прыкладвае далонь да ілба.) Так, галава кружыцца пачынае! А цяпер у вачах цямнее! А зараз... зараз я ўжо паміраю, здаецца... ( Падае на зямлю.)
МАЛЫ ЗАЯЦ. Зайцы! Патрэбна тэрміновая дапамога! ( Глядзіць на Таўстуна. Даўгавух таксама глядзіць на Таўстуна.)
ТАЎСТУН. Ну, а чаму я?
МАЛЫ ЗАЯЦ. Таму, што я сваё ўжо з’еў!
ДАЎГАВУХ. І я з’еў!
ТАЎСТУН. Эх, чаму ж я не з’еў! ( Уздыхае.) Ну, добра, добра! ( Ідзе, спыняецца.) А яна, прынцэса гэтая... яна жывая яшчэ?
МАЛПАЧКА.( З зямлі.) Жывая, жывая! Ідзі хутчэй!
ТАЎСТУН. Ну, добра! ( Зноў уздыхае.) Я зараз вярнуся! ( Ідзе ў лес.)
МАЛПАЧКА. ( Слабым голасам.) Калі я памру, перадайце...
МАЛЫ ЗАЯЦ. Ды не памрэш ты!
МАЛПАЧКА. Не перашкаджай! ( Зноў ледзь чутна.) Перадайце майму бацьку Дракону, што я...
ДАЎГАВУХ. А як мы яму перададзім?
МАЛПАЧКА.( Ускоквае.) Ды што вы ўсё перашкаджаеце! Памерці спакойна не дадуць!
Вяртаецца Таўстун з некалькімі морквінамі ў лапах.
ТАЎСТУН. Вось! ( Працягвае адну морквіну Малпачцы.) Частуйся!
МАЛПАЧКА ( падазронна ). Што гэта?
ТАЎСТУН. Морквачка! Ды ты еш, не бойся!
МАЛПАЧКА. ( Бярэ морквіну.) А яна мне спадабаецца?
МАЛЫ ЗАЯЦ. Спадабаецца, спадабаецца!
МАЛПАЧКА. Ну, добра! ( Адкусвае кавалачак.)
ТАЎСТУН. Ну як?
МАЛПАЧКА. Так сабе! Бананы смачнейшыя!
ТАЎСТУН. А па мне, дык смачней за морквачку і, наогул, нічога ў свеце не існуе! ( Таксама адкусвае кавалачак морквіны.)
МАЛПАЧКА. Э,э! Ты што гэта робіш?
ТАЎСТУН. Морквачку ем.
МАЛПАЧКА. А я?! Ты пра мяне ўжо і забыўся?!
ТАЎСТУН. Ну... на табе яшчэ адну!
МАЛПАЧКА. Адну?
ТАЎСТУН. Ну, на – дзве!
МАЛПАЧКА. Ну, ты і скнара! ( Забірае ў разгубленнага Таўстуна ўсю моркву, нават надкусаную.) А ты сабе яшчэ знойдзеш!
ТАЎСТУН. Дык я, гэта... не ведаю, ці знайду...
МАЛПАЧКА.( Грызучы моркву.) Знойдзеш, знойдзеш, я ў гэтым упэўнена! І мне яшчэ прынясеш, ці не так?
Зайцы моўчкі пераглядваюцца, а Малпачка нарэшце
з’ядае ўсю моркву.
МАЛПАЧКА.( Пазяхае.) Я спаць хачу! ( Кладзецца пад дрэвам, нейкі час ляжыць нерухома, потым ускоквае.) Ды хто гэта мяне ўвесь час казыча?
МАЛЫ ЗАЯЦ. Гэта, пэўна, мухі.
МАЛПАЧКА. Мухі, мухі! ( Абурана глядзіць на зайцаў.) Гэта што ж выходзіць такое?!
ТАЎСТУН. А што выходзіць?
МАЛПАЧКА. Выходзіць, што мне не толькі паесці не даюць, але і паспаць!
ТАЎСТУН. Ты ж паела.
МАЛПАЧКА. Не перабівай! ( Уздыхае.) Хіба ж гэта ежа для прынцэсы! А вось цяпер я спаць жадаю! Ну, чаго вы на мяне так глядзіце? Я спаць жадаю!
МАЛЫ ЗАЯЦ. Дык мы ж не супраць! Спі.
МАЛПАЧКА. Ды як жа я магу заснуць, калі гэтыя надакучлівыя мухі ўвесь час мяне казычуць! Ну, што вы на мяне зноў глядзіце?! Ну, зрабіце што-небудзь! Зрабіце, каб гэтыя брыдкія мухі мяне не казыталі!
ТАЎСТУН. А як нам гэта зрабіць?
МАЛПАЧКА. А мне адкуль ведаць! Ну, скажыце ім!
МАЛЫ ЗАЯЦ. Каму?
МАЛПАЧКА. Мухам! Скажыце, што мяне нельга казытаць, я – прынцэса! Няхай вас казычуць!
Зайцы зноў пераглядваюцца.
ТАЎСТУН. Ды яны і нас казычаць.
МАЛПАЧКА. Казычаць, ды не ўсе! Скажыце ім, каб яны ўсе вас казыталі!
ДАЎГАВУХ. Сказаць не цяжка, але ж яны нас усё роўна не паслухаюць.
МАЛЫ ЗАЯЦ. Бо гэта ж мухі!
МАЛПАЧКА. Мухі, мухі! Бяда мне з вамі! Усё самой вырашаць прыходзіцца, кожную дробязь! ( Задумваецца.) Бярыце тады ў лапы галінкі і адганяйце ад мяне мух! Ну, чаго вы на мяне ўсё глядзіце?! ( Кладзецца на зямлю.) Бярыце галінкі і пачынайце! Ну, доўга мне яшчэ чакаць?!
