Генадзь Аўласенка з тых пісьменнікаў, якіх не палохаюць ніякія крызісы — ні эканамічныя, ні духоўныя. Сельскі настаўнік, які многія гады выкладае біялогію ў розных школах Чэрвеньшчыны, ён яшчэ піша вершы, п’есы, апавяданні... І галоўнае — вельмі шмат піша для дзяцей. Творы Генадзя Аўласенкі часта друкуюцца — літаральна ва ўсіх дзіцячых газетах і часопісах краіны, ды і ў часопісах “Маладосць”, “Полымя”, у газеце “Літаратура і мастацтва”... (Кастусь Ладуцька "Адкуль прыходзяць казкі?")

...Мужчына, усё гэтак жа нетаропка рушыў у глыб кватэры, па ўсяму бачна, добра яму знаёмай. Жанчына ішла следам і, здавалася, не зводзіла з яго свайго пяшчотна—ўсхваляванага позірку. Гэта было тым больш дзіўна і незразумела, што ніякай асаблівай прывабнасцю мужчына не вылучаўся. Больш таго, быў ён нейкім вельмі ўжо непрыгожым, з шырокім плоскім тварам, з рэдкімі цьмянымі валасамі, праз якія яскрава прасвечвалася ранняя лысіна... ("Закаханая")
hline

Паэтычныя творы на беларускай мове

Час збіраць камяні
Бацькамі страчаныя словы
Мінулага не забывайце!
Доля... Нядоля..
Памяці Міколы Равенскага
Тыдні ляцяць, нібы жоўтае лісце
Размова,
падслуханая ў нябеснай краме,
якая гандлюе чалавечымі пачуццямі

Закавалі...Затым катавалі...
Ветэранам вайны
З мінулага
Акупацыя
Захварэла душа, захварэла...
Калі жыццё выходзіць з берагоў
Кожны сённяшні дзень...
Усе мы...
Думкі пра паэзію
Аўтабіяграфія
З цыкла “Дыялогі”
Вучань зайздросціў настаўніку...(Трыпціх)
Сон
Калі я гляджу на гадзіннік
Памяці сябра
Я жыццё назіраю
Два вершы на адну тэму
На балоце
Па аналогіі з шахматамі
Не вып’еш возера нагбом
Цяжар крыжа...
У часіны, калі памыляюся
Я раптам зразумеў: мяне няма!
Тэлефон недаверу
Сляпы мастак малюе нацюрморты
На стале дзве чашы віна…
Лёд на дарозе нібы шкло
Пад дажджом дзяўчына танцавала
Споведзь
Яшчэ далёка да вясны
Блакітныя чары вясны
Пачатак лета
У туманы
Нёманскія матывы
Птушак гоман…
Развітанне з летам (трыпціх)
Восені чароўная пара...
Аблятаюць клёны, аблятаюць.
Колеры восені
Ад стамлення застыла вада
Шэрыя хмары, пранізлівы вецер..
Хутка час кастрычніцкі бяжыць
Няма...
Сонны ранак панура ўстае
Ну, вось і ўсё...
Вяргіні
Восеньскія матывы (Трыпціх)
Халады над зямлёй, халады...
Гэта было ці яно не было
Ірвуцца з комінаў калматыя дымы
Зімовы верш
26 красавіка 1986 года
Мірны атам
Сумная песня
Чарнобыльскія эцюды
Былыя каханыя...
Як жа пачынаецца каханне?
Так хочацца кагосьці пакахаць!
Нібы летні дожджык сум дзявочы
Сыпле з раніцы дождж...
Вечар поўніцца снамі
Яшчэ раз пра каханне
Восенню
Не трэба слова “выбачай”
Зорачка
Я дзякую табе за тое, што была
Вяртанне (Паэма-трыялет)
Грунвальдская балада (Паэма-трыпціх)
ЗАПРАШЭННЕ НА ЎШАЧЧЫНУ (Букет санетаў)


Час збіраць камяні
Дзе твае карані?!
Дзе мае карані?!
Дзе зямліца, што нас нарадзіла?!
Час збіраць камяні!
Час збіраць камяні!
Час шукаць цябе, маці-Радзіма!

Ноч, куды не зірні,
Смерць, куды не звярні.
Нас душылі, глушылі, стралялі!
Час збіраць камяні!
Час збіраць камяні!
Камяні, што бацькі пагублялі!

Божа, нас не крані!
Божа, нас памяні!
Мы сляпыя, глухія, нямыя...
Час збіраць камяні!
Час збіраць камяні,
Калі поле слязамі размые!

Божа, мову вярні!
Божа, веру вярні!
Нам без веры так кепска жывецца!
Час збіраць камяні!
Час збіраць камяні
Па зямлі, што Радзімай завецца!

Ноч, куды не зірні...
Дзе ж мае карані?!
Хто ж я ёсць?! Што са мной адбылося?!
Час збіраць камяні!
Час збіраць камяні!
Толькі часу ледзь-ледзь засталося.


Бацькамі страчаныя словы
Бацькамі страчаныя словы
Наноўку дзецям аддаваць.
Тых, хто адмовіўся ад мовы,
Не ганьбаваць, а шкадаваць.
Тых, хто згубіў першааснову,
Хто абрывае карані...

Ты, Божа, іх абарані
Ад іх саміх.
Вярні ім мову!


Мінулага не забывайце!
Мінулага
не забывайце!
Мінулага
не забівайце!
Не трэба,
кіньце!
Быць бядзе!
Праз дым і грукат
рэвалюцый,
Праз тоўсты скрутак
рэзалюцый
Да нас мінулае ідзе...

Яно – як хвалі на вадзе...


Доля... Нядоля..
Доля...
           Нядоля...
Доля...
           Нядоля...
Трэба з чагосьці пачаць!
Белае поле...
           Чырвонае поле...
Бела-чырвона-бялюткае поле...
Гулкія стрэлы гучаць!
Доля...
           Нядоля...
Доля...
           Нядоля...
Хутка імчацца гады!
Воля...
           Няволя...
Здолеў...
           Не здолеў...
Хто ж каго здолеў тады?!
Доля...
           Нядоля...
Здолеў...
          Не здолеў...
Што ж не змаглі падзяліць?!
Маці-зямелька
         стогне ад болю!
Маці-зямельцы
         баліць!
Белае поле...
Чырвонае поле...
А паміх іх,
          на мяжы,
Бела-крывава-бялюткае поле...
Хто ж на тым полі ляжыць?
Ведаў...
          Не ведаў...
Верыў...
         Не верыў...
Кулі не сталі пытаць!
Хто з тае горкае чашы адведаў,
Тым ужо болей не ўстаць!
Што ім паклоны!
Што ім праклёны!
Што ім паклёп і мана!
Хто там з іх белы...
Хто з іх чырвоны...
Маці-зямелька адна!
Маці-зямелька стогне ад болю –
Як ёй сыноў памірыць?!
Белае поле...
Чырвонае поле...
Бела-чырвона-бялюткае поле...
А над замлёю,
          над полем, над болем,
Сумная зорка гарыць...


Памяці Міколы Равенскага
Пляткарам не прыбіць да зубоў языкі.
Не заўважыць змяю пад калодай...
Ах, як лёгка,
                  як проста ляпіць ярлыкі!
Не, не проста ляпіць –
                   з асалодай!
Гэта справа не кінута на самацёк!
Дырыжорчыкі доўбняй махаюць.
- Ён уцёк?
              Ах, уцёк!
Дык чаго ж ён уцёк?!
Ні з таго ні з сяго
              не ўцякаюць!
Раз уцёк –
             значыць вораг!
(З таго і з сяго!)
Значыць – здраднік!
Такіх не шануюць!
І цудоўныя
            светлыя творы яго
Столькі год
            па Радзіме сумуюць!
Ды хіба ж ён адзін –
             сумнай птушкай з гнязда... 
Ды хіба ж аднаго
              выжывалі!
Ад далёкіх часоў,
                ад Ісуса Хрыста,
Самых лепшых заўжды
                              крыжавалі!
Толькі хочацца верыць,
                              што скончыўся час,
Час крывава-прыгоннага права!

І ўваскрэснуць з крыжоў,
каб вярнуцца да нас,
Нашы гонар,
                  і годнасць,
                                    і слава!



Тыдні ляцяць, нібы жоўтае лісце
Тыдні ляцяць, нібы жоўтае лісце,
Восень душы надыходзіць за летам.
Хіба ж аб гэтым я марыў калісьці!
Хіба ж аб гэтым...

Сумныя хмары плывуць па нчбёсах,
Сумныя мары не ўзбудзяць нікога.
Хіба ж такога чакаш я ад лёсу!
Хіба ж такога...

Вецер паўночны галінкі матляе,
І не вярнуць ні юнацтва, ні лета.
Дзе ж тая мэта, што шлях асвятляе?!
Дзе ж тая мэта...



Размова,
падслуханая ў нябеснай краме,
якая гандлюе чалавечымі пачуццямі

- Ёсць любоў?
- Растралялі каты
За любоў да роднай зямлі.
У далёкіх гадах дваццатых
На растрэл яе павялі...
- А надзея?
- Ды што надзея!
І яе чарга надыйшла.
Бальшавіцкай сусветнай ідэі
Не патрэбна надзея была.
- Ну а вера?
- Сама сканала
У снягах салавецкай зімы,
У дрыгве Беламорканала,
Пад баракамі Калымы...
- Дайце сціпласці.
- Насмяшылі!
Сціпласць Богу душу аддала.
- Дабрыні.
- У чарзе задушылі.
Мо таму, што кволай была?
- Ну дык гонару.
- Гонар з’ехаў
У замежным здамацца кіно.
- Ну тады хоць крышачку смеху!
- Не завозілі, і – даўно.
- Божа мой! Хоць крычы ратунак!
Ну хоць нешта ёсць?!
- Вінават.
Зайздрасць ёсць.
Вышэйшы гатунак.
- Ну і як? Бяруць?
- Нарасхват.
Той з ахвотай, той без ахвоты,
Ды бяруць...
Такое жыццё...
Прапаную яшчэ ляноту.
Звышпрыемнае пачуццё!
Што? Не трэба?
Сюды зірніце,
Вось бяздушнасць... Возьмеце?
- Не!
Вы мне роспачы загарніце!
Гэта ўсё, што патрэбна мне...


Закавалі...Затым катавалі...
Закавалі...
Затым катавалі...
Катавалі...
Затым пахавалі...
Пахавалі?
Ці проста схавалі!
Нават памяці не захавалі!
Ды й навошта ім памяць, катам!
Ім з бяспамяцтвам лепей жыць.

Пад балючым пяском Курапатаў
Наша памяць ляжыць...


