Генадзь Аўласенка з тых пісьменнікаў, якіх не палохаюць ніякія крызісы — ні эканамічныя, ні духоўныя. Сельскі настаўнік, які многія гады выкладае біялогію ў розных школах Чэрвеньшчыны, ён яшчэ піша вершы, п’есы, апавяданні... І галоўнае — вельмі шмат піша для дзяцей. Творы Генадзя Аўласенкі часта друкуюцца — літаральна ва ўсіх дзіцячых газетах і часопісах краіны, ды і ў часопісах “Маладосць”, “Полымя”, у газеце “Літаратура і мастацтва”... (Кастусь Ладуцька "Адкуль прыходзяць казкі?")

...Гэта быў проста невялікі пакойчык, пасярод якога стаяў прыземісты металічны стол і металічнае ж крэсла побач з ім. Сцены пакойчыка таксама былі, здаецца, металічнымі, на іх не было нічога. Зусім нічога. У пісьме не ўпаміналася аб тым, што павінен ён убачыць у кабінеце. Там гаварылася, што ён павінен зайсці ў кабінет і... І сесці за стол... А што потым? У пісьме аб гэтым таксама нічога не казалася... ("Кабінет")
hline

Генадзь Аўласенка
Пра сябе і сваю творчасць


Partret

Нарадзіўся я 16 жніўня 1955 года ў в. Ліпавец Ушацкага раёна. Дакладней, можна сказаць, што нарадзіўся я ў самім раённым цэнтры, бо в. Ліпавец з’яўлялася (і зараз з’яўляецца) прыгарадам (дакладней, акраінай) г.п. Ушачы. І бацькі мае працавалі там, ды і сам я там вучыўся, і ў 1972 годзе больш менш паспяхова скончыў Ушацкую сярэднюю школу. І дзяцінства, і юнацтва маё праходзілі звычайна, без асаблівых нейкіх падзей і здарэнняў. Хачу адзначыць толькі непаўторную па прыгажосці прыроду Ушаччыны, з яе рэкамі, азёрамі, лясамі. Ці не гэтым, у першую чаргу, тлумачыцца тое, што тут так много талентаў, што менавіта з гэтых мясцін выйшлі і Броўка, і Быкаў, і Барадулін… Ну, а яшчэ я з самага дзяцінства ведаў аб гераічным партызанскім мінулым сваёй “малой радзімы”, аб Ушацкай партызанскай зоне з яе 16 баявымі брыгадамі, аб крывавай блакадзе вясны 1944 года. І бацька, і дзед мой былі тады ў партызанах і шмат чаго маглі расказаць аб тым часе. Другі мой дзед якраз і загінуў у час гэтай блакады, яго прозвішча ёсць сярод іншых на мемарыяльным комплексе “Прарыў”. Але вяртаюся зноў да сябе, дакладней, да творчай сваёй біяграфіі.

Пасля школы была служба ў арміі, ну а пасля арміі я паступіў у Белдзяржуніверсітэт. На біялагічны факультэт. Чаму не на філалагічны?
Не ведаю. Напэўна, на сённяшні розум, я б і сапраўды спрабаваў паступіць менавіта на філфак… але ў той час у мяне была зусім іншая сітуацыя. Пачну з таго, што я з самага ранняга дзяцінства літаральна “захварэў” літаратурай, у тым сэнсе, што кнігі, не чытаў нават, а “глытаў”. Памятаю, як аднойчы ўлетку (пасля сёмага класа, здаецца), не знайшоўшы ў хаце нічога для сябе больш менш падыходзячага (г.з. яшчэ непрачытанага), зняў з кніжнай паліцы тоўстую кнігу з даволі нецікавай назвай “Ціхі Дон”. Разгарнуў і… ужо не змог ад яе адарвацца. Усе чатыры тамы я прачытаў, здаецца, за тры дні, нават за два з паловай, потым вельмі доўга хадзіў пад ураджаннем ад прачытанага. А яшчэ потым, калі праходзілі ў школе творчасць Шолахава, да слёз чамусьці было крыўдна, што вывучалі мы там зусім іншыя ягоныя творы, нічым асаблівым мяне не ўразіўшыя… З беларускіх пісьменнікаў у той далёкі перыяд больш за ўсё падабаліся мне творы Янкі Маўра. А яшчэ мне літаральна зачароўвалі вершы. Не ўсе, зразумела. Сапраўдныя.

