Генадзь Аўласенка з тых пісьменнікаў, якіх не палохаюць ніякія крызісы — ні эканамічныя, ні духоўныя. Сельскі настаўнік, які многія гады выкладае біялогію ў розных школах Чэрвеньшчыны, ён яшчэ піша вершы, п’есы, апавяданні... І галоўнае — вельмі шмат піша для дзяцей. Творы Генадзя Аўласенкі часта друкуюцца — літаральна ва ўсіх дзіцячых газетах і часопісах краіны, ды і ў часопісах “Маладосць”, “Полымя”, у газеце “Літаратура і мастацтва”... (Кастусь Ладуцька "Адкуль прыходзяць казкі?")

...У цьмяна асветленым пакоі стаялі двое: сівы, моцна згорблены ўжо стары і высокі мужчына спартыўнага целаскладу. Яны стаялі нерухома і нейкі час проста глядзелі адзін аднаму ў вочы. Потым стары ўздыхнуў і міжволі перавёў погляд на пісталет у руцэ мужчыны. Пісталет быў невялікім, у шырокай далоні мужчыны ён здаваўся нават маленькім, амаль што цацачным... але ён не быў цацачным... ("Кілер")

Кнігі – сябры!

Камп’ютарныя гульні вабяць дзяцей болей за казкі. Ці правільна гэта, з вашага гледзішча? 
Казкі дзеці проста чытаюць альбо слухаюць, а ў камп’ютарных гульнях яны ўдзельнічаюць. Але, з іншага боку, многія з сучасных камп’ютарных гульняў перанасычаны жорсткасцю, гвалтам, крывёю, і гэта не проста дрэнна, а па-сапраўднаму жахліва! На жаль, забаронамі тут нічога не зробіш… Можа, трэба проста ствараць для нашых дзяцей уласныя камп’ютарныя гульні: добрыя, светлыя, вясёлыя?

Генадзь Пятровіч, які б яшчэ твор вы хацелі напісаць для дзяцей і падлеткаў? Ці будзе ў ім новы літаратурны герой?
У першую чаргу, буду працягваць цыкл пра маленькага Ветрыка з Вентылятара. У выдавецтве “ЛіМ” за 2009—2010 гады выйшлі дзве кнігі пра майго Ветрыка, зараз рыхтуецца да выхаду трэцяя, якая называецца “Ветерок и госпожа Зима”. У гэтую кнігу, дарэчы, павінны ўвайсці малюнкі дзяцей — пераможцаў конкурсу, які праводзіў сёлета часопіс “Бярозка”. Вядома ж, гэтыя малюнкі прысвечаны менавіта Ветрыку і іншым казачным персанажам першых дзвюх кніг.
А зараз я пачынаю працу над наступнай, чацвёртай па ліку казачнай гісторыяй аб Ветрыку. Спадзяюся, яна атрымаецца не горшай за першыя тры. Другі мой літаратурны герой, які таксама “пераходзіць” з твора ў твор, — Вася Лайдачкін. Пра яго ў мяне ёсць некалькі казачных аповесцей, яны паслядоўна друкаваліся ў часопісе “Рюкзачок”, аповесць “Вася Лайдачкін у Краіне шкодных звычак” у 2009 годзе выйшла асобнай кнігай у выдавецтве “Мастацкая літаратура”. Я напісаў таксама цыкл невялікіх жартоўных апавяданняў, дзе галоўнымі героямі таксама з’яўляюцца Вася і ягоныя сябры (гэтыя апавяданні неаднаразова друкаваліся ў беларускай перыёдыцы). Буду працягваць работу і ў гэтым кірунку.

На вашу думку, тыдні дзіцячай і юнацкай кнігі садзейнічаюць павелічэнню колькасці чытачоў?
Напэўна, усё ж садзейнічаюць. Трэба толькі, каб праводзіліся яны цікава і нестандартна. Калі мерапрыемствы гэтыя ладзяцца толькі для таго, каб потым адрапартаваць аб іх правядзенні (а такое таксама бывае часам), карысці ад такіх тыдняў не будзе аніякай альбо яна будзе мінімальнай.