Ветэранам вайны
Вас амаль што сілком
Да “вялікіх і слаўных”
                                 здзяйсненняў вялі…
Вас вялі…
Вы ішлі,
             без ваганняў жыццё аддавалі,
толькі б рай збудаваць
на шматгрэшнае гэтай зямлі…
Вы яго на слязах,
                        на касцях,
На крыві будавалі!
Як вам верыць хацелася:
Гэта ж усё нездарма!
Недарэмны цяжар,
Што сабе вы
                     ўзвалілі на плечы!
Вы прачнуліся раптам…
І ўбачылі:
               раю няма!
І нічога няма…
Ёсць галеча
                і бруд чалавечы…
Ветэраны вайны!
Ветэраны
                 той даўняй вайны!
Вас тады абмінулі
Асколкі варожых снарадаў…
Гэта ваша бяда!
Гэта ваша віна без віны!
Вас вялі на парад…
Ды не вы
                  кіравалі парадам!
І з дакорам глядзяць
Пастарэлыя вашы сыны,
І дарогаю іншай
Ідуць пасталелывя ўнукі…
Ветэраны вайны!
Ветэраны
                  той даўняй вайны!
Ну, няўжо не хапіла вам
Горкае гэтай навукі?!
Бо нічога няма!
Разлятаюцца ў пыл
                                міражы!
Непатрэбны нікому
Ні зоркі,
             ні вашы пагоны!
Не ўтрымаўся цягнік
На чарговым
крутым віражы…
І ляцяць пад адхоны
Вагоны,
             вагоны, 
                           вагоны…
Ветэраны вайны…
Ветэраны 
                 той даўняй вайны
Толькі смерці чакаюць,
І болей нічога не хочуць…
Бо нічога няма…
Толькі сны,
                    толькі чорныя сны,
Як варожыя танкі
Па сэрцах старэчых
                                грукочуць!


З мінулага
Чужыя гігікаюць коні,
Шалёныя бубны гудуць.
У чорным татарскім палоне
Людзей у няволю вядуць!
Нявольнік!
Нявольнік!
Няволя...
Не выпрастаць скручаных рук!
А зверху,
               знаёмы да болю,
Звініць развітальна жаўрук.
А збоку
            бярозы, бярозы,
Жытнёвыя хвалі ў палях.
І коцяцца горкія слёзы
На пыльны пакутніцкі шлях.
Ім больш не вярнуцца дадому!
(Яшчэ б хоць разочак зірнуць!)
Што будзе далей – невядома,
А ўсё, што раней – не вярнуць!
І коцяцца горкія слёзы,
На босыя ногі ляцяць.
А збоку
            бярозы, бярозы
На іх развітальна глядзяць!
А зверху,
             знаёмы да болю,
Жаўрук развітальна пяе.
За што гэта гокая доля?!
Нявольнік!
Нявольнік...
Няволя...

Далёкія продкі мае..


Акупацыя
- Такія справы...
                           Кепска, браце!
- Дзе ж гаспадыня?
- Жыта жне.
Сядзяць старыя ў цёмнай хаце,
Адна гаворка – аб вайне.
Ды як аб ёй не размаўляць ім,
Калі яна з усіх бакоў...
Сядзяць старыя ў цёмнай хаце –
Суседзі,
Двое сваякоў.
Сыны на фронце.
                             Хоць бы вестка...
Жывыя, можа,
                           можа, не...  
Адна ў Нямеччыне нявестка,
Другая ў поле жыта жне.
Сядзяць старыя ў цёмнай хаце.
Няспешна гутарка ідзе.
- Такія справы...
                           Кепска, браце!
Хто ж ведаў аб такой бядзе!
Ну трэба ж,
                    гэткая навала! 
- Эх, сваце, сваце...
                                Не кажы!
І тая ўлада рабавала...
А зараз...
Божа беражы!
Бяруць і нават не пытаюць!
Свае, чужыя – ўсе грабуць!
А тут унукі падрастаюць...
Чым іх карміць?!
У што абуць?
Ну што за час такі паганы!
Прыедуць немцы – п’юць, жаруць...
А ноччу прыйдуць партызаны
І зноў як ліпку абдзяруць!
На дармаўшчызну ўсяк ахвочы,
Ляцяць, бы тыя крумкачы!
Пайсці б, каб не глядзелі вочы...
Ды ад зямлі куды ўцячы!
Сыны на фронце...
                              Хоць бы вестка...
- Эх, сваце, сваце...
Ну, да дна!
- Унук хварэе...
А нявестка
Там, у Нямеччыне, адна!
Была аблава, і злавілі...
Ды хоць бы ведаць – як і дзе!
Ну чым мы Бога прагнявілі?!
За што пакінуў у бядзе?!
Такое гора навакола...
- Што, гора...
                      Гора – як каму.
Вунь твой сусед, крывы Мікола,
Стаў паліцаем.
                       Што яму!
І так дурны, а як нап’ецца...
Такому зараз чым не жыць?
- Эх, сваце,
Гэта так здаецца.
Ён зранку п’е – а ноч дрыжыць!
- Ну, па апошняй, сват ігнаце!
Там засталося шчэ на раз.
Сядзяць старыя ў цёмнай хаце,
Паўзе над імі змрочны час.
Жахлівы час па ўсёй прасторы
Самотнай роднае зямлі.
- Эх, сваце, сваце...
Гора!
          Гора!
Ну, забягай яшчэ калі.


Захварэла душа, захварэла...
Захварэла душа,
                          захварэла,
І амаль не баліць,
                          не смыліць.
Мо таму,
              што дашчэнту згарэла?
Чым жа зноў
                  мне яе распаліць?!
Каб свяцілася
                      вогнішчам яркім
Як раней,
                у паўночнай цішы...
Дагарае ў далоні
                            цыгарка,
Як апошні вугельчык
                                    душы...


Калі жыццё выходзіць з берагоў
Калі жыццё выходзіць з берагоў,
Нібы рака паводкаю бурлівай,
І лёсаў лобкі круціць вір імклівы,
Мы ўспамінаем пра былых багоў,
І просім зноўку завітаць да нас, і пачынаем ім маліцца шчыра...
І чым хутчэй мільгаюць лодкі ў віры,
Тым гарачэй мы молімся штораз...

Але маўчаць насуплена багі,
Яны не церпяць фальшу і падману.
І берагі не бачны з-за туману,
Мінулага пустыя берагі.


Кожны сённяшні дзень...
Кожны сённяшні дзень –
Гэта ў чымсьці
Сябе адкрыццё.
Гэта белыя-белыя
Крылы буслоў
Над лясамі.
Гэта бераг ракі
Пад цудоўнаю назвай
ЖЫЦЦЁ...
А далей – забыццё...
Што далей –
Мы не ведаем самі.


Усе мы...
Усе мы,
Калі добра ўдумацца,
Толькі асобныя звёны
Аднаго
Надзіва доўгага ланцуга
Паміж тым,
Што ўжо прайшло,
І тым,
Што яшчэ будзе калісьці.
Крыўдна!
Толькі чамусьці
Мне зусім не хочацца
Апынуцца раптам
Самым апошнім,
Завяршальным звяном
У гэтым ланцугу.


Думкі пра паэзію
Вершы не пішуцца
І не ствараюцца –
Вершы здараюцца
І не здараюцца.

* * *
Верш,
          ён прыходзіць не адразу,
Вось так, на сподачку, -
Бяры!
Спачатку
                гэта толькі фраза,
Радок,
             ад сілы два ці тры.
І ты праз гэтыя радкі,
Нібыта праз гушчар яловы,
Без сцежак нават,
                              напрасткі
Ідзеш, брыдзеш,
                           шукаеш словы,
Як той грыбнік свае грыбы,
І дзень,
               і два...
Ну ўсё! Даволі!
Ёсць у паэзіі рабы –
Ды па сваёй,
                      па добрай волі.


* * *
Падабаецца –
                       што ж, пішы...
Вершы – гэта святло душы!
Падабаецца –
                        што ж, пішы!
Ды святло сваё
                        не стушы...


* * *
Паперы чысты аркуш прад вачыма...
Не ведаю – пра што я напішу,
Каго я сёння ў думкі запрашу.
Цябе?
Ды не,
            такое немагчыма!
Цень успаміну ўскалыхне душу
І знікне...
Бо такое немагчыма!
Паперы чысты аркуш прад вачыма.
Я ведаю – пра што не напішу...


* * *
Ні аб чым у жыцці не шкадую,
Бо даўно ўжо зрабіў адкрыццё:
Мо, на радасць,
                           мо, на бяду я
Не змагу памяняць жыццё!
Дажываць давядзецца ў гэтым…
Ды адно змяншае тугу:
Мо, тады б я не быў паэтам…
Ну, а я не пісаць не магу!


Аўтабіяграфія
Я зорак з неба
                        не хапаў і не схаплю.
Я болей жорава
                        рукамі не злаўлю.
Не стаўлю мэты
                        дасягнуць высокіх мэт.
Я стаў паэтам.
Ды які з мяне паэт!
А што да вершаў...
Я пісаў іх як хацеў!
Мой жораў першы
                         ў цёплы вырай адляцеў.
Мой жораў першы...
Мы жылі душа ў душу.
А што да вершаў...
Я і зараз іх пішу!
Мой жораў першы
                             не вярнуўся да мяне.
Няхай яго
                ліхая доля абміне!
Бо я другога
                  ў падарунак атрымаў.
Так,
       быў другі...
Ды я й другога не ўтрымаў!
Мой кепскі нораў...
Я не змог вяроўку звіць!
Мой трэці жораў...
Ён не даў сябе злавіць!
Ён узляцеў...
Ён так таропка паляцеў...
Мой трэці жораў...
Я не змог
                 ці не схацеў!
Мая віна!
І я пачаў чакаць вясны!
Прыйшла вясна,
Ды не вярнуліся яны!
Хоць я чакаў іх,
                         так чакаў каля двара.
Напэўна,
               лепшага знайшлі гаспадара!
Я зорак з неба
                        не хапаў і не схаплю.
Я болей жорава
                           рукамі не злаўлю.
Дык хто ж там, зверху,
                                   гэтак хораша пяе?!
Мая сінічка!
Я забыўся пра яе!
Мая сінічка...
Пачакай,
               не шчабячы!
Ды не знікай,
                      як зорка-знічка
Уначы!
Я журавоў сваіх згубіў,
                                 усіх траіх!
Дык, можа ты,
                         на нейкі час
Заместа іх...
Хай я не першы!
Не знікай,
                цябе прашу!
А што да вершаў...
Я пішу іх,
               як пішу!
Што ж да жыцця...
Я па жыцці –
                      як па рацэ!
Не журавы –
                      дык хоць з сініцай
У руцэ!
А журавы...
Не трэба браць
                         да галавы!
А дзесьці ў небе
Клічуць
              журавы...


З цыкла “Дыялогі”
            * * *
- Адкуль ты надыйшло,
                                         святло?
- А я заўсёды тут было!
- Мне смешна з нашае гаворкі!
Я ж тут ад вечара сядзеў!
Тут ноч была...
- Ты ўніз глядзеў!
А я ж у небе,
Там, дзе зоркі...