Але вось парадокс. Наколькі мне падабалася літаратура, настолькі я не любіў урокі мовы (і рускай, і беларускай). Дыктанты я пісаў заўжды не вышэй за “траяк” (а здаралася і ніжэй), па сачыненнях у мяне заўжды было дзве вельмі розныя адзнакі (к прыкладу: пяць/тры). Да гэтага часу магу зрабіць у тэксце элементарную граматычную альбо арфаграфічную памылку (дзякуй хатняму камп’ютару, які мне на іх указвае, на жаль, пакуль што толькі ў рускамоўных тэкстах). Яшчэ мне вельмі не давалася ў школе замежная (нямецкая) мова. А ўсё гэта было якраз тое, што патрабавалася ў той час (ды і зараз таксама) для паступлення на філфак. Так што, шанцаў паступіць туды ў мяне амаль не было. Ды і не жадаў я паступаць на філфак у тыя далёкія гады, бо аб літаратурнай творчасці нават не марыў, а прыроду вельмі любіў і біялогія ў школе была адным з любімых маіх прадметаў.
Так што паступленне на біяфак здавалася мне ў той час найлепшым варыянтам з усіх магчымых. На біялагічным факультэце я выбраў кафедру заалогіі, а калі больш дакладна – пачаў вывучаць чмялёў. І даволі паспяхова. На той час я, здаецца, быў адзіным, хто займаўся чмялямі Беларусі за доўгі-доўгі папярэдні перыяд. (Да мяне быў, праўда, адзін вучоны аж з 20-х гадоў па прозвішчу Дабратворскі… ці займаўся чмялямі хтосьці пасля мяне, і ці займаецца хоць хто-небудзь імі зараз – дальбог не ведаю). Я вывучаў чмялей, збіраў іх, вызначаў… марыў аб далейшай навуковай працы, аб кандыдацкай дысертацыі, магчыма нават аб аспірантуры, але… Ведаеце, у жыцці здараецца часам гэтае самае “але”, якое не проста змяняе тваё жыццё, але змяняе яго кардынальна…

Да чацвёртага курса (а было мне ўжо амаль 25 гадоў) я, хоць па-ранейшаму захапляўся і паэзіяй (асабліва творчасцю Андрэя Вазнясенскага і Яўгена Еўтушэнка), і прозай (у першую чаргу, фантастыкай), сам нават не спрабаваў стварыць хоць штосьці самастойнае. А тут раптам пачаў. І пачаў, вядома ж, з лірычных вершаў. Рускамоўных, што на той час было зусім не дзіўна… Пачалося гэта неяк нечакана нават для мяне самога. Яшчэ больш нечаканым было тое, што вершы гэтыя пачалі амаль адразу ж атрымлівацца. Праўда, на той час гэта здаралася не часта і даволі нерэгулярна. Бывала, напішу падрад некалькі вершаў, а потым раптам зацішша, якое можа доўжыцца і тыдзень, і два, а тое і некалькі … і новы ўздым творчага натхнення пасля гэтага працяглага зацішша… Нікому з сяброў я сваіх вершаў не паказваў, ніхто ў той час нават і не падазраваў, што я цішком штосьці такое ствараю.
А я раптам з жахам зразумеў, што мне зусім не хочацца працягваць вывучэнне чмялёў, не хочацца займацца біялогіяй наогул. Яшчэ я зразумеў, што паступленне на біяфак было прыкрай памылкай, выпраўляць якую было ўжо, на жаль, пазнавата (узрост, як-ніяк). Але разуменне разуменнем, ды прызнацца нават самому сабе ў тым, што значная частка жыцця патрачана марна, не так і проста. Увесь чацвёрты курс я, як бы па інерцыі, працягваў наведваць лекцыі, здаваць залікі і экзамены, вывучаць усё тых жа чмялёў, рыхтуючы чарговую курсавую работу. Але з кожным новым днём, з кожным новым вершам, біялогія, як навука, усё больш і больш страчвала для мяне сваю ранейшую прыцягальнасць, адсоўваючыся кудысці, не на другі нават, на дзесяты план, а наперад, засланяючы сабой усё і ўся, выходзіла яе Вялікасць Паэзія… Скажу шчыра, я нават разгубіўся тады ад такога вось неспадзяванага павароту лёсу. І зрабіў тое, чаго рабіць, магчыма, і не трэба было…

