Генадзь Аўласенка з тых пісьменнікаў, якіх не палохаюць ніякія крызісы — ні эканамічныя, ні духоўныя. Сельскі настаўнік, які многія гады выкладае біялогію ў розных школах Чэрвеньшчыны, ён яшчэ піша вершы, п’есы, апавяданні... І галоўнае — вельмі шмат піша для дзяцей. Творы Генадзя Аўласенкі часта друкуюцца — літаральна ва ўсіх дзіцячых газетах і часопісах краіны, ды і ў часопісах “Маладосць”, “Полымя”, у газеце “Літаратура і мастацтва”... (Кастусь Ладуцька "Адкуль прыходзяць казкі?")

...Небяспека была паўсюды. Яна глядзела на чалавека вачыма кожнага з прахожых, якія таропка абміналі яго альбо проста ішлі насустрач. Кожны з гэтых невядомых і бяскрыўдных на першы погляд людзей мог аказацца серыйным забойцам, наркаманам. Вар’ятам, урэшце рэшт! Кожны з іх мог нанесці чалавеку смяротны ўдар, нанесці ў любы момант... і чалавек асуджана і пакорліва чакаў гэтага ўдару, а яго ўсё не было і не было... ("Бо аракул ніколі не памыляецца")
hline

Вася Лайдачкін у краіне шкодных звычак


Уступ
У трыдзевятым царстве, у трыдзесятым гаспадарстве, а дакладней, на суседняй з Васіным домам вуліцы, сустрэліся неяк раніцай Здаровы лад жыцця (скарочана, ЗЛЖ) і Шкодныя звычкі. І, як заўсёды, спрэчка ў іх выйшла гарачая. Ды й такая гарачая, што ледзь да кулакоў справа не дайшла.
— Як смееце вы, шкоднікі, па вуліцах разгульваць? — грозна пытаецца ў Шкодных звычак Здаровы лад жыцця. — Як смееце вы з дзецьмі сябраваць?!
А тыя ў адказ толькі смяюцца.
— Ды дзеці самі з намі сябраваць рады! І куды ахвотней, чым з табой!
— Не згодзен! — гарачыцца Здаровы лад жыцця. — Дзеці са мной сябраваць жадаюць! Са мной, а не з вамі!
— Ну... можа, і сустракаюцца зрэдку такія дзівакі, — адказваюць Здароваму ладу Шкодныя звычкі. — Але іх адзінкі. Вось скажы нам, толькі шчыра, што дзецям больш да спадобы: зубы два разы ўдзень чысціць альбо семкі цэлы дзень лузгаць?
Сумеўся тут Здаровы лад жыцця, задумаўся. І ведае ён, што на гэта адказаць трэба... і хлусіць яму вельмі ўжо неахвота...
А Шкодныя звычкі далей крычаць, адна адну перабіваюць:
— Што дзеці больш любяць: мыць раніцай шыю і вушы альбо не мыць раніцай шыю і вушы?
— Класціся спаць у дзевяць гадзін вечара альбо па позняй ночы “відыкі” глядзець?
— Уставаць зранку і зарадку рабіць альбо як мага пазней у ложку паваляцца?
Маўчыць Здаровы лад, не ведае, што і адказаць. А Шкодныя звычкі радуюцца
— Ага, — крычаць. — Няма чаго сказаць! Наша перамога, значыцца!
— І ніякая не ваша! — аж ускінуўся Здаровы лад жыцця. — не адмаўляю, што ёсць яшчэ дзеці, якія не вельмі любяць чысціць зубы і мыць вушы...
— Нашы людзі! — падцвярджаюць Шкодныя звычкі. — І імя ім — легіён!
— Ну, легіён не легіён, — уздыхае Здаровы лад, — але ж сустракаюцца, на жаль, і такія... Тут непадалёку, дарэчы, адзін з іх жыве… хлопчык Вася Лайдачкін. Я ўжо даўно жадаю з ім сустрэцца, дзеля таго так рана сюды і прыйшоў...
— Дык і мы ж таксама да Васі сабраліся! — усклікнулі хорам Шкодныя звычкі. — Падзякваць яго хочам за добрыя да нас адносіны, да сябе ў госці запрасіць. А вось і ён, дарэчы!
— Ён! — падцвярджае Здаровы лад жыцця. — І, як заўжды, у школу не спяшаецца, лайдак!
