Генадзь Аўласенка з тых пісьменнікаў, якіх не палохаюць ніякія крызісы — ні эканамічныя, ні духоўныя. Сельскі настаўнік, які многія гады выкладае біялогію ў розных школах Чэрвеньшчыны, ён яшчэ піша вершы, п’есы, апавяданні... І галоўнае — вельмі шмат піша для дзяцей. Творы Генадзя Аўласенкі часта друкуюцца — літаральна ва ўсіх дзіцячых газетах і часопісах краіны, ды і ў часопісах “Маладосць”, “Полымя”, у газеце “Літаратура і мастацтва”... (Кастусь Ладуцька "Адкуль прыходзяць казкі?")

...Гэта быў проста невялікі пакойчык, пасярод якога стаяў прыземісты металічны стол і металічнае ж крэсла побач з ім. Сцены пакойчыка таксама былі, здаецца, металічнымі, на іх не было нічога. Зусім нічога. У пісьме не ўпаміналася аб тым, што павінен ён убачыць у кабінеце. Там гаварылася, што ён павінен зайсці ў кабінет і... І сесці за стол... А што потым? У пісьме аб гэтым таксама нічога не казалася... ("Кабінет")
hline

Зайкава хатка


Дзеючыя асобы:

1. 1-шы лесавік
2. 2-гі лесавік
3. Заяц
4. Вавёрка
5. Мышка
6. Бабёр
7. Цецярук



ДЗЕЯ УСТУПНАЯ

На сцэне з’яўляюцца Дзядкі Лесавікі.
За імі занавеса.


1-ШЫ ЛЕСАВІК.
Прывітанне, дружбакі!
Мы – Дзядкі Лесавікі!
2-ГІ ЛЕСАВІК.
Казак шмат у торбах маем,
Ды ў сакрэце не трымаем.
Хто папросіць – калі ласка:
Хочаш – байку,
Хочаш – казку,
Хочаш – песню…
1-ШЫ ЛЕСАВІК.
Нават сказ
Ёсць у торбачках у нас!
Мы, сябры, заўжды ахвочы
Расказаць таму, хто хоча,
Казку, байку, песню, сказ…
2-ГІ ЛЕСАВІК.
Ну, а сёння мы для вас
Казку новую знайшлі,
Ды з сабой яе ўзялі.
Сядзьце ў крэслы, калі ласка,
І глядзіце гэту казку!

ДЗЕЯ 1
Узнімаецца занавеса, за ёй зімовая палянка.
Пасярод палянкі вялізная сасна з дуплом.


1-ШЫ ЛЕСАВІК.
У мядзведзя ёсць бярлога:
Там і сцены, і падлога,
Там і столь, і нават сенцы…
Аднаго няма – акенца.
2-ГІ ЛЕСАВІК.
У лісіцы ёсць нара.
Добры домік у бабра.
Ёсць у кожнай мышкі норка.
У дупле жыве вавёрка,
Ці будуе дом з галля…
Толькі Заяц без жылля!
1-ШЫ ЛЕСАВІК.
А чаму? У чым прычына?
2-ГІ ЛЕСАВІК.
Ды таму, што лайдачына!
Лета бегаў ды гуляў,
Час дарэмна разгубляў.
Ні аб чым не клапаціўся,
Спаў ды еў, ды весяліўся,
У траве адпачываў…
Дом сабе не збудаваў!
1-ШЫ ЛЕСАВІК.
Вось і лета прамінула,
Вось і восень прамільгнула,
Вось Зіма да нас прыйшла,
Гурбы снегу намяла!
2-ГІ ЛЕСАВІК.
Нават елкі ды бярозы
Пазастылі ад марозу!
Снег ды лёд мароз вартуе,
Са звярамі не жартуе:
Шчыпле вушы, шчыпле нос…
Гэта вам не Дзед Мароз!
1-ШЫ ЛЕСАВІК.
Бачыць Заяц – кепска справа!
Ён і ўлева, ён і ўправа,
Ён і гэтак, ён і так…
Не сагрэецца, бядак!
2-ГІ ЛЕСАВІК.
Што ж рабіць, і як тут быць?
Трэба некага прасіць,
Каб пусцілі начаваць.
Ну, а лепей – зімаваць…
1-ШЫ ЛЕСАВІК.
Гэта цяжкая задача!
2-ГІ ЛЕСАВІК.
Ты паслухай – нехта скача!
Скок ды скок… ды зноўку скок…
1-ШЫ ЛЕСАВІК.
Гэта ж Заяц-абібок!
2-ГІ ЛЕСАВІК. (Да залы.)
Зараз мы на нейкі час
Тут адных пакінем вас.
1-ШЫ ЛЕСАВІК.
Вы ж ціхенечка сядзіце,
Казку гэтую глядзіце!
Лесавікі ідуць кудысьці ўбок, знікаюць. На палянку
выскоквае Заяц. Трасучыся ад холаду, ён падбягае да
сасны, стукае па ёй.