А, магчыма, і трэба! Магчыма, без гэтага свайго рашучага і вельмі ўжо неразумнага кроку, я б не быў зараз тым, кім з’яўляюся на сённяшні дзень. Я быў бы тады кімсьці зусім іншым… магчыма, нават лепшым, чым зараз, але ўсё ж зусім іншым… Карацей, я кінуў універсітэт на… пятым курсе, калі да доўгачаканага дыплома заставался ўсяго нічога, рукой, як кажуць, падаць. Прычым, кінуў не па прычыне непаспяховасць (адзнакі ў заліковай кніжцы ў мяне заўсёды былі больш чым прыстойныя), а менавіта таму толькі, што біялогія, як навука згубіла для мяне сваю прыцягальнасць. Больш таго, яна замінала і нават перашкаджала мне займацца літаратурнай творчасцю ( на той час выключна паэтычнай).
Праўда, была яшчэ адна прычына гэтага майго нечаканага для ўсіх знаёмых учынку. Прычына гэтая старая як свет і імя ёй – каханне. Дакладней, крушэнне і самога кахання, і ўсіх надзей хоць штосьці выправіць ці змяніць у тупіковай гэтай сітуацыі. Дарэчы, усе мае сябры-аднакурснікі і да гэтага часу ўпэўнены, што менавіта нешчаслівае каханне і было адзінай прычынай таго, што я пакінуў універсітэт. І ў чымсьці яны, вядома ж, маюць рацыю. Але гэта быў, скажам так, апошні каменьчык (ці апошняя кропля, калі так лепш гучыць). А далей усё пакацілася само сабой…

А яшчэ потым было маё вандраванне па неабсяжных сібірскіх прасторах… Забайкалле, Якуція… Вандраванне без усялякай пэўнай мэты, проста так. Я спыняўся ў нейкім адным месцы, уладкоўваўся на працу, нейкі час працаваў. Калі збіралася больш-менш прыстойная сума грошаў, звальняўся, садіўся ў самалёт і ляцеў кудысьці яшчэ, заранне гэтага не плануючы нават. Праўда, у адным месцы затрымаўся на даволі значны трэмін. У Якуціі, на звераферме, звераводам. Вырошчваў пясцоў, сябраваў з мясцовымі жыхарамі і… працягваў пісаць вершы. Усё яшчэ рускамоўныя. А потым пацягнула на радзіму. Вярнуўся, завочна скончыў усё той жа біяфак (толькі дзеля дыплома). А перад гэтым паспеў ажаніцца, трывала асеў у г. Чэрвені і жыву там да гэтага часу. Зразумела ж, уладкаваўся на працу, згодна са сваім біялагічным дыпломам, але ўжо цвёрда ведаў: галоўнае для мяне - літаратура!

