Генадзь Аўласенка з тых пісьменнікаў, якіх не палохаюць ніякія крызісы — ні эканамічныя, ні духоўныя. Сельскі настаўнік, які многія гады выкладае біялогію ў розных школах Чэрвеньшчыны, ён яшчэ піша вершы, п’есы, апавяданні... І галоўнае — вельмі шмат піша для дзяцей. Творы Генадзя Аўласенкі часта друкуюцца — літаральна ва ўсіх дзіцячых газетах і часопісах краіны, ды і ў часопісах “Маладосць”, “Полымя”, у газеце “Літаратура і мастацтва”... (Кастусь Ладуцька "Адкуль прыходзяць казкі?")

...Надзяваючы акуляры, Вольга думала толькі пра цемру, якая панавала навокал, праз якую яна ніяк не магла разгледзіць твары сваіх нечаканых суразмоўцаў. Асвятляльныя гэтыя акуляры павінны былі даць ёй такую магчымасць...яна гатовая была нават да таго, што рукі падлеткаў будуць па локаць у крыві, што нават твары дзяцей зменяцца да непазнавальнасці, скрыўленныя злымі, звярынымі нават грымасамі...Але да таго, што яна ўбачыла, Вольга не была гатовая. Зусім нават не была... ("Акуляры")

Творчасць Генадзя Аўласенкі

Асабіста мне давялося пазнаёміцца з творчасцю нашага земляка Генадзя Аўласенкі ў 70-я. Пераглядваючы зборнікі вершаў у былым кніжным магазіне райцэнтра, натрапіла на калектыўны зборнік “Первая встреча”. Сярод некалькіх прадстаўленых у ім пачынаючых аўтараў значыліся звесткі пра названага юнака з вёскі Ліпавец. Былі і вершы, якія адразу прыцягнулі ўвагу сваёй тонкай лірычнасцю, непаўторнай напеўнасцю. Здзівіла толькі адно: не так даўно Генадзь скончыў школу, многія памятаюць яго, але не чуваць было, каб ён пісаў вершы. Ды хлопец вельмі сціплы, напэўна, не раскрываў свае здольнасці да пары…
У зборніку ёсць вершы, у якіх аўтар дакранаецца да гістарычнай тэматыкі, маюцца і тыя, дзе рыфмуюцца думкі грамадзянскага зместу, зіхацяць вобразнасцю радкі інтымнай лірыкі, якія хочацца чытаць і перачытваць.
Значна пазней вершы нашага паэта-земляка часцей і часцей сталі з’яўляцца на старонках літаратурных выданняў. І не толькі вершы.
Прыкметным поспехам літаратурнага творцы стаў выхад у 2003 годзе зборніка вершаў пад назвай “Час збіраць камяні”. Не скажу, што ўдалая назва, а вось тое, што пад вокладкай, заслугоўвае прызнання чытачоў. Па-ранейшаму лірыка Генадзя запаволена-журлівая, светлая, прачуленая, нібы вясновы ручай.
Не так шмат паэтаў пішуць для дзяцей. А Генадзю падабаецца радаваць іх сваімі творамі. Асабіста мяне захопліваюць яго кароткія казкі. Пачынаеш чытаць іх як прозу, а затым высвятляецца, што сказы зарыфмаваныя. Часцей за ўсё паэт змяшчаў свае творы для дзяцей у прызначаных для іх перыядычных выданнях, апублікоўваў і ў калектыўным зборніку “Я – Чалавек”.
Займаецца паэт перакладамі з беларускай на рускую мову, даносячы творчасць сабратоў па пяру больш шырокаму колу чытачоў.
Наогул Генадзь Аўласенка – з тых нямногіх творцаў, якім мала аднаго жанру, ёсць патэнцыял і вялікае жаданне паспрабаваць сябе ў іншых. І ён спрабуе, прычым, удала. Захапіўся, напрыклад, драматургіяй. Гэта ў асноўным п’есы. Яны даволі высока ацэньваюцца. Генадзь Аўласенка – лаўрэат некалькіх рэспубліканскіх конкурсаў драматычных твораў: 1995, 1997 і 2000 гадоў. Як вершы, так і п’есы можна было пачуць па рэспубліканскім радыё. Газета “Культура” змяшчае кароткія драматычныя творы нашага земляка ў сваім дадатку для дзяцей і дарослых. Такім чынам сёлета з’явіліся дзве п’есы.
Нямала напісана ўжо і празаічных твораў. У 2008 годзе выйшла кніга “История вместо математики”. Нядаўна Генадзь заходзіў у рэдакцыю і падарыў мне гэтую кнігу, сказаў, што жахлівыя дзеі адбываюцца ў ёй, а на пытанне: “Калі параіш яе чытаць, напэўна, не нанач?” адказаў: “Якраз нанач, калі ўсе спяць”.
У каго творчасць з гадамі прыглушаецца, а ў Генадзя яна актывізуецца. Вось і ў мінулым годзе выйшлі ў свет ажно тры яго кніжкі. Дзве – для дзіцячага чытача: “Удивительные приключения маленького Ветерка из вентилятора” и “Вася Лайдачкін у краіне шкодных звычак”. Цікавая мастацкая кніга выпушчана для дарослых у “Бібліятэцы сучаснай беларускай фантастычнай і прыгодніцкай прозы”. Яна называецца “Дзікія кошкі Барсума”. Аўтар апісвае таямнічую планету. Кіруюць ёю жанчыны, так званыя дзікія кошкі. А на другой планеце – супрацьлеглае, там жанчыны нізведзены да стану жывёлы. Як развіваюцца падзеі, можна даведацца, чытаючы кнігу.
Цяпер трэба сказаць, адкуль бярэ Генадзь тэматыку сваіх новых і новых твораў. Ён прайшоў немалую школу жыцця. Пасля заканчэння Ушацкай СШ служыў у арміі. Потым вучыўся ў Белдзяржуніверсітэце на біяфаку. Некаторы час жыў і працаваў у Якуціі, Забайкаллі. З 1984 года – у горадзе Чэрвень Мінскай вобласці. Работа настаўніка Вайнілаўскай сельскай школы дае шырокі дыяпазон творчых прыдумак, засяроджвае часта на дзіцячай тэматыцы. Пасля шумнага, вымотваючага дня педагог становіцца паэтам, садзіцца за камп’ютэр, пачынае складаць.
Яму 16 жніўня спаўняецца 55 год. Так што яшчэ шмат можна зрабіць на літаратурнай ніве. Поспехаў табе, Генадзь, новых твораў, прызнання чытачоў!

Г. Варатынская -  газета Патрыёт - 13.08.2010