Ускінуліся тут Шкодныя звычкі і да Васі хутчэй, каб у госці яго да сябе запрасіць. І Здаровы лад таксама да Васі паспяшаўся, каб не дапусціць гэтага. А што далей было, гэта вы ўжо ад самога Васі пачуеце. Перакажу ўсё так, як ён мне апавядаў.

Глава 1. У якой Вася Лайдачкі пачынае свой аповяд аб тым, што з ім такога адбылося.

Скажу шчыра, раніца гэтая з самага пачатку нейкай няўдалай выйшла. Ды й сны ноччу нейкія сніліся незразумелыя. Не памятаю, ці то ў сне я за кімсьці ганяўся, ці то, наадварот, уцякаў з усіх ног ад кагосьці незразумелага. Але так змарыўся, усю ноч туды—сюды гойсаючы, што раніцай вельмі ўжо ўставаць не хацеў. Тым больш, што дзень гэты не выхадны быў, а самы звычайны, будзёны. А значыцца, у школу трэба збірацца, хай на яе ліхаманка!
Але хіба ж маці дакажаш, што я, пасля начной сваёй у сне прабежкі, маю законнае права яшчэ паспаць крыху і ў школу не ісці. Уставай — кажа — і ўсё тут! А наконт сноў, дык няма чаго да другой гадзіны ночы “страшылкі” свае па “відыку” глядзець! А калі — далей кажа — ты зараз жа не ўстанеш, дык я “відык” твой праз акно выкіну! З усімі тваімі касетамі—дыскетамі!
Прыйшлося хуценька з ложка ўскокваць, бо маці маю лепш не злаваць. Ускочыў я і да стала хуценька, а маці не пускае на кухню.
— А ну, марш, — крычыць, — мыцца! І каб не толькі рукі, але і вушы, і шыю памыў!
Як жа, разагнаўся! І вушы, і шыю нават! Прамакнуў я вочы пальцамі, пальцы аб ручнік выцер (ён адразу ж нейкім брудным зрабіўся), а сам да стала. Кашу есці не стаў, запіхнуў у рот адразу дзве цукеркі, чаем іх запіў. Смаката!
А маці з пярэдняй голас падае:
— Ты навучышся калі—небудзь чаравікі свае сам чысціць?! Ці гэта мне ўвесь час рабіць прыдзецца?
А я маўчу ціхенечка, бо ў роце зноў цукеркі. А потым мяне нібыта хто ў галаву цюкнуў. А што, калі маці і куртку маю пачысціць захоча! А там жа дзве цыгарэціны ў кішэні схаваныя!
Я, наогул, не асабліва куру, але калі—нікалі, за кампанію, і зацягнуся. Не скажу, каб гэта вельмі ўжо прыемна было (цукеркі, на мой погляд, куды як прыемней спажываць), але ж трэба і мне больш дарослым станавіцца, урэшце—рэшт! А дарослыя, яны ўсе цыгарэтамі смаляць, які фільм не паглядзі, што наш, што замежны...
Але ж маці гэтага не зразумее. І за цыгарэты, у выпадку іх пазапланавага ў кішэні маёй выяўленне, будзе мне добрая дыхта! Па мінуламу вопыту ведаю!
Таму ўхапіўся я хутчэй з—за стала, засунуў у рот яшчэ пару цукерак, у кішэню столькі ж запіхнуў, і пачаў апранацца. А маці ўсё ніяк не адстае.
— Ты чаму, — крычыць, — зубы не пачысціў? Іх жа пасля яды заўсёды чысціць трэба!
Зноў, трэба! Тое — трэба, другое — трэба! Ды што гэта за жыццё такое!
— Вечарам, — кажу, — пачышчу! А зараз часу няма, спазняюся ўжо!
І за дзверы хутчэй, пакуль яна яшчэ што—небудзь не ўспомніла.
Выбег я на вуліцу, на гадзіннік паглядзеў, а на ім яшчэ восем гадзін. А заняткі ў дзевяць, а ісці мне да школы маёй хвілін, ад сілы, пятнаццаць. Так што спяшацца туды няма чаго, можна і паціхенечку дайсці...
І раптам бачу я: з левага боку вуліцы падбягаюць да мяне нейкія дзіўныя істоты. Маленькія, мітусьлівыя, брудныя да немагчымасці. На што ўжо я чысцюль не люблю, але ад такіх мурзацікаў мяне ледзь не заванітавала.
А істоты мяне з усіх бакоў акружылі, крычаць радасна:
— А вось і ён, наш дарагі Вася Лайдачкін! — крычыць першая істота і бруднай сваёй лапкай мне прывітальна махае.