Таўстун і Малы заяц бяруць галінкі, пачынаюць махаць
над Малпачкай.
МАЛПАЧКА. Асцярожней! Ты мне ледзь у вока не патрапіў!
Малпачка засынае.
ТАЎСТУН. ( Шэптам.) Заснула, здаецца....
МАЛЫ ЗАЯЦ. Дык можа хопіць ужо махаць?
ТАЎСТУН. Давай яшчэ крышачку. Каб не прачнулася, часам!
Яны працягваюць махаць галінкамі над Малпачкай.
Даўгавух з насмешкай за імі пазірае.
ДАЗГАВУХ. Ну што, яна вам па-ранейшаму падабаецца?
МАЛЫ ЗАЯЦ. Цішэй! Разбудзіш!
ТАЎСТУН. Ну... вядома ж, у яе ёсць свае недахопы...
ДАЎГАВУХ. Нахабства гэта, а не недахопы! Нахабства і нявыхаваннасць!
МАЛЫ ЗАЯЦ. Ды цішэй вы!
ТАЎСТУН.( Шэптам.) Не забывай, што яна прынцэса!
ДАЎГАВУХ. Прынцэса з доўгім хвастом! Карацей, вы як сабе хочаце, а я пайшоў!
ТАЎСТУН. Куды?
ДАЎГАВУХ. Падалей адгэтуль! Туды, дзе няма нахабных і нявыхаванных прынцэс! А таксама дурных зайцаў, якія з уласнай скуры гатовы вылузнуцца, толькі б ім дагадзіць!
Малпачка пачынае варочацца.
МАЛЫ ЗАЯЦ. Ты яе разбудзіў! ( Махае галінкай, спявае.) Баю-баюшкі-бай-бай! Спі прынцэса, засынай! ( Даўгавуху, шэптам.) Ну і ідзі! Трымаць не станем!
ДАЎГАВУХ. Ну і заставайся! Таўстун, пойдзеш са мной?
МАЛЫ ЗАЯЦ. Не слухай яго, Таўстун! Няхай ідзе!
ТАЎСТУН ( нерашуча). Ды я, гэта... разумееш, калі б толькі... вось!
ДАЎГАВУХ. Карацей, ты ідзеш альбо не?
МАЛЫ ЗАЯЦ. Не ідзе ён, не ідзе! Праўда ж, Таўстун?
ТАЎСТУН. Ды я, гэта... я разумею, што неяк не тое... але ж я...
ДАЎГАВУХ. Ну, і як сабе хочаце!
Ён ідзе прэч, Таўстун і Малы заяц нейкі час глядзяць
яму ўслед, пры гэтым яны па-ранейшаму махаюць галінкамі.
МАЛЫ ЗАЯЦ. Нічога, нічога! Хай ідзе! А мы з Малпачкай сябраваць будзем!
ТАЎСТУН. Будзем сябраваць! ( Уздыхае.)
МАЛЫ ЗАЯЦ. З ёй жа так цікава, праўда?
ТАЎСТУН. Праўда! ( Зноў уздыхае.) А можа хопіць нам ужо махаць? У мяне аж лапы замлелі!
МАЛЫ ЗАЯЦ. Давай яшчэ крыху памахаем! Бачыш – мух колькі!
Зайцы працягваюць адганяць ад Малпачкі мух.

КАНЕЦ 1-Й ДЗЕІ


                                  ДЗЕЯ 2

Тая ж палянка праз некалькі дзён. Пад дрэвам
сядзіць Малпачка. З’яўляецца Таўстун з морквай.

МАЛПАЧКА ( незадаволена). Ты б яшчэ даўжэй цягаўся!
ТАЎСТУН. Ды я, гэта...
МАЛПАЧКА. Бадзяецца там дзесьці, а мне тут хоць з голаду памірай!
( Глядзіць на моркву.) Зноў гэта брыдкая морква! Бачыць яе больш не магу, надакучыла яна мне! ( Тупае нагой.) Надакучыла, разумееш!
ТАЎСТУН ( вінавата). Разумею!
МАЛПАЧКА. Мне разнастайнае харчаванне патрэбна, а ты мне адну толькі моркву і прыносіш! Вось вазьму зараз ды і памру ад недахопу вітамінаў!
ТАЎСТУН. Ну… я ж не паміраю!
МАЛПАЧКА. То ты, а то я! Якое тут можа быць нават параўнанне!
ТАЎСТУН. Ну… я і не ведаю нават, што табе прапанаваць яшчэ? Капусту ж ты не ясі.
МАЛПАЧКА. Вось, вось! Толькі мне і засталося капустай тваёй душыцца! Можа ты мне і кару грызці прапануеш!
ТАЎСТУН. А што, кара! Кара, яна таксама някепскі пачастунак, асабліва ўзімку... асінавая альбо калі з яблынькі маладой...
МАЛПАЧКА. Вось і грызі яе сам! ( Нейкі час абодвы маўчаць.) Ну, чаго чакаеш? Давай сюды гэтую сваю моркву!
Яна пачынае грызці моркву, на палянцы з’яўляецца
Малы заяц з кошыкам.
МАЛПАЧКА.( З набітым ротам.) Ну што, прынёс арэхі?
МАЛЫ ЗАЯЦ ( вінавата). Не, вавёркі не далі!
МАЛПАЧКА. Як гэта, не далі?! Чаму?!