ЗАЯЦ.
Гэй, Вавёрка, чуеш?! Гэй!
Сустракай гасцей хутчэй!
Да сябе пусці ў дупло…
(Да залы.)
Хоць якое, ды жытло!
( Зноў стукае па сасне.)
Што ж марудзіш ты, Вавёрка!
ВАВЁРКА.(Выглядвае з дупла, пазяхае.)
Лепш ідзі да Мышкі ў норку!
У мяне ж малая хата,
Ды й жыву велікавата…
Ты па гэтай па сасне
Не далезеш да мяне.
ЗАЯЦ.
Што?! Ды я... я ўсё змагу!
( Спрабуе лезці, спаўзае ўніз.)
Зараз трошкі адбягу!
( Адбягае, спрабуе лезці з разбега,
але нічога не атрымліваецца.)

Адбягу яшчэ разок!
( Зноў спрабуе, і зноў безвынікова.)
Адбягу, а потым – скок!
( Адбягае, скокае, падае.)
Вой, пабіў спіну і бок!
ВАВЁРКА(Смяецца).
Ну, касы, яшчэ разок!
ЗАЯЦ. ( Устае.)
Не палезу больш туды!
Бо яно і сапраўды
Вельмі гладкая сасна.
Ды й высокая яна,
Не раўнуючы – да неба!
( Вавёрцы.)
Хаткі мне тваёй не трэба!
( Ідзе прэч.)
ВАВЁРКА.
Ты куды?
ЗАЯЦ.
Бывай, Вавёрка!
Можа, пусціць Мышка ў норку.

ДЗЕЯ 2
Зімовы лес. Пад пнём мышыная нары.
Выбягае Заяц, спыняецца каля нары.


ЗАЯЦ.
Мышка! Чуеш альбо не?
Да сябе пусці мяне
Адагрэцца, адпачыць,
Нос і вушы падлячыць!
Снег навокал... а мароз
Шчыпле вушы, шчыпле нос!
А халодныя вятры...
МЫШКА.( Выглядвае з норкі.)
Ты іх снегам разатры.
ЗАЯЦ.
Ты жартуеш ці ўсур’ёз?!
У мяне ж не толькі нос,
Лапы змерзлі і бакі...
Мы ж з табою дружбакі!
Ці ж маёй ты хочаш згубы!
Чуеш, як ляскочуць зубы?
Нават хвост і той дрыжыць...
Да сябе пусці пажыць!
МЫШКА.( Вылазіць з норкі.)
Мала месца тут, у норцы.
Я жыву ў адной каморцы...
Паглядзі мае хады –
Ці ж пралезеш ты сюды!
ЗАЯЦ.
Хто? Ды я... каб не пралез!
( Спрабуе лезці.)
Вось і нос ужо залез!
МЫШКА.( Хвалюецца.)
Стой! Куды! Убок бяры!
Уваход не разбуры!
Я ж яго рабіла з год,
У хаціначку ўваход!
ЗАЯЦ.
Штосьці нос назад не йдзе!
МЫШКА. ( Мітусіцца вакол.)
Быць бядзе!
Вой, быць бядзе!
Вой, разбурыць мне хацінку!
Пачакай жа ты хвілінку!
( Дапамагае Зайцу выцягнуць нос.)
ЗАЯЦ. ( Абтрасае нос.)
Не, нічога не выходзіць!
Нос і той ледзь-ледзь праходзіць!
А калі спачатку лапы?
(Суне ў нару лапу.)
МЫШКА.
Ах ты, дурань касалапы!
Хочаш норку мне пашкодзіць!
ЗАЯЦ. ( Выцягвае лапу, уздыхае.)
Зноў нічога не выходзіць!
МЫШКА.
Не выходзіць – дык ідзі!
Тут дарэмна не сядзі!
Сам сабе зрабіў бы норку –
Не бадзяўся б па задворках!
ЗАЯЦ.
Што ж рабіць і як мне быць?
І каго яшчэ прасіць
Каб пусцілі зімаваць,
Ці хаця б заначаваць?
Ці пагрэцца хоць ледзь-ледзь,
Каб зусім не акалець!
Я ж любой хацінцы рады...
( Усхліпвае.)
МЫШКА.
Дам табе адну параду.
Тут дарэмна не сядзі,
Лепш да рэчкі ты ідзі.
Там знайдзі...
ЗАЯЦ.
Каго?
МЫШКА.
Бабра.
ЗАЯЦ.
А хіба ў Бабра нара?
МЫШКА.
Не нара ў Бабра, а хата!
І жыве Бабёр багата.
Горы ўсякага дабра
У Бабра-гаспадара!
ЗАЯЦ (узрадавана).
І памеру ён майго!
Пабягу шукаць яго!
( Бяжыць прэч.)