     * * *
- Гэта ты?
Што ж маўчаў?
- Я маўчаў?
- Хіба не?
- Я ж уголас крычаў,
Ды нячулі мяне
Ад сваёй глухаты...
- Ты, напэўна, сасніў.
Гэта ж вецер,
                         не ты,
За акном гаманіў
Гэта ж гром угары
Бліскавіцы паліў.
Гэта ж дождж на двары
Аж да раніцы ліў...



Вучань зайздросціў настаўніку...(Трыпціх)
                       1
Спісваючы кантрольную
У суседзяў то справа, то злева,
Вучань з апошняй парты
Сумна глядзеў на настаўніка...
Вучань зайздросціў настаўніку –
Як яму добра жывецца!
Не трэба пісаць кантрольных,
Не трэба зубрыць тэарэмы
І формулы незразумелыя,
Няхай на іх ліхаманка!
І ў бацькі не трэба грошай
Кленчыць на кожную дробязь,
І слухаць штодня папрокі
За дзённік альбо за сшыткі...
І можна гуляць дзе хочаш,
З кім хочаш,
Дакуль пажадаеш,
Бо ты – чалавек дарослы
І сам гаспадар свайго лёсу!

                  2
Стоячы каля дошкі,
Крэйду ў руках трымаючы,
Настаўнік глядзеў на вучняў...
Настаўнік зайздросціў вучням –
Як жы ім добра жывецца!
Ніякіх табе праверак,
Вымоў, тэматычных планаў,
Ніякіх грашовых клопатаў –
Хай гэта бацькоў хвалюе...
Паўдня прасядзіш за партай
І можаш рабіць што хочаш!
А тут вавёркай круціся –
І тое, і гэта трэба!
За газ заплаціць, за кватэру,
Суседзям аддаць пазычку,
І жонцы патрэбны боцікі,
І дзеці з адзення выраслі,
А грошай так не хапае!
І мары юнацкія...
Дзе ж яны?
Нічога з іх не збылося...
Жыццё – паўсядзённы клопат...
Наперадзе ж толькі старасць...

                   3
Галодны аблезлы сабака
Ляжаў ля мокрага плоту,
Лізаў перабітую лапу,
Глядзеў на школьныя влкны
І моўчкі зайздросціў людзям:
Як жа ім добра жывецца!



Сон
Прыснілася: зніклі людзі,
Усе, што вакол жылі!
І больш ніколі не будзе
Нікога з іх на зямлі!
Прыснілася: я апошні…
Апошні з усіх жывых!
Я ціха іду па пожні,
Сярод зялёнай травы…
Іду…
Вятрыскаў павевы
Мяне ахінаюць у сне…
Я нібы Адам!
Толькі Евы,
На жаль, не пакінулі мне!
І ногі да долу гнуцца,
І коцяцца слёзы з вачэй,
І жудасна азірнуцца…

Мне трэба хутчэй прачнуцца!
Мне трэба прачнуцца хутчэй!


Калі я гляджу на гадзіннік
Калі я гляджу на гадзіннік,
Мне жудасна часам бывае.
Я бачу,
Не зрокам, вядома,
Як хутка цякуць з цыферблата
Хвіліны
Адна
за адною...
Я бачу...
І мне здаецца,
Што гэта зусім не хвіліны,
Што гэта крывавыя кроплі
З маіх выцякаюць жылаў...
Так хутка,
За кропляю
кропля...
Так хутка
І так непрякметна.
Я нават не адчуваю.
Ды толькі з апошняю кропляй,
З самай апошняю кропляй
Скончыцца і жыццё.


Памяці сябра
У шэрані дрэвы,
А снег нібы вата…
Рыдлёўка
                 аб змёрзлую глебу звініць…
І ўсё!
І нічога!
Няма вінаватых!
Ці мы вінаваты?
Ды ў чым нас вініць?!
У чым нас вініць?
У адсутнасці мэты?
У тым,
               што дагэтуль сябе не знайшлі?
У тым, што…
Ды й позна…
Два метры на метр –
Апошні прытулак
                                у роднай зямлі!
У рожнай зямлі…
У зямлі Беларусі…
Як там табе, дружа?
Ты чуеш ці не?
Хай,
       з дальняга шляху вярнуўшыся,
Бусел
Сваімі крыламі
Твой сон ахіне!
Хай кветкі
Магілу тваю апранаюць,
Хай птушак
Над ёй не змаўкае напеў…
Хай людзі,
                  хоць зрэдку,
Цябе ўспамінаюць,
За справы,
                  за вершы,
За ўсё,
                што паспеў!


Я жыццё назіраю
Я жыццё назіраю
І, сабе на бяду,
Паміж пеклам і раем
Мяжы не знайду!
Але ж так не бывае,
Каб зусім без мяжы!
Гэты цвік убівае,
Той вісіць на крыжы!
Кроў з далоняў сцякае,
Кроў сцякае з крыжа...
Дзе ж яна, хоць якая,
Хоць якая мяжа?!
Ёсць ахвяры і каты,
Ёсць цвікі і крыжы...
Ды няма вінаватых!
Ды нябачна мяжы!
Я жыццё назіраю...
Я не бачу жыцця!
А Ісус памірае
На крыжы забыцця!
Кроў з далоняў сцякае...
І з крыжа...
І з нажа...
Кроў – яна хоць якая,
Хоць якая мяжа!


Два вершы на адну тэму
                * * *
Пацукі,
Яны першымі чуюць бяду,
Калі ў роспачы скачуць
Уніз,
        у ваду,
Пакідаючы родныя трумы.
Ды ўжо нават не трумы,
                                         а труны.
Труны тых,
                   хто не мае, на жаль, пачуцця
Пацучынага.
                     Так павялося.
Ім ужо...
Ім ужо дзве гадзіны жыцця...
Ім ужо...
Ім ужо ля гадзіны жыцця...

Ім ужо пяць хвілін засталося...

* * *
Вецер ветразі рве
На пустым караблі,
Пасейдону даніну збірае.
З неба зорнага
Зорка ляціць да зямлі
І згарае,
              згарае,
                            згарае...
З неба зорка ляціць,
І ўжо хутка зямля...
Не паспела, на жаль,
Не паспела!

Захлынаецца хвалямі
Трум карабля...
Вось і ўсё!
Толькі мора ўскіпела...


На балоце
Вада ды мох,
Куды не павярні,
Ды дзве бярозкі
Сумна серабрацца...
Нікуды
Ім адсюль не перабрацца!
Няўмольныя
Трымаюць карані!


Па аналогіі з шахматамі
І так яно
Адвеку і штодня –
Мая душа
То Божы храм,
                      то крама.
Маё жыццё –
Нібыта ход каня.
А конь
                   ніколі
Не ступае прама.


Не вып’еш возера нагбом
Не вып’еш возера нагбом
Світанкам раннім.
Не разаб’еш сцяны ілбом.
(Хіба бараннім.)
І мора не пераплывеш,
Не хопіць сілы.
І зорку з неба не сарвеш
Для любай-мілай.
Агеньчык,
                   што ў душы згарэў,
Не разгарыцца.
Тым,
          хто заўчасна пастарэў, -
Чым ганарыцца?
Таму,
           схлусіў хто хоць бы раз,
Ужо не верыш.
Юнацтва
                непаўторны час
Назад не вернеш.


Цяжар крыжа...
Цяжар крыжа...
А на крыжы іржа!
А над зямлёй
                      халодная імжа!
А пад зямлёй
                       крывавая імша...
Баліць душа!
Што ж так бавліць душа?!
Гарыць душа!
Душы маёй пажар...
Крыжа цяжар...
Зямлі блакітны шар
Імчыць мяне кудысьці
                                     праз гады,
Ды толькі вось,
                           куды?
Куды?
Куды...



У часіны, калі памыляюся
У часіны, калі памыляюся
Ці калі душа забаліть.
Да паэзіі я схіляюся
Каб душу святлом наталіць.
Да паэзіі прыпадаю я,
Як да чыстай крынічнай вады,
У часы, калі прападаю я
У нямым прадчуванні бяды
Ці калі пад ветрам хістаюся
І не бачу, куды ж ісці...
Да паэзіі я звяртаюся
Як да мэты ў сваім жыцці!
Я нібыта дахаты вяртаюся
І ў бацькоў прабачэння прашу...

Да паэзіі я звяртаюся
І пішу...


Я раптам зразумеў: мяне няма!
Я раптам зразумеў: мяне няма!
І лета надыходзіць, і зіма...
І я страчаю іх, але дарма –
Бо я не існую!
Мяне няма!
Я раптам зразумеў, як быць сабой!
Я зразумеў: жыццё – няспынны бой!
Параза...
               Перамога...
                                   Нічыя...
А я не існую!
Бо я – не я!
Як у люстэрка, на сябе зірну
І нават усміхнуся, падмігну,
Ды жах халодны агарне душу...
Бо я ж не існую!
Як я пішу?!
Пра што пішу, калі не існую?
Прыходзяць думкі ў галаву маю,
І на паперы доўжацца радкі...
А я ж не існую!
Я не такі!
Як лёгка лёс на віражы згубіць!
Як цяжка зноў сябе перарабіць!
Як цягне наркатычная тлума!
Як проста жыць, калі цябе няма...


Тэлефон недаверу
Трубку здымаю і набіраю
Нумар, які мне сябра параіў.
І без затрымкі чую, адразу:
- Вас зразумелі. Чакайце адказу.

- Як зразумелі?! Што за размова?!
Я ж не сказаў ні адзінага слова!
Як жа мяне вы без слоў зразумелі?!
Што ж маўчыце вы, нібы анямелі!

Ціха цячэ за хвілінай хвіліна...
Што ж я маруджу, трубку не кіну!
Зноўку я чую знаёмую фразу:
- Вас зразумелі. Чакайце адказу.

Нібы той дурань, сяджу і чакаю...
Што ж... можа, зараз мода такая?
Можа, нікога яны не пытаюць?
Можа, яны... нашы думкі чытаюць?!

Можа мне ўсё ж дапамогуць, параяць...
Ды толькі ў трубцы зноў паўтараюць,
Нібы надзею, нібы абразу:
- Вас зразумелі. Чакайце адказу.


Сляпы мастак малюе нацюрморты
Сляпы мастак малюе нацюрморты,
Трымае пэндзаль тонкая рука.
А з-за спіны да слыху мастака
Даносяцца пяшчотныя акорды.

Там, у глыбі пакоя, ля акна
Глухі скрыпач
смычком па струнах водзіць,
Бязгучную мелодыю выводзіць
І ўсё вачэй не зводзіць з палатна...
І ўсё вышэй мелодыі гучаць...