МАЛЫ ЗАЯЦ. Яны сказалі, што арэхі гэтага году яшчэ не паспелі, а мінулагодніх у іх мала засталося. Толькі сваім малым дзеткам.
МАЛПАЧКА. Вось, вось! Як для сваім дзетак, дык у іх ёсць, а як для дачкі нябеснага ўладара... Ты сказаў ім, хто я такая?
МАЛЫ ЗАЯЦ. Сказаў.
МАЛПАЧКА. А яны што?
МАЛЫ ЗАЯЦ. Нічога. Пасмяяліся толькі.
МАЛПАЧКА.( Ускоквае, мітусіцца па палянцы.) Не, вы, пэўна, згаварыліся! Вы згаварыліся замарыць мяне голадам! ( Адначасова яна грызе моркву.) Вось дачакаецеся – скажу свайму бацьку Дракону і ён у адно імгненне ўвесь гэты ваш брыдкі лес да самых каранёў знішчыць!
ТАЎСТУН. І нас?
МАЛЫ ЗАЯЦ. Мы ў чым вінаватыя?
МАЛПАЧКА. Ты ягад назбіраў?
МАЛЫ ЗАЯЦ. А як жа! ( Працягвае ёй кошык.) Вось, частуйся! Тут і сунічкі, і чарнічкі... нават і малінкі крыху...
МАЛПАЧКА.( Хапае кошык.) І гэта ўсё?!
МАЛЫ ЗАЯЦ ( разгублена) Усё! А што, мала?
МАЛПАЧКА. ( Прыгаршчамі закідвае ў рот ягады.) Ну вядома ж, мала! (Кідае Малому зайцу парожні кошык.) Ідзі, яшчэ набяры! І паболей!
МАЛЫ ЗАЯЦ. ( Бярэ кошык.) Добра, набяру!
Нейкі час усе маўчаць.
МАЛПАЧКА. Ну?!
МАЛЫ ЗАЯЦ. Што, ну?
МАЛПАЧКА. Ты сказаў, добра, набяру!
МАЛЫ ЗАЯЦ. Ну, сказаў!
МАЛПАЧКА. Ну дык чаго ты чакаеш?
МАЛЫ ЗАЯЦ. Я адпачну крыху. Стаміўся.
МАЛПАЧКА. А я ягад хачу!
МАЛЫ ЗАЯЦ. Ну, добра, добра! Іду! ( З неахвотай ідзе ў лес.)
МАЛПАЧКА.( Таўстуну.) Табе што, не шкада сябра?
ТАЎСТУН. Шкада! Ён і сапраўды змарыўся!
МАЛПАЧКА. Ну дык бяжы, дапамагай яму ягады збіраць! Хутчэй жа будзе!
ТАЎСТУН. І тое праўда! ( Павольна ідзе ў лес.)
МАЛПАЧКА. І без поўнага кошыка ягад нават і не вяртайцеся! ( Уздыхае.) Бяда мне з імі! ( Кладзецца пад дрэва.) І трэба ж было мне, не куды-небудзь, а менавіта ў гэты брыдкі лес патрапіць!
На паляне з’яўляецца Лісіца.
ЛІСІЦА. Ну, і чым жа табе наш лес не падабаецца?
МАЛПАЧКА.( Ускоквае.) О, хто ты, чароўная незнаёмка?
ЛІСІЦА. Як, як? Чароўная? Хм... Ну, працягвай, працягвай!
МАЛПАЧКА. Не магу!
ЛІСІЦА. Што значыць, не магу?!
МАЛПАЧКА. Не магу, бо ў мяне няма слоў, каб хоць крышку, хоць набліжана апісаць імі вашу выключную, незвычайную прыгажосць!
ЛІСІЦА. Дык ты... ты лічаш, што я... што я прыгожая?
МАЛПАЧКА. О, не! Я так не лічу!
ЛІСІЦА. Што?! Ды я ж цябе зараз...
МАЛПАЧКА ( паспешліва). Я лічу, што прыгажэй за вас нікога, наогул, не існуе! На ўсім белым свеце! А які ў вас хвост! Ах, які хвост! Вось каб у мяне быў такі!
ЛІСІЦА.( Падыходзіць бліжэй.) Ведаеш, я спачатку хацела цябе з’есці, але зараз перадумала! Ты мне, як гэта не дзіўна, таксама спадабалася!
МАЛПАЧКА. О, я бачу, што вы не толькі самая прыгожая, але і самая разумная ва ўсім белым свеце! О, як бы я жадала пасябраваць з вамі! Гэта магчыма?
ЛІСІЦА. Ну, а чаму б нам і не пасябраваць! Але ж, я чула, ты з зайцамі сябруеш?
МАЛПАЧКА. Хто? Я? Вось яшчэ! Ды яны... яны проста прыслужваюць мне!
ЛІСІЦА. Ах, вось у чым справа!
МАЛПАЧКА. Толькі ў гэтым! Вельмі мне трэба з імі сябраваць! Яны ж такія брыдкія, такія дурныя...
ЛІСІЦА. Дурныя, але ж смачныя! ( Аблізваецца.)
МАЛПАЧКА. Калі так жадаеце, магу падараваць вам іх!
ЛІСІЦА. Жадаю, вельмі жадаю! ( Аблізваецца.)
МАЛПАЧКА. А вы мне за гэта бананчыкаў, добра?
ЛІСІЦА. Якіх-такіх бананчыкаў?
МАЛПАЧКА. Звычайных! У вас ёсць бананчыкі?
ЛІСІЦА. Няма ў мяне ніякіх бананчыкаў!