ДЗЕЯ 3
Заснежаны бераг ракі. Ля палонкі сядзіць
Бабёр, ён нетаропка абгрызае асінавую галінку.
З’яўляецца Заяц, накіроўваецца да Бабра.


ЗАЯЦ.
Прывітанне! Як жывеш?
БАБЁР.
На! Кары крыху паеш!
( Працягвае Зайцу галінку, той пачынае грызці.)
Як жыву? Жыву паціху.
ЗАЯЦ.
А мяне ж, няхай іх ліха,
Аніхто не пашкадуе!
Гэтак хутка прападу я!
Ці замерзну, ці памру...
БАБЁР.
Не бядуй. Грызі кару.
ЗАЯЦ.
Не жадаю больш кары я!
( Уздыхае.)
Мышка норку вузка рые...
Не пралез я ў гэту норку!
А яшчэ прасіў Вавёрку
Каб пусціла зімаваць,
Ці хаця б заначаваць...
( Зноў уздыхае.)
Ды ў дупле жыве яна!
Там высокая сасна...
Толькі збіў сабе бакі...
( Змаўкае, глядзіць на Бабра.)
Мы ж з табою дружбакі?
БАБЁР.
Зразумела ж, мы сябры!
( Працягвае Зайцу новую галінку.)
Пагрызі яшчэ кары.
ЗАЯЦ.
Лепш пусці ў сваю хацінку,
Хоць на нейкую хвілінку,
Хоць у сенцы, хоць на ганку,
Хоць на ночку, да світанка!
Хоць бы дзе заначаваць,
Бо няможна ўжо трываць!
( Нейкі час абодвы маўчаць.)
БАБЁР.
Што ж, паплылі да мяне.
Я жыву не на сасне.
Дом утульны, хоць стары,
Шмат асінавай кары...
Ну, плывем?
ЗАЯЦ (разгублена).
Навошта ж плыць?
БАБЁР.
Ну а што яшчэ рабіць?
Шлях адзіны да мяне,
І вады ён не міне.
Ну, чаго чакаеш, Зай?
У ваду хутчэй нырай!
Даплывем за дзве хвіліны...
ЗАЯЦ.
Вось сказаў ты мне навіну,
Што жывеш ты, як шчупак,
Пад вадою...
БАБЁР.
Вось дзівак!
Хоць жыву я над вадою –
Дзверцы ў хатку пад вадою.
Зараз мы нырнем туды...
ЗАЯЦ. ( Дрыжачым голасам.)
Ну, а нельга без вады?
БАБЁР.
Без вады?
( Адмоўна трасе галавой.)
ЗАЯЦ.
Тады... тады...
Як жа мне нырнуць туды,
У халодную ваду?!
Я ж адразу прападу!
Толькі скокну... і капут!
Лепей я замерзну тут!
БАБЁР.
Ну, дык ты плывеш ці не?
ЗАЯЦ.
Справы, братка, у мяне...
БАБЁР.
Адкладзі!
ЗАЯЦ.
Не!Не! Адклад
Не ідзе ніколі ў лад!
Так што... потым забягу,
Ну, а зараз... не магу!
( Гаворачы гэта, Заяц усё далей і далей адыходзіць ад палонкі.)
БАБЁР.
Ну, бывай! Не забывай!
ЗАЯЦ.
Ну... і ты, сябрук, бывай!
( Бабёр скокае ў палонку, знікае.)
Да каго ж яшчэ прасіцца?
Да Куніцы? Да Лісіцы?
( Адмоўна трасе галавой.)
Да Ваўка? Таксама не!
Бо з’ядуць яны мяне!
( Уздыхае.)
Эх, няма куды ісці!
Пэўна, так і не знайсці
Мне прытулак на зіму!
Эх, як кепска аднаму!
А марозу не жартуюць!
Нават футра не ратуе!
( Пачынае падскокваць на месцы.)
Змерзлі лапы, ломіць косці...
Да каго ж падацца ў госці?
Адмарозіў нават лоб...
( Стукае сябе лапкай па ілбе.)
Ды які ж я асталоп!
Бо жыве ў сваёй нары
За ракой Барсук стары!
Пашыбую да яго:
І памеру ён майго,
І ў нару вялікі ход,
Я пралезу без турбот,
І не кропелькі вады...
Паскачу хутчэй туды!
(Скача прэч, знікае.)
.
ДЗЕЯ 4
Заснежаная лясная паляна. На ёй уваход у нару Барсука,
Але дзверы ў яе зачыненыя. З’яўляецца Заяц. Стукае ў дзверы,
Чакае, зноў стукае ўжо мацней, але ўсё безвынікова.