Сляпы мастак спыніў сваю работу.
Глухі скрыпач збірае ў папку ноты,
Каб заўтра зноў спачатку ўсё пачаць.


На стале дзве чашы віна…
На стале дзве чашы віна…
Падыходжу…
Яшчэ не ведаю,
З горкай чашы
Віна адведаю,
Ці з салодкай
Вып’ю да дна!

На стале дзве чашы віна…
Падыходжу…
Зараз адведаю…

Чашы дзве…
Ды мая – адна!
А якая – яшчэ не ведаю…


Лёд на дарозе нібы шкло
Лёд на дарозе нібы шкло.
А ноччу гурбы намяло –
Снег выпаў так неспадзявана!
Пад гэтым снегам пахавана
Усё, што восенню было.

Прыходзіць эра халадоў,
Зямлі бядюткая нірвана.
Адбіткі думак і слядоў
Пад гэтым снегам пахаваны.

Адбіткі думак і слядоў,
Напэўна, на мільён гадоў.


Пад дажджом дзяўчына танцавала
Не ў чароўным рытме карнавалу,
Сярод кветак, музыкі, віна –
Пад дажджом дзяўчына танцавала.
Басанож.
              Па лужынах. 
                                   Адна.
Непагадзь, здаецца, звар’яцела.
Лівень ліў суцэльнаю сцяной.
А дзяўчына танцаваць хацела
Пад дажджом.
Ды толькі не са мной.
На мяне дзяўчына не зважала!
А вакол усё амаль плыло.
Сумачка самотная ляжала,
Туфлікаў наогул не было.
Надыходзіў вечар, мокры, сонны.
Ліхтары гарэлі дзе-нідзе.
Я стаяў.
             Адзін.
                       Пад парасонам.
На зямлі,
                 дакладней, на вадзе.
Я стаяў, глядзеў,
                            а прад вачыма
Нібы птушка белая плыла...

Танцавала весела дзяўчына
І такой шчасліваю была!



Споведзь
Шукаў жыццёвы шлях.
А можа, шлях да Бога?
Вучыўся ўсё жыццё –
Ды не таму, відаць.
І зразумеў, што я
Не зразумеў нічога,
Што чым вышэй узлёт,
Тым горш зямлю відаць!
Я зразумеў, што жыў
У нейкім дзіўным гроце,
Дзе ўсё, і нават столь,
З крыштальнага ільду.
А можа, ўсё жыццё
Я йшоў па тонкім дроце
І позна зразумеў,
Што не ў той бок іду!
Упоцемках блукаў,
Да ведаў быў ахвочы.
Вучыўся ўсё жыццё,
Ды зразумеў адно –
Што лепей прамаўчаць,
Чым рэзаць праўду ў вочы,
Што зорачкі святло
Пры сонцы не відно!
Я зразумеў, што я
Не разумеў нічога,
Што я, і смех, і грэх,
Заблытаўся ў жацці!
Што, можа, ён і ёсць,
Адзіны шлях да Бога,
Ды мне яго, на жаль,
Ніколі не знайсці.


Яшчэ далёка да вясны
Яшчэ далёка да вясны.
Як вежы гурбы снегавыя,
І завіруха ў поле вые.
І так далёка да вясны.

Яшчэ далёка да вясны.
Марозы доўжацца бясконца.
І свеціць, ды не грэе сонца,
Бо так далёка да вясны.

Бо так далёка да вясны...
Ад скрухі сэрца халадзее,
Ды ў ім жыве яшчэ надзея,
Хоць так далёка да вясны.

Хоць аб мінулым толькі сны.
І хто ж цяпер я?!
З кім я?!
Дзе я?!

Не пакідай мяне, надзея!
Мы дачакаемся ВЯСНЫ!


Блакітныя чары вясны
Блакітныя чары.
Блакітныя мары.
На небе
То сонца, то чорныя хмары.
Узбуджаны гоман, куды ні зірні...
Вясновыя дні!
У гэтыя дні распраўляе падлесак
Зялёныя рукі, каб сонца вітаць!
У гэтыя дні ад блакітных пралесак
Зямлі не відаць!
У гэтыя дні...
Толькі што я аб гэтым?!
І чары, і мары...
Ды Божа ж ты мой!
Блакітныя чары закончацца леіам,
А лета – зімой.
І там, дзе, як сейбіт, зямлю засявае
Вясна-прыгажуня,
Там лета міне.
І восень.
А ўслед завіруха сівая
Над белай зямлёй свой напеў адспявае.
І зноўку вясна напаткае мяне.


Пачатак лета
Здаецца, сонца
                             села са спазненнем.
Туман, як конь,
                            ваду з крыніцы п’е.
Паміж вясной і летам
                                     існуе
Вось гэтай ночы
                            дзіўнае імгненне!
Духмяны бэз
                     нібыта звар’яцеў,
А ластаўкі
                   з імклівымі стрыжамі
Блакіт паветра
                          крэсляць віражамі.
Я б сам, здаецца,
                              з імі паляцеў.
І цемра
                наплывае на сады,
На лес,
             на луг,
                         на рэчку з раўчукамі.
Ноч-чараўніца
                          чорнымі рукамі
Запаліць зоркі ў небе...
І тады
Вясна і лета
                     стрэнуцца ў начы,
І спыняцца,
                       і штосьці зразумеюць...

І салаўі
               раптоўна анямеюць.
І закрычаць хрыпата
                                     дзеркачы.


У туманы
У туманы
                даліна захінулася,
Іду па ёй,
                 нібыта па вадзе…
Паклікаў –
                   толькі эха адгукнулася…
Яно адно
                 насустрач мне ідзе!
Яно адно
                   надзею мне пакінула,
І ў туманы
                  начныя завяло…
І ў твар балючых,
                            горкіх слоў не кінула,
Аб тым, што ў нас
                                  кахання не было!
Аб тым, што мы,
                             на жаль, 
                                         такія розныя,
Што ўсё,
              на жаль,
                            наноўку не пачаць…
Мне засталіся
                        толькі ночы росныя,
Дзе толькі рэха
                          можна пастрачаць…
Вось зноў паклікаў –
                                  зноўку адгукнулася!
Бліжэй… бліжэй…
Што ж не відаць нідзе?
Ну што ж,
                     са мной і рэха размінулася!

У туманы
                 даліна захінулася,
Іду па ёй,
                 нібыта па вадзе…



Нёманскія матывы
Нёман гушкае нас
У пяшчотных далонях.
Мы плывем на байдарках
Па празрыстай вадзе.
Мы нібыта ў палоне.
У чароўным палоне!
Прыгажосці такой
Ты не ўбачыш нідзе!
Тут у звонкіх лугах
Крышталёвыя росы
Нагінаюць травіны
Да самай зямлм.
Тут ля берага
Белых гарлачыкаў россып –
Нібы зорачкі з неба
У ваду перайшлі.
Мы плывем на байдарках
Па нёманскіх хвалях
Пад птушыныя спевы,
Пад клёкат буслоў.
Мы плывем...
А вада,
Як істота жывая,
Нібы лепшая сябра,
Цалуе вясло.
Мы плывем.
Мы нібыта ў чароўным палоне.
Мы плывем
Па празрыстай пяшчэтнай вадзе.
Мы плывем на байдарках
У паходнай калоне,
А за намі па беразе
Лета ідзе!


Птушак гоман…
Птушак гоман…
Штосьці шэпча
                          патаемна асака…
Гэта Нёман!
Беларуская
                      магутная рака!
Тут начамі
Туманы ўстаюць,
                             як здань сівых вякоў…
Тут мячамі
Нашы продкі
                         сустракалі крыжакоў!
І ліліся
Ручаю крыві
                     пад лязгат,
                                        бляск мячоў…
Тут спляліся
Карані яцвягаў,
                         прусаў, 
                                     крывічоў…
Бацька-Нёман!
Беларуская
                   магутная рака!
Птушак гоман…
Штосьці шэпча
                          патаемна асака…
Рыбы ўсплёскі,
Астраўкі,
               густы трыснёг,
                                        пясчаны плёс…
Гэта – лёс мой!
Гэта наш агульны край!
Агульны лёс!


Развітанне з летам (трыпціх)
                      1
Дзень дагарае, нікне пакрысе,
І сонца без адзінай хмаркі села.
Трава,
           што вельмі хутка стане сенам,
Апошні раз купаецца ў расе.
Апошні раз купаецца ў расе
Трава,
           што вельмі хутка стане сенам.
Бо сонца
              без адзінай хмаркі села
І ноч ужо праходзіць пакрысе.

                   2
Ноч маланкамі зіхаціць,
Пахне верасам па лясах.
Вельмі хутка лета ляціць...
А чаму?
Не ведаю сам!
Мо таму,
               што доўга чакаў?
Мо таму,
              што штосьці шукаў?
Ад мінулага ўсё ўцякаў.
Аднаго сябе ашукаў...
Пра адно даведаўся сам –
Што за ўсё патрэбна плаціць!
Пахне верасам па лясах,
І так хутка лета ляціць.

                       3
Жнівень...
Салодкі
             і крышачку горкі.
З чорнага неба
                       падаюць зоркі!
Падаюць зоркі...
(Так павялося.)
Жнівень...
А колькі ж яго засталося?!
Ветразі хмар
                      праплываюць над намі,
Па-над зямлёй
                        туманы дыванамі,
Спеюць брусніцы
                              ў лясных баравінах
І журавіны.


Восені чароўная пара...
Восені чароўная пара...
Першыя туманы над ракою.
І пяро заўсёды пад рукою.
І бруяцца вершы з-пад пяра.

І, нібы лісткі календара,
Першыя лісткі сыйшлі з галінак.
І ўзлятаюць ніткі павуцінак.

І бруяцца вершы з-пад пяра.


Аблятаюць клёны, аблятаюць.
Аблятаюць клёны, аблятаюць.
Журавы кудысьці адлятаюць,
І на сэрцы нейкі неспакой.
Мо таму, што клёны аблятаюць,
Мо таму, што птушкі адлятаюць
І так ціха стала над ракой.
Ну, а можа, гэта не прычына,
А лягла на сэрца аблачына,
Бо так мала зроблена ў жыцці!
Ну, а мо і гэта не прычына –
А прычынай нейкая дзяўчына,
Лепшай за якую не знайсці...


Колеры восені
Пажоўклыя бярозавыя косы,
Бляск медзі на кляновай галаве.
І не прабегчы,
                         як улетку,
                                           босым
Па скручанай ад шэрані траве.
І не прайсці сцяжынкай ці прасёлкам –
Там лужын – пашкадуеш, што залез.
І фарбамі стоколернай вясёлкі
За ноч адну заззяў зялёны лес.
Гараць рабіны!
Як гараць рабіны
Чырвоным,
                    горкім,
                                восеньскім агнём!
Ах, восень,
                     восень...
Што ж ты нарабіла!
Зялёнага ўсё меней з кожным днём!
Барвовы колер лесу.
Жоўты – поля.
Блакіт ракі.
Чырвонага няма!
І хутка ўжо ў адзіны белы колер
Перафарбуе ўсё наўкол зіма.