МАЛПАЧКА.( З трывогай.) Ды хоць морква, спадзяюся, у вас ёсць?
ЛІСІЦА. Знайшла ежу! ( Фыркае.) Я табе кавалак зайчаціны, так і быць. дам!
МАЛПАЧКА.( Убок.) Здаецца, я штосьці не тое зрабіла! Трэба мне такая сяброўка, у якой нават морквы няма!
ЛІСІЦА. Што ты толькі што сказала?
МАЛПАЧКА. Я сказала... сказала, што я за вас і ў агонь, і ў ваду!
ЛІСІЦА. Малайчына! А калі ты мне яшчэ і з зайцамі дапаможаш...
На палянцы з’яўляецца Воўк.
ВОЎК. Ого-го! ( Аблізваецца.)
ЛІСІЦА. Ідзі, ідзі адсюль! Мы тут з сябровачкай свае ўласныя пытанні вырашаем! Э, сябровачка, куды гэта ты?
МАЛПАЧКА.( Падыходзіць да Ваўка, павольна абыходзіць вакол яго.) Асілак! Ну, проста асілак!
ВОЎК ( задаволена). Ага-га!
МАЛПАЧКА. Магутны і нешматслоўны, як і ўсе асілкі!
ВОЎК. Ого-го!
ЛІСІЦА. Што ты там вярзеш, дурніца! Знайшла асілка! Ідзі да мяне!
МАЛПАЧКА. Да цябе? А хто ты такая?!
ЛІСІЦА. Хто я такая?!
МАЛПАЧКА. Падумаеш, хвост аблезлы расфуфырыла!
ЛІСІЦА. Аблезлы?! ( Глядзіць на свой хвост, зноў на Малпачку.) Ды я ж цябе зараз!
МАЛПАЧКА.( Хаваецца за Ваўка.) О, дапамажы мне магутны і нешматслоўны асілак!
ВОЎК. Ага-га! ( Вышчэрвае на Лісіцу зубы.)
МАЛПАЧКА. Што, з’ела?!
ЛІСІЦА Нічога, нічога! Мы з табой яшчэ сустрэнемся, сябровачка! ( Ідзе прэч.)
МАЛПАЧКА. Ідзі, ідзі! Ды хвост свой аблезлы не згубі! ( Ваўку.) О, дзякуй табе, магутны і непераможны асілак!
ВОЎК.( Аблізваецца.) Ага-га! ( Абнюхвае Малпачку.)
МАЛПАЧКА. А гэта яшчэ навошта? ( Воўк, ашчэрыўшы зубы, кідаецца на яе, Малпачка з цяжкасцю ўхіляецца, заскоквае на дрэва.)
МАЛПАЧКА. Ты што? З’есці мяне хочаш?
ВОЎК. Ага-га! ( Зноў аблізваецца.)
МАЛПАЧКА. Ідзі адсюль, дурань шэры! Ідзі, ідзі, мяне табе не злавіць!
Воўк у апошні раз шчэрыць зубы, ідзе прэч. Малпачка
асцярожна злазіць з дрэва.
МАЛПАЧКА.( Азіраецца.) Пайшоў, здаецца! А дзе ж тыя зайцы з ягадамі? Як добра, што яны нічога не чулі!
На паляне з’яўляюцца зайцы.
ТАЎСТУН. Мы ўсё чулі!
МАЛЫ ЗАЯЦ. І ўсё бачылі!
МАЛПАЧКА. Праўда? ( Зайцы маўчаць.) Бачылі, як я з імі змагалася! Як я іх прагнала прэч, каб вас абараніць!
ТАЎСТУН ( шматзначна). Мы ўсё бачылі!
МАЛЫ ЗАЯЦ. І ўсё чулі!
МАЛПАЧКА ( няўпэўнена). А ягады дзе?
ТАЎСТУН. А дзе ж ім быць? У лесе, вядома!
МАЛПАЧКА. А чаму ж вы іх не назбіралі?
МАЛЫ ЗАЯЦ. А навошта нам іх збіраць?
МАЛПАЧКА. Для мяне!
ТАЎСТУН. А хто ты такая, каб мы для цябе ягады збіралі?!
МАЛЫ ЗАЯЦ. Мы можа і дурныя, як ты нас толькі што назвала, але не да такой жа ступені!
МАЛПАЧКА. Што?! Ды вы... ды я... Ды як вы са мной размаўляеце?!
ТАЎСТУН. Ды мы з табой, наогул, размаўляць не жадаем!
МАЛЫ ЗАЯЦ. Другіх дурняў для сябе пашукай!
МАЛПАЧКА. І знайду! Трэба вы мне вельмі! ( Ідзе прэч, спыняецца.) Усё пра вас свайму бацьку Дракону разкажу!
ТАЎСТУН. Ідзі, ідзі! Расказываай!
МАЛЫ ЗАЯЦ. Напалохала!

КАНЕЦ 2-Й ДЗЕІ




                          ДЗЕЯ 3

Лес. З аднаго боку вялізнае паваленае дрэва.
З’яўляюцца Таўстун і Малы заяц.

ТАЎСТУН. Сумна ўдвух!
МАЛЫ ЗАЯЦ. Сумна! ( Уздыхае.)
ТАЎСТУН. І Даўгавух некуды знік!
МАЛЫ ЗАЯЦ. Знік! ( Зноў уздыхае.)
ТАЎСТУН. А ўсё таму, што мы пасварыліся з ім! З-за гэтай... прынцэсай!
МАЛЫ ЗАЯЦ. Ну, хто ж ведаў, што яна акажацца гэткай злой і няўдзячнай эгаісткай!