ЗАЯЦ.
Зноў не чуе! Гэй, Барсук!
Да цябе прыйшоў сябрук!
Ці заснуў ён? Дружа! Гэй!
Прачынайся ты хутчэй!
( На паляне з’яўляецца Цецярук.)
Ты прачнешся альбо не!
Да сябе пусці мяне!
Дзверы сябру адапры,
Бо марозна на двары!
Не жартуе сцюжа злая...
( Зноў барабаніць у дзверы.)
Моцна ж ён адпачывае!
Гэй! Ты чуеш альбо не?!
ЦЕЦЯРУК (ветліва).
Лепш паслухайце мяне!
ЗАЯЦ. ( Аж падскоквае ад нежаканасці, падае.)
Што?! Ратуйце! Памажыце!
ЦЕЦЯРУК.
Ну, чаму вы так дрыжыце?
ЗАЯЦ (пазнае Цецярука).
Я... зусім і не дрыжу!
Вось стамінўся і ляжу.
(Устае.)
ЦЕЦЯРУК.
Выбачайце, калі ласка!
ЗАЯЦ (убок).
Я ўжо думаў: тхор ці ласка!
Эх, жыццё, што ні кажы!
З кожнай дробязі дрыжы!
( Цецяруку.)
Паважаны Цецярук,
Можа бачыў: дзе Барсук?
Да яго я завітаў,
Толькі дома не застаў.
І куды ён мог падзецца?
( Зноў пачынае падскокваць ад холаду.)
Хоць бы кропельку пагрэцца!
Хоць бы трапіць у нару!
Я ж ад холаду памру!
Што ж маўчыш ты, Цецярук!
Я ж пытаю: дзе Барсук?
ЦЕЦЯРУК.
Ён нікуды не пайшоў,
Ды дарэмна ты прыйшоў...
У глыбокай у нары
Да вясновае пары
Будзе моцна спаць Барсук,
Не пачуе ў дзверы стук...
ЗАЯЦ (разгублена).
Што ты кажаш? Да вясны
Будзе спаць і бачыць сны!
А сябрук дык прападай!
( Зноў стукае ў дзверы.)
Уставай, Барсук, давай!
ЦЕЦЯРУК.
Не прачнецца, як не стукай...
ЗАЯЦ.
Што ж рабіць мне? Гэй, паслухай,
Можа ведаеш каго,
Каб падацца да яго,
Каб хоць крышачку пажыць?
Бачыш – нават хвост дрыжыць!
Злая сцюжа і мароз
Шчыпле вушы, шчыпле нос!
Нават футра не ратуе...
Ды і вецер не жартуе,
Прабірае да касцей!
ЦЕЦЯРУК.
Так, зімой не да гасцей...
ЗАЯЦ.
У мяне сярод звяроў
Летам шмат было сяброў,
А насталі халады –
Дык пайсці няма куды!
Эх, як кепска аднаму!
ЦЕЦЯРУК.
Так, на лютую зіму
Кожны дом сабе будуе,
Там сядзіць і не бядуе...
Ды і ты б не бедаваў,
Калі б хатку збудаваў...
ЗАЯЦ.
Праўду кажаш, Цецярук!
Спаў бы ў хатцы, як Барсук.
А цяпер скачу, бядую...
Вой, спаткаў сабе бяду я!
ЦЕЦЯРУК.
Так, патрапіў ты ў бяду!
ЗАЯЦ.
Вой, замерзну! Прападу!
ЦЕЦЯРУК.
Ды не плач ты, небарака!
ЗАЯЦ ( праз слёзы).
Вой, ды як жа мне не плакаць!
Вой, чаму ж далёкім летам
Не падумаў я аб гэтым!
Ні аб чым не клапаціўся,
Спаў, ды еў, ды весяліўся,
Лынды біў, адпачываў...