      Гэта восені дні
      надыйшлі


Ад стамлення застыла вада
Ад стамлення застыла вада.
Ад стамлення,
Ці мо ад здзіўлення,
Што сваё залатое адзенне
Лес халоднаму ветру аддаў.
І злятаюць лісты-матылі,
Нібы ў казачным сне невядомым,
З чорных сумных галінак,
Як з дому,
На халодныя скроні зямлі.

Гэта восені дні надыйшлі..


Шэрыя хмары, пранізлівы вецер..
Шэрыя хмары, пранізлівы вецер...
Восень ідзе па сцяжынках лясных.
Плача асіна ў абдымках сасны –
Лісце сваё разгубляла па свеце.
Побач рабіна чырвона гарыць, –
Восень нікога вакол не мінае.
Восень ідзе па лясным гушчары,
Восень ідзе, і гушчар засынае.
Восень праходзіць праз кожнага з нас...
Восень, за што цябе любяць паэты?!
Сумны, шчымлівы, даверлівы час,
Час узыходжання на парнас,
Час перамог альбо горкіх параз.

Месца сустрэчы марозу і лета.


Хутка час кастрычніцкі бяжыць
Хутка час кастрычніцкі бяжыць,
Шэранню світанак зіхаціць.
Першы лёд на лужынах ляжыць,
Першы снег на лужыны ляціць.
І сняжынкі кожнае палёт
Трапяткі, павольны,
Як у сне...

Ён яшчэ растане,
                            гэты лёд.
Ён вадою стане,
                            гэты снег.


Няма...
Няма...
Нічога ўжо няма...
А можа гэта нездарма?!
Спалоханы дрыготкі золак,
Халоднае маўчанне зорак...
Усё прыходзіць нездарма!
А можа, гэта ўжо зіма?
Ці восені таропкі крок?
На разнаколерных сцяжынках
Ужо пабліскваюць сняжынкі
Пачаткам снежаньскіх дарог.
Там восень, скінуўшы вянок,
Ідзе, ідзе ў нябыт зімовы...

І лёг апошні ліст кляновы,
Самотны жоўты ліст кляновы
Ля нашых ног...


Сонны ранак панура ўстае
Сонны ранак панура ўстае,
Дождж па вокнах далонямі б’е,
Мокрым тварам па шыбінах трэцца,
Быццам просіць:
    - Пусціце пагрэцца!
    - Не пушчу цябе, дождж, не прасі!
Шыбы ў вокнах маіх не трасі!
Не пушчу,
                не пушчу цябе!
Не!
Ты вясною прыходзь да мяне!


Ну, вось і ўсё...
Ну, вось і ўсё...
А ты чаго хацела?
Сама зямля
Спакой сабе знайшла.
Імклівай знічкай лета праляцела,
Туманам белым восень наплыла.
Афарбавала дрэвы ў жоўты колер,
Бялюткія расслала дываны.
Ну вось і ўсё!
І больш ужо ніколі...
Чаму ніколі?
Толькі да вясны.


Вяргіні
Дзень скараціўся амаль напалову.
Хто засынае – той не загіне!
Сумнае, ссохлае голле вяргіняў
Спіць, пахіліўшы да долу галовы.

Спяць карані пад зямлёй скамянелай,
Дрэмле насенне счарнелых суквеццяў,
Каб, перажыўшы пару ліхалецця,
Зноў пацягнуцца да сонца нясмела.

Зноў, нібы рукі, галінкі раскінуць,
Зноўку суквецці расплюшчыць, як вочы.
І адквітнець. І ў наступную восень
Новай вясне прывітанне пакінуць.

Моўчкі гляджу на счарнелае голле.
Божа, як тут было ўлетку прыгожа!
Што з прыгажосцю зрабілася, Божа!
Вецер халодны тужліва скуголіць...

Але з надзеяй сухія вяргіні
Шэпчуць, шапочуць адвечную песню:
- Хто засынае – той не загіне!
Хто не загіне – той уваскрэсне!


Восеньскія матывы (Трыпціх)
                    1
Халодны гарэзнік-вятрыска
Лістоту апошнюю рве.
Гусіная тонкая нізка
Так нізка над лесам плыве.
Плыве...
               за сабою заве...
І подых зімовы
                          так блізка,
Як шэрань
                   на жоўтай траве.

                   2
Здранцвелы світанак
                                   у кроплях расы,
Застылі лясы,
                       нібы цені.
І сумна
            праз восень
                                ляцяць журавы.
І жоўтай травы
                           зіхаценне.
Бярозка,
              згубіўшы адзенне,
Надзене
               кажух снегавы.

                  3
Зямля нібыта скамянела,
Нібыта змоўкла ўсё наўкол.
Сняжынка белая
                                нясмела
Зляцела
              на халодны дол.
Зляцела
               ў свой апошні дом.
Зляцела.
Хоць і не хацела.


Халады над зямлёй, халады...
                 * * *
Зацягнула абшары смуга...
Гэта восені позней туга,
Гэта птушак апошніх адлёт,
Гэта ранішняй шэрані лёд.

                 * * *
Ліст кляновы плыве па рацэ.
Я іду па счарнелай раллі.
Я іду па самотнай зямлі
З гронкай
                горкай рабіны ў руцэ.
Ці то дождж,
                      ці сляза на шчацэ...
Восень ціха плыве па рацэ.

                 * * *
Ты куды, мая восень,
                                    куды?!
Халады над зямлёй,
                                   халады!
Не бягуць раўчукі
                               да ракі –
Закавалі ільды
                        раўчукі!
І раку
          закавалі ільды.

Халады над зямлёй,

                                  халады...

                 * * *

Восень ціха пайшла паміраць...
Дровы весела ў грубках гараць,
Узнімаюцца ў неба дымы,
Лес застыў
                   у чаканні зімы.
Лес застыў
                   у чаканні бяды.
Халады над зямлёй,
                                  халады...




Гэта было ці яно не было
Гэта было
                  ці яно не было –
Рэчка была
                   як празрыстае шкло,
Дрэвы ад шэрані
                             аж зіхацелі.
Мне на далоні
                         сняжынкі ляцелі.


Стойце, дурніцы!
                              Куды вы, куды?!
Я не хачу
                 вас трымаць у палоне!
Позна...
          Чысцюткія кроплі вады
Сумна пабліскваюць
                                    на далоні.


Ірвуцца з комінаў калматыя дымы
Ірвуцца з комінаў калматыя дымы,
Ім завіруха штосьці падпявае...
Хіба яшчэ на свеце што бывае,
Апрач халоднай гэтае зімы?!

Вясновы сад, што пенай закіпае,
Сунічны спелы водар у барах
І восені тужлівая пара –
Мне вас усіх зімою не хапае.

Тут толькі снег,
Тут толькі сум і скруха...

А ўлетку не хапае мне зімы!
Дзе рвуцца з комінаў калматыя дымы
І песню ім спявае завіруха.


Зімовы верш
Чакаў зімы,
Ды ўсё дарма...
Два месяцы мінула!
Зіма?
Ды дзе ж яна,
                        зіма?
Зноў
         бокам абмінула!
Ужо і люты
                    надыйшоў,
Ужо і люты
                    адыйшоў,
Зямля
         вясну гукае...
Мне кажуць,
                      што зіма прайшла.

Прайшла?!
Калі ж яна была?!
Хіба ж яна такая?!


26 красавіка 1986 года
Вясновая ноч
                       над зямлёю пяшчотна плыла.
І раптам зямля задрыжэла,
                                               працятая болем!
Нябачна, нячутна
                               бяда папаўзла па-над полем,
Па вёсках,
                   па сэрцах,
                                       па лёсах людскіх папаўзла!
Бяда напаўзала,
                            няўмольная, быццам вайна!
Яна не страляла,
                             але і жыцця не давала.
Яна забівала!
Павольна,
                  ды ўсё ж забівала!
Нябачна, нячутна,
                               ды ўсё ж забівала яна!
Якое пракляцце
                            на нашым народзе ляжыць?!
Ну хто нас,
                    за што нас
Так жорстка,
                     так страшна карае?!


Паўзе па народзе бяда
                                   і даніну збірае.
Па ўсёй Беларусі
                             крыжы,
                                           і крыжы,
                                                          і крыжы...


Мірны атам
Дзе знайсці такія словы,
Каб уславіць гэты край!
Край палескі,
Край бусловы!
Рай зямны...
Ды дзе ж ён,
                      рай?!
Мірны атам!
Мірны атам!
Што ж ты,
                  атам,
Нарабіў!
Дзень вясновы,
Проста дату,
Чорнай датаю зрабіў!
Мірны атам!
Мірны атам!
Як вярнуць цябе назад?
І глядзяць
                маўкліва хаты
На здзічэлы
                     ціхі сад.
Ані смеху,
Ані брэху.
І слядоў не адшукаць.
За ракой сумуе рэха –
З кім жа рэху пагукаць?!
Бо ніхто не адзавецца,
Бо ніхто не пазаве.
Да ракі сцяжынка ўецца,
Ды губляецца ў траве.
І рака засупавала,
Сумна плёскаюць язі.
Па лясах грыбоў навалам,
Хоць касою іх касі.
І суніцы...
І чарніцы...
І крыніцы... –
З іх не п’юць!
Бо сцюдзёныя крыніцы
Не вадой – атрутай б’юць!
Край палескі!
Край бусловы!
Рай зямны!
Ды дзе ж ён,
                       рай?!
Дзе знайсці такія словы,
Каб усцешыць гэты край?!
Мірны атам!
Мірны атам!
Край палескі,
Край глухі...
Гэта плата?
Ці адплата?
Ці расплата
                    за грахі?
За чые?!
Свае?
           Чужыя?
І каму трымаць адказ?!
Чым такое заслужылі?
Смерчы смерці
                           запуржылі
Мірны край
                     у мірны час.
Чым такое заслужылі?!
Ды маўчанне – вось адказ...
Хто мы – людзі ці вар’яты?!
Самі свой ссякае сук!
І ніхто не вінаваты...
Вінаваты толькі атам.
Мірны атам...
Мірны атам?!
Ды які ж ён мірны,
                                атам?!
Чорны!
Чортаў!
Богам кляты!
Можа, знойдзе
                          вінаватых
Не зямны,
               дык  БОЖЫ СУД!


Сумная песня
Старажытны сумны край палескі…
Вось і дачакаўся ты вясны!
Каля ўзлескаў першыя пралескі,
Ды радыактыўныя яны!

Сумную бядою-лебядою
Зарастае поле без вайны…
Бьюць крыніцы чыстаю вадою,
Ды радыактыўныя яны!