— Ура, Васю, ура! — адначасова з ёй лемантуе другая, і нейкую зашмальцаваную паперку мне падсоўвае. — А можна аўтограф?
А трэцяя істота з такім захапленнем нештачкі верашчыць, толькі, на жаль, не разабраць анічога. Зразумець можна толькі, што “нештачкі” гэта пра магутнага і непераможнага Васю Лайдачкіна... пра мяне, значыцца...
— Ды хто вы такія? — пытаюся я са здзіўленнем. — І што вам ад мяне трэба?
А сам па баках спадцішка азіраюся. Можа — думаю — тут фільм які здымаюць? Вось здорава б было, калі так!
Не паспеў я гэтак падумаць, як мяне хтосьці з правага боку за плячо кратае. Азірнуўся я хуценька і...
Таксама дзіўная істота, але ў іншым ужо сэнсе. Нават не ведаю, з чым бы яе параўнаць... але адно я зразумеў дакладна: ніякае гэта не кіно! Бо нельга так чалавека загрыміраваць, а значыцца, перада мной і не чалавек зусім...
“Іншапланецяне! — мільганула ў галаве маёй раптоўная здагадка. — І я, выходзіць, самым першым з усяго чалавецтва з імі ў кантакт увайшоў! Гэта нават лепш, чым простае кіно!”
А істота неяк зморшчылася ўся, галавой адмоўна паківала і кажа мне прыемным такім барытонам:
— Не, Вася, ты памыляешся. Ніякія мы не іншапланецяне.
— А хто ж вы тады? — пытаюся.
— Я — Здаровы лад жыцця! — тлумачыць мне істота, — ЗЛЖ, скарочана. Няўжо ніколі не чуў пра мяне?
— Ды чуў! — кажу я. — У нас нават прадмет такі ў школе ўвялі, ЗЛЖ.
— Гэта ж добра! — радуецца Здаровы лад жыцця. — Ну і як, падабаецца табе мой прадмет?
А я на ім і быў усяго разы са тры, не болей. Адзнак там не ставяць, значыцца, адзінак і двоек можна не баяцца... навошта ж тады каштоўны свой час на лухту нейкую пераводзіць!
Спахмурнеў тут Здаровы лад жыцця, галаву да долу звесіў. А маленькія істоты аж у ладкі ад радасці плёскаюць.
Так яго, Вася, так! — крычаць. — Прэч яго ад сябе гані!
А вы хто такія? — пытаюся я ў іх. — Таксама не іншапланецяне?
— Ды не! — верашчаць істоты. — Мы ж твае даўнія сябры, Шкодныя звычкі!
“Вось табе і раз! — думаю. — Ішоў сабе па вуліцы, нікога не чапаў і зноў у нейкую неверагодную гісторыю трапіў! А, можа, гэта ўсё мне толькі сніцца?”
Але нешта падказвае мне, што тое, што са мной адбываецца зараз, на сон не вельмі падобнае, а значыцца, ніякі гэта не сон. А калі гэта не сон, дык што ж гэта тады на самой справе?
А Шкодныя звычкі далей верашчаць:
— Запрашаем цябе, Вася, у нашу краіну Шкодных звычак! Табе там спадабаецца, вось убачыш!
— А ў школу там хадзіць не трэба? — цікаўлюся я.
— Якая школа! — аж абурыліся Шкодныя звычкі. — За каго ты нас, Вася, прымаеш!
— Не слухай іх, Вася, — кажа тут Здаровы лад жыцця. — Нельга іх слухаць!
— Гэта чаму? — пытаюся я.
— А таму, што нічога добрага ад іх нельга чакаць! Яны — шкоднікі!
— А ты? — пытаюся я недаверліва. — Ты — карысны?
— Я вельмі карысны! — кажа Здаровы лад. — І я — лепшы твой сябар!
— Гэта мы твае лепшыя сябры! — верашчаць Шкодныя звычкі. — А ён — вораг!
— Ды вы самі — ворагі! — крычыць Здаровы лад. — Вы, а не я!
Пачалі яны тут паміж сабой спрачацца, ды й такі гармідар узнялі, хоць вушы затыкай.
— Усё, хопіць! — сказаў я, і яны ўсе ўраз замоўклі. — Вы пакуль памаўчыце, — кажу я далей, — а я сам выберу з кім мне лепш сябраваць! Вось ты, Здаровы лад... як ты, скажы, адносішся да таго, што я кожны вечар дапазна “відыкі” гляджу?