ТАЎСТУН. Ды яна з самага пачатку такой была! Проста мы гэтага заўважаць не хацелі!
МАЛЫ ЗАЯЦ. Слухай, а можа яна сама і не вінаватая ў гэтым! Можа яе так Балбатурыны-Арматурына зачаравала!
ТАЎСТУН. Вой, не ўспамінай ты лепш пра гэтую Арматурыну! ( трывожна азіраецца.) Можа яна ўсё яшчэ дзесьці па лесе швэндаецца!
МАЛЫ ЗАЯЦ. Ну і няхай швэндаецца! ( Таксама трывожна азіраецца.) Мы тут прычым?!
ТАЎСТУН. Вось ператворыць яна цябе ў якога-небудзь чарвяка, будзеш ведаць! Вой, а гэта не яна там ляціць?!
МАЛЫ ЗАЯЦ. Ды не, гэта Сарока!
Вылятае Сарока, садзіцца на галінку.
САРОКА. Прывітанне! Прывітанне! Прывітанне!
ТАЎСТУН. З’явілася, балбатурына!
МАЛЫ ЗАЯЦ. Добра, што не арматурына!
Зайцы смяюцца.
САРОКА ( пакрыўжана). Я вось хацела вам адну навіну сказаць – а зараз не скажу!
ТАЎСТУН. Скажаш, не вытрымаеш!
САРОКА. А вось і не скажу! ( Змаўкае, зайцы таксама маўчаць.) Ну, добра ўжо, не буду вас мучыць! А навіна такая – Малпачка ваша, яна, ведаеце з кім пасябравала?
МАЛЫ ЗАЯЦ. Ведаем! З Лісіцай спачатку, потым з Ваўком...
САРОКА. Ведаеце, ды не ўсё! Яна ўжо з самім Міхайлам Патапычам пасябравала!
ТАЎСТУН. З Мядзведзем?
МАЛЫ ЗАЯЦ. З дзядзькам Міхайлам? Не можа быць!
САРОКА. А вось і можа! Вось і можа! Сама бачыла! Ён яе мёдам частуе, а яна яму пра вас ўсялякія плёткі расказвае!
ТАЎСТУН. Пра нас?
МАЛЫ ЗАЯЦ. Плёткі?
САРОКА. Ну, можа й не плёткі! Кажа, што вы яе крыўдзілі, голадам марылі...
ТАЎСТУН. Мы?!
МАЛЫ ЗАЯЦ. Ды як жа ёй не сорамна казаць такое!
САРОКА. Вось, вось! Яшчэ казала Мядзведзю, што вы яго ні кропелькі не паважаеце!
ТАЎСТУН. Мы? Дзядзьку Міхайла!
САРОКА. Насміхаецеся над ім!
МАЛЫ ЗАЯЦ. Ды гэта ж няпраўда!
САРОКА. Вось я і кажу! ( Азіраецца.) Эх, каму б яшчэ гэтую навіну расказаць?! ( Ляціць прэч.) Апошняя навіна! Самая апошняя навіна!
Нейкі час зайцы маўчаць.
ТАЎСТУН. Няўжо ён паверыць ёй, гэтай пляткарцы!
МАЛЫ ЗАЯЦ. Гэта я ва ўсім вінаваты! Я прывёў яе сюды!
ТАЎСТУН. Мы абодвы вінаваты! ( Глядзіць пад паваленае дрэва.) Капустка зайцава! Ды так шмат! ( Засоўвае лапу пад дрэва.) Зараз я нарву яе для нас!
( Раптам дрэва падае ўніз.) Вой, прыціснула!
МАЛЫ ЗАЯЦ. Зараз я дапамагу табе вызваліцца! ( Спрабуе роыўзняць дрэва, але беспаспяхова.) Што ж нам рабіць?! На дапамогу клікаць трэба!
ТАЎСТУН. Чакай! А раптам Воўк ці Лісіца пачуюць! Ці гэтая… Балбатурына- Арматурына!
МАЛЫ ЗАЯЦ. ( З жахам.) Ды вунь жа яна ідзе! ( Бяжыць прэч.)
ТАЎСТУН. Куды ты? ( З лесу выходзіць дзяўчынка.) Злая чараўніца!
ДЗЯЎЧЫНКА. Зайчык! ( Ідзе да яго.)
ТАЎСТУН. Прапаў я!
ДЗЯЎЧЫНКА. Ты лапку зашчаміў, небарака! Зараз я дапамагу табе вызваліцца! ( Дапамагае Таўстуну вызваліць лапу.) Ну, вось і ўсё! Не трэба так дрыжаць!
ТАЎСТУН. О, м-магутная ч-чараўніца...
ДЗЯЎЧЫНКА. Хто, хто? Як ты мяне назваў?
ТАЎСТУН. О, в-вялікая Б-Балбатурына-Арматурына...
ДЗЯЎЧЫНКА. Якая арматурына? ( Паціскае плячмі.) Нічога не разумею!
ТАЎСТУН. Толькі н-не п-ператварай мяне ў ча-ча-ча-ча...
ДЗЯЎЧЫНКА. У каго?
ТАЎСТУН. У ча-чарвяка! Я не хачу ўсё жыццё поўзаць на жываце-це-це!
ДЗЯЎЧЫНКА. Чаму ты вырашыў, што я буду ператвараць цябе ў чарвяка?
ТАЎСТУН. Я ні-нічога такога не вырашаў! Я так, на ўсялякі выпадак! Бо потым ужо позна будзе прасіць, пасля таго, як ты мяне ўжо зачаруеш!