Дом сабе не збудаваў!
Вой, не ведаю, як быць!
Да вясны мне не дажыць!
Вой, калі ж зіма міне!
ЦЕЦЯРУК.
Ды паслухай ты мяне!
Не бядуй, табе кажу!
У цябе ж такі кажух...
Я ж – дык толькі пёры маю...
ЗАЯЦ ( з цікаўнасцю).
Ну, і як жа ты?
ЦЕЦЯРУК.
Трываю!
ЗАЯЦ.
Дзе ж ты спіш? На дрэве?
ЦЕЦЯРУК.
Не!
Снег – хаціна для мяне!
ЗАЯЦ ( недаверліва).
Як жа спіш ты там, бядак?
Снег халодны...
ЦЕЦЯРУК.
Можа й так.
Толькі я не адчуваю:
Моцна так адпачываю,
Што за ноч і не прачнуся,
Нават і не варухнуся.
Ну, хіба разок, у сне...
ЗАЯЦ (задуменна).
Не халодны, кажаш, снег?
ЦЕЦЯРУК.
Сёння ж лап не пашкадуй –
Дом са снегу пабудуй!
ЗАЯЦ.
Гэй, паслухай, Цецярук!
У цябе ж ні лап, ні рук...
Як жа можаш ты крылом
Збудаваць са снегу дом?
Нават я б не збудаваў...
Можа, ты пажартаваў?
ЦЕЦЯРУК ( пакрыўджана).
Я падманваць не люблю!
Я заўсёды ў снезе сплю!
Снегу ў лесе, брат, багата:
Выбраў гурбіну – і хата!
ЗАЯЦ.
Штосьці я не вельмі веру...
ЦЕЦЯРУК.
Вось дзівак!
ЗАЯЦ.
Але ж праверу!
Сёння ж лап не пашкадую,
Дом са снегу пабудую!
Толькі ўдзень там буду спаць,
Ноччу ж – бегаць ды скакаць,
Ды заблытваць так сляды,
Каб не ведалі, куды
На начлег падаўся я,
Дзе ж хаціначка мая...
ЦЕЦЯРУК.
Ну, тады бывай, сябрук!
ЗАЯЦ.
Малайчына, Цецярук!
ЦЕЦЯРУК.
Я сябрам заўсёды рады
Даць карысныя парады!
ЗАЯЦ.
Дапамог, што ні кажы!
Ну, пабег я!
ЦЕЦЯРУК.
Ну, бяжы!
Час ужо адпачываць
Ды хацінку будаваць!
ЗАЯЦ.
Больш не буду ленавацца,
Па гасцях штодня бадзяцца!
Пабудую сам жыллё,
Хоць са снегу ды сваё!
( Заяц скача ў адзін бок, Цецярук ляціць у
процілеглы. Апускаецца занавеса.)




ДЗЕЯ ЗАКЛЮЧНАЯ

Зноў выходзяць Дзядкі Лесавікі.

1-ШЫ ЛЕСАВІК.
Заяц больш не бедаваў!
Дом са снегу збудаваў.
Ды ў адным і тым жа доме
Два разы не начаваў!
2-ГІ ЛЕСАВІК.
А чаму?
1-ШЫ ЛЕСАВІК.
Бо ён баіцца,
Што Куніца ці Лісіца
Адшукаюць дом. Бяды
Будзе Зайцу шмат тады!
2-ГІ ЛЕСАВІК.
Так што Заяц больш не плача:
Ноччу бегае ды скача,
Потым хатку пабудуе,
Спіць у ёй і не бядуе!
І прытулку не шукае...
Але ўсё ж Вясну чакае!
1-ШЫ ЛЕСАВІК.
Бо вясной, што ні кажы,
Весялей на свеце жыць
І Мядзведзю, І Дзіку,
І Лісіцы, і Ваўку.
Барсуку, Цецяруку...
2-ГІ ЛЕСАВІК.
Ды і Зайцу-бедаку!

КАНЕЦ