Праўда, не ўсё пайшло так проста і гладка, як хацелася. Пісаў я ў той час толькі вершы, прытым, рускамоўныя… друкаваўся спачатку толькі ў чэрвеньскай раённай газеце (тады яна называлася “Уперад”, зараз – “Раённы веснік”). Час ад часу падборкі маіх вершаў друкаваліся ў газетах “Мінская праўда”, “Во славу Родины”, “Знамя юности”, часопісе “Рабочая смена” (потым ён называўся “Парус”). Нават у “Нёмане” надрукавана было ў той час некалькі маіх вершаў… а адзін верш нават у цэнтральным часопісе “Смена”.
Але я адчуваў, што ўсё гэта не зусім тое, што мне хацелася б, дакладней, зусім нават не тое. Друкавалі мяне (акрамя нашай “раёнкі”) даволі рэдка і ў асноўным, як я ўжо адзначаў, у газетнай перыёдыцы. Калі ж я, набраўшыся смеласці, даслаў рукапіс маіх вершаў у “Мастацкую літаратуру”, яго хутка вярнулі з абыякава-ветлівым допісам-адмовай. Праўда, потым каля двух дзесяткаў маіх вершаў ўвайшлі у калектыўны рускамоўны зборнік “Первая встреча”, які выйшаў у “Мастацкай літаратуры” ў 1989 годзе. У тым жа годзе мой верш “Куропаты” з’явіўся ў чарговым зборніку “Дзень паэзіі”… Але галоўным было нават не тое, што я друкаваўся рэдка і не там, дзе хацелася б. ( А больш за ўсё хацелася мне на той час друкавацца ў цэнтральных маскоўскіх часопісах, і я старанна і рэгулярна дасылаў туды падборкі маіх вершаў і гэтак жа рэгулярна атрымліваў адмоўныя адказы.). Галоўным было тое, што і пісалася мне ўсё горш і горш. Не ў сэнсе якасці вершаў, а ў сэнсе іх колькасці… Трэба было штосьці змяняць у сваёй творчасці і я змяніў…

У маім пераходзе на беларускамоўныя вершы быў свой сэнс. Мову я ведаў добра, з дзяцінства, ды і ў школе з першага па дзесяты клас усе прадметы вывучаў на беларускай мове (акрамя рускай мовы і літаратуры, вядома). Праўда, за час арміі, вучобы на біяфаку і сібірскіх сваіх вандровак, родную мову я амаль што забыўся… ды і потым амаль не ўжываў яе… і доўжылося гэта даволі доўга, аж да 1990 года, калі пачаў працаваць настаўнікам у Вайнілаўскай базавай школе (дзе і зараз працую). У вясковай школе навучанне, зразумела ж, было беларускамоўным, так што я вельмі хутка ўспомніў родную мову, і пачаў на ёй не толькі выкладаць біялогію і хімію, але і размаўляць, і нават думаць…
І тады ў мяне, неяк адразу, пачалі атрымлівацца беларускамоўныя вершы. І амаль адразу ж іх пачалі друкаваць і “ЛіМ”, і “Маладосць”, і “Полымя”. Асабліва часта на той час мае вершы друкавала газета “Голас Радзімы”. Ну і, вядома ж, наша чэрвенская “раёнка”, плённае супрацоўніцтва з якой працягваецца ў мяне да гэтага часу. Апрач “дарослых” вершаў, я пачаў пісаць і дзіцячыя. І іх таксама з задавальненнем друкавалі. І “Вясёлка”, і “Бярозка”, і дзіцячыя старонкі такіх выданняў, як “Алеся”, “Пачатковая школа”, пазней “ЛіМ”… Вершы таго часу склалі мой першы (і адзіны пакуль) паэтычны зборнік “Час збіраць камяні”, які выйшаў у выдавецтве “Мастацкая літаратура” ў 2003 годзе. А крыху пазней (не парываючы з паэзіяй) я захапіўся драматургіяй. І адразу ж даволі паспяхова.