ДЗЯЎЧЫНКА. Ды я нават не ведаю, як гэта робіцца!
ТАЎСТУН ( недаверліва). Праўда?
ДЗЯЎЧЫНКА. Клянуся табе!
ТАЎСТУН. Але ж прынцэсу ты зачаравала!
ДЗЯЎЧЫНКА. Якую прынцэсу?
ТАЎСТУН. Дачку нябеснага Дракона! Гэта ж ты ператварыла яе ў малпачку?
ДЗЯЎЧЫНКА. Хто табе сказаў такое?
ТАЎСТУН. Ды яна ж сама і сказала! Малпачка, дакладней, прынцэса!
ДЗЯЎЧЫНКА. Ах вось яно што! ( Смяецца.) Тады ўсё зразумела! Ведаеш, яна такая фантазёрка, мая малпачка!
ТАЎСТУН. Твая малпачка? Але ж ты сама называла яе прынцэсачкай!
ДЗЯЎЧЫНКА. Ну так, называла, бо яна любіць калі яе называюць прынцэсай!
ТАЎСТУН. Дык яна звычайная малпачка?
ДЗЯЎЧЫНКА. Ну так! І незвычайная фантазёрка!
ТАЎСТУН. Цяпер мне ўсё зразумела! Незразумела толькі, як твая малпачка змагла ў нашым лесе апынуцца!
ДЗЯЎЧЫНКА (сумна). Яна ўцякла ад мяне!
ТАЎСТУН. Чаму?
ДЗЯЎЧЫНКА. Не ведаю! ( Уздыхае.) Напэўна, ёй было сумна са мной. У мяне заўсёды былі нейкія справы, сябры... а яна жадала каб я ўвесь свой час праводзіла толькі з ёй. А я... я... ( Плача.)
ТАЎСТУН. Ну, не трэба, не трэба плакаць! Мы адшукаем тваю малпачку! Мы зараз жа пойдзем яе шукаць!
ДЗЯЎЧЫНКА. Ідзем! ( Спыняецца.) А раптам яна не захоча вярнуцца да мяне! Што тады?
ТАЎСТУН. Не ведаю! ( Чухае лапкай патыліцу.)
ДЗЯЎЧЫНКА. І я не ведаю! ( Уздыхае.) Але ўсё роўна нам трэба яе адшукаць!
Яны ідуць у лес. Вылятае Сарока.
САРОКА. Усё чула! Усё ведаю! Ах, якая навіна! Якая цікавая навіна! Трэба ўсім расказаць! ( Ляціць у лес, голас паступова заціхае.) Апошняя навіна! Самая апошняя навіна!
З’яўляецца Малпачка. Выгляд у яе даволі сумны.
МАЛПАЧКА. Не паверыў! Прэч прагнаў! Дыс яшчэ і сказаў, што я, гэта... што я – злая і няўдзячная інтрыганка і эгаістка! І яшчэ штосьці казаў такое, толькі я не ўсё зразумела. ( Спыняецца.) Ды хіба ж я такая?!Як ён пасмеў мяне так зневажыць! ( Уздыхае.) Вой, як есці хочацца! Ну, чаму, чаму я такая?! Чаму мне ўвесь час хочацца штосьці гэткае ўтварыць! Ну, так і карціць, так і цягне! Вось і зайцаў абразіла, а яны для мяне ўсё рабілі! А хіба кепска мне было ў дзяўчынкі! Чаму, ну, чаму я збегла ад яе?! Вой, хто ж там крадзецца?! Гэта... гэта...
З гушчару выскоквае Лісіца.
ЛІСІЦА. Ну, прывітанне, сябровачка! Не забылася яшчэ пра мяне? Я вось пра цябе часта ўспамінаю! Усялякі раз, як толькі есці захочацца! А ты мяне ўспамінаеш?
МАЛПАЧКА. ( Павольна адыходзіць назад.) Я.. вы... Не падыходзьце да мяне!
ЛІСІЦА. Ды чаму ж мне не падыйсці да сваёй лепшай сябровачкі! Казала ж я табе, што мы яшчэ сустрэнемся! ( Кідаецца на Малпачку, але тая паспявае заскочыць на дрэва.) Нічога, нічога, я пачакаю! ( Садзіцца пад дрэвам.) Нікуды ты ад мяне не дзенешся!
МАЛПАЧКА. Паслухайце, я вас не зусім разумею! Вы што, пакрыўдзіліся на мяне тады?
ЛІСІЦА. Яшчэ як!
МАЛПАЧКА. Ну і дарэмна! Я ж пажартавала тады! Вы ж такая прыгожая!
ЛІСІЦА. Я яшчэ і галодная вельмі!
МАЛПАЧКА. Вымушана папярэдзіць вас, што я дачка вялікага і магутнага нябеснага Дракона! І калі вы хоць адным кіпцем мяне зачэпіце...
ЛІСІЦА. Дайшлі да мяне такія плёткі, але нешта не верыцца мне ў гэта! Не вельмі ты на драконіху падобная!
МАЛПАЧКА. А гэта таму, што мяне зачаравалі! Злая чараўніца, Балбатура...
Вылятае Сарока.
САРОКА. Вой, хлусіць! Вой, як хлусіць! І ніякая яна не прынцэса! Так, малпачка звычайная!
МАЛПАЧКА. Ябеда!
САРОКА. Не ябеда, а лясная рэпарцёрша! Эх, трэба ўсім астатнім навіну гэтую расказаць! ( Ляціць далей.) Апошняя навіна! Самая апошняя навіна!