Бібліятэка для дзяцей — скарбніца, дзе маюцца адказы на розныя пытанні. Якая роля бібліятэкі ў станаўленні асобы дзіцяці?
На жаль, яна зараз не такая, як была раней (ну, хаця б у часы майго дзяцінства). І прычыны тут добра ўсім нам вядомыя: камп’ютар, Сусветнае Сеціва, дома ў кожнага сотні фільмаў на дысках. Бібліятэкам вельмі няпроста з імі канкурыраваць.

Але гэта не значыць, што работнікі бібліятэк павінны апусціць рукі і з сумам канстатаваць, што іх час, на жаль, мінуў. Трэба ісці ў нагу з часам і ставіць сучасныя камп’ютарныя тэхналогіі сабе на службу. Бо кніга нават у электронным варыянце застаецца кнігай.

А такая модная плынь, як буккросінг? Чаму яна садзейнічае?
Гэта даволі цікавая з’ява, і, вядома ж, яна сапраўды садзейнічае павышэнню інтарэсу моладзі да літаратуры. Я ведаю, што ў нас, на Беларусі, буккросінг таксама існуе і развіваецца (ва ўсялякім разе, у Мінску). Гэта можна было б толькі вітаць, але…

Магчыма, у мяне крыху старамодныя паняцці, але кнігі для мяне — гэта зусім не тое, што іншыя хатнія рэчы. Посуд, адзенне, абутак — гэта слугі чалавека, а кнігі — ягоныя сябры. Не разумею, як можна аддаваць сваіх сяброў камусьці, тым больш — зусім незнаёмым людзям!

Галоўная ідэя буккросінгу — прачытаў, аддаў іншаму. Але ж кнігі з хатніх бібліятэк не толькі чытаюць, але і перачытваюць. Хай нават раз у некалькі год (я, напрыклад, перачытваю цікавыя для мяне кнігі рэгулярна). Не сакрэт, што маюцца ў хатніх бібліятэках і кнігі, якія неахвота перачытваць. Нецікавыя, іншым словам. Іх, зразумела ж, можна аддаваць, але ці не атрымаецца як у прымаўцы: “На табе, нябожа, што мне нягожа”?

У конкурсе “Вялікі фінал” вы былі ўдзельнікам і суддзёй?
Конкурс “Вялікі фінал” праводзіўся літаратурным форумам “Кавдория” пры падтрымцы Прыморскага аддзялення расійскіх пісьменнікаў (Уладзівасток). Гэта нават не конкурс, а тры асобныя конкурсы: прозы, паэзіі і літаратуры для дзяцей — з мноствам намінацый у кожным.

Выйшаў я на гэты конкурс (дакладней, тры конкурсы) пры дапамозе інтэрнэта, вырашыў паўдзельнічаць. Не ва ўсіх намінацыях, вядома ж (іх агульная колькасць, здаецца, перавышае лічбу дваццаць), у некаторых. І як вынік — атрымаў “золата” ў адной з паэтычных намінацый, “серабро” — у адной з празаічных. І яшчэ чатыры прызавыя месцы ў паэтычных і дзіцячых намінацыях. Я і сам не чакаў такога…

А яшчэ я паўдзельнічаў у гэтым конкурсе ў якасці суддзі. Мне прапанавалі ўвайсці ў склад журы ў тых намінацыях, у якіх я не ўдзельнічаў. Прыйшлося судзіць у чатырох намінацыях (тут і проза, і паэзія, і дзіцячая літаратура).

Па выніках “Вялікага фіналу” павінны выйсці тры зборнікі (па колькасці конкурсаў). Мае творы будуць у кожным з трох…


Дар’я ШОЦІК - "Мінская праўда" - 27.10.2011