Мая самая першая п’еса “Новыя прыгоды Калабка” заняла на першым рэспубліканскім конкурсе драматургіі (1995г.) трэцяе месца сярод п’ес для дзіцячых тэатраў. На другім такім жа конкурсе (здаецца, гэта быў 1997г.) мая п’еса “Снегавік і Вясна” таксама заняла трэцяе месца, але ўжо сярод п’ес для лялечных тэатраў. А самым плённым стаў для мяне трэці конкурс, калі лаўрэатамі яго сталі аж тры (!) маіх п’есы, дзве дзіцячыя і адна дарослая. У гэты ж час дзве маіх п’есы паспеў надрукаваць часопіс “Тэатральная творчасць”. На старонках “Радыёкаруселі” гучалі даволі рэгулярна і мае дзіцячыя п’есы, і падборкі маіх вершаў для дзяцей… Маё захапленне драматургіяй у той час было даволі сур’ёзным і плённым. Дастаткова будзе адзначыць, што за гэтыя некалькі год (з 1994 па 2000) я напісаў каля дваццаці дарослых і дзіцячых п’ес і гатовы быў ствараць іх яшчэ і яшчэ… Дарэчы, у 1999 годзе мяне прынялі ў Саюз пісьменнікаў, і прынялі, у першую чаргу, менавіта, як драматурга. А потым усё скончылася.

“Радыёкарусель” спыніла сваё існаванне, як, дарэчы, і часопіс “Тэатральная творчасць”. Самае крыўднае, што спыніў ён існаванне якраз на нумары, дзе павінна была быць надрукаваная мая дзіцячая п’еса “Снегавік і Вясна”, тая самая, што стала крыху раней лаўрэатам другога рэспубліканскага конкурсу драматургіі. Але не гэта было самае крыўднае. Самым крыўдным было тое, што беларускія тэатры, як згаварыўшыся, ігнаравалі і мяне, і мае п’есы. (Чаму так адбывалася, я і тады не разумеў, не разумею і зараз.) Адзіным выключэннем з гэтага правіла стаў Брэсцкі тэатр лялек, дзе быў пастаўлены спектакль па маёй п’есе “Зайцава хатка”. І я перастаў пісаць п’есы. Не хачу сказаць, што назаўсёды (хто ведае сваю будучыню!), але за восем апошніх гадоў я звярнуўся да драматургіі толькі аднойчы (у 2006 годзе), калі напісаў некалькі гумарыстычных сцэнак для часопіса “Вожык”. (Дзве з іх “Вожык” ужо, дарэчы, надрукаваў). Ну, а ў мяне ў гэты час з’явілася новае захапленне – проза.

Спачатку гэта былі дзіцячыя казкі, якія друкаваліся ў “Вясёлцы”, “Бярозцы”, “Лесавічку”, іншых выданнях. Некаторыя з гэтых казак увайшлі потым у зборнікі казак “Бурштынавыя пацеркі” і “Вежа міру”, якія выйшлі у “Мастацкай літаратуры” адпаведна ў 2006 і 2007 г.г. А ў выдавецтве “Літаратура і мастацтва” нядаўна былі выдадзены зборнікі казак “Чырвоная кніга ў казках і вершах” і “Лясная кніга ў казках і вершах”, дзе таксама сярод твораў іншых аўтараў ёсць і мае казкі. Акрамя дзіцячых казак я пачаў пісацьу той час і невялікія “дарослыя” апавяданні, разнастайныя па тэматыцы… але ўсе іх можна аб’яднаць адной фразай: “на мяжы рэальнага і фантастычнага”. А пачалося ўсё з конкурсу апавяданняў, які пачала праводзіць газета “Звязда”. Зацікавіўшыся гэтым конкурсам, я вырашыў паспрабаваць свае сілы ў гэтым, новым для сябе жанры. Атрымалася. У конкурсе “Звязды” з таго часу удзельнічаю рэгулярна, а ў 2007 годзе маё апавяданне “Выпадак на балоце” стала пераможцай гэтага конкурсу. Мае апавяданні друкаваліся ў “Маладосці”, “ЛіМе”, іншых перыядычных выданнях… усяго іх на сёння ў мяне створана дзесьці каля трох дзесяткаў… праўда, за апошні час гэты свой багаж амаль не папоўніў, перашкодзілі новыя захапленні… Але аб гэтым крыху ніжэй.

