Генадзь Аўласенка з тых пісьменнікаў, якіх не палохаюць ніякія крызісы — ні эканамічныя, ні духоўныя. Сельскі настаўнік, які многія гады выкладае біялогію ў розных школах Чэрвеньшчыны, ён яшчэ піша вершы, п’есы, апавяданні... І галоўнае — вельмі шмат піша для дзяцей. Творы Генадзя Аўласенкі часта друкуюцца — літаральна ва ўсіх дзіцячых газетах і часопісах краіны, ды і ў часопісах “Маладосць”, “Полымя”, у газеце “Літаратура і мастацтва”... (Кастусь Ладуцька "Адкуль прыходзяць казкі?")

...І Васіль, не жадаючы таго і адначасова не маючы болей сілы працівіцца спакусе, спачатку асцярожна, а потым ужо смялей зірнуў ёй у твар і нібыта аслупянеў, зачараваны асляпляльным яе хараством. Спыніўся час. Часу наогул не існавала больш. І нічога не існавала ў сусвеце. Нічога больш не мела значэння, нічога, акрамя таемнай пяшчотнай бездані вачэй незвычайнай гэтай жанчыны... ("Дзень калі не было дажджу")

Вася Лайдачкін у краіне Шкодных Звычак. Казачная аповесць.

Мінск. Мастацкая літаратура, 2009. 58 c.

Жыў сабе хлопчык Вася. Самы звычайны хлопчык, вось толькі мянушка ў яго была не зусім звычайная – Лайдачкін, бо не любіў наш Вася ні вучыцца, ні працаваць... а вось лайдачыць любіў. Таму і займеў такую абразлівую мянушку. Ранішнюю зарадку Вася ніколі не рабіў, твар і шыю мыў толькі пад маміным прымусам. А ўжо як не хацеў ён зубы чысціць...
Таму і пасябравалі з Васем Лайдачкіным Шкодныя Звычкі. І не проста пасябравалі, а нават да сябе ў госці запрасілі, у краіну Шкодных Звычак. Толькі позна зразумеў Вася, што трапіць у гэтую краіну лёгка, а вось выбрацца з яе не кожнаму пад сілу...

Набыць кнігу на сайце Белкніга 
Новинки белорусской литературы для детей и подростков