На радзіму птушкі прылятаюць,
А з зямлі, без жалю, без віны,
Людзі птушак стрэламі вітаюць,
Бо радыактыўныя яны!

Тут у бездань раптам паляцела
Паміж дабрынёй і злом сцяна!
Тут сама прырода звар’яцела,
Бо радыактыўная яна!

Каб такому больш не паўтарыцца,
Людзі, трэба біць ва ўсе званы!
Ды маўчаць счарнелыя званіцы,
Бо радыактыўныя яны…

Бо разрабаваныя яны…
Намі зруйнаваныя яны…


Чарнобыльскія эцюды
                      * * *
Вось азёры з празрыстай вадою,
Толькі нельга на іх адпачыць.
Над чарнобыльскай чорнай бядою
Белы лебедзь тужліва крычыць.
Ён стаміўся,
Яму б адпачыць...
Сумны вецер на поўнач імчыць
Хмар чарнобыльскіх чорную вату.
Белы лебедзь крычыць і крычыць
І ў адказ яму рэха гучыць
Вінавата.


               * * *
Смерць,
              нябачная, нячутная,
Тут нікога не шкадуе.
Тут сама зямля атрутная
Па сынах сваіх бядуе!
Не гудзе шаша машынамі,
Не бягуць са школы дзеткі.
Хмызнякамі ды шыпшынаю
Зарастаюць тут палеткі!
Зноў вясна ў накідкі белыя
Сад вішнёвы прыбірае.
Але вішні пераспелыя
Толькі птушкі абіраюць!
Грушы,
             яблыні атрутныя
Сумна стогнуць вечарамі.
І баліць зямля пакутная...

Смерць,
                нябачная, нячутная,
Ходзіць мёртвымі дварамі.


Былыя каханыя...
Былыя каханыя...
Былыя каханыя...
Як дрэўцы,
                    зімою закалыханыя,-
У змрочным бары,
У самотным бары
Паснулі яны
                       да вясновай пары.

Ды толькі
Ці будзе,
               ці прыйдзе яна,
Былога кахання
                           другая вясна?


Як жа пачынаецца каханне?
Як жа пачынаецца каханне?

Цёплае дзявочае дыханне
Хлапчаняці вусны апячэ...
Ноч пяском між пальцаў працячэ...
Уцячэ...
І вось ужо світанне!
Першае світанне-развітанне!

Вось і ўсё...
Хвіліначку б яшчэ!


Так хочацца кагосьці пакахаць!
Так хочацца
                     кагосьці пакахаць!
Каханнем захлынуцца,
                                      як віном!
Салодкім сном
                          душу закалыхаць!
Душу закалыхаць
                            апошнім сном.
Хай потым будзе
                           горыч страт і здрад,
Так хочацца
                        жыццё сваё змяніць!
У восеньскі
                    халодны лістапад
Апошні раз
                    душы сваёй зманіць.
Апошні раз
                     кагосьці пакахаць.
(Адлічвае хвіліны
                              метраном!)

Апошні раз
                     душу закалыхаць
Апошнім сном.


Нібы летні дожджык сум дзявочы
Нібы летні дожджык сум дзявочы.
Прамільгне – і сонейка ў вакне!
Толькі што слязьмі блішчэлі вочы,
Праз хвіліну – звонкі-звонкі смех!

Нібы летні дожджык сум дзявочы...
А чаго дзяўчатам сумаваць!
Да свавольстваў з жартамі ахвочы –
Ім бы пыл пускаць сябрам у вочы,
Хлопцаў у сябровак адбіваць!
Са спаткання бегчы сярод ночы
З матчынаю хусткай на плячах.

Нібы летні дожджык сум дзявочы.
Прамільгне – і зноў сухія вочы!
Прамільгне – і сонейка ў вачах!


Сыпле з раніцы дождж...
Сыпле з раніцы дождж,
Ды й даволі густы.
Па тэорыі подласці,
                                 добра вядомай.
Я чакаю цябе.
Я чакаю, а ты
З-за дажджу
                     засталася, напэўнае, дома!
Я чакаю цябе...
Толькі,
             колькі ж чакаць?!
(Парасон, як знарок,
                                   я забыўся таксама!)
Трэба некуды й мне...
Ды куды ж уцякаць?
Можа ў краму?
Ды, пэўна ж, зачынена крама!
Ну, вядома, зачынена,
Вось і замок
На мяне пазірае
                           паблажліва-сонна.
Я ж ужо
                 да апошняе ніткі прамок!
(Гэта ж трэба – ізноўку
                                       не ўзяць парасона!
А цікава мне ўсё ж –
                                     захварэю ці не?
(Па тэорыі подласці –
                                     дык без сумнення!)
Раптам бачу – праз дождж
Ты ідзеш да мяне!
- Вось і я! Выбачай!
Не крыўдуй за спазненне!
Зачакаўся? Прамок?
- Ды з чаго прамакаць!
Ды хіба ж гэта дождж!
Гэта ж нейкая дробязь!
А чакаць...
                    Гэта ж вельмі прыемна – чакаць!
І кахаць!

І чаго для каханай не зробіш!



Вечар поўніцца снамі
Вечар поўніцца снамі,
Туманамі плыве.
Мы адны, ды між намі
Гэты сон на траве.
Калыхае, люляе,
І міжволь, пакрысе
Ён цябе аддаляе,
За сабою нясе!
І ўжо мне немагчыма
Распазнать тябе ў ім!
У мяне прад вачыма
Сон, туман альбо дым.
Ён стаіць паміж намі,
Ён паўзе па траве...
Вечар поўніцца снамі,
Туманамі плыве.



Яшчэ раз пра каханне
Вось і дзень растае,
Вось і ноч настае.
Па сцяжынцы вясновага парку
Ён ідзе да яе...
Ён ідзе ад яе...
У далоні камечыць цыгарку.
- Хопіць, больш не пайду! –
Ён бурчыць на хаду,
Ён бурчыць ды сябе папракае:
- На сваю на бяду!
Хопіць, больш не пайду!
Хай другіх сабе дурняў шукае!
Колькі ж можна трываць,
Нерваваць і злаваць!
А яна...
Ды яшчэ і смяецца!
Не змагу дараваць!
...І далёка чуваць,
Як ідзе ён, бурчыць і злуецца.
Ён ідзе...
А яна
Ля пустога акна.
І ў вачах не згасае надзея.
- Ён – адзін...
Я – адна...
Што ж ты робіш, Вясна?!
Паміры нас, Вясна-Чарадзея!


Восенню
Першы туман
                      серабрыцца ля рэчкі,
Першы
           пажоўклы
                             лісток на акне.
У закаханых
                       першыя спрэчкі.
Можа памірацца?
Не!
Так не бывае!
А як жа бывае?
Сумныя птушкі
                          тужліва крычаць,
Вецер з галінак
                          лістоту зрывае,
Чорная хмара
                          зямлю палівае...

Гэта каханне
                          свой век дажывае.
Вось бы спачатку пачаць!


Не трэба слова “выбачай”
Не трэба слова “выбачай”,
Не трэба новага спаткання!
У нас згубілася каханне,
Нібыта ў гушчары ручай!
Нібыта ў гушчары ручай,
У нас згубілася каханне...
Не трэба новага спаткання!
Не трэба слова “выбачай”!

   Ну што табе сказаць,
   Сказаць на развітанне?!
   Два лёсы не звязаць,
   Калі прайшло каханне!
   Калі яно ўцячы
   Ад нас з табой схацела.
   Калі яно ўначы
   Як птушка адляцела.

А можа з восеньскім агнём
Каханне наша дагарэла?
А можа проста захварэла
Халодным днём, самотным днём?
Халодным днём, самотным днём
Каханне наша захварэла...
А можа проста дагарэла
З апошнім восеньскім агнём?

І я цябе, і ты мяне,
Напэўна, ўсё яшчэ кахаем,
Ды толькі гэта ўсё сціхае...
Яно міне! Яно міне!
Яно міне, вось-вось міне!
Яно й цяпер ужо сціхае,
Хоць мы з табой яшчэ кахаем,
І я цябе, і ты мяне!

Каханне наша запаліць
Наноўку нельга прымусова!
Яно баліць яшчэ часова...
Яно баліць, яшчэ баліць!
Яно баліць, яшчэ баліць,
Ды толькі гэта ўсё часова...
Шкада, што нельга прымусова
Яго наноўку распаліць!

І варушы не варушы –
Агнём не ўспыхне папялішча!
Халодны вецер сумна свішча
Па-над вуголлямі душы!
Тваёй душы... маёй душы...
Там толькі вецер сумгна свішча,
І ўжо не ўспыхне папялішча,
Як ты яго не варушы!

   Ну што табе сказаць,
   Сказаць на развітенне?!
   Два лёсы не звязаць,
   Калі прайшло каханне!
   Калі яно ўцячы
   Ад нас з табой схацела,
   Калі яно ўначы
   Як птушка адляцела...



Зорачка
Між вясновых дрэў
Зорачка гарэла.
Я цябе сустрэў,
Ты мяне сустрэла.
Я цябе спаткаў,
Ты мяне спаткала.
Дзень вакол знікаў,
Ноч вакол знікала.

Помню вясну,
                      помню вясну!
Ночы без сну,
                      ночы без сну!
Квецень садоў,
                       квецень садоў,
Квецень гадоў,
                       маіх гадоў.

Вечар сны вязаў,
Ноч ішла глухая.
Я табе сказаў,
Што цябе кахаю!
Я цябе кахаў,
Ты мяне кахала!
Дзень вакол сціхаў,
Ноч вакол сціхала!

Хутка час ішоў
Па сцяжынках росных.
Я цябе знайшоў –
Толькі позна, позна!
Я другую стрэў,
Ты другога стрэла...
Між вясновых дрэў
Зорачка згарэла.

Помню вясну,
                      помню вясну!
Ночы без сну,
                      ночы без сну!
Квецень садоў,
                      квецень садоў,
Квецень маіх гадоў...


Я дзякую табе за тое, што была
Я дзякую табе
                        за тое, што была,
За тое, што пайшла,
Не кінуўшы абразы,
За рэшткі пачуцця,
                              што ў сэрцы зберагла,
За поўную тугі
                              загадкавую фразу.
- Не думай пра мяне, - сказала ты, -
                                                              і ўсё ж
Не забывай мяне! –
І зачыніла дзверы.
Я ля акна стаяў...
У шыбы стукаў дождж...
Я думаў пра цябе!
                                      Я верыў і не верыў.
Я ведаў – пройдзе час
                                      і гэта праміне,
Я пакахаю зноў...
Ну, можа не адразу...

- Не думай пра мяне!
                                     Не забывай мяне!
Ну што хацела ты
                                  сказаць мне гэтай фразай?