ЛІСІЦА. Ну, што ты на гэта скажаш, сябровачка? ( Малпачка не адказвае.) Футы-нуты, якія мы ганарлівыя! Ну зусім, як сапраўдныя прынцэсы! Ну, маўчы, маўчы! Усё роўна я цябе з’ем! ( Ускоквае.) А ці не Воўк там шкандыбае?
З’яўляецца Воўк, ён валачэ Даўгавуха.
ЛІСІЦА. Ух ты! А я ж яго разявакам называла! А ён – вунь якую здабычу цягне! Прывітанне, кумок, прывітанне, даражэнькі! Якога ж вялізнага зайца ты спаймаў!
ВОЎК. Ага-га!
ДАЎГАВУХ. Знайшла вялізнага!
ЛІСІЦА. А цябе не пытаюць! ( Ваўку.) А якога тлустага!
ВОЎК. Ага-га!
ДАЎГАВУХ. Знайшла, тлустага!
ЛІСІЦА. А цябе не пытаюць! А як ты спаймаў яго, кумок?
ДАЎГАВУХ. Ды выпадкова! Іду я, значыцца...
ЛІСІЦА. А цябе ізноў не пытаюць! Слухай, кумок, ды гэтага ж зайца нам на дваіх хопіць! Праўда ж, шэранькі? ( Воўк маўчыць.) Ну, скажы “ага-га!”
ВОЎК( незадаволена). Ого-го!
ЛІСІЦА. А я ж цябе за гэта заморскай стравай пачастую! Бачыш вунь тую малпу на дрэве?
ВОЎК ( няўпэўнена). Ага!
ЛІСІЦА. Гэта ж я яе туды спецыяльна пасадзіла. Для лепшага смаку. Дык вось: спачатку мы з табой з’ядзім зайцв, а потым разам і малпу! Ты не супраць?
ДАЎГАВУХ. Я супраць!
ЛІСІЦА. А цябе не пытаюць! Ну дык як, шэранькі, згода?
ВОЎК ( няўпэўнена). Ага-га!
ЛІСІЦА. Ну вядома ж “ага-га”, шэранькі! Вядома ж, “ага-га”! ( Задумваецца.)
Ведаеш, шэранькі, нешта я добрая сёння! Так і быць – даю табе ўзамен гэтага худога і мізэрнага зайца...
ДАЎГАВУХ ( пакрыўджана). Не такі я ўжо і мізэрны!
ЛІСІЦА. А цябе не пытаюць! Дык вось, шэранькі, замест гэтай заячай дробязі я аддаю табе сваю вялізную і тлустую малпу!
МАЛПАЧКА ( пакрыўджана). Чаму гэта я тлустая? Ніякая я не тлустая!
ЛІСІЦА. А цябе таксама не пытаюць! ( Ваўку.) Ну як, шэранькі, згодзен?
( Воўк не адказвае.) Па вачах бачу, што згодзен? Так?
ВОЎК ( няўпэўнена). Эгэ-гэ!
ЛІСІЦА. Не тое, шэранькі, не тое!
ВОЎК. Ого-ого!
ЛІСІЦА. Зноў не тое! Што трэба сказаць?
ВОЎК. Ага-га?
ЛІСІЦА. Правільна, шэранькі! ( Выхоплівае ў яго Даўгавуха.) Прыемнага апетыту, шэранькі!
Лісіца бяжыць прэч, а Воўк нарэшце разумее, што
яго падманулі.
ВОЎК. Эге-ге! ( Даганяе Лісіцу, цягне Даўгавуха да сябе.)
ЛІСІЦА. Ты што ж гэта, дурань шэры, на чужога зайца зяпу разяўляеш? Гэта мой заяц! Ідзі сваю малпу лаві! ( Цягне Даўгавуха да сябе.)
ДАЎГАВУХ. Ратуйце!
ЛІСІЦА. А ты маўчы! Цябе гэта не датычыцца!
ДАЎГАВУХ. Нічога сабе, не датычыцца! На кавалкі раздзіраюць!
( Крычыць.) Ратуйце! Памажыце! Хоць хто-небудзь!
МАЛПАЧКА. Трымайся, Даўгавух! Я іду! ( Кідаецца зверху на Ваўка з Лісіцай, тыя ад нечаканасці выпускаюць зайца.)
МАЛПАЧКА. Уцякай, Даўгавух!
Даўгавух кідаецца наўцёк, Воўк за ім. Малпачка спрабуе
зноў заскочыць на дрэва, але Лісіца паспявае яе схапіць.
ЛІСІЦА. Ну, вось ты і папалася, сябровачка!
МАЛПАЧКА. Нічога! Затое Даўгавух уцёк!
ЛІСІЦА. Ён можа і ўцёк, а вось табе ад мяне нікуда не ўцячы! Ну што, шкадуеш, пэўна, што на дапамогу яму кінулася?
МАЛПАЧКА. Не шкадую!
ЛІСІЦА. Зноў ілжэш!
МАЛПАЧКА. Не! Я толькі што зразумела адну важную рэч!
ЛІСІЦА ( зацікаўлена). І што ж такога важнага ты зразумела?
МАЛПАЧКА. Я зразумела, што гаварыць праўду куды прыемней, чым ілгаць! А яшчэ я зразумела, што рабіць добрыя справы куды прыемней, чым кепскія!
ЛІСІЦА. А ці не пазнавата ты ўсё гэта зразумела?
МАЛПАЧКА. Магчыма і пазнавата! Але я шкадую...
ЛІСІЦА. Ага! Шкадуеш усё ж!
МАЛПАЧКА. Шкадую толькі аб тым, што не паспею ўжо папрасіць прабачэння ні ў зайцаў, якіх я так пакрыўдзіла, ні ў сваёй мілай гаспадыні! Гэта адзінае, аб чым я зараз шкадую!