— Кепска адношуся! — кажа Здаровы лад жыцця. — Нельга гэтага рабіць!
— Затое мы добра да гэтага адносімся! — заверашчалі, перабіваючы адна адну, Шкодныя звычкі. — Мы самі любім позна “відыкі” глядзець!
— Адзін — нуль, на вашу карысць! — адзначаю я і зноў да Здаровага ладу звяртаюся: — А ці згодзен ты, што зубы можна і раз у тыдзень чысціць?
— Не згодзен! — кажа Здаровы лад жыцця. — Іх, наогул, трэба два разы ў дзень чысціць, раніцай і вечарам!
— А ваша меркаванне? — адразу ж звяртаюся я да Шкодных звычак. — Як часта трэба зубы чысціць?
— Ды не трэба іх зусім чысціць! — адказваюць мне Шкодныя звычкі. — Лепей семкі лузгаць ці цукеркі смактаць!
— І я так лічу! — кажу я. — Так што ўжо лік “два — нуль” на вашу карысць стаў!
Тут адна са Шкодных звычак выцягвае з кішэні пачак цыгарэт і мне прапаноўвае:
— А давай, Вася, лепш закурым! Гэта ж так сучасна!
Не прывык я яшчэ на вуліцы адкрыта курыць. Так, за вуглом дзе—небудзь, цішком. Азірнуўся я вакол, анікога на вуліцы няма. А тут яшчэ Шкодныя звычкі цыгарэты прыкурылі, зацягваюцца, на мяне змоўніцкі пазіраюць. Давай, маўляў, чаго баішся!
“Эх, — думаю, — была ні была!”
Узяў я цыгарэту, Адна са Шкодных звычак адразу ж запальнічку мне паднесла. Але толькі я хацеў прыкурыць, як гэты дуркаваты Здаровы лад жыцця ў мяне з рукі цыгарэціну вырваў і аб зямлю яе растаптаў.
— Ты што, Вася, робіш! — крычыць. — Як табе не сорамна!
Пакрыўдзіўся я.
— А як табе не сорамна ў чужыя размовы ўмешвацца! — крычу я ў адказ. — Бачыш жа, што не з табой размаўляю!
Добра я яго адбрыў, аж не ведае, што і сказаць. Стаіць, вачыма сваімі пукатымі лыпае.
А Шкодныя звычкі смяюцца, ажно заліваюцца.
— Ага, атрымаў! — крычаць. — Прэч ідзі, недарэка! А цябе, Вася... — гэта яны ўжо да мяне звяртаюцца, — мы паўторна запрашаем наведаць нашу Краіну Шкодных Звычак! Табе там спадабаецца, вось убачыш!
А я і не чуў ніколі пра такую краіну. Праўда, я пра многія краіны не чуў, не люблю геаграфіі. Блытаная нейкая навука... сёння пра адну краіну размова, заўтра пра другую... З глузду з’ехаць можна!
А Здаровы лад гэты ўсё ніяк ад мяне не адстае. Стаіць побач, звягае:
— Не слухай іх, Вася! Прэч гані!
Дастаў, адным словам!
— Сам прэч пайшоў! — крычу я. — А іх не чапай! Яны мае сябры!
Уздыхнуў Здаровы лад і сапраўды прэч падаўся. Ну і няхай уматвае!
А Шкодныя звычкі вакол мяне мітусяцца, за рукаў тузаюць.
— Давай хутчэй у нашу краіну! — запрашаюць. — Там столькі ўсяго цікавага!
— А ўрокі там на дом задаюць? — пытаюся.
Аж пакрыўдзіліся Шкодныя звычкі ад такога майго пытання.
— Ды якія ўрокі, Вася, якія ўрокі! У нас, наогул, школьных заняткаў няма! Суцэльныя канікулы!
Вось здорава!
— А цукеркі там ёсць? — пытаюся.
Засмяяліся Шкодныя звычкі.
— Цукерак у нас, — кажуць, — шмат! І самых розных. Яны ў нас на дрэвах растуць, і на кустах... Ірві, колькі пажадаеш.
“Вось гэта краіна! — думаю. — Толькі, як жа мне туды патрапліць?”
А Шкодныя звычкі крычаць усе разам:
— Аб гэтым, Вася, няма чаго хвалявацца! Ты толькі чароўныя словы вымаві — адразу ж там апынешся!
— А што гэта за чароўныя словы? — пытаюся.
— А словы вось такія: “Бруцылёз энд скаліёз, язва, карыес, цыроз”! Запомніў?
— А што тут запамінаць! — кажу.