Вяртанне (Паэма-трыялет)
                  1
Горад засынае пакрысе.
Ён знікае, патанае ў змроку.
Спуджаны эфект апошніх крокаў...
Горад засынае пакрысе.
Любая, я тут, непадалёку!
Вось твой дом, паўзмрочны, як і ўсе.
Горад засынае пакрысе.
Ён знікае, патанае ў змроку.

                    2
Душу вярэдзіць успамін...
Напэўна, я яшчэ кахаю?
Як хутка ўсё наўкол сціхае!
Душу вярэдзіць успамін...
Ноч зоркі ў небе калыхае.
Ты спіш даўно. І ты, і сын.
Душу вярэдзіць успамін...
Напэўна, я яшчэ кахаю?

                  3
Прайшлі не тыдні, а гады
З таго апошняга спаткання.
З твайго апошняга пытання
Прайшлі не тыдні, а гады.
Каб ведаць мог тады зараней,
Каб проста прамаўчаць тады...
Прайшлі не тыдні, а гады
З таго апошняга спаткання.

                     4
Дзе ж ліфт?! Ну, колькі ўжо чакаць?!
Навошта я сюды прыехаў?!
(Сюжэт, наогул, варты смеху!)
Дзе ж ліфт?! Ну, колькі ўжо чакаць?!
Я – як вар’ят! Я з глузду з’ехаў!
Мне б павярнуцца ды ўцякаць!
Дзе ж ліфт! Ну, колькі ўжо чакаць?!
Навошта я сюды прыехаў?!

                   5
Вось дзверы. Палец на званку.
І сэрца стук перапыняе!
Ды штосьці ўсё ж мяне спыняе!
Вось дзверы. Палец на званку.
Як доўга ты не адчыняеш!
Як цяжка зноў узняць руку!
Вось дзверы. Палец на званку.
І сэрца стук перапыняе!

                 6
Ты ўсё такая ж, як была!
Ці мо яшчэ папрыгажэла.
Я ціха прашаптаў: “Анжэла!
Ты ўсё такая ж, як была!”
Рука ціхенька задрыжэла,
Ты ёй па твары правяла.
Ты ўсё такая ж, як была!
Ці мо яшчэ папрыгажэла!

                   7
Як гучна твой гадзіннік б’е!
На ім ужо гадзіна ночы.
І ты спытаць аб чымсьці хочаш...
Як гучна твой гадзіннік б’е!
Мой лёс кудысьці ў цемру збочыў!
Цябе мне гэтак не стае!
Як гучна твой гадзіннік б’е!
На ім ужо гадзіна ночы.

                       8
Маўчы! Не трэба гаварыць!
І мы ўспаміны ашукаем!
Мы вусны вуснамі шукаем...
Маўчы! Не трэба гаварыць!
Мы ў цемры болей не блукаем!
Агонь кахання зноў гарыць!
Маўчы! Не трэба гаварыць!
І мы ўспаміны ашукаем!


Грунвальдская балада (Паэма-трыпціх)

                     1
— Груганы ляцяць, груганы!
Крумкачы крычаць, крумкачы!
Да вайны крычаць, да вайны...
— Памаўчы, сынок, памаўчы!
— Ды чаму ж мне трэба маўчаць?!
Чуеш, як бразгочуць мячы?!
Чуеш, як удовы крычаць?!
— Памаўчы, сынок, памаўчы!
Хіба што залежыць ад нас,
Акрамя нашых горкіх слёз!
Гэта час такі, гэта час...
Гэта лёс такі, гэта лёс...
— Каб хутчэй я вырасці змог,
Не крычалі б тут крумкачы!
— Барані цябе, сынку, Бог!
Памаўчы, сынок, памаўчы!
Каб не плакаць мне па начах,
Каб цябе, сынок, зберагчы,
Не аддаць цябе крумкачам,
Памаўчы, сынок, памаўчы!
—  Каб хутчэй я вырасці змог,
Я б пазбавіў цябе ад слёз!
— Гэта час такі, мой сынок...
Гэта лёс такі, гэта лёс...
Ты расці, сынок, ты расці!
Хай бяда цябе абміне!
Што пабачыла я ў жыцці?!
Ты адзін, сынок, у мяне!
— Груганы ляцяць, груганы!
Крумкачы крычаць, крумкачы!
Да вайны крычаць, да вайны...
— Памаўчы, сынок, памаўчы!
— Ды чаго ж мне трэба маўчаць?!
Мама! Мама! Сюды зірні!
Бачыш – нават хаты крычаць!
У агні крычаць, у ангі!
Мама, бачыш, там, ля акон...
Мама! Мама! Гэта вайна!
— Гэта сон, сынок, гэта сон...
Адыйдзі, сынок, ад акна...
Падыйдзі, сынок, да мяне!
І не плач, сынок, не дрыжы!
— Ды хіба ж так бывае ў сне?!
Мама! Мамачка! Адкажы!
Мама! Мамачка! Гэта бой!
Чуешь, як бразгочуць мячы?!
— Я з табой, сынок, я з табой...
Памаўчы, сынок, памаўчы!
Абдымі мяне... абдымі!
І бывай, сынок! І бывай...
— Мама! Мама! Усё ў агні!
Мама! Мамачка! Уставай!
— Пачакай, сынок, пачакай...
— Мама! Мамачка! Не маўчы!
— Уцякай, сынок, уцякай!
Паспрабуй, сынок, уцячы...
— Мама! Мамачка! Не ляжы!
Што за людзі там, на двары?!
На накідках у іх крыжы...
— Не згары, сынок, не згары!  
— Мама! Мамачка! Не ляжы!
Мама! Мамачка! Не маўчы!
Ну хоць слоўца яшчэ скажы!
— Паспрабуй... сынок... уцячы...
Хай табе дапаможа Бог,
Калі ён разлучае нас...
Зберажы сябе, мой сынок...
Гэта час такі... Гэта час...
— Мама! Мамачка! Не маўчы!
А ў самотным небе вайны –
Крумкачы крычаць, крумкачы...
Груганы ляцяць, груганы...

                     2

Сёння час надыйшоў плаціць!
Колькі можна крыўды лічыць?
...Над зямлёю коннік ляціць!
Над зямлёю коннік імчыць!
Без шляхоў імчыць, без дарог.
Сонца бліскае на мячы.
— Я збярог сябе, я збярог!
Каб адпомсціць вам, крумкачы!
Каб адпомсціць вам, крыжакі!
Каб за ўсё трымалі адказ!
Гэта дзень надыйшоў такі!
Гэта час такі, гэта час...
Гэта час такі, крумкачы!
Сёння ваша чарга плаціць!
Сёння нас рассудзяць мячы!
...Над зямлёю коннік ляціць...
— Мама! Мама! Чуеш ці не
Там, ля райскіх сваіх варот?!
Ці пазнала б цяпер мяне?!
Колькі год прайшло... Колькі год...
Я дапоўз тады да ракі,
Я паспеў, я змог уцячы!
Каб адпомсціць вам, крыжакі!
Каб адпомсціць вам, крумкачы!
Я не ведаю: сам ці Бог,
Хто ж тады ўратаваў мяне?
Я для помсты сябе збярог!
Мама! Мама! Чуеш ці не?!
Колькі год я помсту нашу,
Але вось надыходзіць час!
Сёння я адвяду душу!
За цябе, за сябе, за нас,
За ўсіх тых, хто там, у зямлі,
Ад мячоў крыжацкіх ляжыць...
Колькі год мы з крыўдай жылі!
Можа, годзе нам з крыўдай жыць?!
Можа, годзе крыўды лічыць?!
Можа, час надыйшоў плаціць?!
...Над зямлёю коннік імчыць!
Над зямлёю коннік ляціць!
Срэбны коннік і срэбны конь.
Сонца бліскае на мячы.
— Мама! Той смяротны агонь
Больш не будзе цябе пячы!
Я крывёй яго затушу,
Загаю я раны твае.
Колькі год я помсту нашу!
Сёння я адвяду душу!

...Над Грунвальдам сонца ўстае...

                   3

Пераможныя б’юць званы...
Гэта дзень, гэта час такі!
Разлятаюцца груганы,
Разбягаюцца крыжакі!
Вечар сцелецца па траве.
Дагарае, сціхае бой.
Маці зверху сына заве:
— Дзе ж ты, дзе ж ты, сыночку мой!
...Вецер сцелецца па траве,
Зорка першая зіхаціць.
Лёгкай хмаркай маці плыве.
Белай птушкай маці ляціць.
— Дзе ж мне, сынку, цябе знайсці?!
Сынку! Сынку! Чуеш ці не?!
Што пабачыла я ў жыцці?!
Ты адзін, сынок, у мяне!
Не ляжы, сынок, не ляжы!
Не маўчы, сынок, не маўчы!
Ну хоць слоўца адно скажы!
Колькі ж мне шукаць уначы?!
Месяц срэбраны, пасвяці,
Разгарні туман у бакі!
Дзе ж мне, сынку, цябе знайсці?!
Што за час, што за час такі!
Толькі зло вакол, толькі зло...
Вінаватыя без віны,
Колькі ж, колькі ж вас тут лягло?!
І ўсе вы - чыесьці сыны!
Ну за што, за што вы ляглі?!
Адкажы, сынок, не маўчы!
— Мы ляглі, каб нашай зямлі
Не чапалі больш крумкачы!
Сёння мы яе збераглі,
Каб яна праз вякі жыла!
Тут не толькі мы паляглі –
Тут крыжацкая моц лягла!
Тут паганыя крыжакі
Паспыталі нашых мячоў!
Тут на цэлыя тры вякі
Мы адвадзілі крумкачоў!
Мама! Мама! Не трэба слёз
Над забітымі праліваць!
Гэта лёс такі, гэта лёс...
І не трэба нас шкадаваць!
Мама! Мама! Не дакарай,
Што сябе зберагчы не змог!
Зберагаючы родны край,
Я ў зямліцу сырую лёг!
Мама! Чуеш, як б’юць званы?!
Мы загінулі не дарма!
— Мой сыночку, тваёй віны
Ні адзінай кроплі няма.
— Мы адолелі крыжакоў!
Больш ім нашых хат не паліць!
— Ну, а мне да скону вякоў
Слёзы горкія, сынку, ліць.
Над зямлёю хмаркай плысці
Ды слязьмі яе паліваць.
Мне на небе, як і ў жыцці,
Над табой, сынок, гараваць.

Ноч звалілася, ды ў траву,
Зоркі-зоранькі зіхацяць.
Маці-хмаркі ў небе плывуць!
Маці-птушкі ў небе ляцяць!
— Ох, сынкі,
                     сыночкі,
                                     сыны!
...Ды маўчаць сыны,
                                 не ўстаюць...


Б’юць званы...
Толькі б’юць званы...
Па сынах, што загінулі,
                                       б’юць!