ЛІСІЦА. Магчыма і я пашкадую цябе і не з’ем, але пры адной умове – ты павінна стаць такой, як была раней!
МАЛПАЧКА. Такой, як раней?
ЛІСІЦА. Ты павінна зноў стаць няўдзячнай, хлуслівай і ліслівай! Ты павінна зноў увесь час захапляцца маёй прыгажосцю! Ты згодна з маёй прапановай?
Інакш я цябе з’ем!
МАЛПАЧКА. Можаш рабіць са мной усё, што пажадаеш, але я не хачу быць ранейшай! Лепш з’еш мяне!
ЛІСІЦА. Ну і з’ем! Думаеш, не з’ем!
З лесу выскоквае Воўк. Цяжка дыхаючы, ён таксама
хапаецца за Малпачку.
ЛІСІЦА. Не чапай! Ідзі свайго зайца лаві! ( Нейкі час яны тузаюць Малпачку кожны да сябе.) Паслухай, Воўк, я табе прапаноўвала малпу за зайца?
ВОЎК. Ага-га!
ЛІСІЦА. Але ж ты потым сам ад гэтай прапановы адмовіўся! Так ці не?
ВОЎК ( няўпэўнена). Ага-га!
ЛІСІЦА. Ну дык што ж табе зараз ад мяне трэба, шэры абармот! ( Зноў пачынаюць тузацца.) Адпусці малпу! Адпусці, каму кажу!
З’яўляецца Мядзведзь, за ім Даўгавух.
МЯДЗВЕДЗЬ. Адпусціце яе абодвы! Каму кажу!
ВОЎК ( спалохана). Ого-го! ( адпускае Малпачку.)
ЛІСІЦА ( Лісліва). Добры дзянёчак вам, Міхал Патапыч! А мы тут з сябровачкай размаўляем сабе аб тым, аб сім... Ух ты, мая сябровачка! (Гладзіць Малпачку па галаве.) Уцю-цю-цю!
ВОЎК. Ага-га! ( таксама гладзіць Малпачку па галаве.) Уцю-цю-цю!
МЯДЗВЕДЗЬ. Я зараз як “уцюцюкну” вас абодвух!
ВОЎК І ЛІСІЦА. ( Разам.) Ого-го! ( Бягуць прэч.)
Астатнія нейкі час маўчаць.
МАЛПАЧКА.( Ціха.) Дзякуй вам за дапамогу!
ДАЎГАВУХ. Гэта табе дзякуй! Каб не ты... Чаму ты плачаш, Малпачка?
МАЛПАЧКА. Таму што... таму што я... што мне так сарамна! ( Усхліпвае.) Вы ўсе былі такімі добрымі да мяне, а я... я была такой няўдзячнай! ( Плача ўголас.)
МЯДЗВЕДЗЬ. Ну, не трэба плакаць! У кожнага, гэта... ёсць недахопы, вось!
ДАЎГАВУХ. Тым больш, што ты ўжо выпраўляцца пачала!
МАЛПАЧКА. А вось і не пачала! Вось і не пачала! ( Выцірае слёзы.) Я яшчэ толькі хачу пачаць! Вось зараз і пачну! Ведаеце, я ўсё хлусіла! Ніякая я не прынцэса! Я – самая звычайная малпачка!
ДАЎГАВУХ. Ну і што? Чым кепска быць малпачкай?
МАЛПАЧКА. Нічым! А дзяўчынка, якую мы бачылі ў лесе, ніякая яна не злая чараўніца! Гэта мая былая гаспадыня ! яна заўсёды была такой добрай, такой уважлівай да мяне! А я... я ад яе ўцякла, і зараз вельмі аб гэтым шкадую! Мне яе так не хапае!
З’яўляецца дзяўчынка, з ёй Таўстун і Малы заяц.
ДЗЯЎЧЫНКА. Мне таксама вельмі не хапае цябе, мая прынцэсачка!
МАЛПАЧКА. Праўда? ( Дзяўчынка ківае.) Я па цябе так сумавала! (Кіданецца да дзяўчынкі.)
ДЗЯЎЧЫНКА. І я сумавала! ( Абдымае яе.)
МЯДЗВЕДЗЬ.( Шэптам.) Зайчаняты, здаецца, мы тут лішнія!
Мядзведзь і зайцы ідуць прэч.
ДЗЯЎЧЫНКА. Куды ж вы?
МЯДЗВЕДЗЬ. Ды, гэта... спраў шмат, вось!
ТАЎСТТУН. Справы, яны, гэта...
ДЗЯЎЧЫНКА. А я спадзявалася, што вы нас праводзіце!
МАЛЫ ЗАЯЦ. Дык у чым справа!
ДАЎГАВУХ. Правядзём да самага ўзлеску!
ТАЎСТУН. Самым кароткім шляхам!
МЯДЗВЕДЗЬ. Ну, тады і я, гэта... з вамі разам, вось!
Яны ідуць у лес, знікаюць між дрэў. Аднекуль
вылятае Сарока, садзіцца на дрэва.
САРОКА.( Азіраецца.) Няма нікога! Як шкада! Як шкада! Бо такая навіна, такая навіна! Воўк з Лісіцай, пэўна, спортам заняцца вырашылі, бо так хуценька кудысьці па лесе беглі! Ах, якая навіна! Трэба, трэба яе ўсім расказаць! ( Узлятае, ляціць прэч.) Апошняя навіна! Самая апошняя навіна!

                                                           К А Н Е Ц