Генадзь Аўласенка з тых пісьменнікаў, якіх не палохаюць ніякія крызісы — ні эканамічныя, ні духоўныя. Сельскі настаўнік, які многія гады выкладае біялогію ў розных школах Чэрвеньшчыны, ён яшчэ піша вершы, п’есы, апавяданні... І галоўнае — вельмі шмат піша для дзяцей. Творы Генадзя Аўласенкі часта друкуюцца — літаральна ва ўсіх дзіцячых газетах і часопісах краіны, ды і ў часопісах “Маладосць”, “Полымя”, у газеце “Літаратура і мастацтва”... (Кастусь Ладуцька "Адкуль прыходзяць казкі?")

...Мужчына, усё гэтак жа нетаропка рушыў у глыб кватэры, па ўсяму бачна, добра яму знаёмай. Жанчына ішла следам і, здавалася, не зводзіла з яго свайго пяшчотна—ўсхваляванага позірку. Гэта было тым больш дзіўна і незразумела, што ніякай асаблівай прывабнасцю мужчына не вылучаўся. Больш таго, быў ён нейкім вельмі ўжо непрыгожым, з шырокім плоскім тварам, з рэдкімі цьмянымі валасамі, праз якія яскрава прасвечвалася ранняя лысіна... ("Закаханая")

Час збіраць камяні

Мінск: Мастацкая літаратура, 2003. 86 с.

Зборнік "Час збіраць камяні" складаецца з вершаў і паэм на розныя тэмы, асноўныя з якіх - сапраўднае і мінулае нашай Радзімы, Чарнобыль, прыгажосць роднай прыроды, каханне, пошукі сэнсу жыцця.
Шчырыя паэтычныя радкі даносяць да чытачоў думкі і пачуцці аўтара, запрашаюць разам паразважаць над вечнай праблемай - што ёсць свет і чалавек у гэтым свеце.