ЗАПРАШЭННЕ НА ЎШАЧЧЫНУ (Букет санетаў)
          Уступ

Я на Ўшаччыне роднай
Збіраў за санетам санет,
У мясцінах, дзе маці
Калісьці рамонкі збірала.

Я не сплёў з іх вянок,
Я іх склаў – атрымаўся букет.
Я яго, нібы стужкай,
Адзіным абвіў магістралам.


          1-шы санет

Адбітак неба плавае ў вадзе.
Я зноўку тут! Шчасліва сэрца б’ецца.
А паплавок... ён нада мной смяецца!
Тут рыба ёсць... мне б толькі ведаць, дзе!

Чакайце, штосьці паплавок вядзе!
Ды не, напэўна мне ізноў здаецца.
Праз вузенькі масток вада ліецца,
І летні дзень да вечара ідзе.

Я сёння зноў нічога не злаўлю,
Ды не бяда! Яшчэ разок закінуў.
Ушацкі край пагоркі параскінуў...

Ушацкі край, я так цябе люблю!
Я зноў вярнуўся на сваю зямлю.
Шкада, што я яе калісь пакінуў…

            2-гі санет

І возера застыла ў задуменні.
Ну, хоць бы свежы ветрыка павеў,
Ну, хоць бы калыханне сонных дрэў!
Ды спяць яны, раскінуўшы карэнне.

І ўсё навокал дрэмле ў ачмурэнні,
Сціх нават птушак стогалосы спеў...
Я не спазніўся, я якраз паспеў –
Яно ўжо пачынаецца, зацьменне!

Праз чорнае задымленае шкло
Глядзеў я ўверх... Ну, вось і пачалося!
Здзяйсненне даўняй мары адбылося!

На сонца штосьці збоку напаўзло…
А я глядзеў... Даўно яно было,
Ды ў памяці па сёння засталося.

           3-ці санет

То тут, то там з вады тырчыць каменне –
Сівыя сведкі нашай даўніны.
Адкуль яны, такія валуны?
І кожны важыць сто пудоў, не меней.

Вартаўнікі... ну, хто ж калі іх зменіць?
Ледавіка далёкага сыны.
Ён іх прынёс і кінуў, а яны
Так і застылі ад неўразумення.

Калі б яны маглі загаварыць –
Якая б атрымалася гаворка!
Стаю маўкліва, а на сэрцы горка...

Калі б іх у людзей ператварыць!
А ў небе зорка першая гарыць,
Нібыта Віфліемаўская зорка...

          4-ты санет

У ціне, бы ў зялёнай барадзе,
Дзед-Вадзянік ляжыць, адпачывае,
А ў поўдзень на паверхню выплывае,
І хто яго не стрэне – быць бядзе!

Дзед-Вадзянік зямных дзяўчат крадзе,
Кароў раптоўнай хваляй накрывае
І сеткі пад карчагамі хавае,
Ці раздзярэ ды кіне абы-дзе...

Дайшлі да нас легенды праз вякі...
А, можа, й праўда – ёсць такое штосьці?
Вадзянікі, ну дзе ж вы, ягамосці?

Адразу ж, без сцяжынкі, напрасткі,
Бягу, як на спатканне, да ракі,
Калі ва Ўшачы прыязжаю ў госці.

           5-ты санет

Павук карункі тонкія прадзе,
Павольна сонца хіліцца да долу.
А гэта значыць – час і нам дадому.
А возера... ды хто яго ўкрадзе!

Павольна статак да вады брыдзе,
Крычыць пастух, нягледзячы на стому.
Мы заўтра прыдзем зноў. Ды тут ад дому
Хвілін пятнаццаць па маёй хадзе.

Згадзіўся сын. Нырнуў яшчэ разок,
Праплыў крыху... Ці ж мне за ім угнацца!
Выходзім, пачынаем апранацца...

Ідзем знаёмай сцежкай праз лясок,
Да босых пятак лашчыцца пясок...
Мне – сорак шэсць, а сыну – чатырнаццаць...

               6-ты санет

Ліюцца з неба дожджыка струмені,
А я ж забыўся зноўку парасон!
І вось цяпер мне так патрэбны ён,
Хіба ж газета парасон заменіць!

Няхай! Я камячу газету ў жмені
І крочу з летнім ліўнем ва ўнісон.
І неяк раптам, нібы дзіўны сон:
З-за хмар ірвуцца сонейка праменні!

Не зніклі б толькі, божа барані!
Стаю на мокрым вузенькім прасёлку,
Вакол канаў буяюць травы-зёлкі...

Адбудзься ж цуд! Мяне не падмані!
І ўспыхнула ў нябеснай вышыні
Шматколерная, яркая вясёлка.

                 7-мы санет

Спыні хаду, няўлоўнае імгненне!
Імчышся ты хутчэй імклівых куль.
Спыні хаду і доўжыся пакуль…
Каб зніклі сум, турбота і сумненні.

Каб узнікала ў сэрцы разуменне:
Адкуль я родам, карані адкуль?
Я штосьці значу ці паўнюткі нуль?
А ўрэшце, што адно імгненне зменіць!

Нікому не спыніць няўмольны час.
Як мы яго калісьці марнавалі!
Гублялі, ні аб чым не шкадавалі...

А час прайшоў, нібы агеньчык згас...
Куды ідзем мы? Што чакае нас
На цьмяным, таямнічым перавале?

               8-мы санет

Такога больш не ўбачыш ты нідзе:
Світанак летні па дзялянках ходзіць,
І ягады духмяныя знаходзіць,
І ў кошык свой іх па адной кладзе.

А потым па каменьчатай градзе
Наверх ідзе, глядзіць, як сонца ўсходзіць,
Як аблачыны ў небе карагодзяць
Ці ў далячынь плывуць у чарадзе.

Чакае першы сонечны прамень…
Другі прамень світанак не чакае,
Ён па градзе павольна ўніз сцякае...

Знікае, захінаючыся ў цень...
А ўслед за ім прыходзіць новы дзень,
І мы яго з надзеяй сустракаем.

              9-ты санет

Мой родны край – зямны зялёны рай!
Ушаччыны бязмежныя прасторы.
Ускінуліся ўзгоркі нібы горы
Ва ўсе бакі, за самы небакрай.

Мой край, мяне ізноўку сустракай!
Я ўстану ранкам, пяць хвілін на зборы.
І вось я крочу па зялёным моры.
Тут ягад – хоць да вечара збірай!

Вярнуцца б у мінулае! Тады
Жылі ў душы і мары, і надзеі,
І кожны дзень быў значнаю падзеяй...

Зязюля, не лічы мае гады!
Я ведаю, што ўжо не малады...
Хай хоць душа крыху памаладзее!

              10-ты санет

Радзіму выбіраць ніхто не можа.
Яна ў мяне, як і ва ўсіх, адна!
Ушацкая лясная старана...
Другой радзімы мне не трэба, Божа!

Я часцяком стаяў на раздарожжы,
І чашу горкай здрады піў да дна,
Ды шчыра верыў, ведаў – ёсць яна,
Ушаччына! Яна мне дапаможа!

Яна суцешыць боль і горыч страт,
Бо тут я ўсе нягоды забываю!
Я кожны год на Ўшаччыне бываю...

Нібы ў сваё мінулае назад
Іду павольна між знаёмых хат,
І сэрцам, і душой адпачываю.

             11-ты санет

Палессе, Панямонне ці Пасожжа...
Я ў тых мясцінах часта гасцяваў,
Ля вогнішча, бывала, начаваў...
Любіў па маладосці падарожжы.

Купаўся і на Прыпяці, і ў Сожы,
Па Нёману з сябрамі веславаў...
Ды па адной рачулцы сумаваў,
Няхай маленькай, ды на дзіва гожай.

Пачатак лета. Лепшая пара.
Ласкавы вецер. Зверху сонца свеціць...
Ушачка, ты найлепшая на свеце!

І хай табе далёка да Дняпра...
Дняпро – твой брат, а ты яму – сястра,
Бо ўсе мы – Маці-Беларусі дзеці!

                 12-ты санет

Ды калі б Бог сказаў мне: “Выбірай
Адно жаданне! Здзейсніцца адразу!”
Я б, пэўна, не марудзячы з адказам,
Яму сказаў: “Мне, Божа, крылы дай!”

Хоць на хвіліну! Потым адбірай!
Не палічу за крыўду ці абразу!
Дай толькі мне ўзляцець, каб зверху, разам,
Цябе разгледзіць, мой Ушацкі край.

Край партызанскі. На тваёй зямлі
Ішлі баі… тут кожны трэці згінуў.
Тут бацька ваяваў і дзед загінуў...

Ды час прайшоў, акопы зараслі...
І дзеці падраслі, і ў свет пайшлі.
І я свой край пакінуў... ды не кінуў!

                  13-ты санет

Цябе б я выбраў, мой Ушацкі край,
Каб двойчы змог на гэты свет з’явіцца.
Дазволь мне, Божа, зноўку нарадзіцца,
Ды толькі гэты час не паскарай!

І памяць аб мінулым не сцірай,
Каб зноўку не прыйшлося памыліцца!
Бо з’ехаў я ад роднае зямліцы.
Мой родны край, мяне не дакарай!

А лепш чакай. Бо ў будучым жыцці
Я б тут жадаў жыццё сваё пражыці,
Ірваць рамонкі ў недаспелым жыце.

Сталець, расці. Жыццёвы шлях знайсці,
Па ім ісці... і да канца прайсці...
Ды як такое здзейсніць, падкажыце!

                   14-ты санет

Ну, дзе яшчэ, скажыце, так прыгожа!
Адных азёр блакітных не злічыць.
Сюды турысты едуць адпачыць -
І Мінск, і Піцер... нават Запарожжа…

Мне, можа, скажуць: “Глуш і бездарожжа
На Ўшаччыне!” Ну, гэта – як лічыць!
Аўтобус вас ад Мінска даімчыць
За пяць гадзін... ну, пяць з паловай, можа...

Тут лёгка без клапот адпачываць.
Ды толькі, не паспееш азірнуцца,
Як пройдзе час... і час назад вярнуцца...

Каб потым вечарамі сумаваць,
Каляндара старонкі адрываць
І зноў сюды, на Ўшаччыну, імкнуцца.

Санет-стужка (Магістрал)

Адбітак неба плавае ў вадзе,
І возера застыла ў задуменні.
То тут, то там з вады тырчыць каменне
У ціне, бы ў зялёнай барадзе.

Павук карункі тонкія прадзе,
Ліюцца з неба дожджыка струмені.
Спыні хаду, няўлоўнае імгненне,
Такога больш не ўбачыш ты нідзе!

Мой родны край – зямны зялёны рай!
Радзіму выбіраць ніхто не можа:
Палессе, Панямонне ці Пасожжа...

Ды калі б Бог сказаў мне: “Выбірай” –
Цябе б я выбраў, мой Ушацкі край!
Ну, дзе яшчэ, скажыце, так прыгожа!