А спачатку вось аб чым. У літаратуры ёсць пэўныя жанры. І ёсць пэўныя пісьменнікі: паэты, празаікі, драматургі… Ёсць гумарысты, ёсць пісьменнікі дзіцячыя, у рэшце рэшт… А я вось не ведаю, да каго з іх магу аднесці сябе ў першую чаргу. Мне падабаецца ўсё. Пісаць п’есы (падабалася, ва ўсялякім разе… і, можа, я яшчэ вярнуся да іх у будучым), пісаць апавяданні, ствараць дзіцячыя творы. І паэзія мне таксама падабаецца па-ранейшаму… Дарэчы, у апошнія гады я захапіўся, так званымі, цвёрдымі формамі верша: трыялетамі, рандэлямі, актавамі, тэрцынамі… А зусім нядаўна засвоіў для сябе такія формы верша, як віланела, віралэ, лэ, рытурнель…

А ў 2006 годзе я зусім выпадкова “адкрыў” у сябе новы дар – дар… парадыста. Гумарыстычныя вершы я пісаў і раней, а вось пародыі… Зараз іх у мяне даволі шмат (хай не крыўдуюць паэты), пародыі гэтыя рэгулярна друкуюцца на старонках гумару штотыднёвіка “ЛіМ”. А ў часопісе “Бярозка”, з 2006 па 2008 гг, я вёў штомесячную рубрыку “Азы вершаскладання”.
Дарэчы, зусім нядаўна я (абагульніўшы гэтыя мае артыкулы ў адзінае цэлае) выдаў у выдавецтве “Чатыры чвэрці” паэтычны дапаможнік для пачынаючых паэтаў "Азы вершаскладання". А ў часопісах “Рюкзачок” і “Весёлый зоопарк” (з імі я супрацоўнічаю з самага пачатку іх існавання) рэгулярна друкуюцца мае артыкулы пра гісторыю Беларусі, пра розных беларускіх жывёл: звяроў, птушак, насякомых. Мае казкі і вершы для дзяцей гэтыя часопісы таксама ахвотна друкуюць. Але і гэта яшчэ не ўсё!

Хоць я і перайшоў у сваёй творчасці на беларускую мову, канчаткова з рускамоўнай сваёй творчасцю так і не парваў. Праўда, рускамоўных вершаў больш не пішу, але затое раблю для часопіса “Нёман” пераклады з беларускай мовы на рускую вершаў тых ці іншых беларускамоўных паэтаў. А яшчэ я пішу прозу. Рускамоўную. І дзіцячую, і дарослую.
У тым жа “Рюкзачку” ў 2007-2008 годзе друкавалася мая казачная аповесць на рускай мове “Вася Лентяйкин в Стране сказок” . А ў 2008- 20011 гг.– яе працяг “Вася Лентяйкин в Стране вредных привычек” і “Вася Лентяйкин в Царстве грибов”. У самым пачатку 2009 года ў выдавецтве “Літаратура і Мастацтва” выйшла мая рускамоўная дзіцячая кніга “Удивительные приключения маленького Ветерка из Вентилятора”, у наступным, 2010 г. яе працяг – “Новые приключения маленького Ветерка из Вентилятора».

А больш за ўсё ў апошнў час мне падабаецца ствараць раманы. Як на рускай, так ў на беларускай мовах. Прычым, раманы выключна фантастычнага зместу. А яшчэ я напісаў некальки кінасцэнарыяў на рускай мове. І адзін з іх (“Разрешите стать вашим слугой”) нават заахвочвальную прэмію атрымаў на конкурсе, які праводзіла кінастудыя “Беларусьфільм” некальки гадощ таму. Праўда, надзеі на тое, што па ім хоць калі паставяць фільм, у мяне няма аніякай. Вось такая ў мяне шматпланавая творчасць. Добра гэта ці дрэнна – не ведаю. Мне падабаецца.
Напэўна, адзіны літаратурны жанр, які мяне не цікавіць і ніколі, напэўнае, не зацікавіць – гэта крытыка. Чытаю чужыя крытычныя і літаратуразнаўчыя артыкулы заўжды з задавальненнем, але цвёрда ведаю – гэта не маё! Гэтым я ніколі займацца не буду. Не змагу, дакладней, калі б нават і хацеў… А ўсё астатняе – хто ведае…

г. Чэрвень - студзень 2009 г.